Сафійская сінагога
Сафійская сінагога (балг.: Софийска синагога) з’яўляецца буйнейшай сінагогай у Паўднёва-Усходняй Еўропе. Адна з дзвюх сінагог, якія функцыянуюць у Балгарыі (іншая знаходзіцца ў Плоўдзіве), і трэцяя па велічыні ў Еўропе[1].
Была пабудавана для патрэб сефардскіх яўрэяў сталіцы па праекту аўстрыйскага архітэктара Фрыдрыха Грунагера. Знешнім выглядам нагадвае старажытную Леапольдшадскую сінагогу ў Вене. Была афіцыйна адкрыта 9 верасня 1909 года ў прысутнасці цара Фердынанада I. Першыя прыгатаванні да будаўніцтва сінагогі пачаліся у 1903 годзе, уласна ж будаўніцтва пачалося 19 лістапада 1905 года.
Сінагога знаходзіцца ў самым цэнтры горада, каля Цэнтральнага рынка. У ёй могуць размясціцца да 1300 прыхаджан. Галоўная жырандоля Сафійскай сінагогі важыць 1,7 тоны і з’яўляецца самай вялікай у краіне.
Нягледзячы на памер будынка, службы адбываюцца толькі пры ўдзеле каля 50 ці 60 прыхаджан. Гэта тлумачыцца тым, што большасць яўрэяў Балгарыі вярнуліся ў ізраіль, а тыя, што да гэтага часу жывуць у горадзе, большай часткай не рэлігійныя.
Архітэктурны стыль сінагогі —— гэта па сутнасці Маўрытанскае адраджэнне з элементамі Венскага сэцэсіёна, а фасад будынка нагадвае венецыянскую архітэктуру.
Асноўнае памяшканне мае дыяметр 20 метраў і 31 метр у вышыню. Яно увянчана васьмігранным купалам. Інтэр’ер багата аздоблены калонамі з карарскага мармуру і шматкаляровай венецыянскай мазаікі, а таксама дэкаратыўнай разьбой па дрэву. Будынак займае 659 квадратных метраў. З 8 мая 1992 года ў Сафійскай сінагозе знаходзіцца Яўрэйскі гістарычны музей.
Зноскі
- ↑ 100-годишнина на синагогата в София, dnes.bg, September 6, 2009