Перайсьці да зьместу

Кіеўская мітраполія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Кі́еўская мітрапо́лія (грэц. Μητρόπολις Κιέβου, укр. Київська митрополія) — праваслаўная мітраполія Сусьветнага патрыярхату[1], заснаваная ў 988 годзе і якая фармальна існавала да 6 студзеня 2019 году, калі Праваслаўная царква Ўкраіны атрымала Томас аб аўтакефаліі[2][3][4].

У 1596 годзе на Берасьцейскім саборы большасьць япіскапаў Літоўскай мітраполіі на чале зь мітрапалітам Міхаілам Рагозам прыняла Берасьцейскую унію і такім чынам пастанавіла аднавіць еднасьць зь Сьвятым Пасадам, пакінуўшы Сусьветны патрыярхат і ўтварыўшы Рускую уніяцкую царкву. Аднак у 1620 годзе на патрабаваньне ўкраінскага казацтва на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным ва Ўкраіне аднавілася герархія Сусьветнага патрыярхату. У 1685 годзе Маскоўскі патрыярхат пачаў анэксію адноўленай Кіеўскай мітраполіі, высьвяціўшы ў Маскоўскай дзяржаве кіеўскага мітрапаліта Гедэона (Сьвятаполк-Чацьвярцінскага). У 1686 годзе праз сыманію ўсяленскі патрыярх Дыянісі ІV (пазьней на яго наклалі анатэму) выдаў Сынадальны ліст, у якім даваў права высьвячаць кіеўскага мітрапаліта маскоўскаму патрыярху ў парадку аскезы, абранай саборам духавенства й вернікамі яго дыяцэзыі. У абавязковым парадку мітрапаліт кіеўскі мусіў згадваць усяленскага патрыярха канстантынопальскага як свайго першагерарха на кожнай службе, абвяшчаючы й пацьвярджаючы сваю кананічную залежнасьць ад Царквы-Маці, але ні адну з гэтых умоваў пазьней не выконвалі. Кіеўская мітраполія фактычна стала адной з звычайных япархіяў Маскоўскага патрыярхату, калі маскоўскі гаспадар Пётар I у 1722 годзе абраў Варлаама (Ванатовіча) у сане архіяпіскапа, а не мітрапаліта. Сьвяты сынод Усяленскага патрыярхату ў працэсе наданьня аўтакефаліі Ўкраінскай царкве на паседжаньні 11 кастрычніка 2018 году скасаваў Сынадальны ліст 1686 году з прычыны сыманіі й грубага яго парушэньня[5].

Сёньня спадкаемцамі гістарычнай Кіеўскай мітраполіі лічаць сябе Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Беларуская грэка-каталіцкая царква, Польская аўтакефальная праваслаўная царква, Праваслаўная царква Ўкраіны[6], Украінская грэка-каталіцкая царква[7], Расейская праваслаўная царква[8] і пэўныя іншыя цэрквы.

У 992 годзе патрыярхат канстантынопальскі заснаваў Кіеўскую мітраполію, якая ахоплівала тэрыторыю Русі. Па захопе Залатой Ардой Кіева ў 1240 годзе, калі загінуў мітрапаліт кіеўскі Ёсіф, у 1299 годзе мітрапаліт Максім перанёс сваю рэзыдэнцыю ва Ўладзімер на Клязьме — бліжэй да ардынскай сталіцы Сараю. У 1352 годзе катэдру перанесьлі ў Маскву, пры гэтым тамтэйшыя мітрапаліты працягвалі тытулявацца «кіеўскімі». Тым часам самавольны перанос біскупскай катэдры не адпавядае царкоўным канонам, бо забараняецца правілам 82 Картагенскага сабору, таму такое тытуляваньне было некананічным[9]. Фактычная ліквідацыя Кіеўскай мітраполіі (бо мітрапаліт больш не знаходзіўся ў Кіеве) прычынілася да ўтварэньня асобных Маскоўскай і Наваградзкай (Літоўскай) мітраполіяў Канстантынопальскага патрыярхату. У 1448 годзе ўтварылася незалежная Маскоўская праваслаўная царква (упершыню значыцца пад назвай рас. «Церковь Московская» у дакумэнце Маскоўскага сабору 1459 году[10]), што стала вынікам самавольнага выхаду Маскоўскай мітраполіі з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. У 1588 годзе фактычны маскоўскі гаспадар Барыс Гадуноў запрасіў патрыярха канстантынопальскага Ерамію II у Маскву на перамовы пра магчымы пераезд з захопленага туркамі-асманамі Канстантынопалю. Аднак у самой Маскве Гадуноў на паўгода зьняволіў[11] патрыярха і марыў яго голадам[12]. Гэта прымусіла Ерамію II у 1589 годзе ня толькі фактычна вызнаць аўтакефалію Маскоўскай царквы, але і абвясьціць яе патрыярхатам. У 1596 годзе ў выніку Берасьцейскай уніі праваслаўныя япіскапы перападпарадкавалі Літоўскую мітраполію Сьвятому Пасаду ў выглядзе Рускай уніяцкай царквы. Гэта прывяло да расколу праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай.

У 1620 годзе ерусалімскі патрыярх Тэафан ІІІ на даручэньне канстантынопальскага патрыярха Цімафея II аднавіў Кіеўскую мітраполію Канстантынопальскага патрыярхату. Па вайне з Рэччу Паспалітай (1654—1667), у выніку якой Маскоўская дзяржава захапіла Кіеў, у 1685 годзе маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч даслаў ліст патрыярху канстантынопальскаму Якаву з просьбай перадаць Кіеўскую мітраполію Маскве, на што атрымаў адмову. Тады ён самавольна з парушэньнем царкоўных канонаў (у тым ліку 8-га правіла III Усясьветнага Сабору і 2-га правіла II Усясьветнага Сабору[13]) гвалтоўна перавёў праваслаўныя прыходы, што знаходзіліся на заваяванай тэрыторыі Рэчы Паспалітай, пад уладу Маскоўскага патрыярхату. Па сьмерці патрыярха Якава ў 1686 годзе Аляксей Міхайлавіч зьвярнуўся да ўладаў Асманскай імпэрыі, на тэрыторыі якой на той час была рэзыдэнцыя патрыярха канстантынопальскага, і прапанаваў ім мір. Адзінай умовай была згода з боку новага патрыярха Дыянісія на перавод Кіеўскай мітраполіі ў юрысдыкцыю Масквы[14]. Неўзабаве той мусіў падпадаркавацца асманскім уладам і выдаў адпаведную грамату, за што атрымаў матэрыяльную ўзнагароду[15]. Аднак ужо ў 1687 годзе Канстантынопальскі сабор асудзіў патрыярха Дыянісія за адмову ад Кіеўскай мітраполіі на карысьць Масквы і пазбавіў яго патрыяршага пасаду за сыманію (хабарніцтва). Хоць выдадзеная на загад сьвецкіх уладаў грамата Дыянісія ня можа лічыцца кананічным дакумэнтам[16], з гэтага часу Кіеўская мітраполія апынулася дэ-факта ў складзе Маскоўскага патрыярхату.

Сьпіс мітрапалітаў кіеўскіх

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Міхаіл (988—992)
  • Лявонці (992—1008)
  • Тэафілакт (1008—1018)
  • Ян I (1019—1035)
  • Феапемпт (1035—1049)
  • Кірыл I (1049—1051)
  • Іларыён (1051—1055)
  • Яфрэм І (1055—1061)
  • Георгі (1062—1073)
  • Ян II (1076—1089)
  • Ян III (1089—1091)
  • Яфрэм ІІ (1091—1097)
  • Мікалай (1097—1101)
  • Нікіфар I (1104—1121)
  • Мікіта (1122—1126)
  • Міхаіл II (1130—1145)
  • Клімент Смаляціч (1147—1156)
  • Кастанцін I (1156—1159)
  • Фёдар (1161—1163)
  • Ян IV (1164—1166)
  • Кастанцін II (1167—1169)
  • Міхаіл ІІІ (1171—1179)
  • Нікіфар II (1182—1198)
  • Мацьвей (1200—1220)
  • Кірыл II (1225—1236)
  • Восіп (1237—1240)
  • Пятро Акеравіч (1242—1246)
  • Кірыл III (1247—1281)
  • Максім (1285—1305)
  • Пятро Ратэнскі (1308—1326)
  • Феагност (1328—1353)
  • Аляксей (Бяконт) (1354—1378)
  • Міхаіл (Міцяй) (1378—1380)
  • Пімен (1382—1384)
  • Дыянісі (1384—1385)
  • Кіпрыян (1385—1406)
  • Фоці (1409—1431)
  • Герасім (1433—1435)
  • Ісідор (1437—1441)
  • Ёна Аднавушаў (1442—1458)
  • Рыгор II Баўгарын (1458—1473)
  • Місаіл Пструч (1474—1480)
  • Сьпірыдон (1480—1481)
  • Сімяон (1481—1488)
  • Ёна Глезна (1492—1494)
  • Макар І (1495—1497)
  • Восіп Баўгарын (1498—1501)
  • Ёна ІІ (1503—1507)
  • Язэп Солтан (1508—1521)
  • Восіп ІІІ Русін (1522—1533)
  • Макар ІІ Масквіцянін (1534—1555)
  • Сыльвэстар (Бялькевіч) (1556—1567)
  • Ёна ІІІ (Пратасевіч) (1568—1577)
  • Ільля (Куча) (1577—1579)
  • Анісідор (Дзевачка) (1579—1589)
  • Міхал Рагоза (1589—1599), з 1596 году ўніяцкі
  • Іпаці Пацей (1599—1613), уніяцкі
  • Язэп Руцкі (з 1613-га), уніяцкі
  • Ёў (Барэцкі) (1620—1631)
  • Ісая Капінскі (1631—1633)
  • Пятро Магіла (1633—1646)
  • Сыльвэстар Косаў (1647—1657)
  • Дыянісі (Балабан) (1658—1663)
  • Восіп (Нелюбовіч-Тукальскі) (1663—1676)
  • Антоні Віньніцкі (1676—1679)
  • Лазар (Барановіч) (1679—1685)
  1. ^ Підпорядкування Київської митрополії під Московську церкву було здійснено патріархом Діонісієм без згоди і затвердження Святого і Священного синоду Великої церкви Христової
  2. ^ «Константинополь і донині продовжує вважати Україну своєю канонічною територією»
  3. ^ ЗВЕРНЕННЯ Його Всесвятости Вселенського Патріарха Варфоломія І до Українського народу 29 липня 2008 р г. Праверана 08.09.2019 г.
  4. ^ Константинополь вирішив позбавити Онуфрія титулу митрополита Київського - документ Праверана 2019-08-31 г.
  5. ^ РІШЕННЯ СИНОДУ: УКРАЇНСЬКА ЦЕРКВА ОТРИМАЄ ТОМОС. Повний текст (укр.) Праверана 2019-08-31 г.
  6. ^ Православна Церква України: шлях крізь віки (Короткий історичний нарис), pomisna.info
  7. ^ Історія, ugcc.church
  8. ^ Хронологія історії Української Праволсавної Церкви, orthodox.org.ua
  9. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 88.
  10. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 116.
  11. ^ Саган О. Вселенське православ’я. Суть. Історія. Сучасні реалії. — Київ. Світ знань. 2004. С. 486.
  12. ^ Сідарэвіч А. Па ўсіх канонах: чаму аўтакефалію дае канстанцінопальскі патрыярх // Наша гісторыя. № 4, 2018. С. 37.
  13. ^ Мицик Ю. Московський Патріархат // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. С. 87.
  14. ^ Патріархат-рейдер [1] // Український тиждень, № 6 (171), 11.02.2011
  15. ^ Мицик Ю., Солодкий П. Історія і сучасність українського православ’я, Українська Правда, 25.07.2013.
  16. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 209.