Пераяслаўская рада
Пераясла́ўская ра́да (па-ўкраінску: Переяславська рада) — сход прадстаўнікоў украінскага народу, скліканы гетманам Украіны Багданам Хмяльніцкім 18 студзеня 1654 году ў Пераяславе (цяпер Кіеўская вобласьць).
На ёй прынялі вымушанае рашэньне пра далучэньне Ўкраіны да Маскоўскага царства. Такое рашэньне было абумоўлена зьнясіленьнем ад 6-гадовай Казацка-сялянскай вайны за незалежнасьць ад Польскага каралеўства[1]. Старшына і шляхта Ўкраіны разьлічвалі замацаваць свае саслоўныя прывілеі, пазбавіцца ад канфэсійнага ўціску супраць Праваслаўнай царквы ў Польскім каралеўстве і адхіліць ад улады польскую шляхту і магнатаў. Пра ўмовы аб’яднаньня перад радай дамовіліся Багдан Хмяльніцкі і маскоўскі пасол Васіль Бутурлін. Ранкам 18 студзеня Хмяльніцкі склікаў страшынскую раду, якая выказалася за далучэньне да Масковіі. Удзень сабралася адкрытая рада, на якой прысутнічалі пераяслаўскія месьцічы і сяляне з ваколічных вёсак. У сваёй прамове Хмяльніцкі адзначыў, што ўладу Масковіі варта прызнаць дзеля захаваньня ўкраінскіх вольнасьцяў. Удзельнікі Пераяслаўскай рады прысягнулі на вернасьць маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу. Пасьля гэтага Бутурлін уручыў Хмяльніцкаму грамату царскага ўраду пра далучэньне Ўкраіны да Масковіі. 14 сакавіка 1654 году ў Маскве ўкраінскае пасольства падпісала Сакавіцкія артыкулы, якія вызначылі ўмовы самакіраваньня Ўкраіны ў складзе Маскоўскага царства. Папярэдне 1 кастрычніка 1653 году ў Маскве Земскі сабор ухваліў прыняцьцё Ўкраіны ў маскоўскае падданства, што абазначала абвяшчэньне вайны Рэчы Паспалітай[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 18 студзеня 2014. — № 9 (27619). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Пераяслаўская рада 1654 // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. 292. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
Гэта — накід артыкула па гісторыі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |