Купальле
Купа́льле (Іван Купала, Ян Купальны, Ян, Янаў дзень) — старажытнае паганскае земляробчае сьвята.
Слова «купала», як і «Купальле», мае некалькі трактовак. Найбольш пашыраная — ад старажытнаславянскага «купець» (гарэць). Выдзяляецца таксама індаэўрапейскі корань «куп» — са значэньнем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лацінскага cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон.
Пад рознымі назвамі сьвята вядомае ўсім індаэўрапейскім народам. Ва ўсходніх славянаў згадваецца ў летапісах з 1175 году, у старабеларускіх граматах — з XIII—XIV стст. У старажытнасьці лічылася сьвятам сонца й было прымеркаванае да дня летняга сонцастаяньня, калі найбольшага росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расьліннасьці, збажыны. Прадстаўнікі фалагічнай школы лічылі Купальле сьвятам у гонар паганскага бога (багіні) Купалы.
Купальле мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да антычных вакхічных культаў. Пра гэта сьведчыць і такі абавязковы элемэнт, як эротыка (супольнае купаньне ў аголеным выглядзе). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у Купальле колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх мітах як брат і сястра. У аснове міта ляжыць матыў іх кровазьмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі (брат-і-сястра), які тлумачыцца як узаемасувязь асноўных процілегласьцей — агню й вады. Пашыраныя матывы купальскіх зьмеяў, жывёлаў, скарбаў і інш. зьвязваюць цыкл купальскіх мітаў з асноўнымі мітамі славянскай міталёгіі.
Сьвята характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты зьбіралі купальскія (сьвятаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажываньне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэньне) утыкалі ў сьцены хаты й гумна, зь іншых плялі вянкі для купальскага гуляньня. Цэнтральнае месца ў абрадах і гульнях займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца й надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць сьмерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах зьбіралі старыя непатрэбныя рэчы й вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасьці месца (узьлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазьней спальваліся. У старажытнасьці купальскі агонь распальвалі трэньнем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасьце прамасьленае драўлянае кола (магчыма, сымбаль сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, сьпявалі купальскія песьні. Праз вогнішча хлопцы й дзяўчаты скакалі парамі, што было зьвязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забясьпечыць плоднасьць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элэментамі сьвята былі спаленьне або тапленьне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купаньне на ўзыходзе сонца, качаньне па расе, пусканьне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на Купальле была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч сьвецяцца асаблівым прывідным сьвятлом, а зьвяры, птушкі й нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацьвітае папараць-кветка й да т.п. Адначасова Купальле — час разгулу змрочных сілаў прыроды: ведзьмы й ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце й інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засьцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сьцены хаты й хлява сьвятаянскімі зёлкамі, у некаторых мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэньня й засьцярогі праганялі статак).
Пасьля прыняцьця хрысьціянства царква сумясьціла з Купальлем дзень Іаана Хрысьціцеля, сьвята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Сьвяткавалася ў ноч на 7 ліпеня (24 чэрвеня с. ст.). Традыцыя Купальля на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пачатку ХХ ст. У наш час існуе як традыцыйнае народнае сьвята без абрадавай дзейнасьці.
Глядзіце таксама
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Беларускія народныя абрады. — Мн., 1994.
- Васілевіч Ул. А. Беларускі народны каляндар (бел.). — Мн.: 1992.
- Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мн.: Полымя, 1993.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Купалле // «Рэгіянальная газета»
- Купальле
- Купальле // Расейскі этнаграфічны музэй (рас.)