Аляксандр Аляксеевіч Рыбальчанка
Аляксандр Аляксеевіч Рыбальчанка | |
---|---|
Дата нараджэння | 5 снежня 1911 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 10 чэрвеня 2002 (90 гадоў) |
Прафесія | балетмайстар |
Тэатр | |
Узнагароды |
Аляксандр Аляксеевіч Рыбальчанка (5 снежня 1911, Кіеў - 10 чэрвеня 2002) — беларускі балетмайстар, дзеяч аматарскага мастацтва. Народны артыст Беларускай ССР (1959).
Біяграфія
Аляксандр Аляксеевіч нарадзіўся ў Кіеве ў працоўнай сям’і: бацька быў слесарам, маці вяла хатнюю гаспадарку і гадавала дзяцей. Хутка сям’я Рыбальчанкаў пераехала ў Гомель. У школе Аляксандр з вялікай цікавасцю вывучаў гуманітарныя прадметы, любіў урокі малявання і спеваў, займаўся ў аркестры народных інструментаў, наведваў школьны драмгурток[1].
Аляксандр пачаў працаваць чорнарабочым Гомельскіх паравозарамонтных майстэрань (цяпер ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод»). Здольны хлопец пачаў займацца ў драматычным гуртку Гомельскага клуба чыгуначнікаў. Падчас выканання першай драматычнай ролі Аляксандр Рыбальчанка ўпершыню танцаваў на сцэне. Таленавітага юнака заўважыў рэжысёр Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР Леў Маркавіч Літвінаў і рэкамендаваў Аляксандру сур’ёзна займацца драматычным мастацтвам[1].
Вучыўся ў 1931—1935 гадах у тэатральнай студыі пры Гомельскім траме, створанага з удзельнікаў драмгуртка клуба чыгуначнікаў[1], пад кіраўніцтвам Е. Міровіча і К. Алексютовіча[2]. У аснове методыкі Міровіча ляжаў прынцып сінтэтычнага фарміравання асобы акцёра: праводзіліся заняткі рытмікай, акрабатыкай, вакалам, танцамі, юнакі і дзяўчаты атрымлівалі веды па гісторыі тэатра. Алексютовіч, адзін з першых беларускіх балетмайстраў, навучаў мастацтву танца. Педагогі высока ацанілі здольнасці Аляксандра Рыбальчанкі: з цягам часу яму даручылі падрыхтоўку танцаў да спектакляў і канцэртаў[1].
У 1935—1937 гадах акцёр Гомельскага калгасна-саўгаснага тэатра[2], у які быў рэарганізаваны Гомельскі ТРАМ. Працаваў тут таксама асістэнтам рэжысёра, памочнікам балетмайстра, мастаком-афарміцелем[1].
У 1936 г. праходзіў І Усесаюзны фестываль народнага танца, начальнік упраўлення Беларускай чыгункі прапанаваў Аляксандру Рыбальчанку падрыхтаваць танцавальны нумар ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці чыгуначнікаў Беларусі. Для яго пастаноўкі адабралі лепшых танцораў. Падчас гастроляў з калгасна-саўгасным тэатрам Аляксандр Рыбальчанка шмат увагі надаваў вывучэнню асаблівасцей народнай культуры, бытавога танца, фальклорнай песні, прыкмячаў асаблівасці нацыянальнага касцюма. Гэтыя веды дапамаглі ў працы над пастаноўкай беларускага народнага танца «Лявоніха». Строгае маскоўскае журы высока ацаніла народнасць, кампазіцыйна-рэжысёрскае рашэнне, касцюмы, музыкальнае выкананне і танцавальную тэхніку беларусаў. Пра поспех танцораў з Гомеля напісалі «Правда», «Труд», «Гудок», «Советское искусство». Фрагмент «Лявоніхі» Рыбальчанкі быў адціснуты на запрашальным білеце на заключны канцэрт фестываля ў Вялікім тэатры оперы і балета СССР. Самадзейных танцораў-чыгуначнікаў запрасілі прыняць удзел у канцэрце для дэлегатаў VIII Надзвычайнага з’езда Саветаў[1].
Пасля спынення існавання Гомельскага калгасна-саўгаснага тэатра ў 1937 годзе Аляксандр Рыбальчанка ўзначаліў танцавальны калектыў клуба чыгуначнікаў. Ён стварыў арыгінальныя харэаграфічныя нумары: «Юрачка», «Крыжачок», «Таўкачыкі», «Беларуская полька», «Бульба» і інш. Адначасова з падрыхтоўкай новых танцавальных нумароў балетмайстар шмат часу аддаваў знаёмству танцораў з асаблівасцямі беларускага танца[1].
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе Рыбальчанка стаў радавым сувязістам артылерыйскага палка. З 1943 г. ён узначальваў франтавую агітбрыгаду, іграў скетчы, танцаваў, чытаў вершы. Старшына Рыбальчанка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За баявыя заслугі». Дзень Перамогі сустрэў у Румыніі. У 1945 годзе першай пасляваеннай харэаграфічнай пастаноўкай стала сюіта «Сустрэча пераможцаў», у аснову якой ляглі падзеі таго часу. Яе выконвалі не толькі на клубнай сцэне, але і на пероне вакзала ў час прыбыцця цягнікоў з франтавікамі. «Сустрэча пераможцаў» доўгія гады была ў рэпертуары калектыва. Танец быў зняты на кінаплёнку, яго паказвалі ў кінатэатрах рэспублікі. У 1946 г. падчас правядзення Усесаюзнага агляду музычных і харэаграфічных самадзейных калектываў гомельскія чыгуначнікі паказалі харэаграфічны малюнак «Мяцеліца». Танцоры ўдала стварылі радасную атмасферу марознай зімы, перадалі адчуванне радасці і весялосці[1].
З 1948 г. А. А. Рыбальчанка — мастацкі кіраўнік клуба чыгуначнікаў імя У. І. Леніна. У 1959 г. рашэннем ЦК прафсаюза работнікаў чыгуначнага транспарту клуб быў перайменаваны ў Палац культуры чыгуначнікаў імя У. І. Леніна. У 1949 г. за вялікі ўклад у развіццё харэаграфічнага мастацтва А. А. Рыбальчанка атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР». У 1957 г. самадзейныя танцоры Гомельскага Палаца культуры чыгуначнікаў удала выступілі на VI Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў. Майстэрства ўдзельнікаў гуртка навяло на думку аб стварэнні ансамбля Гомельскага ансамбля песні і танца. У студзені 1959 г. А. А. Рыбальчанку першаму з кіраўнікоў самадзейных мастацкіх калектываў Беларусі было прысвоена ганаровае званне «Народны артыст БССР». У 1960 г. ансамбль песні і танца Палаца культуры чыгуначнікаў першым у рэспубліцы атрымаў званне «Народны самадзейны калектыў»[1].
Выступленні самадзейных артыстаў праходзілі ў Маскве, Ленінградзе, Мінску, на Украіне, у Прыбалтыцы, Германіі, Францыі, Чэхаславакіі, Польшчы. За творчыя поспехі Народны ансамбль песні і танца Гомельскага Палаца культуры чыгуначнікаў імя У. І. Леніна быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства культуры СССР і БССР, Вялікім бронзавым медалём ВДНГ, Вялікім залатым медалём Рабочага фестывалю ГДР, іншымі ўзнагародамі. Праца многіх удзельнікаў ансамбля была адзначана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР[1].
Аляксандр Рыбальчанка працаваў мастацкім кіраўніком калектыва да 1982 года[2].
Творчасць
Шырока выкарыстоўваў і развіваў багацце беларускай народнай харэаграфіі. Яго пастаноўкі ў ансамблі — вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі «Беларусь — мая песня», «3 песняй — у дарогу», «Непераможная і легендарная», «Над светам голуб міру пралятае», танцы «Лявоніха», «Мяцеліца», «Чарот», «Вяночкі», «Таўкачыкі», «Веснавы карагод» і інш. — адметныя глыбокім сцэнічным увасабленнем самабытнага народнага мастацтва, пераканальным рэжысёрскім вырашэннем, яркай тэатральнасцю формы[2].
Талент Аляксандра Рыбальчанкі праяўляўся ў рэжысуры канцэртаў, тэатралізаваных прадстаўленняў, выяўленчым мастацтве: ім створаны шэраг нацюрмортаў і пейзажаў з выявамі прыроды роднай Гомельшчыны («На рацэ Сож», «Рака Уза», «Сакавік. Чонкі» і інш.), узбярэжжа Крыма («Гурзуф. Бухта Чэхава», «Сасна каля мора» і інш.). Яго мастацкія работы дэманстраваліся на персанальных выстаўках у Мінску і Маскве[1].
Памяць
У маі 2007 г. на фасадзе Гомельскага Палаца культуры чыгуначнікаў імя У. І. Леніна (цяпер Культурна-спартыўны комплекс Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі) была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Аляксандра Рыбальчанкі[1].
Узнагароды
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За баявыя заслугі»[1].
Удастоены званняў «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР» (1949), «Народны артыст Беларускай ССР» (1959)[1].
У 1988 г. рашэннем Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта А. А. Рыбальчанку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Гомеля»[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о Аляксандр Аляксеевіч Рыбальчанка на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- ↑ а б в г Ю. М. Чурко. Рыбальчанка Аляксандр Аляксеевіч // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — Т. 2. — 571 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0259-8.
Літаратура
- Ю. М. Чурко. Рыбальчанка Аляксандр Аляксеевіч // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — Т. 2. — 571 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0259-8.
Спасылкі
- Аляксандр Аляксеевіч Рыбальчанка на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Нарадзіліся 5 снежня
- Нарадзіліся ў 1911 годзе
- Нарадзіліся ў Кіеве
- Памерлі 10 чэрвеня
- Памерлі ў 2002 годзе
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Узнагароджаныя медалём «За баявыя заслугі»
- Народныя артысты Беларускай ССР
- Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларускай ССР
- Ганаровыя грамадзяне Гомеля
- Асобы
- Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, якія не маюць старонак цёзак па прозвішчы
- Балетмайстры Беларусі
- Балетмайстры XX стагоддзя