Археалагічны музей Стамбула
Археалагічны музей Стамбула (турэцк.: İstanbul Arkeoloji Müzesi) знаходзіцца ў Стамбуле, сталіцы Турцыі ў Асманскую эпоху. Комплекс размешчаны побач з паркам Гюльхане і палацам Тапкапы і складаецца з трох музеяў — галоўнага будынка, музея Старажытнага Усходу і Кафлянага павільёна — і змяшчае больш за мільён экспанатаў розных эпох.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Музей быў заснаваны ў канцы XIX стагоддзя па ініцыятыве выдатнага турэцкага жывапісца і археолага Асмана Хамдзі-бея. Будаўніцтва асноўнага будынка ў неакласічным стылі пачалося ў 1881 годзе па праекце франка-турэцкага архітэктара Аляксандра Валоры і канчаткова завяршылася ў 1902 годзе. Адкрыццё музея адбылося 13 чэрвеня 1891 года. У 1903 годзе і 1907 годзе да яго былі дададзены правае і левае крыло, у выніку чаго будынак атрымаў сваё цяперашняе аблічча.
У будынку, які ў наш час займае музей Старажытнага Усходу, першапачаткова знаходзілася Школа выяўленчых мастацтваў. Пазней яно было перапланавана пад музей, адкрыццё якога адбылося ў 1935 годзе. У 1963 годзе музей Старажытнага Усходу быў зачынены для наведвання і пасля рэстаўрацыі быў зноў адкрыты ў 1974 годзе.
Кафляны павільён быў узведзены яшчэ ў 1472 годзе па загадзе султана Мехмеда II Заваёўніка і з’яўляецца адным з найстарэйшых помнікаў асманскай архітэктуры, якія захаваліся ў Стамбуле. З 1885 па 1891 год у яго памяшканні размяшчаўся Імперскі музей, затым з 1953 года ўнутры яго знаходзіўся музей турэцкага і ісламскага мастацтва, а ў 1981 годзе кафляны павільён быў далучаны да комплексу археалагічнага музея.
Экспанаты
[правіць | правіць зыходнік]Экспазіцыя музея змяшчае вялікую колькасць вельмі каштоўных экспанатаў. Найбольш значныя з іх:
- Сідонскі саркафаг са сцэнамі з жыцця Аляксандра Македонскага
- Саркафаг Жанчыны, якая плача з некраполіса ў Сідоне
- Саркафагі Табніта і Сатрапа
- Лікійскае надмагілле
- Статуя Эфеба
- Фрагменты статуй з храма Зеўса ў Пергаме
- Статуя льва, адзіны прадмет з маўзалея ў Галікарнасе, які застаўся ў Турцыі
- Галава змяі ад калоны з плошчы Ахмедые
- Статуя багіні Кібелы
- Бюсты Зеўса і Аляксандра Македонскага
- Фрагменты храма Афіны з Асаса
- Артэфакты, выяўленыя пры раскопках Троі
- 800 тысяч атаманскіх манет, пячатак, ордэнаў і медаляў
- Таблічка (адна з трох вядомых) з мірным пагадненнем, заключаным пасля бітвы пры Кадэшы паміж егіпецкім фараонам Рамсесам II і хецкім царом Хатусілі III
- Абеліск цара Асірыі Адад-нірары III
- Калекцыя клінапісных таблічак, якая змяшчае каля 75 тысяч дакументаў
- Артэфакты старажытных цывілізацый Малой Азіі, Двурэчча, Аравійскага паўвострава і Егіпта
- Сілаамскі надпіс з тунэля Езекіі ў Іерусаліме
- Каляндар з Гезера
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Археалагічны музей Стамбула на Вікісховішчы |