Перайсці да зместу

Мона (індзейцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мона
(Nyyhmy)
Фота 1924 г.
Агульная колькасць 1100 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова нім, паўночная паютэ
Рэлігія татэмізм, анімізм, шаманізм, пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы паўночныя паютэ, паўднёвыя паютэ, серана

Мона (саманазва: Nyyhmy) — індзейскі народ у Каліфорніі, карэнныя жыхары Сьера-Невада (ЗША). Падзяляюцца на ўсходнюю і заходнюю галіны. Агульная колькасць (2018 г.) — 1 100 чал.[1]

Продкамі мона была група паўночных паютэ, якая з-за засухі перасялілася паміж 890 г. і 900 г. з рэгіёна Вялікі Басейн ў перадгор’і Сьера-Невада. Асноўнымі заняткамі мона здаўна былі вандроўнае збіральніцтва і паляванне. З 1810 г. раён, населены ўсходнімі мона, быў заняты мексіканцамі. У сярэдзіне XIX ст. усходнія і заходнія мона сутыкнуліся з амерыканскімі золаташукальнікамі.

29 красавіка 1851 г. урад штата Каліфорнія прыняў рашэнне аб стварэнні рэзервацыі мона. Аднак землі, вылучаныя для іх пасялення, былі заняты белымі. Толькі ў 1916 г. федэральны ўрад ЗША набыў і перадаў мона абмежаваную колькасць зямель. Мона былі вымушаны змяніць лад жыцця. Яны асвоілі сельскую гаспадарку, наймаліся рабочымі ў прамысловасць.

У 1961 г. федэральныя ўлады адмовіліся ад прызнання асобнага статусу племені мона. У 1983 г. ён быў узноўлены дзякуючы рашэнню суда. У 1996 г. мона прынялі сваю Канстытуцыю.

Традыцыйная культура

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі заняткамі мона былі збіральніцтва, паляванне, сезонна — рыбалоўства. Важную ролю ў забеспячэнні ежай мелі жалуды і хваёвыя арэхі. Распаўсюджаным рамяством было пляценне.

Паселішчы мелі часовы характар. Асноўны від жытла — крыты травою або карою вікіяп. Мужчыны апраналі скураныя штаны, а жанчыны — скураныя спадніцы. У прахалодны сезон карысталіся накідкамі з футра трусаў. Мужчыны насілі сандалі. Усходнія мона выраблялі макасіны.

Хрыбет Сьера-Невада падзяляў мона на галіны, што жылі на ўсходнім і заходнім схілах, аднак паміж дзвюма галінамі народа кантакты ніколі не перарываліся. Яны падзяляліся на фратрыяльныя лініі, кожная з якіх мела сваю татэмную жывёлу. Прыналежнасць да фратрыі магла вызначыць сацыяльны статус яе чальца. Асаблівы прэстыж мелі прадстаўнікі фратрыі Арла. Фратрыі падзяляліся на 2 роды moieti. Вылучаліся родавыя правадыры, што выступалі дарадцамі супляменнікаў.

Суіснавалі малыя нуклеарныя і вялікія пашыраныя сем’і. Пасля жаніцьбы муж некаторы час жыў у сям’і жонкі, але пасля нараджэння першага дзіцяці яны пераходзілі да сваякоў мужа. Адлік сваяцтва вёўся толькі па мужчынскай лініі. Хаця шлюбы з блізкімі сваякамі былі забаронены, жаніцьба з прадстаўніцамі свайго moieti шчыра віталася. Вялікая колькасць дзяцей у сям’і не віталася.

Лічылася, што смерць чалавека загадзя прадказвала сава. У абрадзе пахавання ўдзельнічаў прафесійны спявак, які сваімі песнямі дапамагаў душы пакінуць цела.

Заходнія мона фактычна размаўлялі на асобнай мове нім (літаральна «народная»). Яна адносіцца да нумійскай групы моў. Усходнія мона карысталіся дыялектам паўночнай паютэ.

Мона верылі ў шматлікіх духаў і звышнатуральную сілу, што ўздзейнічала на лёс чалавека. Лекаваннем і выпраўленнем цырымоній займаліся шаманы. Рэлігійныя святы суправаджаліся супольнымі песнямі і танцамі, якія аб’ядноўвалі чальцоў фратрый разам.

У другой палове XIX ст. мона прынялі хрысціянства. Большасць сучасных мона — пратэстанты.

Зноскі

]]