Перайсці да зместу

Рамува

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сімвал Рамувы

Рамува (літ.: romuva) — літоўская неапаганская  (руск.) арганізацыя, якая ставіць сваёй мэтай адраджэнне балцкіх паганскіх вераванняў. Светапогляд, абрады і святы запазычаюцца з літоўскіх народных традыцый, некаторыя абрады рэканструюцца на аснове жывых этнаграфічных і пісьмовых гістарычных крыніц.

Лідар абшчыны — Ёнас Трынкунас (літ.: Jonas Trinkūnas, абраны ў кастрычніку 2002 года вярхоўным жрацом (літ.: krivis). Паводле дадзеных усеагульнага перапісу насельніцтва 2001 года, паслядоўнікаў традыцыйных вераванняў балтаў у Літве налічваецца 975 чалавек[1]. У гэты лік, акрамя членаў Рамувы, уваходзяць і ўдзельнікі іншых паганскіх суполак[2].

Рытуал каля помніка Гедзіміну ў Вільнюсе

У 1967 годзе студэнтамі Віленскага ўніверсітэта была ўтворана першая неапаганская абшчына. У той час адкрыта вызнаваць любую рэлігію было складана, таму назва была зменена на ramuva, і абшчына пазіцыянавала сябе як група, якая займаецца фальклорнай традыцыяй. Народныя літоўскія песні былі і застаюцца галоўным складнікам любога неапаганскага абраду. Для іх збору ўдзельнікі праводзілі краязнаўчыя экспедыцыі па ўсёй рэспубліцы, наведвалі старажытныя гарадзішчы і святыні. Правядзенне свята Расос  (руск.) на Кярнаўскім гарадзішчы ў 1967 годзе лічыцца датай нараджэння Рамувы. Абшчына хутка набірала папулярнасць.

У 1971 годзе Рамува была забаронена, некалькі актывістаў атрымалі турэмныя тэрміны за антысавецкую дзейнасць. Ёнас Трынкунас быў выключаны з універсітэта з забаронай займацца выкладчыцкай працай. Быў узмоцнены кантроль за краязнаўчай дзейнасцю.

18 кастрычніка 1988 года Рамува была адноўлена[3], у 1991 г. — зарэгістраваная як рэлігійная арганізацыя.

У 1998 годзе ў Вільні прайшоў першы Сусветны кангрэс этнічных рэлігій (англ.: World Congress of Ethnic Religions).

У 2001 годзе было пададзена прашэнне ў Сейм Літоўскай Рэспублікі надаць Рамуве статус традыцыйнай рэлігійнай арганізацыі Літвы, аднак не ўдалося сабраць патрэбнай колькасці подпісаў (50 000), таму ў статусе было адмоўлена. У тым жа годзе мэр Вільнюса дазволіў зрабіць каменны ахвярнік і праводзіць абрады ў цэнтры горада — у парку ля Замкавай гары.

У 2002 годзе адкрыты пастаянны абрадавы комплекс у вёсцы Дварцышкес.

Рамуву ахвотна запрашаюць на этнаграфічныя фестывалі ў Літве і за мяжой, на правядзенне вяселляў, хрэсьбін, пахавання, часта разам з каталіцкімі святарамі. Падраздзяленні абшчыны дзейнічаюць у ЗША і Канадзе[4], вядзецца супрацоўніцтва з неапаганцамі іншых краін, як заходніх, так і ўсходніх, праводзяцца сумесныя абрады.

У 2014 годзе памёр Ёнас Трынкунас. Лідарам стала Інія Трынкуніене, жонка Ёнаса.

Прынцыпы Рамувы

[правіць | правіць зыходнік]

Асаблівыя рысы Рамувы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Рамува пазіцыянуецца сваімі адэптамі як «рэлігія земляробаў». Такія культы таксама часта называюцца хтанічнымі. Гэта азначае, што ў адрозненне ад ранейшай афіцыйнай рэлігіі воінаў, і ў адрозненне ад хрысціянства, Рамува ў першую чаргу вылучае зямныя каштоўнасці, першынство і павага аддаецца жанчыне, багіням. У гэтым аспекце Рамува з’яўляецца хутчэй феміністычнай рэлігіяй.
  • Акрамя таго, Рамува аддае першынство святасці матэрыяльнай прыродзе, Зямлі, таму трансцэндэнцыя — неба — губляе сваю выключную важнасць, хоць і не пазбаўляецца яе цалкам.
  • Рамува — рэлігія, якая развівае нацыянальнае мастацтва. Удзельнікі абрадаў Рамувы робяцца не назіральнікамі, а ўдзельнікамі — яны павінны спяваць, танцаваць, вырабляць абрадавую атрыбутыку, актыўна прымаць удзел у рытуалах. Рамува — рэлігія танца, музыкі, рамяства.

Асноўныя багі і духі Рамувы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Габія — багіня агню, захавальніца хатняга агменю, багіня культуры, сям’і, свету, дома, гаспадаркі.
  • Лайма — багіня нараджэння і лёсу, якая суправаджае чалавека ўсё яго жыццё. Пры нараджэнні чалавека Лайма прапануе яму некалькі жыццёвых шляхоў, з якіх чалавек выбірае сабе свой. Ён адказны за свой выбар.
  • Жяміна  (руск.) — багіня, якая забяспечвае чалавека неабходнымі яму жыццёвымі сіламі, маці.
  • Мілда  (руск.) (Аўшрыне  (руск.)) — багіня кахання, прыгажосці, маладосці, ідэал дзяўчыны.
  • Саўле  (руск.) — заступніца святла, жыцця, дабра.
  • Пяркунас  (руск.) — бог атмасферы, сілы, здароўя, звычаяў, законаў і маральнасці. Бог дзяржавы, бацька.
  • Ёрыс  (руск.) — бог вясновай прыроды, якая абуджаецца. Рамува лічыць яго Вясновым Пяркунасам.
  • Дзіевас — бог ведаў, неба, святла, жыцця, матэрыяльнай культуры, дома, творца свету, бацька. Іншыя імёны: Праамжюс, Сотварас, Пракарымас, Андоюс.
  • Вяльняс (Пікуоліс, Кялмас, Блукас, Пінчукас) — бог смерці, розуму, творца свету, бог дзікай прыроды.
  • Гільціне  (руск.) — багіня смерці.

Зноскі

  1. Итоги переписи 2001 года в Литве
  2. Вядомы: Балтува (Брацтва старых адзінаборстваў Вілкатлакай) (літ.: Baltuva (Senovės baltų kovų brolija Vilkatlakiai) і клуб жывой гісторыі «Каварніс» (літ.: Gyvosios istorijos klubas «Kovarnis»), гэтыя аб’яднанні, акрамя рэлігіі, займаюцца рэканструкцыяй старажытных баявых мастацтваў. Акрамя гэтага, існуе яшчэ адна абшчына, члены якой стараюцца не афішыраваць свю дзейнасць, не даюць інтэрв’ю, і яе назва невядома. Крыніца: Renatas Delis. Рух неапаганства ў пост-савецкай Літве — альтэрнатыўны літоўскі характар як адказ на мадэрнізацыю(недаступная спасылка) (англ.) (літ.)
  3. С. И. Рыжакова. Ромува. Этническая религиозность в Литве. М., 2000. С. 10.
  4. Сайт канадскага падраздзялення Рамувы (недаступная спасылка)