Перайсці да зместу

Бахаі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бахаі
Дата заснавання / стварэння невядома
Лагатып
Выява
Названа ад Бахаула[d]
Заснавальнік Бахаула[d]
Колькасць членаў 6 000 000
Быў натхнёны Маніхейства[1], зараастрызм[1], Bábism[d][1], іслам[1] і Shaykhism[d]
Афіцыйны сайт bahai.org (англ.)
bahai.no (нарв.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Умоўны сімвал веры бахаі

Бахаі́ (ад араб. «بهاء» — «слава, ззянне»; слова нескланяльнае), бахаізм, вера бахаі — рэлігія, якая зарадзілася ў XIX ст. ў Персіі ў выніку містычнага вопыту, вядомага як Адкрыццё Баба і Бахаулы. Тым самым рэлігія прадстаўляе сабой арганічнае адзінства двух рэлігійных феноменаў: бабі (1844, заснавальнік — сэід Алі Мухамад Шыразі (1819—1850), вядомы як Баб (араб. «باب» — «брама»)) і неабабі, або ўласна бахаі (1863, заснавальнік — мірза Хусейн-Алі-і-Нуры (1817—1892), вядомы як Бахаула (араб. «بهاء الله» — «слава Божая»)). Цэнтральнай ідэяй веры бахаі з’яўляецца адзінства Бога, чалавецтва і рэлігій.

Вера бахаі шырока распаўсюджана ў свеце геаграфічна (182 краіны), у больш чым 11 тыс. суполак бахаі налічваецца прыкладна 6 — 7 млн чал. (розныя крыніцы фіксуюць колькасць бахаі ў дыяпазоне ад 5 да 8 млн чал.). Найбуйнешыя суполкі бахаі знаходзяцца ў Індыі (2,3 млн чал.), ЗША (753 тыс. чал.), Іране (463 тыс. чал, найбуйнейшая рэлігійная меншасць). У 20 краінах свету існуюць суполкі бахаі колькасцю больш за 60 тыс. чал. Таксама ў 20 краінах свету колькасць бахаі пераважае 1,5 % ад агульнай колькасці насельніцтва (Науру — 9,22 %, Тонга — 6,09 %, Тувалу — 5,86 %).

Згодна з данымі штогадовай справаздачы Духоўнага Схода бахаі Беларусі за 2017 год, у Беларусі налічваецца каля 300 вернікаў бахаі.

Вера бахаі ўзнікла ва ўмовах эканамічнага і палітычнага крызісу мусульманскай Персіі, які суправаджаўся шырокім распаўсюджаннем маргінальных рэлігійных груп, перш за ўсё, месіянскага характару. Звычайна такія рухі ў цэнтр сваёй ідэалогіі ставілі ідэю выратавальніка Махдзі, чаканне якога заўсёды было моцным у перыяды бядотаў. У першай палове XIX ст. адной з такіх груп былі шэйхіты. Гэты рух быў створаны шэйхам Ахмадам Ахсаі (1744—1827). Галоўнай асаблівасцю шэйхізма было чаканне з’яўлення паміж людзьмі і Махдзі пасярэдніка, якога яны называлі Баб.

Тэрмін «Баб» як сымвал містычных варотаў у ісламе не быў новым, аднак меў іншыя сэнсы. Так, у суфізме «Баб» — гэта дзверы містычнага пазнання, праз якія можна ажыццявіць уз’яднанне душы з Богам. У ісмаілітаў — адна з вышэйшых ступеняў тайнай арганізацыйнай іерархіі, духоўны лідар, пасвечаны ў бацін (патаёмныя эзатэрычныя веды). 2 студзеня 1844 г. памёр лідар шэйхітаў Казім Рэшці, у выніку чаго рух раскалоўся. Большасць шэйхітаў стала бабі, гэта значыць паследавала за Алі Мухамадам Шыразі, вядомым як Баб, які бываў у іх школе.

Пахавальня Баба ў Хайфе, Ізраіль

Заснавальнікам новага руху стаў сэід Алі Мухамад. Ён нарадзіўся ў Шыразе 20 кастрычніка 1819 г. Яго бацька гандляр Мухамад-і-Рыда памёр каля 1826 г., таму хлопчыка выхоўваў дзядзька хаджы мірза Сэід Алі. Алі Мухамад атрымаў звычайную для яго саслоўя адукацыю. У 17 год Алі Мухамад перабраўся ў партовы горад Бушыр, да дзядзькі па бацькоўскай лініі, дзе займаўся гандлем і праявіў глыбокую набожнасць. У 1840 г. ён адправіўся ў паломніцтва па святым мясцінам шыітаў у Ірак, дзе і сустрэўся з шэйхітамі.

23 мая 1844 г. Алі Мухамад аб’явіў себя Махдзі (гэты факт вядомы як Дэкларацыя Баба). Сваіх першых 18 паслядоўнікаў Баб назваў «Літары Жывога». Адправіўшы іх прапаведаваць аб прыходзе Махдзі, сам Алі Мухамад адправіўся ў паломніцтва ў Меку і Медыну. Там яго Дэкларацыя не прыцягнула значнай увагі. У ліпені 1845 г. Баб вярнуўся ў Шыраз і адразу быў арыштаваны, паколькі яго вучні дадалі яго імя ў малітвы, што выклікала беспарадкі. Акрамя таго, радкі з «Кайум-уль-Усма», якія вучні Баба мула Садык-і Харасані і Кудус публічна чыталі, былі ўспрыняты як адмова ад улады шаха. За гэта Садык і Кудус былі пакараныя як ератыкі. Пасля дапросу Баб быў адпушчаны пад паруку дзядзькі і абяцанне публічна адмовіцца ад статусу Баба. Адмова адбылася ў мячэці Масджыд-і Вакіл, аднак Алі Мухамад пабудаваў сваё выступленне так, што яно дапускала магчымасць ізноў прапаведаваць пра сябе як Месію.

Да 1846 г. колькасць паслядоўнікаў Баба значна павялічваецца і ўключае ў сябе даволі вядомых багасловаў, у выніку чаго яго зноў арыштоўваюць. Аднак у дзень арышту выбухнула эпідэмія чумы ў Шыразе, што дазволіла Алі Мухамаду пазбегнуць зняволення і перебрацца ў Ісфахан, губернатар якога Манучыр Хан сымпатызаваў маладому рэлігійнаму лідару. Пасля смерці Манучыр Хана Баб быў арыштаваны ў Тэбрызе і адбываў зняволенне ў крэпасцях правінцыі Азербайджан Маку (ліпень 1847 — красавік 1848) і Чыхрык (красавік 1848 — ліпень 1850). У Маку Баб напісаў свой цэнтральны тэкст «Байан» («Выклад»), у якім былі аформлены асновы яго вучэння, кардынальна парываўшыя з ісламам. Пасля расправы над грамадой бабі ў форце Табарсі ў Зенджане, Нейрызе, Мазендэране адбываюцца ўзброенныя канфлікты паміж бабі і мусульманамі, якія ўвайшлі ў гісторыю як жорстка падаўленыя «бабідскія паўстанні 1848—1852 гг.». Пасля пачатку Занджанскага паўстання (13 мая 1850 г.) Баб быў пераведзены ў Тэбрыз (19 мая). 27 мая ўспыхвае Нейрызскі бунт, і вазір мірза Тагі Хан прымае рашэнне аб казні Баба, якая адбылася 9 ліпеня 1850 г. на плошчы ў Тэбрызе.

У адрозненні ад рознастайных месіянскіх рухаў шыіцкага ісламу, бабі ўспрымалі сваё веравучэнне як новую рэлігію. Галоўны тэкст Баба «Байан» змяшчае ў сабе запаветы, абмеркаванне рада рэлігійных канцэптаў і абвяшчэнне будучага прарока («Таго, каго праявіць Бог»). Многія бабі прымалі ўдзел у антыфеадальных паўстаннях 1848—1852 гг. у Персіі, якія скончыліся паражэннем паўстанцаў, рэпрэсіямі і ссылкамі (пераважна ў Атаманскую імперыю, асабліва на востраў Кіпр).

Вучэнне Баба цяжка назваць усёахватнай рэлігійнай сістэмай. Яго тэксты гэта пераважна каментары да Карану, малітвы і пропаведзі. Сам Баб разглядаў «Байан» як няскончаны тэкст, які будзе завершаны будучым пасланцам Бога. Касмалагічныя, этычныя, культавыя прадстаўленні Баба неабходна рэканструяваць, зыходзячы з асобных яго ўчынкаў ці ўрыўкаў прац. У значнай ступені вучэнне бабі прадстаўляе сабой чыстую эсхаталогію, казанне аб будучым прароку, аб «Тым, каго явіць Бог» у кантэксце развіцця вучэння аб Боскім Адзінстве. У тэалогіі Баб рабіў акцэнт на Адзінстве Бога, які савечны свету і пазнаць якога мажліва толькі праз яго пасланнікаў.

У касмалогіі галоўным аспектам веры бабі стала вылучэнне Бабам у развіцці сусвету паслядоўна змяняючых адна адну эпох («даура»), кожная з якіх прадстаўляе сабой больш высокую ступень развіцця, чым папярэдняя. Кожнай эпосе адпавядаюць свае законы (даюцца людзям пасланнікамі Бога), якія страчваюць моц з прыходам новай эры. Свой час Баб лічыў «міжцарстваваннем», гэта значыць часам, калі законы іслама ўжо не дзейнічаюць, а новыя яшчэ ў поўнай меры не ўведзеныя, паколькі гэта будзе здзейснена «Тым, каго праявіць Бог».

У сацыяльна-этычным аспекце свайго вучэння Баб дастаткова далёка адыйшоў ад традыцыйнай мусульманскай маралі. Галоўную ўвагу ён надаваў прынцыпу адзінства, заклікаў да братэрскай любві і пачцівасці, а таксама ўстрыманасці, абвясціў роўнасць мужчын і жанчын, законапаслушэнства і адмаўленне ад гвалтоўных дзеянняў, падтрымліваў прадпрыемніцтва і г.д.

У культавым аспекце Баб выступаў за спрашчэнне абрадавасці, даў сваім паслядоўнікам новы каляндар — Бадзі, які складаецца з 19 месяцаў. Бабі таксама паварочваюць твары падчас малітвы не на Меку, а на дом Баба ў Шыразе.

Перыяд Бахаулы

[правіць | правіць зыходнік]

У 50-60-х гг. XIX ст. з прычыны рознай інтэрпрэтацыі тэкстаў пакаранага смерцю Баба адбываецца раскол руху бабі на бахаі (паслядоўнікі Бахаулы) і азалі (прыхільнікі Субх-і-Азаля). Большасць бабі паследавала за Бахаулой, і фактычна рух бабі арганічна трансфармаваўся ў рух бахаі. Частка бабі не прызнала ні азалі, ні бахаі. Сёння яны вядомыя як «людзі Байана». Бабі і азалі на пачатак ХХ ст. былі малалікімі і не мелі развітых арганізацыйных структур.

Бахаула нарадзіўся ў Тэгеране ў 1817 г. у сям’і аднаго з вазіраў шаха (міністра фінансаў). У 1844 г. ён далучыўся да руху бабі і стаў адным з яго найбуйнейшых лідараў. Праз шэсць гадоў ўлады схапілі Бахаулу і кінулі ў тэгеранскую турму Сіях-Чаль («Чорная Яма»), дзе, згодна з веравучэннем бахаі, у 1853 г. ён зведаў Боскае Адкрыццё. Каля дзесяці гадоў Бахаула быў у ссылцы ў Багдадзе, з якіх два гады ён правёў у самотніцтве сярод пустыні правінцыі Сулейманія. У 1863 г., перад пераходам з Багдада ў Канстанцінопаль, Бахаула абвясціў сябе тым, аб прышэсці каго даваў свае прароцтвы Баб. Пасля Канстанцінопаля Бахаула быў адпраўлены ў Адрыянопаль (сучасны Эдзірне), а затым, у 1868 г., на пажыццёвае зняволенне ў крэпасць Ака (Палесціна). Пасля змягчэння турэмнага рэжыму перабраўся ў мястэчка Бахджы, дзе памёр ад ліхаманкі і быў пахаваны ў 1892 г.

Перыяд Абдул-Баха

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Бахаулы, згодна з яго тастаментам, рух бахаі ўзначаліў яго сын Абас Эфендзі, вядомы як Абдул-Баха (1844 ці 1843—1921). Невялікая група бахаі на чале з мірзой Мухамадам Алі Нікізінам не прызнала Абдул-Баха за лідара і вылучылася ў рух так званых унітарыянскіх бахаі. У 1908 г. у сувязі з младатурэцкай рэвалюцыяй Абдул-Баха быў амніставаны, у 1911—1913 гг. зрабіў шэраг паездак у Егіпет, Заходнюю Еўропу і ЗША. У 1920 г. атрымаў званнне рыцара Брытанскай імперыі. У 1921 г. на 67 годзе жыцця памёр у сне.

Перыяд Шогі Эфендзі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Абдул-Баха, згодна з яго тастаментам, рух бахаі ўзначаліў яго ўнук Шогі Эфендзі Рабані (1897—1957), які ўвайшоў у гісторыю веры бахаі як Захавальнік Веры. Частка бахаі не прызнала яго за лідара, стварыўшы яшчэ некалькі альтернатыўных груп, такіх як вольныя бахаі, рэфармісцкія бахаі, Грамадства новай гісторыі мірзы Ахмеда Сахраба, рух Сутнасці веры бахаі Джона Керы. У перыяд Шогі Эфендзі вядзецца пераклад пісанняў Бахаулы і Абдул-Баха на англійскую мову і актыўнае распаўсюджанне веры бахаі па ўсім свеце.

Перыяд Сусветнага Дому Справядлівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Шогі Эфендзі ў 1957 г. ад азіяцкага грыпу да выбрання ў 1963 г. калектыўнага органа кіравання Сусветнага Дома Справядлівасці рух бахаі фактычна ўзначальвалі так званыя Рукі Справы Боскай. Шогі Эфендзі не назначыў спадчынніка, аднак частка бахаі абрала Чарлза Месана Рымі другім Храніцелем, затым раскалошыўся яшчэ на некалькі груп (артадаксальныя бахаі, рух сэрца веры бахаі і інш.). Як Сусветны Дом Справядлівасці, так і Чарлза Рымі, не прызнала група бахаі, вядомая як рух пяці старэйшын.

З 1963 г. рухам бахаі кіруе Сусветны Дом Справядлівасці, які знаходзіцца ў горадзе Хайфе (Ізраіль)[2]. Апошні раз склад Сусветнага Дома Справядлівасці быў пераабраны ў 2013 г.

У якасці «Сімвала веры» можна разглядаць тэкст дэкларацыйнай карткі, якую падпісваюць ахвотнікі ўступіць у суполку бахаі (запаўненне карткі не абавязковае і практыкуецца не ва ўсіх краінах). У прыватнасці, у ёй абвяшчаецца вера ў Бахаулу як Явіцеля Бога, Баба як Прадцечу Бахауллы і Абдул-Баха як Цэнтр Запавету Бахаулы, а таксама абавязкі прытрымлівацца свяшчэнных прынцыпаў веры.

Цэнтральнай ідэяй веры бахаі, якая знаходзіць выяўленне ў канцэпцыі Вечнага Запавету (вечных зносін Бога з чалавецтвам праз Адкрыццё яго пасланнікаў), з’яўляецца адзінства (Бога, чалавецтва і рэлігій). Бог, згодна з верай бахаі, адзін (монатэізм) і трансцэндэнтны (сутнасць яго ў поўнай меры не пазнавальная, ведаць аб ім можна толькі праз яго Явіцеляў). Явіцелямі бахаі лічаць Майсея, Аўрама, Крышну, Зараастра, Ісуса Хрыста, Буду, Магамета[3], Баба, Бахаулу, таксама яшчэ мноства вядомых і невядомых прарокаў.

Канцэпцыя Вечнага Запавету з’яўляецца не столькі сінкрэтычнай (змяшэннем), сколькі ў некаторай ступені эклектычнай (злучэннем асобных элементаў). Пад адзінствам рэлігій маецца на ўвазе не ідэя аб’яднання рэлігійных арганізацый у адну (бахаі нейтральна адносяцца да экуменізму), але іх агульная крыніца (Бог) і сутнаснае адзінства фундаментальных прынцыпаў (пры гэтым сцвярджаецца эвалюцыя культавых і сацыяльна-этычных аспектаў рэлігіі, якія Бог дасылае цераз сваіх пасланнікаў для кожнай эпохі). Праз прынцып адзінства чалавецтва бахаі можна лічыць глабалістамі ў пазітыўным разуменні гэтага слова.

У лік асноўных прынцыпаў веравучэння ўваходзіць таксама наступныя:

  • самастойны пошук ісціны кожным вернікам,
  • роўнасць мужчын і жанчын,
  • адмова ад усіх відаў забабонаў (рэлігійных, расавых, класавых, палітычных),
  • неабходнасць усеагульнай дапаможнай мовы,
  • знішчэнне крайніх формаў беднасці і багацця,
  • гармонія навукі і рэлігіі,
  • усеагульная адукацыя[3].

Этыка бахаі носіць пераважна сацыяльны характар (ключавой ідэяй з’яўляецца пабудова «новага сусветнага парадку» на прынцыпах духоўнасці) і прад’яўляе да веруючх высокія маральныя патрабаванні. Сакральныя тэксты бахаі рэгламентуюць мноства аспектаў чалавечага жыцця ад асабістай гігіены да палітічнай дзейнасці. Напрыклад, існуюць забароны на ўжыванне алкаголю, наркотыкаў, удзел у дзейнасці палітычных партый, пазашлюбныя сексуальныя сувязі, прадпісваецца законапаслухмянасць, адмова ад насілля.

У веры бахаі няма свяшчэнства, абрадавы бок зведзены да мінімуму. Аснову практыкі складаюць штодзённае чытанне пісанняў і малітва, удзел у правядзенні рэлігійных святаў і святых дзён. Прыняцце веры бахаі (не маладзей за 15 год), абрады ўступлення ў шлюб, пахавання максімальна простыя. Культавае дойлідства прадстаўлена Сусветным цэнтрам у Хайфе (Пахавальня Баба, адміністрацыйныя будынкі і сады бахаі, якія ў 2008 г. былі ўнесены ў спіс Сусветнай спадычны ЮНЕСКА), храмамі на ўсіх кантынентах, а таксама мноствам цэнтраў бахаі амаль ва ўсіх краінах. Першы храм бахаі быў пабудаваны ў Ашхабадзе ў часы Расійскай імперыі, аднак быў пашкоджаны землятрусам і пасля канчаткова знесены савецкімі ўладамі ў 1962 г. У наш час дзейнічаюць храмы бахаі ў Аўстраліі, Германіі, ЗША, Індыі, Камбоджы, Панаме, Самоа, Угандзе, Чылі.

Адміністрацыйная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Адміністрацыйная сістэма руху бахаі прадстаўлена Сусветным Домам Справядлівасці ў Ізраілі (найвышэйшы орган), Нацыянальнымі (колькасць — 182) і Мясцовымі (колькасць — больш за 11 тыс.) Духоўнымі Сходамі, а таксама прызначальнай галіной адміністрацыі (Саветнікі і інш.). На нацыянальным і мясцовым узроўнях кіруюць калегіяльна дзевяць чалавек, абраных усімі членамі суполкі старэйшымі за 21 год прамым галасаваннем без прадвыбарчай кампаніі.

У Беларусі рух бахаі прадстаўлены дзейнасцю Рэлігійнага аб’яднання бахаі ў Рэспубліцы Беларусь.

Цэнтральныя свяшчэнныя тэксты веры бахаі — «Байан» Баба, «Кітаб-і-Агдас» («Найсвяцейшая Кніга»), «Кітаб-і-Іган» («Кніга Несумненнасці») Бахаулы. Мноства першакрыніц бахаі (усяго больш за 100 свяшчэнных або аўтарытэтных тэкстаў) захоўваецца ў архіве Сусветнага цэнтра ў Хайфе.

Афіцыйным сімвалам веры бахаі, паводле Шогі Эфендзі, з’яўляецца пяціканечная зорка. Аднак часцейшым сімвалам з’яўляецца дзевяціканечная зорка. Іншымі знакамітымі сімваламі бахаі з’яўляюцца «Найсвяцейшае Імя» («Ала-у-абха» — араб. «Бог Самы Слаўны» — баявы кліч бабідаў у часы паўстанняў, зараз прывітальныя словы бахаі), а таксама так званы «пальцавы сімвал», які складаецца з трох гарызантальных рысак (сімвалізуюць зверху ўніз Бога, Явіцеляў і чалавецтва), адной вертыкальнай (сімвалізуе сувязь Бога з людзьмі праз Явіцеляў), а таксама дзвюх пяціканечных зорак, сімвалаў Баба і Бахаулу.

Бахаі ў краінах постсавецкай прасторы

[правіць | правіць зыходнік]

Першыя бахаі на тэрыторыі Расійскай імперыі з’явіліся ўжо ў пачатку 1860-х гг. На момант падзей 1917 г. ў імперыі, па некаторых меркаваннях, пражывала каля мільёна бахаі (колькасць яўна завышана), якія пабудавалі ў Ашхабадзе першы ў свеце храм бахаі. Суполкі бахаі існавалі прыкладна ў 14 гарадах, уключаючы Маскву, аднак былі практычна цалкам знішчаныя ў 1930-я гады. Пад канец 1980-х — пачатку 1990-х адбываецца адраджэнне арганізацыйных структур бахаі, якія сёння афіцыйна існуюць ва ўсіх краінах СНД (агульная колькасць складае каля 10 тыс. чал.) і краінах Балтыі.

Цікавыя факты пра бахаі

[правіць | правіць зыходнік]

Каралева Румыніі Марыя Эдынбургская (1875—1938) і кароль Самоа Сусуга Маліетоа Танумафілі II (1913—2007) былі бахаі.

Літаратура і мовы

[правіць | правіць зыходнік]

Леў Талстой цікавіўся верай бахаі і нават разглядаў магчымасць напісання аб ёй кнігі. П’еса «Баб» ураджэнкі Гродна Ізабелы Грынеўскай была пастаўлена ў 1904 г. ў Пецярбургу ў тэатры Літаратурна-мастацкага грамадства.

Першым перакладчыкам Бахаулавай працы «Патаемныя словы» на эсперанта быў украінскі пісьменнік Васіль Якаўлевіч Ерашэнка (1890—1952), у гонар якога названая адна з вуліц Львова. Дачка стваральніка эсперанта эсперантыстка Лідзія Заменгоф таксама была бахаі.

Сярод твораў Чынгіза Айтматава ёсць кніга «Сустрэча з адным бахаі».

Нільсан Эвора (партугальскі скакун у даўжыню, алімпійскі прызёр Пекіна) і Кэці Фрыман (аўстралійская абарыгенка, уладальніца 2 алімпійскіх медалёў у безе, адчыняла Алімпіяду ў Сіднеі) спавядаюць веру бахаі.

Міжнародныя арганізацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Рух бахаі мае статус недзяржаўнай арганізацыі пры ААН з правам кансультатыўнага голасу, акрэдытаваны пры Эканамічным і Сацыяльным Савеце ААН і пры Дзіцячым фондзе ААН (UNICEF).

Помнік «Вызваленай азербайджанцы, што зрывае з главы чадру» ў г. Баку бахаі асацыіруюць з Тахірой — азербайджанскай дзяўчынай-бабі, адной з першых, хто сарваў з сябе чадру ў знак усталявання прынцыпу роўнасці жанчын з мужчынамі.

Заснаваная на прынцыпах веры бахаі школа Сіці Мантэсоры ў Ланаў (Індыя) стала лаўрэатам прэміі ЮНЕСКА 2002 г. за адукацыю для міру.

Заснавальнік школы пазітыўнай псіхатэрапіі Н. Пезешкян (Германія) спавядаў веру бахаі.

Згодна з веравучэннем бахаізму, жыццё існуе не толькі на планеце Зямля. Аднак, гэтая гіпотэза навукай на сённяшні дзень не пацверджана.

Заснавальнік філасофіі мінімалізму логік У. Хэтчар спавядаў веру бахаі.

Напэўна, першае судовае прызнанне незалежнага ад ісламу характару рэлігіі бахаі адбылося ў 1889 г. у Ашхабадзе судовай камісіяй з Пецярбургу.

Зноскі

  1. а б в г Lawson T. Baha'i Religious History // J. Relig. Hist.Wiley-Blackwell, 2012. — P. 463. — ISSN 0022-4227; 1467-9809doi:10.1111/J.1467-9809.2012.01224.X
  2. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. ISBN 978-985-6954-73-6. С.95.
  3. а б Новейший философский словарь / Сост. А. А. Грицанов. — Мн: Изд. В. М. Скакун, 1998. С.58.
  • Berger P. L. From Sect to Church: A Sociological Interpretation of the Baha’i Movement. NY, New School for Social Research, 1954. — 192 p.
  • Handbuch Baha’i. Geschichte — Theologie — Gesellschaftsbezug. Stuttgart: Kohlhammer, 2009.
  • McLean J. Prolegomena to a Baha’i Theology // Journal of Bahá’í Studies, 5:1 (1992) // http://bahai-library.com/file.php?file=mclean_prolegomena_bahai_theology Архівавана 4 студзеня 2010.
  • Momen M. The Baha’i Faith: A Beginner’s Guide. Oneworld, 2008.
  • Абдул-Баха. Бишарат. Одиннадцатая благая весть.
  • Абдул-Баха. Ответы на некоторые вопросы. — СПб.: Единение, 1995. — 240 с.
  • Абдул-Баха. Парижские беседы. Выступления Абдул-Баха в Париже в 1911 года. СПб.: Единение, 1999. — 160 с.
  • Азам Набиль-и. Вестники Рассвета. Повествование о ранних днях Откровения Бахаи. М.: Единение, 2005. — 284 с.
  • Аккерман Н., Хассел Г. Вера бахаи в России: исторический очерк // http://bahai-library.org/russian/hist/bahai_russia.html Архівавана 8 сакавіка 2016.
  • Баб. Избранное. — СПб.: Единение, 1994. — 80 с.
  • Багхай А. Мардад. Роль религии при переходе к рыночной экономике / Новые духовные ценности: Учение Бахаи. М.: Прогресс — Культура, 1992. С. 234—262.
  • Бахаулла. Китаб-и-Агдас. Наисвятая Книга. — СПб.: Единение, 1992. — 320 с.
  • Бахаулла. Китаб-и-Иган. Книга Несомненности. — СПб.: Единение, 2000. — 214 с
  • Бахаулла. Семь Долин и Четыре Долины // http://lib.ru/BAHAUL/sevenval.txt
  • Бахаулла. Скрижали, явленные после Китаб-и-Агдас. — СПб.: Единение, 2004. — 240 с.
  • Бахаулла. Скрижаль святого морехода // http://www.bahai.ru/library/Bahaullah/Holy_Mariner.html Архівавана 11 студзеня 2012.
  • Брак и семейная жизнь Бахаи. Выдержки из Писаний Веры Бахаи. СПб., 1995. — 96 с.
  • Бук К. 33 бахаистских принципа единства // http://skarabey87.livejournal.com/71319.html
  • Воспитание в духе бахаи. СПб.: Единение, 1994. — 48 с.
  • Всемирный Дом Справедливости. Обещание всеобщего мира // http://www.bahai.by/peace_ru.html Архівавана 6 красавіка 2009.
  • Гриневская И. А. Баб. Драматическая поэма из истории Персии. В 5 действиях и 6 картинах. Издание 2-е. Петроград, 1916 // http://imwerden.de/pdf/grinevskaya_bab.pdf
  • Донаш П., Мутцнер И. Рюдигер Вольвенд. Мудрость исследования длиною в жизнь / Пер. О. Винкельбах и Веры Шрейнер-Даниленко. — Мн.: Изд. П. Кожич, 2008. — 48 с.
  • Дудар Н., Филипович Л. Новые религиозные течения в Украине (укр.яз.) К.: Наукова думка, 2000. С.51-53.
  • Духовные Собрания. Выборы бахаи. Подборка выдержек из Писаний бахаи. М., 1992. — 48 с.
  • Иоаннесян Ю. А. Вера бахаи. — СПб.: Издательский Дом «Азбука-классика»; «Петербургское Востоковедение», 2009.
  • Иоаннесян Ю. А. Очерки веры Баби и Бахаи: Изучение в свете первичных источников. — СПб.: Петербургское Востоковедение, 2003.
  • Конспект Персидского Байана (или Изложение) Мирзы Али Мухаммада из Шираза, известного как Баб // http://zhurnal.lib.ru/s/suhanow_w_n/b0ru.shtml#a1
  • Марціненко А. В. Бахаи и ахмадийат: новые религиозные сообщества в контексте модернизации ислама (сравнительно-исторический анализ). — Ульяновск: Ульяновский Дом печати, 2005.
  • Марціненко А. В. К вопросу об истории формирования общины бахаи в Российской империи // http://skarabey87.livejournal.com/61896.html
  • Намдар У. Действительность человека и смысл жизни // Новые духовные ценности: Учение Бахаи. М.: «Прогресс-Культура», 1992. С. 76-113.
  • Перкинс М., Хейнсворт Ф. Вера бахаи. М., 1990.
  • Писания бахаи об искусстве // http://bahaimusic.narod.ru/
  • Повествование Набиля, в переложении Зины Сорабджи. Издательский Фонд Бахаи «Единение», СПб., 1994 г.
  • Послание Абдул-Баха профессору доктору Форелю (1921 г.). Baha’i-Verlag. 1980.
  • Резванов П. О. Завет // https://web.archive.org/web/20090406133629/http://www.bahai.by/essay-savet.pdf
  • Релігійна панорма. № 6, 2001.
  • Светочи Руководства // http://www.bahai.ru/library/Compilations/Lights_of_Guidance.html Архівавана 13 красавіка 2009.
  • Сирз У. Как тать ночью: дело о так и не наступившем пришествии. — СПб.: ИМПАКС, 1993. — 352 с.
  • Тахерзаде А. Завет Бахауллы. Пролог // http://www.bahai-library.com/russian/misc/covenant.html
  • Хэтчер У. Экономика и моральные ценности. СПб., 1997. — 32 с.
  • Шефер У. Вопрос апологетики в вере бахаи // http://litvinchuk.moy.su/load/perevody/u_shefer_vopros_apologetiki_v_vere_bakhai/2-1-0-3
  • Шефер У. Этика для глобального общества // http://litvinchuk.moy.su/load/perevody/u_shefer_ehtika_dlja_globalnogo_obshhestva/2-1-0-2
  • Экономика и моральные ценности. Интервью с У. Хэтчером / Общественные науки и современность. № 4, 1998. С. 41 — 48.
  • Эсслемонт Дж. Э. Бахаулла и Новая Эра. М.: Единение, 2008.
  • Эффенди Ш. Законоцарствие Бахауллы. — СПб.: Единение, 2004. — 88 с.
  • Эффенди Ш. Настал день обетованный. — СПб.: Единение, 1997. — 176 с.