Прыкладное праграмнае забеспячэнне

карыстальніцкая камп’ютарная праграма

Прыкладное праграмнае забеспячэнне (ППЗ), таксама прыкладна́я праграма (англ.: application, application software) — камп’ютарная праграма, створаная для вырашэння канкрэтнай прыкладной задачы карыстальніка. Паняцце ўведзена, каб падкрэсліць адрозненне ад сістэмных праграм, якія забяспечваюць функцыянаванне ўласна камп’ютарнай сістэмы і падтрымліваюць яе працаздольнасць, а таксама сродкаў і асяроддзяў распрацоўкі.

OpenOffice Writer.

Прыкладная праграма ў сваёй працы часцей за ўсё абапіраецца на сістэмнае праграмнае забеспячэнне і выкарыстоўвае канцэпцыі, функцыянальнасць і магчымасці, закладзеныя ў асяроддзе, дзе яна выконваецца: аперацыйнай сістэмы, моў праграмавання, бібліятэк, архітэктурных шаблонаў і г. д. Аўтаномнай ці самастойнай прыкладной праграмай (англ.: standalone application) называецца праграма, якая не патрабуе паслуг аперацыйнай сістэмы для запуску, і сустракаецца звычайна ў сістэмах на базе мікракантролераў.

Прыкладамі прыкладных праграм з’яўляюцца тэкставыя працэсары, графічныя рэдактары, электронныя табліцы, браўзеры, паштовыя кліенты, медыяплэеры, офісныя пакеты і камп’ютарныя гульні.

Прыкладныя праграмы могуць пастаўляцца разам з камп’ютарам і яго сістэмным праграмным забеспячэннем (напрыклад, браўзер Microsoft Edge у складзе аперацыйнай сістэмы Windows) або пастаўляцца асобна праз кампакт-дыскі, вэб-сайты ці сэрвісы лічбавай дыстрыбуцыі (такія як Steam для камп’ютарных гульняў).

Прыкладныя праграмы можна падзяліць у залежнасці ад ліцэнзіі на свабодныя і несвабодныя.

Класіфікацыя

правіць

Паводле тыпу

правіць

Па сферы ўжывання

правіць
  • Прыкладное праграмнае забеспячэнне прадпрыемстваў і арганізацый. Напрыклад, фінансавае кіраванне, сістэма зносін са спажыўцамі, сетка паставак. Да гэтага тыпу адносіцца таксама ведамаснае ПЗ прадпрыемстваў малога бізнесу, а таксама ПЗ асобных падраздзяленняў унутры вялікага прадпрыемства. (Прыклады: кіраванне транспартнымі расходамі, служба IT-падтрымкі)
  • Праграмнае забеспячэнне, якое забяспечвае доступ карыстальніка да прылад камп’ютара.
  • Праграмнае забеспячэнне інфраструктуры прадпрыемства. Забяспечвае агульныя магчымасці для падтрымкі ПЗ прадпрыемстваў. Гэта сістэмы кіравання базамі даных, серверы электроннай пошты, кіраванне сеткай і бяспекай.
  • Праграмнае забеспячэнне інфармацыйнага працаўніка. Абслугоўвае патрэбнасці індывідуальных карыстальнікаў у стварэнні і кіраванні інфармацыяй. Гэта, як правіла, кіраванне часам, рэсурсамі, дакументацыяй, напрыклад, тэкставыя рэдактары, электронныя табліцы, праграмы-кліенты для электроннай пошты і блогаў, персанальныя інфармацыйныя сістэмы і медыярэдактары.
  • Праграмнае забеспячэнне для доступу да кантэнту. Выкарыстоўваецца для доступу да тых ці іншых праграм ці рэсурсаў без іх рэдагавання (аднак можа і ўключаць функцыю рэдагавання). Прызначана для груп ці індывідуальных карыстальнікаў лічбавага кантэнту. Гэта, напрыклад, медыя-плэеры, вэб-браўзеры, дапаможныя браўзеры і інш.
  • Адукацыйнае праграмнае забеспячэнне па сутнасці блізкае да ПЗ для медыя і забаў, аднак у адрозненне ад яго мае выразныя патрабаванні па тэсціраванні ведаў карыстальніка і адсочванні прагрэсу ў вывучэнні таго ці іншага матэрыялу. Многія адукацыйныя праграмы ўключаюць функцыі сумеснага карыстання і шматбаковага супрацоўніцтва.
  • Імітацыйнае праграмнае забеспячэнне. Выкарыстоўваецца для сімуляцыі фізічных ці абстрактных сістэм у мэтах навуковых даследаванняў, навучання ці забаваў.
  • Інструментальныя праграмныя сродкі ў вобласці медыя. Забяспечваюць патрэбнасці карыстальнікаў, якія ствараюць друкаваныя ці электронныя медыярэсурсы для іншых спажыўцоў, на камерцыйнай ці адукацыйнай аснове. Гэта праграмы паліграфічнай апрацоўкі, вёрсткі, апрацоўкі мультымедыя, рэдактары HTML, рэдактары лічбавай анімацыі, лічбавага гуку і да т.п.
  • Прыкладныя праграмы для праектавання і канструявання. Выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы апаратнага і праграмнага забеспячэння. Ахопліваюць аўтаматызаванае праектаванне (computer aided design — CAD), аўтаматызаваны інжынірынг (computer aided engineering — CAE), рэдагаванне і кампіляванне моў праграмавання, праграмы інтэграванага асяроддзя распрацоўкі (Integrated Development Environments).

Беларускі тэрмін

правіць

У беларускай мове тэрмін часта паўстае не адпаведна таму кансэнсусу, які склаўся ў акадэмічнай і прафесійнай перакладчыцкай супольнасці. Пад уплывам суседніх моў (напр. рускай, дзе ўжываецца бухгалтарскі па сваім паходжанні тэрмін «приложение») у беларускай мове ўзнікаюць такія кароткія формы, як «дадатак», «прыкладанне», «аплікацыя», «дастасаванне» і іншыя.[1] Гэтыя тэрміны яшчэ не фіксуюцца ў слоўніках у значэннях, блізкіх да арыгінала, і самі па сабе не адлюстроўваюць сэнс арыгінальнага поўнага тэрміна англ.: «application software» — праграмнае забеспячэнне, створанае менавіта для канечнага карыстальніка, а не для фонавых сэрвісаў і функцыянавання камп’ютара.

У той жа час, з пункту гледжання акадэмічнага тэрміназнаўства і беларускай літаратурнай мовы тэрмін «application software» належна перакладаць як «прыкладное праграмнае забеспячэнне (ПЗ)» або як «прыкладная праграма». Кароткую форму тэрміна «application» можна перакладаць як «прыкладная праграма» або проста «праграма».[2][3][4]

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. У некаторых беларускіх перакладах праграм і сайтаў таксама сустракаецца варыянты дадатак, аплікацыя і дастасаванне. Паслугач не знойдзены, або Складанасці беларускамоўнай камп’ютарнай тэрміналогіі
  2. Як айцішнік перакладае Psiphon, Ubuntu і гульні (вам захочацца перайсцi на беларускiя інтэрфейсы!) dev.by (Праверана 12 кастрычніка 2022)
  3. Свістунова, М. І. Некаторыя праблемы сучаснай беларускамоўнай ІТ-тэрміналогіі // 2018. Беларускае слова: тэрмін і вобраз. — Мінск: БДУ, 2018. Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2022.
  4. Г. Арашонкава, А. Булыка, У. Люшцік, А. Падлужны. Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі (бел.). — Мінск: Беларуская навука, 1999. — ISBN 985-08-0317-7.

Спасылкі

правіць