Мона (індзейцы)
Мона (Nyyhmy) | |
Фота 1924 г.
| |
Агульная колькасць | 1100 (2018 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | нім, паўночная паютэ |
Рэлігія | татэмізм, анімізм, шаманізм, пратэстантызм |
Блізкія этнічныя групы | паўночныя паютэ, паўднёвыя паютэ, серана |
Мона (саманазва: Nyyhmy) — індзейскі народ у Каліфорніі, карэнныя жыхары Сьера-Невада (ЗША). Падзяляюцца на ўсходнюю і заходнюю галіны. Агульная колькасць (2018 г.) — 1 100 чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Продкамі мона была група паўночных паютэ, якая з-за засухі перасялілася паміж 890 г. і 900 г. з рэгіёна Вялікі Басейн ў перадгор’і Сьера-Невада. Асноўнымі заняткамі мона здаўна былі вандроўнае збіральніцтва і паляванне. З 1810 г. раён, населены ўсходнімі мона, быў заняты мексіканцамі. У сярэдзіне XIX ст. усходнія і заходнія мона сутыкнуліся з амерыканскімі золаташукальнікамі.
29 красавіка 1851 г. урад штата Каліфорнія прыняў рашэнне аб стварэнні рэзервацыі мона. Аднак землі, вылучаныя для іх пасялення, былі заняты белымі. Толькі ў 1916 г. федэральны ўрад ЗША набыў і перадаў мона абмежаваную колькасць зямель. Мона былі вымушаны змяніць лад жыцця. Яны асвоілі сельскую гаспадарку, наймаліся рабочымі ў прамысловасць.
У 1961 г. федэральныя ўлады адмовіліся ад прызнання асобнага статусу племені мона. У 1983 г. ён быў узноўлены дзякуючы рашэнню суда. У 1996 г. мона прынялі сваю Канстытуцыю.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі заняткамі мона былі збіральніцтва, паляванне, сезонна — рыбалоўства. Важную ролю ў забеспячэнні ежай мелі жалуды і хваёвыя арэхі. Распаўсюджаным рамяством было пляценне.
Паселішчы мелі часовы характар. Асноўны від жытла — крыты травою або карою вікіяп. Мужчыны апраналі скураныя штаны, а жанчыны — скураныя спадніцы. У прахалодны сезон карысталіся накідкамі з футра трусаў. Мужчыны насілі сандалі. Усходнія мона выраблялі макасіны.
Хрыбет Сьера-Невада падзяляў мона на галіны, што жылі на ўсходнім і заходнім схілах, аднак паміж дзвюма галінамі народа кантакты ніколі не перарываліся. Яны падзяляліся на фратрыяльныя лініі, кожная з якіх мела сваю татэмную жывёлу. Прыналежнасць да фратрыі магла вызначыць сацыяльны статус яе чальца. Асаблівы прэстыж мелі прадстаўнікі фратрыі Арла. Фратрыі падзяляліся на 2 роды moieti. Вылучаліся родавыя правадыры, што выступалі дарадцамі супляменнікаў.
Суіснавалі малыя нуклеарныя і вялікія пашыраныя сем’і. Пасля жаніцьбы муж некаторы час жыў у сям’і жонкі, але пасля нараджэння першага дзіцяці яны пераходзілі да сваякоў мужа. Адлік сваяцтва вёўся толькі па мужчынскай лініі. Хаця шлюбы з блізкімі сваякамі былі забаронены, жаніцьба з прадстаўніцамі свайго moieti шчыра віталася. Вялікая колькасць дзяцей у сям’і не віталася.
Лічылася, што смерць чалавека загадзя прадказвала сава. У абрадзе пахавання ўдзельнічаў прафесійны спявак, які сваімі песнямі дапамагаў душы пакінуць цела.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Заходнія мона фактычна размаўлялі на асобнай мове нім (літаральна «народная»). Яна адносіцца да нумійскай групы моў. Усходнія мона карысталіся дыялектам паўночнай паютэ.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Мона верылі ў шматлікіх духаў і звышнатуральную сілу, што ўздзейнічала на лёс чалавека. Лекаваннем і выпраўленнем цырымоній займаліся шаманы. Рэлігійныя святы суправаджаліся супольнымі песнямі і танцамі, якія аб’ядноўвалі чальцоў фратрый разам.
У другой палове XIX ст. мона прынялі хрысціянства. Большасць сучасных мона — пратэстанты.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- North Fork Rancheria of Mono Indians
- Western Mono Indians Central Sierra Historical Society Архівавана 21 верасня 2017.
- Native Languages of the Americas: Mono Legends, Myths, and Stories
]]