Басмацтва
Басмацтва — антыбальшавісцкі рух у Цэнтральнай Азіі. Актыўная дзейнасць адносіцца да 1917—1926 гадоў, хоць дробныя атрады дзейнічалі па канец 1930-х.
З’яўленню басмацтва папярэднічаў нацыянальны рух у Туркестане, які ўзнік з-за паслаблення расійскай цэнтральнай улады ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Антыўрадавыя сілы ўзначальваліся партыямі «Мілі-Ітыхат» («Нацыянальнае аб’яднанне»), «Шура-і-Ісламія» («Савет ісламу») і «Шура-і-Улемія» («Савет улемаў»). Іх лозунгамі былі панцюркізм, стварэнне Какандскай аўтаноміі, газават (джыхад) супраць няверных. Антысавецкі характар нацыянальны рух у краі набыў пасля абвяшчэння савецкай улады, у лістападзе – снежні 1917 года. Першым буйным сутыкненнем басмачоў (літаральна з цюрк. — «налётчыкі») з атрадамі Чырвонай гвардыі сталі баі ў студзені – лютым 1918 года ў раёне Каканда з фарміраваннямі Іргаша (арганізаваны ўрадам Какандскай аўтаноміі; былі разбітыя, сышлі ў Кітай).
У розныя перыяды развіцця басмацтва лідарства ў ім пераходзіла да таго ці іншага камандзіра ўзброеных фарміраванняў (некаторыя атрады не падпарадкоўваліся ніякаму лідару). Іх падтрымлівалі дзеячы нацыянальна-арыентаваных палітычных партый. Атрады паўстанцаў (колькасцю ад некалькіх чалавек да некалькіх тысяч чалавек) ствараліся па тэрытарыяльна-племянной прыкмеце, часта вялі баявыя дзеянні адзін супраць аднаго або пераходзілі на бок бальшавікоў. Басмачы раптам нападалі на населеныя пункты, невялікія гарнізоны, прамысловыя аб’екты, знішчалі чыгуначныя шляхі і станцыі, склады, здзяйснялі забойствы (у тым ліку партыйных і савецкіх работнікаў, жанчын, якія знялі паранджу, прыхільнікаў савецкай улады і членаў іх сем’яў). Атрады басмачоў папаўняліся добраахвотнікамі і гвалтоўна мабілізаванымі.
Актыўную дапамогу (зброяй, грашыма, прадастаўленнем баз, ваенных саветнікаў) басмацтва атрымлівала ад Вялікабрытаніі, а таксама Персіі, Турцыі, Хівінскага ханства, Бухарскага эмірата, Афганістана і т.зв. сінцзянскіх мілітарыстаў, якія імкнуліся пры дапамозе басмачоў і белагвардзейцаў умацаваць свой уплыў у Сярэдняй Азіі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Плеханов А. М. Басмачество // Большая российская энциклопедия, 2024.
- Basmachi Revolt // Britannika.