Перайсці да зместу

Свастыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Свастыка
Выява
Паходзіць з Еўразія
Адлюстроўвае Сонца
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Звычайная свастыка

Свастыка, крывакрыж (санскр.: svástika, स्वस्तिक) — роўнабаковы крыж, у якога канцы загнутыя ў прамы вугал. Бывае звычайнай (卐) і адваротнай (卍). Часамі таксама рысуецца з паўторна перагнутымі на прамы вугал канцамі.

Найстаражытнейшыя археалагічныя знаходкі з свастычнымі рысункамі адносяць да часоў неаліту. Гэты старавечны знак найчасцей сустракаецца ў індаеўрапейскіх культах і культурах, альбо як рэлігійны сімвал, альбо як звычайны геаметрычны знак для рысавання на матэрыяльных прадметах побыту. Гэты сімвал мае старадаўнюю традыцыю выкарыстання ў шмат якіх сусветных рэлігіях, напрыклад, у індуізме, каталіцтве, будызме і джайнізме.

Свастычны знак выкарыстоўваўся нацыстамі і прыдбаў ад 1930-х гадоў асацыятыўнасць з Трэцім Рэйхам. Гэта негатыўна паўплывала на ўспрыманне некаторымі людзьмі свастыкі ў Еўропе, Паўночнай Амерыцы і ў краінах былога СССР. Усё ж у іншых частках свету такія асацыяцыі не прыхапіліся ў грамадстве, а ў некаторых культурах свастыка нават застаецца адным з сакральных сімвалаў.

У беларускай народнай культуры

[правіць | правіць зыходнік]

У традыцыйных беларускіх арнаментавых узорах свастыка найбольш распаўсюджаная як элемент вясельных строяў жаніха і нявесты. Гэта звязана з тым, што свастычны сімвал меў значэнне ўраджаю, пладавітасці, агню (пачатку ўсяго жыцця), дабрабыту.

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэты сімвал ёсць схематычна выяўленым прыстасаваннем для распальвання агню, якое складалася з двух драўляных брускоў, якія, круцячы, цёрлі адзін аб аднаго, каб здабыць іскру. Агонь, крыніца цяпла і жыцця, меў сакральны сэнс ва ўяўленнях старажытных насельнікаў Беларусі, а таму яго сімвал таксама набыў містычны сэнс.

Пасля падзей Другой сусветнай вайны на тэрыторыі СССР, у тым ліку ў БССР, свастычныя знакі набылі новы сэнс, звязаны з Трэцім Рэйхам і нацызмам. Ад тых часоў пачаўся заняпад выкарыстання гэтага сімвала ў народнай культуры. Таксама мясцовымі партыйнымі органамі праводзілася палітыка фізічнага вынішчэння прадметаў побыту з свастычнымі сімваламі ці іх перахоўванне ў закрытых музейных сховішчах.