Перайсці да зместу

IP

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 04:26, 12 лютага 2024, аўтар IshaBarnes (размовы | уклад) (спасылка)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)

IP (англ.: Internet Protocol — міжсеткавы пратакол) — пратакол сеткавага ўзроўню у стэку TCP/IP. IP аб’ядноўвае абасобленыя камп’ютарныя сеткі ў адзіны Інтэрнэт. Неад’емнай часткай пратаколу з’яўляецца адрасацыя сеткі.

Пратакол IP дастаўляе інфармацыю ад аднаго вузла сеткі да іншага ў выглядзе пакетаў даных. Кожны пакет складаецца са службовай часткі (англ.: header — «загаловак») і карыснага змесціва (англ.: payload). Дастаўка пакетаў па пратаколе IP заснавана выключна на аснове IP-адрасоў у загалоўках пакетаў.

Пратакол IP выкарыстоўваецца для негарантаванай дастаўкі інфармацыі. Гэта азначае, што на ўзроўні гэтага пратаколу не даецца гарантый надзейнай дастаўкі пакета да адрасата. У прыватнасці, пакеты могуць прыйсці не ў тым парадку, у якім былі адпраўленыя, прадублявацца (калі прыходзяць дзве копіі аднаго пакета; у рэальнасці гэта бывае вельмі рэдка), быць пашкоджанымі (звычайна пашкоджаныя пакеты знішчаюцца) або не прыбыць зусім. Гарантыі беспамылковай дастаўкі пакетаў даюць пратаколы больш высокага (транспартнага) ўзроўню эталоннай мадэлі OSI — напрыклад, TCP.

Пратакол IP версіі 4 (IPv4) выкарыстоўваецца найбольш шырока ў Інтэрнэце. Яго пераемнікам з’яўляецца пратакол версіі 6 (IPv6), які прадастаўляе большую колькасць адрасоў для выкарыстання. Нягледзячы на тое, што пераход на IPv6 адбываецца даволі марудна[1], многія краіны ўжо шырока выкарыстоўваюць апошнюю версію. Па звестках кампаніі Google больш за 41 % запытаў да яе сервісаў перадаецца праз злучэнні IPv6.[2]

Вялікая частка сеткі Інтэрнэт выкарыстоўвае IP чацвёртай версии, вядомы таксама як IPv4. У пратаколе IP кожнаму вузлу сеткі ставіцца ў адпаведнасць IP-адрас даўжынёй 4 актэты (4 байты). Пры гэтым камп’ютары ў падсетках яднаюцца агульнымі пачатковымі бітамі адрасу. Шэраг гэтых біт, агульныя для пэўнай падсеткі, называется маскай падсеткі (раней выкарыстоўвалася дзяленне прасторы адрасоў па класам — A, B, C; клас сеткі вызначаўся дыяпазонам значэнняў старэйшага актэту і вызначаў колькасць адрасуемых вузлоў у пэўнай сетцы, зараз выкарыстоўваецца бяскласавая адрасацыя).

Зноскі

  1. IPv6 Adoption in 2021 (англ.). RIPE Labs (4 чэрвеня 2021). Праверана 20 верасня 2021.
  2. IPv6. Google. Праверана 19 мая 2023.
  • RFC 791 — спецыфікацыя пратаколу IP
  • RFC 1918
  • RFC 3330 — Спецыяльныя дыяпазоны адрасоў у IPv4.