Перайсці да зместу

Амар Хаям

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі


Амар Хаям
перс.: حکیم عُمَر خَیّام نیشابوری
араб. غیاث الدین ابو الفتح عمر بن ابراهیم خیام نیشاپوری‎‎[1]
Помнік Амару Хаяму ў Бухарэсце
Імя пры нараджэнні Гіясаддзін Абу-ль-Фатх Амар ібн Ібрахім аль-Хаям Нішапуры
Род дзейнасці матэматык, астраном, паэт, паэт-песеннік, філосаф, музыкант, астролаг, пісьменнік, фізік
Дата нараджэння 18 мая 1048[2]
Месца нараджэння
Дата смерці 4 снежня 1131[2] (83 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Веравызнанне іслам і атэізм
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Амар Хаям Гіясаддзін Абу-ль-Фатх ібн Ібрахім (18 мая 1048, Нішапур, Іран — 4 снежня 1131) — персідскі і таджыкскі паэт, фізік, матэматык, астраном.

Жыў у Самаркандзе, Ісфахане, Бухары і інш.

Найвялікшы астраном свайго часу: за 500 гадоў да папы Рыгора XIII на аснове шматгадовых назіранняў за зорным небам ажыццявіў рэформу календара. Паслядоўнік філасофіі Арыстоцеля і Ібн Сіны.

Ураджэнец горада Нішапура ў Харасане (цяпер іранская правінцыя Харасан-Рэзаві).

Амар быў сынам палатачніка, таксама ў яго была малодшая сястра Аіша. У 8 гадоў пачаў грунтоўна займацца матэматыкай, астраноміяй, філасофіяй. У 12 гадоў Амар стаў вучнем Нішапурскага медрэсэ. Ён бліскуча скончыў курс па мусульманскім праве і медыцыне, атрымаўшы кваліфікацыю хакіма, г.зн. лекара. Але медыцынская практыка мала цікавіла Амара. Ён вывучаў творы вядомага матэматыка і астранома Сабіта ібн Куры, працы грэчаскіх матэматыкаў.

Дзяцінства Хаяма прыйшлося на гаротны час сельджукскага заваявання Цэнтральнай Азіі. Загінула мноства людзей, у тым ліку значная частка вучоных. Пазней у прадмове да сваёй «Алгебры» Хаям напіша горкія словы:

Мы былі сведкамі згубы вучоных, ад якіх засталася невялікая шматпакутная купка людзей. Суровасць лёсу ў гэтыя часы не дазваляе ім цалкам аддацца ўдасканаленню і паглыбленню сваёй навукі. Большасць тых, хто цяпер маюць выгляд вучоных, называюць ісціну хлуснёю, не выходзячы ў навуцы за межы падробкі і крывадушнасці. І калі яны сустракаюць чалавека, адметнага тым, што ён шукае ісціну і любіць праўду, стараецца адкінуць хлусню і крывадушнасць і адмовіцца ад самахвальства і падману, яны накіроўваюць на яго сваю пагарду і кпіны.

Карціна «На магіле Амара Хаяма»

Ва ўзросце шаснаццаці гадоў Хаям перажыў першую ў сваім жыцці страту: падчас пошасці (эпідэміі) памёр яго бацька, а потым і маці. Амар прадаў бацькоўскі дом і майстэрню і адправіўся ў Самарканд. У тыя часы гэта быў прызнаны на Усходзе навуковы і культурны цэнтр. У Самаркандзе Хаям становіцца спачатку вучнем аднаго з медрэсэ. Пасля некалькіх прамоў на дыспутах ён так уразіў усіх сваімі ведамі, што яго адразу ж зрабілі настаўнікам.

Як і іншыя буйныя навукоўцы таго часу, Амар не затрымліваўся доўга ў нейкім адным горадзе. Праз чатыры гады ён пакінуў Самарканд і пераехаў у Бухару, дзе пачаў працаваць у кнігасховішчах. За дзесяць гадоў, якія вучоны пражыў у Бухары, ён напісаў чатыры фундаментальныя працы па матэматыцы.

У 1074 годзе яго запрасілі ў Ісфахан, цэнтр дзяржавы Санджараў, да сельджукскага султана Мелік-шаха I. Па ініцыятыве і пры заступніцтве галоўнага шахскага візіра Нізам аль-Мулька Амар становіцца духоўным настаўнікам султана. Праз два гады Малік-шах прызначыў яго кіраўніком палацавай абсерваторыі, адной з самых буйных у свеце[5]. Працуючы на гэтай пасадзе, Амар Хаям не толькі працягваў заняткі матэматыкай, але і стаў вядомым астраномам. З групай навукоўцаў ён распрацаваў і ўвёў у 1079 г. сонечны каляндар, дакладнейшы за грыгарыянскі. Склаў «Малікшахскія астранамічныя табліцы», якія ўключалі невялікі зорны каталог[6]. Тут таксама напісаў «Каментарыі да цяжкасцей ва ўводзінах кнігі Еўкліда» (1077 г.) з трох кніг; у другой і трэцяй кнігах даследаваў тэорыю адносін і вучэнне пра лік[7]. Аднак у 1092 годзе, са смерцю свайго заступніка султана Мелік-шаха і візіра Нізам ал-Мулка, ісфаханскі перыяд яго жыцця канчаецца. Абвінавачаны ў блюзнерстве і вальнадумстве, паэт вымушаны быў пакінуць сельджукскую сталіцу.

Аб апошніх гадзінах жыцця Хаяма вядома са слоў яго малодшага сучасніка — Бехакі, які спасылаецца на словы зяця паэта.

Аднойчы ў час чытання «Кнігі аб вылячэнні» Абу Алі ібн Сіны Хаям адчуў набліжэнне смерці (а было тады яму ўжо за восемдзесят гадоў). Ён спыніўся чытаць на раздзеле, які быў прысвечаны найцяжэйшаму метафізічнаму пытанню і называўся «Адзінае ў множным», палажыў між аркушаў залаты капылок, які трымаў у руцэ, і загарнуў фаліянт. Потым ён паклікаў сваіх блізкіх і вучняў, склаў тастамент і пасля гэтага ўжо не прымаў ані ежы, ані піцця. Памаліўшыся як перад сном, ён зрабіў зямны паклон і, стоячы на каленях, вымавіў: «Божа! На ўсю сваю моц я імкнуўся спазнаць Цябе. Даруй мне! Наколькі я спазнаў Цябе, настолькі я да Цябе наблізіўся». З гэтымі словамі на вуснах Хаям і памёр.

Таксама ёсць звесткі пра апошнія гады жыцця паэта, засведчаныя аўтарам «Чатырох гутарак»:

У 1113 г. у Балху, на вуліцы Гандляроў рабамі, у доме Абу Саіда Джаррэ спыніліся хаджа імам Амар Хаям і хаджа імам Музаффар Ісфізарі, а я далучыўся да служэння ім. Падчас балявання я пачуў, як у доказ Ісціны Амар сказаў: «Магіла мая будзе размешчана ў такім месцы, дзе кожную вясну ветрык будзе асыпаць мяне кветкамі». Мяне гэтыя словы здзівілі, але я ведаў, што такі чалавек не стане гаварыць пустых слоў. Калі ў 1136 г. я прыехаў у Нішапур, прайшло ўжо чатыры гады з часу, як той вялікі закрыў свой твар покрывам зямлі, і нізкі свет асірацеў без яго. І для мяне ён быў настаўнікам. У пятніцу я пайшоў пакланіцца яго праху, узяўшы з сабою аднаго чалавека, каб ён паказаў мне Хаямаву магілу. Ён прывёў мяне на могілкі Хайре, павярнуў налева ля падножжа сцяны, што агароджвала сад, і я ўбачыў яго магілу. Грушавыя і абрыкосавыя дрэвы звесіліся з гэтага саду і, распасцёршы над магілаю квітнеючыя галінкі, усю магілу яго хавалі пад кветкамі. І прыйшлі мне на памяць тыя словы, што я чуў ад яго ў Балху, і я расплакаўся, бо на ўсёй зямлі і ў краінах Населенай чвэрці я не ўбачыў б для яго лепшага месца. Бог, Святы і Усявышні, да падрыхтуе яму месца ў райскіх кушчах міласцю сваёю і шчодрасцю!

Сусветную вядомасць яму як паэту прынеслі рубаі (чатырохрадкоўі), у якіх адлюстраваны свет чалавечых перажыванняў, думкі пра жыццё, чалавека і яго веды, глыбокі філасофскі роздум. Шматлікія рубаі сталі афарызмамі, хаця свабодалюбівасць рубаі выклікала моцныя нападкі духавенства.

Аўтар трактатаў на арабскай і персідскай мовах: матэматычных («Трактат пра доказы задач алгебры і алмукабалы»), фізічных («Вагі мудрасцей»), філасофскіх («Аб усеагульнасці быцця», «Адказ на тры пытанні», «Трактат пра існаванне»), гістарычных («Наўруз-намэ»). Захаваўся ўрывак «Мелікшахскіх астранамічных табліц» Амара Хаяма, напісаных па-арабску.

Зноскі

  1. zbMATH Open Database
  2. а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994. Праверана 22 жніўня 2017.
  3. а б Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
  4. а б Catalog of the German National Library Праверана 14 жніўня 2022.
  5. Глезер 1982, с. 121.
  6. Звездный каталог ал-Бируни с приложением каталогов Хайама и ат-Туси. Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2012. Праверана 18 мая 2013.. // историко-астрономические исследования. Вып. VIII. 1962. С.83-192.
  7. Боголюбов 1983, с. 501.

Беларускія пераклады твораў Хаяма

[правіць | правіць зыходнік]

Асобныя рубаі пераклаў Уладзімір Клішэвіч[1].

  • Рубаі / Пер. з фарсі-кабулі Р. Барадулін. — Мн.: Мастац. літ., 1989. — 94 с.
  • Выбраныя рубаі / Пер. з фарсі-кабулі Р. Барадулін. — Мн.: Зміцер Колас, 2016. — 92 с. («Паэты планеты»).

Пра Хаяма і яго жыццё

[правіць | правіць зыходнік]
  • История математики. Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2012. Праверана 18 мая 2013. с древнейших времён до начала XIX столетия (под ред. А. П. Юшкевича). — Т. I. — М.: Наука, 1972.
  • Боголюбов А. Н.  Математики. Механики. Биографический справочник. — Киев: Наукова думка, 1983. — 639 с.
  • Глезер Г. И.  История математики в школе. VII – VIII классы. — М.: Просвещение, 1982. — 240 с.

Матэматычныя, прыродазнаўчыя і філасофскія трактаты Хаяма

[правіць | правіць зыходнік]
  • Хайям Омар. О доказательстве задач алгебры и алмукабалы. Историко-математические исследования, 6, 1953, с. 15—66.
  • Хайям Омар. Комментарии к трудным постулатам книги ЕВКЛида. Историко-математические исследования, 6, 1953, с. 67-107.
  • Хайям Омар. Об искусстве определения золота и серебра в состоящем из них теле. Историко-математические исследования, 6, 1953, с. 108—112.
  • Хайям Омар. Трактаты.. Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2012. Праверана 18 мая 2013. Перевод А. П. Юшкевича. Статья и комментарии Б. А. Розенфельда и А. П. Юшкевича. М.: Изд. вост. лит., 1961.
  • Хаййам Омар. Трактаты. Перевод Б. А. Розенфельда. Редакция В. С. Сегаля и А. П. Юшкевича. Статья и комментарии Б. А. Розенфельда и А. П. Юшкевича. М., 1962.
  • Хайям Омар. Первый алгебраический трактат. Историко-математические исследования, 15, 1963, с. 445—472.
  • Хайям Омар. О прямом кустасе. Историко-математические исследования, 19, 1974, с. 274—278.
  • Хайям Омар. Речь о родах, которые образуются квартой. Историко-математические исследования, 19, 1974, с. 279—284.
  1. Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.