Перайсці да зместу

Проза

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Проза (лац.: prosa) — 1) мастацкая і немастацкая (навуковая, дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філасофская, рэлігійна-прапаведніцкая) невершаваная творчасць. 2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арганізацыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналітычных адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі. 3) Эпас як род літаратуры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў прозе, лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «проза» абазначаецца таксама сукупнасць празаічнасць твораў якой-небудзь нацыянальнай літаратуры (французская проза, беларуская проза, нямецкая проза), пэўнага гістарычнага перыяду (проза пачатку 19 стагоддзя, проза 1920-х гадоў), асобнага пісьменніка (проза Ф.Кафкі, проза В.Быкава, проза У. С. Караткевіча). У цэнтры ўвагі прозы асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб'ектам прозы з'яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. Прозу цікавіць не проста эмацыянальна-мысленчы стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненні, у прозе імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні прозы і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-мастацкай творчасць, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб'ектывізм у значнай ступені ўласцівы і прозе. Як і паэзія, проза валодае рытмам, аднак рытм прозы прыныпова іншай прыроды і з'яўляецца менш вывучанай праблемай паэтыкі прозы. Стылявымі дамінантамі прозы з'яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхалагічная дэталь, мова, у тым ліку суб'ектная арганізацыя мовы. Функцыяй прозы з'яўляецца мастацкі аналіз. Слова ў прозе выступае сродкам адлюстраванняі ўзнаўлення рэальных аб'ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.