Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак (Горадня)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
| |
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі
| |
Краіна | Беларусь |
горад | Горадня |
Каардынаты | 53°40′37.68″ пн. ш. 23°50′9.84″ у. д. / 53.6771333° пн. ш. 23.8360667° у. д.Каардынаты: 53°40′37.68″ пн. ш. 23°50′9.84″ у. д. / 53.6771333° пн. ш. 23.8360667° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасьць | брыгіткі |
Архітэктурны стыль | барока |
Аўтар праекту | Бенедэта Молі[d] |
Заснавальнік | Крыштап Весялоўскі |
Дата заснаваньня | XVII стагодзьдзе |
Будаваньне | 1634—1642 гады |
Статус | Ахоўная зона |
± Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак | |
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак на Вікісховішчы |
Касьцёл Зьвестава́ньня Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і і кля́штар брыгі́так[1][a] — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Горадні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на рагу гістарычных Азёрскай і Брыгіцкай вуліцаў[b], адна з кампазыцыйных дамінанатаў гэтай мясцовасьці. Дзее. Твор архітэктуры раньняга барока (так званага любельскага тыпу рэнэсанснага касьцёла[3]) з элемэнтамі готыкі і рэнэсансу[4]. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс Гарадзенскага брыгіцкага кляштару складаецца з касьцёла, кляштарнага корпуса і драўлянага лямуса, аточаных мурам зь вежамі і брамамі. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зьнішчылі інтэр'ер касьцёла, кляштарную званіцу і частку муру з брамай і дзьвюма вежамі. У архітэктурных дэталях касьцёла і кляштару адзначаюць прыметнае адхіленьне ад клясычных барокавых формаў. Гэта праявілася ў досыць вольнай трактоўцы капітэляў пілястраў карынцкага ордэру, у дэкаратыўным аздабленьні парталаў і асабліва — у архітэктурных матывах брамаў, якія ўжо толькі аддалена нагадваюць формы заходнеэўрапейскай архітэктуры[5]. На думку дасьледнікаў, касьцёл брыгітак ёсьць адным з найбольш раньніх аўтэнтычных узораў барокавага 2-вежавага фасаду ў сакральным дойлідзтве Беларусі, а спалучэньне ў ім рэнэсансных і барокавых рысаў надае яму адметнасьць[6]. У двары комплексу захаваўся ўнікальны і найбольш старажытны драўляны будынак Беларусі — лямус, у архітэктуры і канструкцыях гэтай пабудовы знайшлі сваё адлюстраваньне традыцыі беларускага драўлянага дойлідзтва[7]. Ансамбль мае вялікую архітэктурную цікавасьць, бо захаваўся да нашых дзён амаль безь перабудоваў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заснавальнікамі кляштара лічацца надворны маршалак Вялікага Княства Літоўскага Крыштап Весялоўскі і ягоная жонка Аляксандра Мар’яна з роду Сабескіх, якія ў 1634 годзе запрасілі ў Горадню ордэн брыгітак і падаравалі яму некалькі пляцаў у самім горадзе і фальваркі ў Гарадзенскім і Ваўкавыскім паветах[8]. Магчымай прычынай гэтага фундушу магла быць сьмерць жонкі і прыёмнае дачкі Грызэльды. Дзякуючы фундацыі Весялоўскага ў 1636 годзе спачатку збудавалі драўляны, а потым у 1642 годзе і мураваны будынак касьцёла паводле праекту італьянскага архітэктара Бэнэдэта Молі ў стылі раньняга барока[9]. Касьцёл паставілі на Азёрскай вуліцы[c] (пазьней Скідзельская, Купецкая, Брыгіцкая), забудова якой на той час была драўлянай[8]. У 1634 годзе першыя 8 сясьцёр-брыгітак на чале з Даротай Фірлей[9] прыбылі ў Горадню зь Любліна і пасяліліся спачатку ў драўляным лямусе, збудаваным у тым жа годзе[8]. Ужо 6 сьнежня 1636 году адбылася сьвяточная інтрадыкцыя гэтых сясьцёр-брыгітак. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Горадні захоўваецца «Рэестар маёмасьці кляштару брыгітак» 1636 году, у якім пералічваюцца званы, літургічныя шаты, палатно, посуд, скрыні і зялёная шафа[10]. У студзені 1637 году ў касьцёл перавезьлі зь Вільні парэшткі Грызэльды Сапегі, а ў красавіку тут пахавалі Крыштапа Весялоўскага. Кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў кляштару прывілеі ў 1638 і 1643 гадох[11].
У 1646 годзе мастак Яган Шрэтэр стварыў для касьцёла алтарныя карціны: «Зьвеставаньне», «Сьвятая Брыгіта», «Сьвятая Ганна», «Беззаганнае зачацьце Панны Марыі» і іншыя[12].
19 кастрычніка 1651 году касьцёл быў асьвечаны віленскім біскупам Юрыем Тышкевічам і атрымаў тытул Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[9]. Касьцёл меў 7 алтароў, галоўны зь якіх адпавядаў тытулу — Зьвеставаньня[13], назвы іншых: Сьвятога Аўгустына, Сьвятога Язэпа, Сьвятой Брыгіты, Сьвятой Ганны, Сьвятога Казімера, Сьвятой Кацярыны Швэдзкай. Таксама ў касьцёле захоўваліся рэліквіі Сьвятога Клімэнта, які лічыўся заступнікам Горадні, сапраўднасьць рэліквіі пацьвярджалі дакумэнты Рымскай курыі (1768) і віленскага біскупа (1780)[14].
Першай ігуменьняй у 1640 годзе стала люблінская ваяводзіна Ганна Сабеская, родная сястра Аляксандры Весялоўскай. Пры ёй кляштару былі адпісаныя мястэчка Крамяніца, фальваркі Князева, Мартынаўшчына, Вузлаўцы, Шылавічы, Задвор’е, Рагозьніца, вылучаныя грошы на шпіталь[9].
Кляштар значна пацярпеў падчас швэдзкай акупацыі Горадні ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, калі сёстры-брыгіткі мусілі пакінуць Горадню і тры гады жыць у Гданьску, пакуль кляштар ня быў адноўлены[15].
Паводле Статуту і практыкі брыгіцкага ордэну, у кляштар прымалі дзяўчат з шляхецкіх і магнацкіх сем’яў, звычайна іх было каля 20—30 чалавек, а максымальная колькасьць дасягала 40 (у 1745 годзе — 31). Духоўнікамі гарадзенскіх брыгітак былі ксяндзы-бэрнардыны. Аднак у 1752 годзе брыгіткі адмовіліся ад апекі бэрнардынаў праз тое, што іх правінцыял Мадэст Унароўскі зьмяніў духоўніка бяз згоды манашак. Некаторы час духоўнікамі брыгітак былі дамінікане, кармэліты, езуіты. З 1759 году брыгіткі зноў вярнуліся да апекі бэрнардынаў. З канца XVIII стагодзьдзя ў кляштары выхоўваліся дзяўчынкі-сіраты з шляхецкіх сем’яў[16].
Галоўнымі касьцельнымі сьвятамі былі Зьвеставаньне Панны Марыі, сьвятых Кацярыны, Клімэнта, Аўгустына і Брыгіты, апостала Пятра.
У 1684 годзе ў Вільні для манашак адмыслова выдалі малітоўнік «Breviarium monialum» (спэцыяльны дапаможнік з малітвамі і апісаньнем правядзеньня набажэнства). Займаліся манашкі і гаспадарчай працай, выраблялі прадукты для жыхароў Горадні і навакольля. Кожны год у Караляўцы з маёнткаў, якія належалі кляштару, водным шляхам адпраўлялася збожжа, назад вязьлі соль, жалеза, посуд, духмяныя карані. Таксама кляштар брыгітак быў вядомы для жыхароў Горадні і навакольля вытворчасьцю воску[17].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Горадня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Па пажары 1827 году ў комплексе праводзіліся рамонтныя работы, дабудоўваецца яшчэ адна частка кляштару з боку касьцёла, якая замкнула кляштарны будынак і касьцёл, утварыўшы прастакутны ўнутраны падворак[10].
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) ў 1842 годзе расейскія ўлады выдалі загад аб ліквідацыі кляштару ордэну Сьвятой Брыгіты ў Горадні. Самім сёстрам аднак дазволілі заставацца ў старых мурах да канца іх жыцьця. Апроч таго, у кляштары пасялілі манашак з зачыненых кляштараў: бэнэдыктынак зь Нясьвіжу, брыгітак з Луцку і дамініканак з Наваградку[9][18].
У XIX стагодзьдзі расейскія ўлады выкарыстоўвалі брыгіцкі кляштар як турму (гэтак жа, як і езуіцкі). Сюды ў 1827 годзе зьмясьцілі паводле пастановы расейскага суду Карнэлію і Ксавэрыю Рукевіч, удзельніц руху дзекабрыстаў і сясьцёр вядомага філямата і сябра таварыства «Ваенныя сябры» Міхала Рукевіча (1794—1841). Паводле расейскага выраку, «сясьцёр шляхціца Рукевіча Ксавэрыю і Карнэлію замест вызначанай ім Яго Высокасьцю кары трымаць у кляштары: Ксавэрыю — адзін год, Карнэлію — шэсьць месяцаў». Сёстры правялі ў кляштары брыгітак тэрміны: Ксавэрыя — з 22 траўня 1827 па 3 чэрвеня 1828 году, Карнэлія — з 22 траўня па пачатак сьнежня 1827 году[19].
За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады наклалі кантрыбуцыю на рымска-каталіцкае сьвятарства. Гарадзенскі брыгіцкі кляштар, як кляштар першай катэгорыі, мусіў быў унесьці ў расейскі скарб 553 рублі, што было вялікай сумай[10]. Касьцёл і кляштар ацалелі ў час пажару 1885 году, хоць пашкоджаньні атрымала званіца, аплавіліся званы і нават згарэлі знадворныя дзьверы касьцёла. У 1891 годзе ў кляштары засталося 5 манашак, а ў 1907 годзе толькі дзьве састарэлыя сястры (і яшчэ дзьве так званыя «асьпіранткі»), для апекі над якімі арцыбіскуп віленскі Эдуард Роп дамогся ад уладаў прыняцьця кандыдатак. Апошняй зь сясьцёр-брыгітак была Элеанора Скжэндзеўская[20].
У 1908 годзе кляштар перадалі пад апеку ордэну Сьвятой сям’і з Назарэту. Першай абатысай кляштара назарэтанак у Горадні стала маці Паўла. У верасьні 1908 году маці Паўла (мастачка Марыя Гажыч, якая прадала свой маёнтак Тапаляны і ўсе атрыманыя грошы прызначыла на рэканструкцыю касьцёла і кляштару брыгітак; па сьмерці пахаваная на старых каталіцкіх могілках на вуліцы Антонава)[21], атрымала ад уладаў пацьверджаньне становішча ігуменьні брыгітак. Разам зь ёй прыехалі ў Горадню яшчэ дзьве сястры, а пазьней яшчэ тры[22]. З 1909 году пробашчам пры кляштары быў Францішак Грынкевіч (1884—1933) — беларускі рэлігійны і культурны дзяяч. У той жа год у касьцёле адбываецца першая так званая «чэрвеньская служба».
Па заняцьці Горадні войскамі Нямецкай імпэрыі сёстры-брыгіткі адкрылі першую ў Горадні польскую гімназію.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У міжваенны час у кляштарных будынках знаходзілася школа назарэтанак[9], у якой навучалася 200 дзяцей. У 1935 годзе ўлады Горадні разглядалі пытаньне аб выдзяленьні сродкаў на рэстаўрацыю будынка кляштару[23].
За часамі Другой Сусьветнай вайны сясьцёр-назарэтанак дэпартавалі ў Старабельск (Варашылаўградзкая вобласьць)[24].
25 сакавіка 1950 году савецкія ўлады пастановай гарвыканкаму зачынілі касьцёл, будынкі кляштару спачатку выкарыстоўваліся як дзіцячы садок, а потым як псыхіятрычная лячэбніца і іншыя мэдычныя ўстановы. У 1961 годзе дасьледніца архітэктуры Алена Квітніцкая знайшла ў сутарэньнях касьцёла архіў кляштару, мастацтвазнаўца Алена Аладава — партрэты Крыштапа і Аляксандры Весялоўскіх, Грызэльды Вадынскай. Яны былі адрэстаўраваныя ў Дзяржаўным Расейскім музэі і дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь ў Менску. У 1970—1980 гадох у касьцёле вяліся рэстаўрацыйныя працы, з прычыны добрай акустыкі памяшканьня плянавалася выкарыстоўваць касьцёл пад канцэртную залю[9].
У 1990 годзе касьцёл вярнулі каталікам і 2 чэрвеня 1992 году яго асьвяціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пад гістарычным тытулам Зьвеставаньня Панны Марыі, а па пабудове новага будынка псыхіятрычнай лячэбніцы ў Горадні, будынак кляштару таксама перадалі вернікам.
Роля ў забудове Горадні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]XVII стагодзьдзе стала для Горадні часам інтэнсіўнага будаваньня касьцёлаў і кляштараў: да ўжо існых Фарнага касьцёла (зьнішчаны савецкімі ўладамі), касьцёла Сьвятога Духа (часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі) і Бэрнардынскага мужчынскага кляштару з касьцёлам дадаліся Бэрнардынскі жаночы (зьнішчаны савецкімі ўладамі), Брыгіцкі, Езуіцкі, Дамініканскі (зьнішчаны расейскімі ўладамі, Францішканскі, Кармэліцкі (зьнішчаны расейскімі ўладамі), Баніфатэрскі (не захаваўся) кляштары і касьцёлы. Яны былі апорнымі пунтамі пляну Горадні і адыгрывалі вызначальную ролю ў будове ўсёй плянавальнай структуры і ўсяго архітэктурнага аблічча гораду.
Сыстэма разьмяшчэньня кляштараў была такой, што яны займалі ўсе важныя стратэгічныя пункты на подступах да гарадзкога цэнтру і стаялі на галоўных магістралях. Апроч абарончай ролі, будаўнікі кляштараў улічвалі і ансамбль вулічнай архітэктуры, плошчаў і гораду ў цэлым. Касьцёлы разьмяшчаліся так, што пры руху ў цэнтар гораду іх памеры павялічваліся, дзякуючы чаму стваралася паступовае нарошчваньне моцы архітэктурнага ўзьдзеяньня[25].
Дзеля пабудовы комплексу касьцёла і кляштару брыгітак спатрэбіўся даволі вялікі пляц. Патрэбная тэрыторыя знайшлася пры самым канцы Азёрскай вуліцы, на рагу з Навікоўскай (пазьней Брыгіцкая, цяпер Моладзевая). Нягледзячы на тое, што плошча пляцу была даволі вялікай, знайшліся акалічнасьці, якія вымусілі праектоўніка адступіць ад канонаў тагачаснага будаваньня. Замест кананічнага 3-нэфавага невядомы архітэктар паставіў 1-нэфавы касьцёл алтаром на ўсход, а бакавым фасадам да Азёрскай вуліцы. Галоўны заходні фасад атрымаў манумэнтальную 3-часткавую кампазыцыю, акцэнтаваную вэртыкальлю. Пры гэтым касьцёл замыкаў пэрспэктыву Брыгіцкай вуліцы, якая ў тым месцы рабіла выгін. Замест двух будынкаў для манахаў і манашак, якія паводле статуту ордэну мусілі далучацца да касьцёла з поўдня і поўначы, тут збудавалі адзін разьвіты 2-павярховы кляштар з замкнутым нутраным дворыкам. З той прычыны, што кляштар разьмяшчаўся з паўднёвага боку касьцёла, зьявілася магчымасьць перасунуць касьцёл бліжэй да Азёрскай вуліцы, каб ён лепш успрымаўся ў пэрспэктыве. Аднак касьцёл усё ж не выходзіў на лінію забудовы вуліцы, таму што тэрыторыя комплексу атачалася мурам зь вежамі на кутох. Высокі мур закрываў ніжні ярус касьцёла, і пры гэтым выглядаў як яго моцны п’едэстал. З-за агароджы да неба рытмічна цягнуўся шэраг вузкіх аконных праёмаў і тонкіх пілястраў. Высокая і гладкая абарончая сьцяна з плястычнымі акцэнтамі надавала касьцёлу яшчэ больш велічнасьці[4].
Як і іншыя архітэктурныя дамінанты, комплекс кляштару брыгітак добра суадносіўся ня толькі з прылеглай забудовай, але і з усім горадам. На вуліцы Азёрскай стаялі два кляштары — Езуіцкі і Брыгіцкі. На Старым Рынку гэты кірунак замыкаўся Фарным касьцёлам. Усе касьцёлы атрымалі арыентацыю ўздоўж вуліцы і былі нібы выцягнутыя ў кільватэрную лінію ў кірунку да замкаў[26]. Дзьве архітэктурныя дамінанты на адной вуліцы фармавалі комплекс зь лякальнай восьсю, які падкрэсьліваў кірунак да гарадзкога цэнтру[27].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл — помнік архітэктуры раньняга барока. Месьціцца ў паўночнай частцы кляштарнага комплексу. Зрух усяго комплексу да паўночна-заходняга кута пляцу тлумачыўся абарончымі разьлікамі (такім чынам ажыцьцяўляўся кантроль важнага раздарожжа на подступах да гарадзкога цэнтру), таксама ўлічвалася і ансамблевая пабудова вуліцы. У пляне комплексу касьцёл арганічна зьвязваецца з кляштарам і ўтварае зь ім адзінае цэлае[28].
Экстэр’ер
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта 1-нэфавая 2-вежавая базыліка з паўцыркульнай апсыдай, накрытая агульным высокім чарапічным дахам. Фасады падзяляюцца паўцыркульнымі высокімі аконнымі праёмамі і апрацоўваюцца ў прасьценках карынцкімі пілястрамі, аб’ядноўваюцца агульным антаблемэнтам. Асаблівую цікавасьць мае сьцяна галоўнага фасаду, па-барокаваму пышная, яна больш шырокая за нэф, таму што арганічна ўлучае ў сабе бакавыя вежачкі, дэкаратыўна аздобленыя вуглы збудаваньня[29]. Франтальны фасад — роўніца, якая ў складаным рытме апрацоўваецца карынцкімі пілястрамі, трыма ярусамі складана прафіляваных антаблемэнтаў, аркавымі праёмамі і нішамі для скульптуры. На ўзроўні карнізу нэфа галоўны фасад падзяляецца магутным 2-ярусным антаблемэнтам, ніжні фрыз якога аздабляецца расьлінным арнамэнтам у тэхніцы зграфіта (рэнэсансны элемэнт), а верхні фрыз у цэнтры — сэгмэнтным франтонам з дынамічным скульптурным рэльефам (барокавы элемэнт). Фасад завяршае шчыт з трыкутным франтонам, які бакавымі вітымі валютамі аб’ядноўваецца з 4-граннымі ярусамі бакавых вежаў з партатыўнымі сыгнатуркамі. Роўная вышыня вежаў і франтонаў надае фасаду тэктанічную цэласнасьць і завершанасьць[30]. На асноўным заходнім фасадзе можна вылучыць кампазыцыйныя прыёмы, якія адрозьніваюць яго ад іншых гарадзенскіх касьцёлаў, у першую чаргу Бэрнардынскага і Езуіцкага. Так, трыкутнае разьмяшчэньне нішаў атрымала ў брыгіцкім касьцёле адваротную пабудову. Аснова трыкутніка зьмясьцілася ўгору, а вяршыня ўніз. Такім парадкам, уся кампазыцыя атрымала большую дынамічнасьць і вастрыню[31].
Дэкор фасаднага фрызу выкананы ў тэхніцы зграфіты (расьлінны арнамэнт у спалучэньні з выявамі міталягічных істотаў). Ужываньне фантастычных алегорыяў, гратэску, наданьне натуральным формам штучных дэфармацыяў гавораць пра значны ўплыў маньерызму — вапняковыя парталы брыгіцкага касьцёла маюць элемэнты арнамэнтаў у форме акантоўкі, фантастычных грыфонаў і расьлінаў. Бадай самай адметнай рысаю касьцёла ёсьць зграфітавы фрыз: на ўсім фасадзе цягнецца арнамэнтавы пас, утвораны выскрэбваньнем верхняй белай тынкоўкі, пад якой знаходзіцца амаль чорная (у вапну дадаваўся драўнінны вугаль). Такім чынам атрымліваліся даволі яскравыя і рэльефныя выявы анёлаў, цмокаў, расьлінаў — на чорным фоне. Зграфітавы фрыз быў створаны на завяршальным этапе аздабленьня касьцёла (1643—1645). З той прычыны, што зграфіта ёсьць тыповай рэнэсанснай тэхнікай, то з разьвіцьцём барока зграфітавы пас затынкавалі. У 1980-я гады ў час дасьледаваньняў архітэктуры касьцёла былі знойдзеныя парэшткі зграфіты. Фрыз цалкам адрэстаўравалі[32].
На бакавых фасадах паўцыркулярныя вокны[33]. Цэнтральны і бакавы ўваходы ў касьцёл вылучаюцца парталамі. Усе элемэнты добра зьвязаныя паміж сабой і складаюць адзінае цэлае[34].
Інтэр’ер
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ва ўнутраным аздабленьні касьцёла вылучаецца з аднаго боку большая прастата і стрыманасьць у адрозьненьне ад іншых гарадзенскіх касьцёлаў, з другога боку — тонкае хараство дэкаратыўнага ўбраньня[35].
Будынак мае 1-нэфавую структуру з паўкруглым алтарным завяршэньнем, якое ўпісваецца ў агульны прастакутны плян. Унутры нэф перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем даволі значнага пралёту з распарубкамі без падпружных арак. Адзіная падпружная арка на моцна высунутых пілёнах аддзяляе алтарную частку, перакрытую конхавым скляпеньнем з чатырма радыяльнымі распарубкамі. Ва ўваходнай частцы (адпаведна кроку капітальнай сьцяны кляштару) вылучаецца ніжні неканструкцыйны нартэкс.[36]
Малітоўная заля перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем, умацаваным падпружнымі аркамі і прарэзаным над вокнамі распалубкамі. Паўцыркулярная апсыда аддзяляецца ад залі бакавымі пілёнамі і перакінутай паміж імі аркай, мае аднолькавую з нэфам вышыню. Над уваходам — узьнятая на два гранёныя слупы і патроеную аркаду шырокая галерэя хораў, злучаная з кансольным бакавым бальконам зь вітымі ўсходамі. Архітэктурная плястыка інтэр’еру, як і фасаду касьцёла, засноўваецца на падзеле сьценаў пілястрамі стылізаванага карынцкага ордару. Такім чынам, тут гатычна-рэнэсансны элемэнт падаецца ў новай барокавай трактоўцы[37]. У бакавых нэфах і пад хорамі разьмяшчаюцца 14 барэльефных сюжэтна-скульптурных пано на тэму Крыжовага шляху Хрыста. У глыбокай аркавай нішы бакавой сьцяны — скульптурная кампазыцыя «Хрыстос, які пакутуе і Марыя». Цікавай асаблівасьцю інтэр’еру брыгіцкага касьцёла ёсьць тое, што ў ім арган разьмяшчаецца не на хорах, а на бальконе з правага боку сьцяны[38].
У касьцёле захоўваліся рэліквіі Сьвятога Клімэнта — заступніка Горадні. Багаты ўнутраны строй касьцёла складаўся зь велізарных скульптурных кампазыцыяў і больш за 40 абразоў. Алтарныя выявы для яго пісаў вядомы віленскі мастак Яган Шрэтэр, а таксама мясцовыя мастакі: Гіляры Хаецкі, Францішак Лякшынскі, Якуб з Тыкоціну. Мастак-дамініканін Гіляры Хаецкі, які жыў у XVII стагодзьдзі, вядомы сваёй працай «Сьвятога сямейства», на якім, як лічыцца, выявіў сям’я Весялоўскіх — фундатараў касьцёла. Цяпер гэты твор захоўваецца ў Гарадзенскім дзяржаўным музэі гісторыі рэлігіі.
Галоўны алтар касьцёла — драўляны, гэтак жа як і чатыры бакавыя. Амбон мае кшталт тых, што ў віленскай капліцы Сьвятога Казімера. Арган быў выраблены вядомымі гданьскімі майстрамі. У 1964 годзе ў скрыптах касьцёла была знойдзеная вялікая колькасьць абразоў і малюнкаў (у тым ліку і заснавальнікаў кляштару) якія па рэстаўрацыі ў Эрмітажы аздобілі экспазыцыю Нацыянальнага мастацкага музэю ў Менску[39].
Кляштар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кляштар арганічна зьвязваецца з касьцёлам і ўтварае зь ім адзінае цэлае. Архітэктура кляштарнага будынка, які знаходзіцца за мурам, што атачае комплекс, простая і ляканічная. Гэта помнік архітэктуры барока, 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак з унутраным дворыкам, злучаны з паўночна-заходняй сьцяной касьцёла. Невялікія скляпеністыя памяшканьні традыцыйна аб’ядноўваюцца нутранымі калідорамі-галерэямі пэрымэтрам замкнёнага прастакутнага двара. Фасады рытмічна падзяляюцца маленькімі прастакутнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, аб’яднанымі шырокім карнізам. На паўночным фасадзе захаваўся партал, аздоблены мастацкай тынкоўкай. Пэрымэтрам будынка з боку двара праходзіць калідор з кельлямі. У паўднёва-ўсходнім куце кляштарнага комплексу стаіць асобная прыбудова, на першым паверсе якой была трапезная, на другім — бібліятэка.
Забудова кляштару мае даволі добрую захаванасьць.
Лямус
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У двары кляштару захавалася ўнікальная драўляная пабудова гаспадарчага прызначэньня XVII стагодзьдзя — лямус. Гэта 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак з высокім вальмавым дахам (пачаткова дах быў чарапічным). Лямус збудавалі ў 1630-я гады[d] на бутавым падмурку з масіўных драўляных брусаў без адзінага цьвіка. Усе канструкцыйныя элемэнты зьвязаныя ўрубкамі і/ці драўлянымі клінамі. Галоўны паўночны фасад вылучаецца 2-яруснай аркавай галерэяй (падсенцамі) з балюстрадай на другім паверсе. Ніжнюю роўніцу падкосаў і бэлек над імі складаюць суцэльныя паўцыркулярныя праёмы. Лямус спалучаў у сабе гаспадарчыя і жылыя якасьці. Першы паверх выкарыстоўваўся як складзкое памяшканьне, другі быў жылым. Пазьней плян будынка зьмяніўся[40].
Паводле дасьледваньняў В. Кудрашова, лямус ад пачатку будаваўся як манаскі жылы дом, аднак паводле дасьледваньняў гісторыка архітэктуры У. Чантурыя, у якасьці жылога быў толькі другі паверх, а першы паверх выкарыстоўвалі як сховішча. Па пабудове мураванага кляштарнага корпусу, другі паверх лямуса заняла абслуга[8]. На сёньняшні час лямус ёсьць адным з найстарэйшых драўляных збудаваньняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Да нашых дзён у Горадні захаваўся яшчэ адзін лямус XVIII стагодзьдзя (у адрозьненьне ад кляштару брыгітак — мураваны), які разьмяшчаецца паміж тэатрам лялек і гарадзкім домам культуры Горадні[41].
Мур
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увесь кляштарны комплекс атачаўся вялізным мурам, за якім разьбілі сад. У 1950-я гады савецкія ўлады разабралі ўвесь мур з паўднёвага боку разам зь дзьвюма вонкавымі вежамі і брамай, а таксама частку ўсходняга мура[42].
Захаваныя з боку вуліцы глухія мураваныя тынкаваныя сьцены маюць вышыню каля пяці мэтраў і квадратныя ў пляне невялікія 6-гранныя вежы на кутох. Сьцяну праразалі чатыры брамы, аформленыя ў стылі барока (захавалася тры зь іх). У глухой сьцяне, якая ідзе ўздоўж Брыгіцкай вуліцы, на якую выходзяць галоўныя фасады касьцёла і кляштару, разьмяшчаюцца дзьве брамы, яшчэ адна брама выходзіць у бок Азёрскай вуліцы. Брамы кляштару — адна з найбольш эфэктных частак комплексу. Найбольш манумэнтальная з брамаў разьмяшчаецца перад цэнтральным уваходам у касьцёл і арганічна суадносіцца зь ім сваім ідэнтычным барокавым архітэктурным разьвязкам.
На другім баку Азёрскай вуліцы раней існавала званіца касьцёла брыгітак. У 1950-я гады яе зьнішчылі савецкія ўлады ў рамках праграмы змаганьня з рэлігіяй. Хутчэй за ўсё час пабудовы званіцы ў стылі клясыцызму прыходзіўся на канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзя і яна ня мела агульных рысаў з архітэктурай асноўнага комплексу будынкаў. Падмурак званіцы захаваўся да нашых дзён і знаходзіцца ля дому № 26 на Азёрскай вуліцы.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хоць фатаграфія зьявілася ў Горадні яшчэ ў пачатку 1860-х гадоў, аднак да 1920-х гадоў комплекс кляштару брыгітак практычна не сустракаўся на старых здымках, што было зьвязана зь пераважна варожымі стаўленьнем да каталікоў з боку ўладаў Расейскай імпэрыі. Сытуацыя зьмянілася па ўваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі. З гэтага часу былы касьцёл брыгітак, гэтаксама як і Азёрская вуліца, сталі папулярным аб’ектам для гарадзенскіх фатографаў.
Кампазыцыйным цэнтрам Азёрскай вуліцы на старых фота часта служыў касьцёл Сьвятой Брыгіты. Ён быў адзіным буйным будынкам і зьмяшчаўся якраз пасярэдзіне кадра. Дзеля выразнага падзелу вуліцы паводле глыбіні выкарыстоўваліся бальконы дамоў направа і вежы агароджы налева. Лёгкі прадольны выгін вуліцы таксама спрыяў таму, што брыгіцкі касьцёл станавіўся кульмінацыйным цэнтрам выявы.
Калі чалавек праходзіў пару дзясяткаў мэтраў у бок цэнтру, на грэбні невялікага ўзвышша і ізноў у цэнтры кадра стаяў касьцёл Сьвятой Брыгіты. На другім баку з-за невысокіх збудаваньняў высунулася да восі вуліцы другая архітэктурная вэртыкаль — званіца кляштару. Цікавая і роля гладкай агароджы кляштара, супрацьпастаўленай паводле кантрасту плястычнай насычанасьці будынкаў другога боку вуліцы. У выніку вуліца як бы праціскалася паміж двума акцэнтамі.
Вядомы фатограф Ян Булгак зрабіў фота, прайшоўшы яшчэ далей у цэнтар. Галоўным зьвяном у відавай пэрспэктыве стала званіца брыгіцкага кляштару, якая як бы праходзіць праз вуліцу, падзяляючы яе паводле глыбіні[43].
-
Галоўны алтар касьцёла, 1900 г.
-
Зьнішчаная савецкімі ўладамі званіца. У. Загорскі, да 1910 г.
-
1910 г.
-
да 1915 г.
-
Зьнішчаная савецкімі ўладамі званіца. 1915—1918 гг.
-
1915—1918 гг.
-
1916 г.
-
1916 г.
-
Інтэр'ер касьцёла, 1920 г.
-
Партал. Ю. Ядкоўскі, 1923 г.
-
Партал. Ю. Ядкоўскі, 1923 г.
-
Лямус. Ю. Ядкоўскі, 1923 г.
-
сакавік 1926 г.
-
1927 г.
-
1930 г.
-
Г. Паддэмбскі, 1930 г.
-
Кляштар з боку Брыгіцкай вуліцы. З. Харлеўскі, 1930 г.
-
З. Харлеўскі, 1930 г.
-
Крыж. Я. Булгак, 1930 г.
-
1935 г.
-
Зьнішчаная савецкімі ўладамі брама з усходняга боку, 1935 г.
-
Кляштар з паўднёвага боку, 1935 г.
-
Лямус, 1935 г.
-
Калідор кляштару, 1935 г.
-
Адзін з алтароў касьцёла, 1935 г.
-
1937 г.
-
1937 г.
-
1930-я гг.
-
Я. Булгак, 1930-я гг.
-
1930-я гг.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
Галоўная брама на Брыгіцкай, да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
Брама на Брыгіцкая, да 1939 г.
-
Брама на Азёрскай, да 1939 г.
-
Партал, да 1939 г.
-
Партал, да 1939 г.
-
Партал, да 1939 г.
-
Галоўны алтар касьцёла, да 1939 г.
-
Лямус, да 1939 г.
-
Лямус, да 1939 г.
-
Е. Гопэн, 1930-я гг.
-
Зьнішчаная савецкімі ўладамі брама, да 1939 г.
-
Зьнішчаная савецкімі ўладамі брама, да 1939 г.
Дзейнасьць. Набажэнствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сьвятая Імша ў нядзелю і сьвяты — 12:00, 17:00 (кожную другую нядзелю на ангельскай мове), 19:00
- Сьвятая Імша ў будні — 7:30, 19:00 (травень, чэрвень, кастрычнік)
Адпуст: 25 сакавіка, 23 ліпеня, першы панядзелак па ўрачыстасьці Спасланьня Сьвятога Духу[44].
У мастацкай літаратуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 17—18 стст. магутна раскінула каменныя хвалі франтонаў і мачты сваіх званіц барока. Той, хто ня бачыў гарадзенскага Фарнага, комплексу манастыра Брыгітак або Францішканскага касьцёла над Нёманам — уяўленьне таго ад нашага захаду заўсёды будзе ня поўным. | ||
—Уладзімер Караткевіч. «Зямля пад белымі крыламі[45]» |
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Іншая назва — касьцёл Дабраве́шчаньня Найсьвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так'[2]
- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Карла Маркса, 27
- ^ Яна ж Язерская, у крыніцах падаецца і як Язерская, і як Азёрская. Дзеля папярэджаньня блытаніны тут і надалей выкарыстоўваецца Азёрская
- ^ Паводле меркаваньня дасьледнікаў, лямус, як і большая частка драўляных збудаваньняў Горадні, быў моцна пашкоджаны пажарам у 1753 годзе
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гродна — рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскі касцёл), Catholic.by
- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2000. — С. 45.
- ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Горадня. — С. 96. — ISBN 985-11-0147-8.
- ^ а б Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн.: Белорусская наука, 2007. — С. 130. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1
- ^ Чантурия В.А., Чантурия Ю.В. Памятники и памятные места Беларуси. — Смоленск: Русич, 2007. — С. 231. — 416 с. — ISBN 978-5-8138-0792-3.
- ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — С. 100. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X.
- ^ Чантурия В.А. Архитектурные памятники Гродно. — «Полымя». — Мн.: БелСЭ, 1983. — С. 11. — 31 с..
- ^ а б в г Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978—985-6828-35-8
- ^ а б в г д е ё Кляштар на важнай магістралі
- ^ а б в Маліноўская Т., Маліноўская-Франке Н. Гродзенскі брыгіцкі кляштар і назарэтанкі (1790-я — 1930-я гг.)..
- ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
- ^ Лугаваене А. Шрэтэр // БЭ ў 18 т. Т. 17. — Менск, 2003. С. 466—467.
- ^ Марціновіч А. Горадна, Горадзен, Гродна. — Менск: Мастацкая літаратура, 2008. — С. 45. — 112 с. — ISBN 978—985-02-0921-4.
- ^ {{кніга |аўтар = |частка = |загаловак = Памяць |арыгінал = |спасылка = |адказны = |выданьне = |месца = |выдавецтва = Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі |год = 1999 |том = {{Горадня (Гродна})} |старонкі = 697 |старонак = |серыя = |isbn = 985-11-0147-8 |тыраж = }}.
- ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
- ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Горадня. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8
- ^ Гардзееў Ю. Рамантык эпохі Асьветніцтва: Антон Тызенгаўз. — Менск: Тэхналёгія, 2008. — С. 36. — 67 с. — ISBN 978—985-458-171-2.
- ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
- ^ Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швэд В. і інш. Гродназнаўства. Гісторыя эўрапейскага горада.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 167..
- ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
- ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 225. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
- ^ Дом Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Паньне Марыі ў Горадні (з знойдзеных запісаў сястры назарэтанкі)
- ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 225. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
- ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Горадня. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8.
- ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 44. — 127 с.
- ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 45. — 127 с.
- ^ Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн.: Белорусская наука, 2007. — С. 131. — 303 с. — ISBN 978—985-08-0830-1
- ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 55. — 127 с..
- ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
- ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — С. 100. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
- ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
- ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Горадня. — С. 97. — ISBN 985-11-0147-8
- ^ Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с.
- ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
- ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
- ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
- ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
- ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 58. — 127 с.
- ^ Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 34. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230
- ^ Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с.
- ^ Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 35. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
- ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 223. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
- ^ Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн.: Белорусская наука, 2007. — С. 208. — 303 с. — ISBN 978—985-08-0830-1.
- ^ Рымакаталіцкі касьцёл на Беларусі
- ^ Уладзімер Караткевіч, „Зямля пад белымі крыламі“.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вашкевіч А., Госьцеў А. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8
- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
- Марціновіч А. Горадна, Горадзен, Гродна. — Менск: Мастацкая літаратура, 2008. — 112 с. — ISBN 978—985-02-0921-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Гродна. — Мн.: БелЭн, 1999. — 712 с. ISBN 985-11-0147-8.
- Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — 127 с.</ref>
- Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000017 |
- Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак у Горадні, Radzima.org
- Сфэрычная панарама Касьцёла Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, Catholic.by
- Jurkau kutoczak — Юркаў куточак — Yury’s Corner. Старажытная Гародня
- Jurkau kutoczak — Юркаў куточак — Yury’s Corner. Гародня 1980-х