Перайсці да зместу

Музеязнаўства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Музеязнаўства, музеялогія — комплексная навуковая дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спецыяльных ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навуковага дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхнічнымі навукамі. Першыя спробы тэарэтычнага асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам музеязнаўства лічыцца нямецкі калекцыянер І. Д. Маёр — аўтар кнігі «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674 г.). Распрацоўкі і практычны попыт французскага музеязнаўцаў канца XVIII — пачатку XIX стст. былі пераняты большасцю еўрапейскіх краін. У 2-й палове XIX ст. музеязнаўства сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960 — 1970-я гг., калі аформіліся нямецкая, польская і чэшская музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне музеязнаўства як самастойнай навуковай дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Савецкая школа музеязнаўства склалася ў 1960 — 1970-я гг. Яе тэарэтычным і навукова-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі інстытут культуралогіі). На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па музеязнаўстве (Б. Р. Брэжга, А. П. Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус навукова-даледчых устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В. Ю. Ластоўскі). 3 пачатку 1930-х беларуская музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы савецкага музеязнаўства. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самастойнай беларускай школы музеязнаўства. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і музеязнаўства ў БДУ, у 1994 г. — кафедра этналогіі і музеязнаўства ў Беларускім універсітэце культуры. 3 1993 г. у Беларускім інстытуце праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа музеязнаўства для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.

Гісторыя музеязнаўства

[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя музейнай справы (гістарычная музеялогія) — складаная частка музеязнаўства, якая вывучае гісторыю музеяў як спецыфічных шматфункцыянальных інстытутаў, гісторыю музейнай думкі, музейную палітыку і арганізацыю музейнай справы ў розных гістарычных умовах. Шчыльна звязана з развіццём асветы і шэрагу галін навукі, з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыі айчыннай культуры. Некаторыя даследчыкі разглядаюць вывучэнне гісторыі музеяў і іх ролі ў грамадстве як уласна прадмет музеялогіі (Ж. А. Рыўер, Францыя).

Гісторыя музейнай справы выкарыстоўвае метады і дасягненні гістарычнай навукі, спецыяльных гістарычных дысцыплін, мастацтвазнаўства, помніказнаўства. Матэрыялы па гісторыі музейнай справы публікуюцца ў спецыяльнай навуковай літаратуры, музейных перыядычных выданнях, у вучэбнай літаратуры па спецыяльнасці «музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны», у працах па гісторыі культуры. Даследаванні ў дадзенай галіне праводзяць музеялагічныя цэнтры, кафедры музеялогіі ВНУ, а таксама буйнейшыя музеі.

  • Грицкевич В. П., Гужаловский, А. А. История музеев мира: учеб. Пособие. Минск: БГУ, 2003. 283 с.
  • Гужалоўскі А. А. Гісторыя музейнай справы Беларусі : вучэб.-метад. дапам. Мінск: БДУ, 2012. 303 с.
  • Гужалоўскі, А. А. Музеязнаўства / А. А. Гужалоўскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. Том 11: Мугір — паліклініка. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2000. — С. 13 — 14.
  • Музееведение: вопросы теории и методики. — Мн., 1987.
  • Руденко С. Б. Музей як технологія. Київ, 2021. 436 с.
  • Сотникова, С. И. Музеология: Пособие для вузов. — М., 2004.
  • Юренева, Т. Ю. Музееведение: Учебник для высшей школы / Т. Ю. Юренева. — 3-е издание, исправленное и дополненное. — М.: Академический проект, 2006. — 560 с. — («Gaudeamus»).