Вайна за Агадэн (1977—1978)
Вайна за Агадэн | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Халодная вайна | |||
| |||
Дата | 20 ліпеня 1977 — 15 сакавіка 1978 | ||
Месца | Агадэн | ||
Вынік | перамога Эфіопіі | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Вайна за Агадэн 1977—1978 гадоў — узброены канфлікт паміж Самалі і Эфіопіяй за кантроль над рэгіёнам Агадэн.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Агадэн — пустынны край на ўсходзе Эфіопіі, населены пераважна самалійцамі. У 60-я і 70-я тут дзейнічаў Фронт вызвалення Заходняга Самалі (ФВЗС). Ён крок за крокам узмацняў свой уплыў над тэрыторыяй з самалійскім насельніцтвам. Дзейнасць сепаратыстаў у Агадэне вялася паралельна з незалежніцкім рухам у Эрытрэі. Гэтыя фактары маглі прывесці да развалу Эфіопскай дзяржавы.
Прэзідэнт Самалі Махамед Сіад Барэ быў прыхільнікам ідэі «Вялікага Самалі», а таму падтрымліваў сепаратыстаў.
Першы ўзброены канфлікт адбыўся яшчэ ў 1964 годзе, за 13 гадоў да пачатку паўнавартаснай вайны. Ён скончыўся перамогай Эфіопіі.
Арміі бакоў
[правіць | правіць зыходнік]Напярэдадні Агадэнскай вайны самалійская армія налічвала 22 тыс. чалавек у параўнанні з эфіопскай у 47 тыс. чалавек. Першая мела 200 танкаў Т-34 і 50 танкаў Т-54/55. У склад яе ВПС уваходзілі 66 баявых самалётаў (у эфіопаў іх было ўсяго 36). На той момант эфіопская армія ўяўляла сабой мудрагелісты «зброевы склад», дзе можна было выявіць узбраенне самых разнастайных відаў і марак: амерыканскія вінтоўкі М-16, савецкія аўтаматы, гранатамёты, ручныя кулямёты, амерыканскія танкі М-47, савецкія самаходныя 152-мм гаўбіцы. Часці пакутавалі ад вострага дэфіцыту боепрыпасаў і запчастак. Гэта абумовіла першапачатковы поспех самалійскай арміі.
Ход баявых дзеянняў
[правіць | правіць зыходнік]20 ліпеня 1977 года самалійцы ўварваліся ў Агадэн. Іх рашучае наступленне развівалася паспяхова. Уварванцы, не сустракаючы супраціву з боку малалікіх эфіопскіх гарнізонаў у аазісах Агадэна, здолелі заняць шырокую тэрыторыю агульнай плошчай 320 тыс. кв. км (90% агульнай плошчы Агадэна). У жніўні разгарэліся жорсткія баі вакол горада Дырэ-Дауа. Самалійскія танкі прарваліся да ўскраін горада ў раёне аэрапорта. Але ўсе атакі былі паспяхова адбіты эфіопскімі часцямі. Тым часам самалійскія механізаваныя брыгады аблажылі Джыджыгу, а потым авалодалі горадам.
У верасні эфіопскай арміі з вялікай цяжкасцю ўдалося прыпыніць надыходзячага на некалькіх франтах праціўніка. У руках эфіопаў заставаліся толькі два буйныя адміністрацыйныя цэнтры Агадэна. Але і самалійская армія была выматаная, фактычна вычарпаўшы свой наступальны патэнцыял. Становішча пагаршалася тым, што яна практычна цалкам была ўкамплектавана савецкай ваеннай тэхнікай. Пасля разлютаваных баёў тэрмінова патрабавалася дадатковае ўзбраенне, запасныя часткі да баявой тэхнікі, а таксама савецкія ваенныя спецыялісты. Узяць усё гэта пасля астуджэння адносін з Масквой было няма адкуль.
З кастрычніка 1977 па студзень 1978 на франтах захоўвалася адноснае зацішша, за выключэннем ўчастка фронту пад Харэрам. Авалоданне гэтым адміністрацыйным, культурным і гістарычным цэнтрам Усходняй Эфіопіі мела для Самалі не толькі ваеннае, але і палітычнае значэнне. 22 і 23 лістапада 1977 года самалійская армія кінула ўсе сілы на Харэр, але пацярпела паражэнне.
22 студзеня пачалося новае наступленне на горад. Галоўны ўдар нанесены сіламі некалькіх пяхотных брыгад пры падтрымцы танкаў і артылерыі. Самалійцы былі спынены ўсяго ў 500 м ад аўтамабільнай трасы, якая злучае Харэр з Дырэ-Дауа. 23—27 студзеня эфіопы правялі контрнаступленне і адкінулі праціўніка на некалькі дзясяткаў кіламетраў. Развіваючы наступленне ў напрамку Джыджыгі, яны сутыкнуліся з жорсткім супрацівам самалійцаў, якія замацаваліся на двух вядучых да горада праходах у гарах — Марда і Шэдэле. Эфіопскія войскі пераадолелі горы не па праходах (дзе іх чакалі самалійцы), а па горных сцежках і бездаражы.
4 сакавіка самалійцы пачалі бязладны адыход з Джыджыгі і на наступны дзень горад быў узяты. Гэты поспех быў расцэнены ў Эфіопіі як паваротны момант усёй вайны. Ужо да 16 сакавіка практычна ўся тэрыторыя Агадэна была вызвалена. Папярэджваючы падзеі, 15 сакавіка ўрад Самалі абвясціў аб «поўным вывадзе» сваіх злучэнняў і часцей з Эфіопіі.
Замежны ўдзел
[правіць | правіць зыходнік]СССР
[правіць | правіць зыходнік]На пачатак вайны абедзве дзяржавы абвясцілі курс на пабудову сацыялізму і атрымлівалі дапамогу ад СССР. І Самалі, і Эфіопія былі забяспечаны савецкім узбраеннем і карысталіся паслугамі ваенных кансультантаў Крамля.
Першы час Маскве ўдавалася паспяхова балансаваць і не заблытацца ў павуціне складаных узаемаадносін сваіх партнёраў. Напярэдадні вайны, жадаючы прымірыць Самалі і Эфіопію, СССР паспрабаваў знайсці дыпламатычнае рашэннне. Пры пасярэдніцтве Фідэля Кастра, які здзейсніў у сакавіку 1977 года паездку ў рэгіён, лідарам канфліктуючых бакоў было прапанавана стварыць «Федэрацыю дзяржаў Усходняй Афрыкі» ў складзе Эфіопіі, Самалі і Джыбуці. Аднак так як самалійскае кіраўніцтва адмаўлялася ад любых мірных варыянтаў, то Масква падтрымала афіцыйную Адыс-Абебу. Пагаршэнню савецка-самалійскіх адносін спрыяў і той факт, что летам 1977 года Крэмль паставіў буйную партыю ўзбраення эфіопам, што выклікала абурэнне прэзідэнта Бурэ. Ён расцаніў гэта як пагрозу.
У сярэдзіне кастрычніка 1977 года, калі савецкае кіраўніцтва паабяцала ваенную дапамогу эфіопам, Барэ запатрабаваў вывесці з Самалі дваццацітысячны кантынгент савецкіх вайскоўцаў, а таксама кубінцаў. Некаторыя саветнікі, якія працавалі ў Самалі, былі перакінуты ў Эфіопію.
У лістападзе 1977 – студзені 1978 года сіламі савецкай ваенна-транспартнай авіяцыі быў фактычна ўсталяваны паветраны мост з Эфіопіяй. Усяго, паводле заходніх ацэнак, для яго бесперабойнага функцыянавання было прыцягнута 225 самалётаў, у асноўным Ан-22, якія перакінулі ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў на 1 млрд долараў. Ваенная дапамога была настолькі вялікай, што дала падставу некаторым замежным ваенным экспертам назваць яе «ваеннай інтэрвенцыяй».
У лістападзе 1977 года ў Адыс-Абебу прыбыла «аператыўная група» генералаў і афіцэраў ад упраўленняў Генеральнага штаба. Самалійцы разгарнулі за замежнымі вайскоўцамі сапраўднае паляванне. За галаву саветніка была прызначаная ўзнагарода ў 2 тыс. долараў. Калі пра гэта стала вядома, савецкіх ваенных саветнікаў сталі ўзмоцнена ахоўваць. Салдаты з роты паліцыі суправаджалі іх нават у прыбіральні.
Замежнікі прымалі ўдзел у планаванні аперацыі ля гор Марда і Шэдэле.
Іншыя краіны
[правіць | правіць зыходнік]Асаблівую ролю ў агадэнскіх падзеях адыграла Куба. Гавана накіравала ў Эфіопію рэгулярныя часці з поўным штатным узбраеннем. Паводле некаторых ацэнак, агульная колькасць рэгулярных кубінскіх войск склала 17—20 тыс. чалавек. Часці камплектаваліся, як правіла, за кошт добраахвотнікаў. Многія з іх мелі баявы вопыт, адрозніваліся высокай дысцыплінаванасцю і арганізаванасцю. Кубінцы склалі асноўную ўдарную сілу Эфіопскіх Узброеных Сіл.
Акрамя таго, на баку Эфіопіі знаходзіліся «добраахвотнікі» з Паўднёвага Емена, Мазамбіка, Анголы і шэрагу краін Усходняй Еўропы і сацыялістычных краін Азіі.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лавренов С. Я., Попов И. М. Советский Союз в локальных войнах и конфликтах. М.: ACT, Астрель, 2003. — 778 с.