Раздзяляльная здольнасць
Раздзяляльная здольнасць або раздзяляльная сіла — здольнасць прылад раздзяляць вельмі блізкія ў прасторы, часе або па фізічных уласцівасцях аб’екты і працэсы. Важная характарыстыка аптычных і некаторых радыётэхнічных прылад, лічыльнікаў зараджаных часціц, мас-спектрометраў і інш.
Раздзяляльная здольнасць аптычных прылад паказвае здольнасць іх даваць раздзельныя вобразы малых і блізкіх дэталяў прадмета. Абмежаваная дыфракцыяй святла і аберацыямі аптычных сістэм. Гл. таксама: графічная раздзяляльнасць.
Раздзяляльная здольнасць фотааб’ектываў вызначаецца колькасцю рысак на 1 мм, выразна бачных у вобразе міры.
Раздзяляльная здольнасць мікраскопаў, падзорных труб, тэлескопаў вызначаецца найменшай вуглавой адлегласцю (лінейнай для мікраскопаў) паміж двума асобна бачнымі пунктамі.
Раздзяляльная здольнасць спектральных прылад вызначаецца формулай R=λ/δλ, дзе δλ — найменшая розніца даўжынь дзвюх светлавых хваль, якія яшчэ раздзяляюцца прыладай, λ — сярэдняя даўжыня гэтых хваль.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Раздзяляльная здольнасць // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 9. Рабкор — Сочы / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1973. — 640 с.: іл., карты. С.68.