Маньчжуры
Маньчжуры () | |
Агульная колькасць | 10 430 000 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | КНР, Кітайская рэспубліка |
Мова | маньчжурская |
Рэлігія | шаманізм, будызм |
Блізкія этнічныя групы | сібо, эвенкі, эвены, нанайцы |
Маньчжу́ры (маньчжур.: ) — народ, карэнныя насельнікі паўночнага ўсходу КНР. Невялікая група маньчжураў здаўна жыве на Тайвані. Агульная колькасць — 10 430 000 (2010 г.).
Паходжанне і гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Маньчжурская злучнасць склалася ў раёне на поўдзень ад сярэдняга Амура ў XVI — XVII стст., калі ўладар Нурхацы (1559—1626 гг.) аб’яднаў 66 мясцовых родаў і стварыў дзяржаву Маньчжоў. Аснову маньчжурскай супольнасці склалі групы тунгусаў (продкаў таксама эвенаў і эвенкаў), а таксама мясцовыя народы, якія жылі ля Амура з глыбокай старажытнасці, Пэўны ўдзел прынялі прадстаўнікі кітайцаў, карэйцаў, манголаў і іншых суседніх народаў. У выніку маньчжуры доўгі час падзяляліся на «сапраўдных», якія паходзілі з перадгор’яў Чанбайшань, і «новых», што далучыліся пазней.
Нурхацы рэфармаваў традыцыйныя родавыя абшчыны, злучыў іх у 8 ваенных аб’яднанняў — сцягоў гуса. У кожны гуса ўваходзіла 5 палкоў чжалань, у кожны чжалань — 5 рот ніру. Нурхацы і яго пераемнікі здолелі ўстанавіць кантроль над часткай паўночна-ўсходняга Кітая. У 1644 г., калі Пекін аказаўся ў руках сялян-паўстанцаў, і імператар скончыў жыццё самагубствам, маньчжуры ўвайшлі ў саюз з кітайскай імператарскай арміяй і захапілі сталіцу Кітая. Была створана маньчжурская дынастыя Цын, якая ў другой палове XVII — XVIII стст. здолела ўстанавіць сваю ўладу на тэрыторыі ўсяго Кітая, а таксама пашырыць яго межы на захад і на поўнач. У 1688 г. быў заключаны дагавор з Расіяй, які гарантаваў далучэнне зямель паўднёва-ўсходняй Сібіры. Для легітымізацыі кіравання імператары Цын заключалі шлюбныя саюзы з прадстаўніцамі вышэйшых родаў манголаў.
У дзяржаве Цын маньчжуры ператварыліся ў ваенна-служылае саслоўе, якое мела значныя прывілегіі. Але ў выніку гэта садзейнічала паступоваму перайманню кітайскіх мовы і культуры, што асабліва з XVIII ст. Толькі маньчжуры паўночнага захаду Кітая працягвалі захоўваць свае мову і традыцыі.
У 1911 г. у Кітаі адбылася рэвалюцыя, у выніку якой апошні маньчжурскі імператар Пу І быў звергнуты. У 1932—1945 гг. японцы ўзнавілі існаванне Вялікай Маньчжурскай Імперыі як марыянетачнай дзяржавы. У 1949 г. яна ўвайшла ў склад КНР.
У нашы дні маньчжуры складаюць адну з найбольш вялікіх этнічных меншасцяў Кітая.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Маньчжуры паўночнага ўсходу Кітая здаўна займаліся земляробствам, вырошчвалі зерневыя і алейныя культуры, гародніну. Да сяр. XX ст. былі распаўсюджаны простыя прылады працы — драўляны плуг аньчжа, чыгунны лямеш халхань, каменныя каткі тахароку і г. д. Трымалі рабочую жывёлу (быкоў, канёў) і свінняў. У горна-таёжных раёнах важнымі заняткамі таксама былі нарыхтоўка лесу, вытворчасць драўнянага вугля, збор дзікага вінаграда, паляванне і г. д.
Жытло будавалі на берагах рэк, звычайна на схілах для абароны ад халодных паўночных і паўночна-заходніх вятроў. У XVII — XIX стст. з’явіліся паселішчы ўздоўж шляхоў, якія ахоўваліся маньчжурамі. У пач. XIX ст. паміж гарадамі Харбін, Шэньян і Шуанчэн былі створаны маньчжурскія вёскі, што знаходзіліся на роўнай адлегласці адна ад адной і мелі назву гуса. Гэтыя вёскі ўмацоўваліся абарончым плотам з зямлі, мелі форму правільнага чатырохкутніка з вежамі ў вуглах. У кожным паселішчы жыло ад 20 да некалькіх соцень чалавек. Хаціны каркасныя на адзін паверх. Каля галоўнай хаціны, звернутай дзвярыма да ўваходнай брамы, маглі ўзводзіцца памяшканні меншыя па памерах. Паміж жытлом і брамай усталёўвалася драўляная тычка сома з кавалкам тканіны на версе для ахвярапрынашэнняў духам. Заходзілі ў хату праз пярэдні пакой або кухню.
Традыцыйная вопратка ў мужчын складалася з шырокіх штаноў факуры, крамніннага пояса, курткі, камізэлькі. Калшыны запраўлялі ў боты або на канцах наглуха абмотвалі кавалкамі тканіны. Святочная адзежа заўсёды ўпрыгожвалася яркім гафтам. Зімовая падбівалася ватай. Жанчыны апраналі доўгія штаны да шчыкалатак, кофты курумэ і доўгія халаты цыпаа. Колер вопраткі выбіралі часцей сіні. Многія элементы нацыянальных строяў маньчжураў былі запазычаны кітайцамі.
Мужчыны галілі пярэднюю частку галавы, а доўгія заднія валасы запляталі ў косы. Жанчыны згортвалі валасы на цемі ў вялікі вузел шашонь, які ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Былі вядомы і іншыя складаныя жаночыя прычоскі, характэрныя для вышэйшых колаў. Распаўсюджаныя ўпрыгожванні — завушніцы і бранзалеты са срэбра. Шырока карысталіся касметыкай — тушшу, памадай, румянамі.
Маньчжуры здолелі захаваць родавыя арганізацыі хала, дзякуючы якім не рассеяліся сярод кітайцаў нават пасля таго, як многія згубілі сваю мову. Людзі аднога хала лічацца сваякамі і паходзяць ад агульнага продка-мужчыны. Кожны дарослы родзіч павінен ведаць сваіх сваякоў. У некаторых хала да сёння вядуцца спецыяльныя кнігі. Акрамя таго, хала маюць сваіх духаў-заступнікаў. Род кантралюе ўнутраныя шлюбныя сувязі. З-за рассялення маньчжураў у розныя часткі імперыі Цын да пачатку XIX ст. са складу хала пачалі вылучацца больш дробныя арганізацыі макунь. Яны аб’ядноўваюць прадстаўнікоў таго або іншага хала, што апынуліся ў пэўнай мясцовасці.
Сем’і малыя нуклеарныя. На чале сям’і заўсёды стаіць бацька. Яму падпарадкоўваюцца і жонка, і дзеці. У адсутнасці бацькі дзеці падначальваюцца маці. Земляробства, паляванне, збіральніцтва, ваенная справа заўсёды лічыліся выключна мужчынскімі заняткамі. Толькі ў вельмі бедных сем’ях жанчыны працавалі на палетках. Звычайна маньчжуры мелі па адной жонцы. Палігіннымі былі раней толькі багатыя гараджане. Спадчына перадавалася толькі па мужчынскай лініі.
-
Маньчжурская нявеста
-
Мужчынскія прычоскі
-
Жаночыя строі
-
Высакародныя маньчжуркі, пач. XX ст.
-
Мужчыны-маньчжуры, 1915 г.
-
Юнак у традыцыйным строі
-
Манчжурская імператарская вопратка
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Маньчжурская мова адносіцца да тунгуса-маньчжурскай сям’і моў. Пісьмовасць існуе з XVII ст.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйная рэлігія — шаманізм. Пасля заваявання Кітая таксама шырока распаўсюдзіўся будызм, аднак маньчжуры раўніва захоўвалі свае рытуалы. У Пекіне дзейнічаў вялікі шаманскі храм. У XVIII ст. нават з’явіліся шаманскія кнігі на маньчжурскай мове.
Шаманскі пантэон складаўся з вялікай колькасці духаў эньдуры, якія шанаваліся па пэўных днях. Пасрэднікамі паміж светам духаў і людзей маглі выступаць як главы сем’яў, так і прафесійныя шаманы самань, якія займаліся лекаваннем, праводзілі пахавальныя абрады, суправаджалі душу нябожчыка ў замагільны свет, варажылі будучыню, шукалі згубленыя і скрадзеныя рэчы і г. д. Шаманамі маглі стаць мужчыны і жанчыны, старыя і маладыя. Лічылася, што асобу самань выбіралі самі духі. Многія шаманскія рытуалы блізкія да тых, што існавалі ў нанайцаў.