«Атлетыку Мінэйру» (па-партугальску: Clube Atlético Mineiro) — бразыльскі футбольны клюб з гораду Бэлу-Арызонці. Клюб быў заснаваны ў 1908 годзе 22 студэнтамі, якія ставілі за мэту стварыць клюб для ўсіх. Не зважаючы на тое, што каманда была створана прастаўнікамі найвышэйшай клясы, клюб быў адчынены для ўсіх саслоўяў насельніцтва, такім чынам у хуткім часе «Атлетыку» стаў народным клюбам[1][2]. Талісманам клюба зьяўляецца певень, які асацыюецца з дружынай яшчэ з 1930-х гадоў. Менавіта, праз гэты факт адной зь мянушак клюбу ёсьць «пеўні». Звычайны хатні камплект формы дружыны складаецца з чорна-белых паласатых кашуляў з чорнымі шортамі і белымі шкарпэткамі. Акрамя футболу клюб мае дружыны ў іншых відах спорту. Клюб мае даўняе суперніцтва з клюбам з таго ж гораду «Крузэйру», матчы паміж імі маюць назву Клясыка Мінэйру. Таксама прыкметным ёсьць супрацьстаяньне клюбу «Фламэнгу». Клюб ёсьць адным з самых заможных у Бразыліі, уваходзячы ў першую дзясятку клюбаў гэтае паўднёваамэрыканскае краіны[3].