Перайсьці да зьместу

Кваснасьць глебы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мапа кваснасьці глеб

Ква́снасьць гле́бы, Кісло́тнасьць глебы[1] — здольнасьць глебы праяўляць уласьцівасьці кісьлі.

Наяўнасьць іёнаў вадароду (Н-іёнаў) у глебавым растворы, а таксама абменных іёнаў вадароду і алюміну ў глебавым паглынальным комплексе пры няпоўнай нэўтралізацыі надае глебе квасную рэакцыю.

Для характарыстыкі глебавай кваснасьці выкарыстоўваецца шэраг паказчыкаў:

  • Актуальная кваснасьць — гэта pH глебавага раствору (на практыку вымяраецца pH воднай выцяжкі пры суадносінах глеба:вада = 1:2,5 для мінэральных глеб і 1:25 для тарфяных). Пры рн 7 рэакцыя глебавага раствору нэўтральная, ніжэй 7 — кіслая, вышэй — лугавая. Падзолістыя глебы лясной зоны маюць пераважна квасную рэакцыю (рHводн 4,5 — 5,5), падзолы і верхавыя тарфянікі — моцнаквасную (рHводн 3,5—4,5).
  • Патэнцыйная кваснасьць глебы — кваснасьць цьвёрдай часткі глебы, яе вымяраюць у мг-экв на 100 г сухой глебы. Парамэтры патэнцыйнай кваснасьці улічваюць таксама ўплыў катыёнаў ППК, якія могуць падкісьляць глебавы раствор (H+ і Al3+).
  • Абменная кваснасьць глебы выклікаецца абменнымі катыёнамі вадароду і алюміну, якія пераходзяць у раствор з глебавага паглынальнага комплексу пры ўзаемадзеяньні з нэўтральнымі солямі. У багатых перагноем гарызонтах яна абумоўлена пераважна Н-іёнамі, у малагумусных мінэральных — Al-іёнамі. Абменная кваснасьць падзолістых глеб лясной зоны складае рНКС1 3,5—5, ці 0,5 — 6 мг-экв на 100 г сухой глебы, шэрых і бурых лясных — значна ніжэй.
  • Гідралітычная кваснасьць — pH выцяжкі растворам гідралітычна лугавы CH3COONa (дазваляе больш поўна выдавіць H+ з ППК). Вызначаецца Н-іёнамі, якія пераходзяць у раствор пры ўзаемадзеяньні з глебай гідралітычна лугавых соляў, і ўключае меней рухомыя Н-іёны, якія не выцясьняюцца нэўтральнымі солямі. У падзолістых глебах гідралітычная кваснасьць складае 1—10 мг-экв на 100 г сухой глебы. Пра велічыню гідралітычнай кваснасьці можна меркаваць таксама па насычанасьці глебы асновамі.

Падвышаная кваснасьць глебы нэгатыўна адбіваецца на росьце большасьці культурных расьлінаў за кошт памяншэньня даступнасьці шэрагу макра- і мікраэлемэнтаў, і наадварот, павелічэньні растваральнасьці таксычных злучэньняў марганцу, алюміну, жалеза, бору і інш., а таксама пагаршэньні фізычных уласьцівасьцяў. Для зьніжэньня кваснасьці прыбягаюць да вапнаваньня[2].

Падкісьленьне глебы (недапушчальны да ўжываньня тэрмін-сынонім Закісьленьне глебы)[1] — зьмена кісьля-асноўных уласьцівасьцяў глебы, выкліканае прыродным глебаўтваральным працэсам, паступленьнем забруджвальных рэчываў, занясеньнем фізыялягічна кіслых угнаеньняў і іншымі відамі антрапагеннага ўзьдзеяньня.

  1. ^ а б ДАСТ 27593-88(2005). ГЛЕБЫ. Тэрміны і вызначэньні. УДК 001.4:502.3:631.6.02:004.354
  2. ^ Лясная энцыкляпедыя: У 2-х т. / Вараб'ёў Г.І.. — М.: Сав. энцыклапедыя, 1985. — С. 563.