Перайсці да зместу

OpenOffice.org

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лагатып OpenOffice.org

OpenOffice.org, шырока вядомы як OOo або OpenOffice, — офісны пакет з адкрытым зыходным кодам, асноўныя складнікі якога прызначаны для апрацоўкі тэксту, табліц, прэзентацый, графікі і баз даных. Ён даступны для шэрагу розных камп’ютарных аперацыйных сістэм, распаўсюджваецца як свабоднае праграмнае забеспячэнне і напісаны з выкарыстаннем уласных інструментаў для стварэння графічнага інтэрфейсу карыстальніка. Падтрымлівае стандарт ISO/IEC OpenDocument Format (ODF) для абмену данымі і як прадвызначаны фармат файлаў, а таксама фарматы Microsoft Office, сярод іншых. На канец 2009 года OpenOffice падтрымлівае больш за 110 моў.

OpenOffice.org паходзіць ад StarOffice, офіснага пакета, распрацаванага нямецкай кампаніяй StarDivision і набытага Sun Microsystems у жніўні 1999 года. Зыходны код пакета быў выпушчаны ў ліпені 2000 года з мэтай зніжэння долі рынку Microsoft Office, шляхам забеспячэння свабоднай і адкрытай альтэрнатывы; апошнія версіі StarOffice заснаваны на OpenOffice.org з дадатковымі прыватнаўласніцкімі кампанентамі.[1] Галоўны спонсар праекта OpenOffice.org — карпарацыя Oracle (першапачаткова Sun Microsystems). Сярод іншых буйных карпаратыўных ўдзельнікаў — Novell, Red Hat, IBM, Google.

Праект і праграмны пакет шырока вядомыя як OpenOffice, але гэты тэрмін з’яўляецца гандлёвай маркай кампаніі з Нідэрландаў, а таксама ў выкарыстанні Orange UK[2], з-за гэтага праект вымушаны быў прыняць OpenOffice.org у якасці афіцыйнай назвы.[3]

Нягледзячы на назву OpenOffice.org, офісны пакет, уключаны ў большасць дыстрыбутываў Linux (у тым ліку Ubuntu, OpenSUSE і Mandriva Linux) — насамрэч адгалінаванне, альбо неафіцыйная галіна, якая называецца Go-oo.[4][5][6]

Станам на жнівень 2011 года ва ўсіх найбольш папулярных Linux-дыстрыбутывах пакет OpenOffice.org заменены на яго адгалінаванне LibreOffice. Старонка праекта ў інтэрнэце — libreoffice.org