Ампір
Ампі́р (ад фр.: empire — «імперыя») — стыль у архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве першай траціны XIX ст. у Францыі і Расійскай імперыі, завяршальная фаза класіцызму[1].
Перадумовай ампіру ў Францыі ў канцы XVIII стагоддзя было імкненне майстроў класіцызму да ўсё большай лапідарнасці і манументальнасці — у праектах К. Н. Леду , Э. Л. Буле і інш. Іх ідэі аскетычна-лаканічных і геаметрычна выразных збудаванняў насілі ў асноўным утапічны характар, але яны ўзбагацілі наступныя пошукі архітэктараў[1].
Стыль Дырэкторыі (1795—1799) і т.зв. стыль Консульства, якія папярэднічалі ампіру, ужо арыентаваліся на мастацтва грэчаскай архаікі, імперскага Рыма, а таксама Старажытнага Егіпта, пераймаючы яго манументальнасць, лаканізм, пазней — ідэю зацвярджэння імперскай велічы пасродкам шматлікіх атрыбутаў і сімвалаў. Актыўнае выкарыстанне вялікіх непадзеленых паверхняў сцен, геаметрычная правільнасць суцэльных аб’ёмаў будынкаў, масіўнасць пілонаў і калон часткова ўзыходзяць да старажытнаегіпецкага мастацтва. Шырокае распаўсюджанне ў архітэктуры ампіру атрымалі порцікі дарычнага і тасканскага ордараў; дэкор будынкаў быў нярэдка перагружаны ваеннай атрыбутыкай (ліктарскія фасцыі, даспехі, вянкі, геральдычнымі арлы , таксама стылізаваныя сфінксы і да т.п.)[1].
Разам з тым у структуры формаўтварэння ампіру праглядаецца ўзмацненне горадаўтваральнай ролі фасадаў будынкаў, якія забяспечваюць сіметрычнасць і гарманічнасць ансамбля ў цэлым[1].
Францыя
[правіць | правіць зыходнік]У імперскі перыяд у Францыі шырока распаўсюдзілася прамое запазычанне архітэктурных тыпаў і формаў старажытнасці (трыўмфальныя аркі, абеліскі і інш.), матываў дэкору інтэр’ераў (антыкізаваныя егіпецкія рэльефы і арнамент, пампеянскі стыль і да т.п.), знарочыста парадных і прахалодна-ўрачыстых, напоўненых тэатральным пафасам. Вядучыя майстры французскага ампіру — архітэктары Ш. Персье і П. Ф. Л. Фантэн, таксама Ж. Ф. Шальгрэн[1].
Расійская імперыя
[правіць | правіць зыходнік]Ампір у Расійскай імперыі (іншыя назвы — высокі класіцызм, ці аляксандраўскі класіцызм) узнік пад уплывам французскага мастацтва і стаў выразнікам ідэй дзяржаўнай велічы і незалежнасці; найбольшае распаўсюджанне атрымаў у горадабудаўнічых ансамблях Санкт-Пецярбурга (архітэктары К. І. Росі, А. Д. Захараў, А. Н. Вараніхін, Ж. Ф. Тама дэ Тамон, В. П. Стасаў і інш.) і Масквы (Дж. Б. Жылярдзі і Д. Жылярдзі, А. Р. Грыгор’еў, В. І. Бавэ). У розных гарадах Расійскай імперыі разгарнулася будаўніцтва па «ўзорных» праектах, дзякуючы якому ампір стаў агульнарасійскім культурным здабыткам[1].
На Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У беларускім дойлідстве стыль ампір развіваўся пад моцным уплывам рускай архітэктуры. Для будынкаў характэрныя масіўныя кубападобныя аб’ёмы з вялікімі гладкімі плоскасцямі, з якімі кантрастуюць дэкаратыўныя элементы ў выглядзе арнаментаваных панэляў, фрызаў, медальёнаў, разетак, выяў людзей і г.д. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вылучаецца строгай прасторай формаў, статычнасцю і манументальнасцю, геаметрычнай выразнасцю чляненняў. Нярэдка класічныя ордарныя элементы перапрацоўваліся ў адпаведнасці з новымі мастацкімі поглядамі, напрыклад, у завяршэнні порцікаў выкарыстоўвалі прамавугольныя або ступеньчатыя атыкі, калоны пераважна дарычнага або тасканскага ордараў пазбаўлялі энтазіса (патаўшчэння ствала калоны), базы, парушалі іх класічныя прапорцыі (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, «Дом паляўнічага» ў Гомелі, 1809—1819, арх. Дж. Кларк; асабняк у Слоніме, капліца каля в. Мілавіды Баранавіцкага раёна)[2].
У кампазіцыі дамінуе порцік або франтон на галоўным фасадзе (жылы дом у Гродне на вул. Замкавай, 16), бельведэр (Жамыслаўскі палац). Важнае мастацкае значэнне набыло афармленне ўваходных дзвярэй глухой разьбой. Фасады будынкаў афармляліся барэльефнымі выявамі вайсковых атрыбутаў (Нясвіжскі палац)[2].
У інтэр’еры палацаў выкарыстоўваліся буйныя фрызы і панэлі з барэльефнымі кампазіцыямі (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль), каларыстычнае вырашэнне інтэр’ера грунтавалася на кантрасце інтэнсіўнага па колеры фону сцен і светлай столі, мармуровых дэталяў аддзелкі камінаў, ліштваў. Важную ролю ў мастацкім вырашэнні інтэр’ера адыгрывалі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (мэбля, гадзіннікі, падсвечнікі і інш.)[2].
Прадстаўнікі ампіру надавалі вялікае значэнне малым архітэктурным формам (фантан сядзібы ў г.п. Нароўля, брамы сядзібы ў в. Барбароў Мазырскага і г. Давыд-Гарадок[удакладніць] Столінскага, надмагілле А. Снядэцкага ў в. Гароднікі Ашмянскага раёнаў, лаўка на Трышынскіх могілках у Брэсце і інш.). Для твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ампіру характэрна статычная маналітная форма, з якой кантрастуе пластыка-дэкаратыўная аддзелка ў выглядзе арнаментальных уставак. У мэблі апорам канап, крэслаў, сталоў надаваліся формы калон, канеліраваных слупоў, яны дэкарыраваная выявамі грыфонаў, лебедзяў, ільвоў і інш[2].
У сярэдзіне XIX ст. ампір пачаў змяняцца рознымі эклектычнымі плынямі[2].
Мэбля і іншыя віды мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]Ампір праявіўся таксама ў мастацтве мэблі (сям’я Жакоб, мэбля па праектах Ж. Л. Давіда ў Францыі, праекты А. Н. Вараніхіна і К. І. Росі ў Расіі). Моцны ўплыў аказаў стыль ампір на формы і дэкор вырабаў з металу, фарфору, шкла, на мадэлі адзення, а таксама на выяўленчае мастацтва (жывапіс Ж. Л. Давіда, А. Гро, Ф. Жэрара; скульптура А. Кановы, І. П. Мартаса, І. П. Віталі, В. І. Дэмут-Маліноўскага і інш.)[1].
Іншыя краіны
[правіць | правіць зыходнік]У некаторых краінах Еўропы (Вялікабрытанія, Італія, Данія) у першай траціне XIX ст. назіраліся падобныя пошукі ў галіне архітэктуры і дэкаратыўных мастацтваў (напрыклад, стыль Рэгенцтва і «стыль Георга IV» у Англіі, «прускі элінізм» у Германіі), аднак яны не атрымалі назвы «ампір». Уплыў ампіру ў другой палове XIX ст. несумненны ў дойлідстве Францыі (стыль Другой імперыі), Вялікабрытаніі (віктарыянскі стыль), Італіі, кайзераўскай Германіі. Такія яго характэрныя рысы, як культ дзяржаўнасці і імперскай велічы, халодная пампезнасць, праявіліся ў таталітарным мастацтве 20 ст. (фашысцкае мастацтва ў Італіі, мастацтва Трэцяга рэйха ў Германіі, неакласіцызм у СССР)[1].
-
Вандомская калона, Парыж
-
Арка Карузель, Парыж
-
Калона Нельсана, Лондан
-
Трон Напалеона
-
Крэсла з Луўра
-
Настольны гадзіннік
-
Аздабленне палаца ў Фантэнбло
-
Егіпецкі сервіз Віван-Дэнона
Ампір у Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]-
Альтанка ў Нараўлянскім палацава-паркавым комплексе
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж Ампир // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
- ↑ а б в г д А. М. Кулагін. Ампір // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ампир // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
- Курбатов В. Классицизм и ампир // Старые годы. 1912. Июль — сентябрь;
- Vaequier J., Marmottan P. Le Style Empire: En 5 vol. P., 1924—1934;
- Некрасов А. И. Русский ампир. М., 1935;
- Isermayer C. Empire. Münch., 1977;
- Гайдамак А. Русский ампир. М., 2000;
- Турчин В. С. Александр I и неоклассицизм в России. Стиль империи или империя как стиль. М., 2001.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ампір