Перайсці да зместу

Ваямпі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ваямпі
(Wayãpi)
Ваямпі падчас сустрэчы з міністрам культуры Бразіліі ў 2003 г.
Агульная колькасць 1800 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання  Бразілія — 1000

 Гвіяна — 800

Мова ваямпі (аямпі)
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы гуарані, гуараю, кавахіва, тупі

Ваямпі (саманазва: Wayãpi, літаральна «стральцы») — індзейскі народ Паўднёвай Амерыкі. Жывуць на поўдні Французскай Гвіяны і ў бразільскім штаце Амапа. Агульная колькасць (2021 г.) — 1800 чалавек[1].

Ваямпі размаўляюць на мове, якая адносіцца да галіны тупі—гуарані. У мінулым яны насялялі ніжнюю плынь ракі Шынгу. У XVIII ст. па запыту партугальскіх місіянераў-езуітаў ваямпі рушылі на поўнач, каб змагацца з французамі, аднак паміж 1780 г. і 1815 г. апынуліся ў ізаляцыі ад еўрапейцаў. Яна была перарвана толькі ў 1940-я гг. у Французскай Гвіяне і ў 1970-я гг. у Бразіліі. У нашы дні ваямпі падзяляюцца на 4 тэрытарыяльныя групы. 1 з іх існуе на поўдні Французскай Гвіяны, 3 — на захадзе Амапы.

Ваямпі займаюцца падсечна-агнявым земляробствам. Вырошчваюць кукурузу, маніёк, батат, трыснёг для атрымання валокнаў, бананы і г. д. Мужчыны выпальваюць лясныя надзелы, астатні клопат пра ўраджай кладзецца на жанчын. Мужчыны таксама палююць і ловяць рыбу. Жанчыны займаюцца збіральніцтвам.

Толькі 1 з груп ваямпі ў Амапе ўдзельнічае ў здабычы золата і такім чынам мае сталае дачыненне да грашовай эканомікі. Тым не меней, усе групы ваямпі злучаны ў гандлёвую сетку, створаную індзейцамі-карыбамі. Яна заснавана на абмене карыснымі рэчамі. Так, за еўрапейскія тавары і лодкі ваямпі расплачваюцца бавоўнай, паляўнічымі сабакамі і ўпрыгожваннямі з пер’я. Гандляры yepe звычайна маюць сваяцкія або сяброўскія сувязі з індзейскімі абшчынамі і дзякуючы гэтаму атрымоўваюць ільготы. Дзякуючы абмену еўрапейскія тавары даволі хутка выціскаюць традыцыйныя рамесныя выбары. Паляўнічыя ахвотна карыстаюцца агнястрэльнай зброяй. Лукі і стрэлы захоўваюцца толькі для здабычы рыбы.

Згодна з паданнямі ваямпі, да перасялення яны жылі ў буйных вёсках на чале з вялікімі правадырамі. Бліжэй да нашага часу экстэнсіўныя формы забеспячэння вымусілі іх часта мяняць месца жыхарства, шукаць болей урадлівыя глебы і багатыя лясы. У выніку на змену сталым буйным вёскам прыйшлі малыя мабільныя паселішчы, у якіх дамінуе 1 пашыраная сям'я на чале са старэйшым мужчынам. Пад яго ўладай знаходзяцца сем’і зяцёў і сыноў. Звычайна такія паселішчы не маюць пэўнага плана, але іх цэнтрам лічыцца пляц за агароджай okara. У кожнай хаціне жыве 1 малая нуклеарная сям’я. Акрамя таго, будуюць некалькі гаспадарчых хацін для захоўвання прыпасаў і прыгатавання ежы. Традыцыйныя жытлы oka ўзводзяцца на па́лях. Дахі крыюцца сухім пальмавым лісцем.

Родаў як асобных сацыяльных груп не захавалася. Ваямпі вылучаюць блізкіх сваякоў yanewãku, жыхароў свайго паселішча eletã lang, астатнія з’яўляюцца чужынцамі ãm k. Шлюбы імкнуцца заключаць са стрыечнымі братамі і сёстрамі без асаблівых цырымоній. Калі ў паселішчы дзяўчын шлюбнага ўзросту болей, чым хлопцаў, дазваляюцца шлюбы з мужчынамі з вонкавага свету, але так, каб зяць перасяліўся ў паселішча жонкі. Пэўны перыяд (часам ён цягнецца некалькі гадоў) такі зяць мае статус жаніха, займаецца забеспячэннем сям’і нявесты рыбай або дзічынай. Звычайна пасля заключэння сталага шлюбу маладая жонка пераязджае ў дом бацькоў мужа. Праз некалькі гадоў яны будуюць сваё асобнае жытло. Палігінія сустракаецца рэдка, але ўспрымаецца з павагай. Сучасныя дзеці-ваямпі маюць магчымасць наведваць школы, але навучанне адбываецца на французскай і партугальскай мовах. Выключэнне складаюць місіянерскія школы ў Амапе, дзе таксама выкарыстоўваецца родная мова.

Ваямпі практыкуюць супольныя піры. Яны арганізуюцца сталымі мужчынамі і суправаджаюцца шчодрымі падарункамі ўдзельнікам. Такім чынам мужчына-арганізатар мае магчымасць падвысіць свой сацыяльны і палітычны статус. Канкурэнцыя знутры аднаго паселішча часам прыводзіць да раз’яднанасці і канфліктаў паміж сваякамі. У мінулым пасля смерці чальца сям’і яго маёмасць хавалі разам з ім або спальвалі. У нашы дні яна перадаецца блізкім сваякам.

Ваямпі маюць багаты фальклор, пераказваюць старажытныя міфы і гістарычныя паданні. Святы суправаджаюцца музыкай і танцамі.

Ваямпі лічаць, што сусвет і чалавечае грамадства былі створаны вялікім богам Yaneya. Ён падзяліў сусвет на 4 часткі. У вышэйшых 2 частках жывуць багі і духі. Трэцяя частка аддана чалавецтву. Ніжэйшая — вялікім ляніўцам, якія ўсведамляюць сябе людзьмі. Чалавечы сусвет пабудаваны на хісткай раўнавазе, таму людзі павінны паважаць прыроду і ніколі не забіваць занадта шмат звяроў ці рыбы, а таксама не збіраць занадта шмат лясных прадуктаў, інакш за гэта чакае помста. Арганізатарам рэлігійных рытуалаў з’яўляецца шаман paye. Дзякуючы тытунёваму соку, раслінным галюцынагенам і бразготкам ён змяняе стан сваёй свядомасці, «вандруе» па іншых сусветах, мае зносіны з духамі. Шаман імкнецца падпарадкаваць духі прыроды, а людзей, вінаватых у злоўжываннях, пакараць з дапамогай табу.

Падлеткі, хлопчыкі і дзяўчаты, праходзяць абавязковы рытуал ініцыяцыі, або «змены скуры», калі да скуры прыкладваюць мурашак. Памерлых хаваюць у аддаленых мясцінах і ніколі не наведваюць іх магільню, паколькі духі мёртвых людзей разглядаюцца як небяспечныя.

З 1980-х гг. распаўсюджваецца хрысціянства, практыкуюцца некаторыя хрысціянскія абрады накшталт хрышчэння.

Зноскі