Перайсці да зместу

Вінцук Склубоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вінцук Склубоўскі
Род дзейнасці грамадскі дзеяч, юрыст
Дата нараджэння 31 ліпеня 1911(1911-07-31)
Месца нараджэння
Дата смерці 2 мая 2002(2002-05-02) (90 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Месца працы
Альма-матар
Член у

Вінцук Склубоўскі (31 ліпеня 1911, в. Малышкаўшчына, Віленская губерня — 2 мая 2002, Беласток) — беларускі грамадска-культурны дзеяч, юрыст і пісьменнік.

Нарадзіўся ў вёсцы Малышкаўшчына Ашмянскага павета Віленскай губерні. Бацькі — Аляксандр і Вольга Склубоўскія.

Вучыўся ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а пазней ва Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні. Там уключыўся ў левы беларускі студэнцкі рух, быў дзеячам беларускага руху Заходняй Беларусі. Быў членам Таварыства беларускай школы, часта сустракаўся з Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам, Янкам Хворастам.

Быў галоўным рэдактарам беларускай газеты «Наша воля», першы нумар якой выйшаў 24 снежня 1935 года ў Вільні. Пакінуў выразны след у беларускім руху ў міжваеннай Польшчы. У час нямецкай акупацыі хаваўся, а пасля быў вывезены на працу ў Германію. Пасля прыходу саветаў апынуўся на захадзе Польшчы, працаваў у судзе, а ў 1957 годзе пераехаў у Беласток на працу ў Ваяводскі суд.

Уключыўся ў дзейнасць Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Рыхтаваў радыёперадачы, якія раз на тыдзень ішлі на Польскім радыё. Пачынаючы з 1958 года штотыдзень аказваў юрыдычную дапамогу ў рэдакцыі «Нівы». Яго юрыдычныя парады друкаваліся ў «Ніве» і «Беларускіх календарах». У гэтых жа выданнях ён публікаваў гістарычныя артыкулы, звязаныя з беларускім даваенным рухам, а таксама прозу. Адначасова быў членам навуковага гуртка, які існаваў пры БГКТ.

Быў шматгадовым членам, членам прэзідыума, а ў 1966—1969 гадах старшынёй БГКТ. Узнагароджаны шматлікімі медалямі і ордэнамі, у тым ліку Афіцэрскім крыжам адраджэння Польшчы. Пахаваны на гарадскіх могілках Беластока.