Перайсьці да зьместу

Пашпарт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пашпарт 1917 году
Пашпарт БНР 1918 году
Пашпарт 1942 году, Гарадзішча
Узор пашпарту Беларусі 1993 году

Пашпарт (па-італьянску: passaporto — дазвол на прыбыцьцё ў порт; па-француску: passeport) — дакумэнт, што выдаецца дзяржаваю, для сьведчаньне асобы сваіх грамадзян. Пашпарт надае права легальна перасякаць дзяржаўную граніцу і пазначае грамадзянства яго ўласьніка.

Звычайна пашпарт ўтрымлівае асноўныя зьвесткі грамадзяніна, яго імя, прозьвішча, год нараджэньня, фатаздымак. Некаторыя краіны выдаюць біямэтрычныя пашпарты, што маюць вышэйшую абарону ад падробкі й утрымліваюць дадатковую інфармацыю пра грамадзяніна.

У сярэднявяковай Эўропе, збольшага ў Францыі і некаторых італьянскіх княствах назвай «пашпарт» акрэсьлівалі розныя дакумэнты, што дазвалялі купцам наведваць гарады. Праз шмат стагодзьдзяў у большасьці краін не існавала абавязковага дакумэнту, які б быў патрэбны для замежных падарожжаў. Выключэньнем была царская Расея і Асманская імпэрыя. Расейскія пагранічныя ваяводы прапускалі замежнікаў толькі пры наяўнасьці ў іх «проезжих» грамат. Пётар І наяўнасьць такіх грамат абаснаваў заканадаўча ў 1719 годзе.

Заканадаўства і дакумэнты ў Эўропе для замежных вандровак пачалі ўводзіць толькі ў 19 стагодзьдзі. Першыя агульныя пашпарты і неабходнасьць валоданьня імі для пераходу праз граніцу заснавала Францыя (1867), Брытанская імпэрыя (1873), Італьянская Каралеўства (1873) ды ЗША (1889). Пасьля 1-й Сусьветнай вайны ў Эўропе паўстала патрэба пашпартнага і мытнага рэгуляваньня.

Пасьля Другой сусьветнай вайны ў краінах Савецкага блёку была абмежавана выдача дазволаў на выезд за мяжу. У СССР для вандроўкі за межы краіны патрабаваўся «замежны пашпарт». У калгасах пашпарты не выдавалі наогул да сярэдзіны 60-х гадоў 20 стагодзьдзя, каб стрымаць адток насельніцтва ў гарады.

Гісторыя беларускага пашпарту

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя пашпарты на беларускай мове (лацінцы) пачала выдаваць у Обэр Осьце Нямецкая адміністрацыя ў акрузе Галоўнакамандуючага на Ўсходзе ў 1916—1917 гадах. Яны былі на нямецкай і беларускай мовах. На 5 старонках утрымліваліся асабістыя зьвесткі асобы, месца нараджэньня, дзе жыве, чым займаецца, веравызнаньне, фатаздымак у рост чалавека, асаблівыя прыкметы, адбіткі «правага паказнога пальца», подпіс прадстаўніка мясцовай улады альбо двух сьведак.

У 1993 годзе быў зацьверджаны ўзор беларускага пашпарту (пастанова Савету міністраў РБ 14 ліпеня 1993 г. N 463 «Аб зацьвярджэньні палажэньня аб пашпарце грамадзяніна РБ, узору гэтага пашпарту і апісаньня яго»).

Пасьля рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году былі зьмененыя дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь. Таму ў 1996 годзе былі ўведзеныя новыя ўзоры беларускага пашпарту.