Нергал
Нергал | |
---|---|
| |
Бог падземнага свету | |
Міфалогія | Шумера-акадская |
Пол | мужчынскі пол |
Бацька | Энліль |
Маці | Нінліль, Белет-ілі |
Браты і сёстры | Нінурта |
Жонка | Эрэшкігаль |
У іншых культурах | Лугальапіяк, Гугальана |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нерга́л (шумерскае імя; першапачаткова, магчыма, Эн-уру-гал, «Уладар вялізнага жылля», іўр.: נֵרְגַל, арам.: ܢܹܪܓܵܐܠ) — бог сонечнай спёкі і падземнага свету нябожчыкаў у шумера-акадскай міфалогіі, муж багіні Эрэшкігаль.
Шумера-акадская міфалогія
[правіць | правіць зыходнік]Відавочна, у найстаражытнейшыя часы з'яўляўся лакальным богам шумерскага горада Куфы, яго заснавальнікам ці валадаром (адзін з першых тытулаў "валадар Куфы"). Пазней трапіў у агульнашумерскую міфалогію як бог сонечнай спёкі, разносчык эпідэмічных захворванняў, ваяўнічы знішчальнік варожых краін. Яму прыпісвалася некалькі шлюбаў з ваяўнічымі багінямі. Звычайна маляваўся ў вобразе чалавека-льва.
У акадскі перыяд Нергал ужо ўспрымаўся як бог падземнага свету, муж Эрэшкігаль. Захавалася некалькі варыянтаў міфа аб іх узаемнай барацьбе і каханні. Згодна адной версіі, Нергал перамог Эрэшкігаль у бітве, але пашкадаваў яе, ажаніўся і пачаў разам валадарыць светам нябожчыкаў. Згодна іншай версіі, ён прыйшоў у падземны свет, правёў 7 дзён у каханні з Эрэшкігаль, а потым падманам збёг ад яе. Угневанная Эрэшкігаль пагражала выпусціць нябожчыкаў. Спужаныя багі схілілі Нергала вярнуцца і стаць яе мужам.
Міфалогія краін Блізкага Усходу
[правіць | правіць зыходнік]Вобраз Нергала ўвайшоў у асірыйскую і вавілонскую міфалогію і астралогію, дзе ён адлюстроўваўся на цыліндрычных пячатках, яго імя надавалі Марсу. Ён узгадваецца ў Бібліі. Вядомая хецкая выява Нергала ў Антаоліі. Існуе магчымасць, што вобраз Нергала праз малаазіяцкую міфалогію быў запазычаны старажытнымі грэкамі і паўплываў на фарміраванне грэчаскага бога Арэса.
Шанаванне
[правіць | правіць зыходнік]Галоўныя цэнтры шанавання Нергала знаходзіліся ў месапатамскіх гарадах Куфа і Апіяк.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нергал і Эрэшкігаль
- Шумерскія і акадскія міфы Архівавана 31 студзеня 2012.
- Нергал у Бібліі