Сарматы
Сарматы † | |
Рымская выява 113 г. н. э.
| |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Паволжа, Паўночны Каўказ, Паўночнае Прычарнамор'е |
Мова | сармацкая |
Рэлігія | політэізм |
Блізкія этнічныя групы | скіфы, аланы |
Сарма́ты (грэч. Σαρμάται, лац.: Sarmatae) † — агульная назва плямён Паўночнага Прычарнамор'я ў ІІІ ст. да н.э. — IV ст. н.э.
Разам са скіфамі сарматы ўваходзілі ў заходнюю галіну роднасных іранамоўных плямён, былі блізкія скіфам па мове і звычаях. Продкі сарматаў — саўраматы займалі стэпы Паволжа і Прыкаспія ў VII—III ст. да н.э. Паводле падання, пераказанага Герадотам, саўраматы пайшлі ад шлюбаў скіфаў з амазонкамі. Герадот падкрэсліваў значную ролю жанчын у іх грамадскім жыцці (разам з мужчынамі займаліся паляваннем, ваявалі). Паводле Скілака, у саўраматаў кіравалі жанчыны. У ІІІ-ІІ ст. да н.э. саўраматы перайшлі Дон і авалодалі Скіфіяй, якую сталі называць Сарматыяй. Першапачаткова, напэўна, іх узначальвала племя «царскіх» сарматаў (саяў), потым кіруючая роля належала языгам, раксаланам, асорсам, аланам. Вядомы таксама іншыя сармацкія плямёны — фісаматы, саўрадаты, ургі.
Грамадства сарматаў нагадвала грамадства стэпавых скіфаў. Напачатку ў іх існаваў патрыярхальны лад з перажыткамі матрыярхату, у ІІ ст. да н.э. пачалося ўтварэнне класаў з вылучэннем родаплемянной знаці і ваенных правадыроў. Паводле Страбона, сарматы пераважна былі вандроўнікамі. Аселыя сарматы займаліся земляробствам. Пашыраны былі апрацоўка жалеза, скураў, ткацгва, ганчарства, ювелірнае рамяство.
Ваяўнічыя сармацкія плямёны вялі войны з дзяржавамі Закаўказзя, Рымскай імперыяй, у ІІ ст. да н.э. падпарадкавалі грэчаскі горад-калонію Ольвію і прымусілі плаціць даніну. На поўначы падтрымлівалі сувязі з пагранічнымі плямёнамі зарубінецкай культуры.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рассадзін С. Землі амаль невядомыя: Будучая Беларусь паводле антычных манускрыптаў. — Мн.: Полымя, 1996. — ISBN 5-345-00758-6
- Сарматы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 182—183. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).