Дональд Трамп
Дональд Джон Трамп (англ.: Donald John Trump; нар. 14 чэрвеня 1946[1][2][…], Куінс, штат Нью-Ёрк[2][3]) — амерыканскі бізнесмен, медыямагнат, пісьменнік, палітык і 45-ы прэзідэнт ЗША з 20 студзеня 2017 па 20 студзеня 2021 года. Прэзідэнт «The Trump Organization», якая з’яўляецца асноўнай холдынгавай кампаніяй для яго нерухомасці і іншых бізнес-праектаў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку, а ў 1968 годзе атрымаў ступень бакалаўра па эканоміцы ва Уортанскай школе бізнесу Пенсільванскага ўніверсітэта. Падчас вучобы ў каледжы працаваў на фірме свайго бацькі Фрэда Трампа, якая займалася нерухомасцю і будаўніцтвам. У 1971 годзе атрымаў кантроль над бізнесам і пазней перайменаваў яго на «The Trump Organization». Падчас сваёй кар’еры пабудаваў вялікую колькасць хмарачосаў, гасцініц, казіно, палёў для гольфа, а таксама іншых аб’ектаў у Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, Еўропе і Азіі, многія з якіх названы ў яго гонар, напрыклад жылы комплекс «Trump Place» на Манхэтэне. Намагаўся стаць кандыдатам у прэзідэнты ад Партыі рэформаў на выбарах 2000 года, але зняўся да пачатку галасавання. Унесены ў спіс 500 самых заможных мільярдэраў свету часопіса «Форбс», ён, а таксама яго бізнес, асабістае жыццё і палітычныя погляды на працягу дзесяцігоддзяў шырока асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі. З 2004 да 2015 года быў выканаўчым прадзюсарам і вядучым рэаліці-шоў «Вучань» (англ.: «The Apprentice») на тэлеканале NBC, за што атрымаў зорку на Галівудскай алеі славы. Меў некалькі камеа ў фільмах і тэлесерыялах, а таксама з’яўляўся на конкурсах прыгажосці «Міс ЗША», якім ён валодаў з 1996 да 2015 года.
Сааўтар кніг па пытаннях бізнэсу, стваральнік «Універсітэта Дональда Трампа». Асобныя яго творы ў перакладзе выдаваліся ў Мінску[13].
У чэрвені 2015 года абвясціў аб уступленні ў барацьбу за пасаду прэзідэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі і хутка стаў фаварытам на вылучэнне ў кандыдаты. У маі 2016 года яго апаненты па партыі прыпынілі свае перадвыбарныя кампаніі, а ў ліпені 2016 года ён быў афіцыйна вылучаны кандыдатам у прэзідэнты на Рэспубліканскай Нацыянальнай канвенцыі.
Прэзідэнцкая кампанія Трампа атрымала шырокае асвятленне ў СМІ і міжнародную ўвагу. Многія з яго заяў у інтэрв’ю, у твітэры і на мітынгах былі супярэчлівымі альбо непраўдзівымі. Некалькі яго мітынгаў суправаджаліся пратэстамі і беспарадкамі. Пазіцыі Трампа ўключаюць у сябе зніжэнне падаткаў, перагляд амерыкана-кітайскіх гандлёвых здзелак, супрацьдзеянне асобным гандлёвым пагадненням, такім як Трансціхаакіянскае партнёрства і НАФТА, узмацненне выканання законаў аб іміграцыі, у тым ліку будаўніцтва сцяны ўздоўж амерыкана-мексіканскай мяжы, рэформу апекі над ветэранамі, замену Закона аб ахове здароўя і абароне пацыентаў. Падчас праймерыз заклікаў да часовай забароны мусульманскай іміграцыі ў ЗША, але пасля таго, як афіцыйна стаў кандыдатам, змякчыў сваю пазіцыю, заявіўшы, што забарона будзе засяроджана на краінах з праверанай гісторыяй тэрарызму.
8 лістапада 2016 года пасля шэрагу скандалаў і жорсткіх дэбатаў з кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан перамог на прэзідэнцкіх выбарах, хаця фактычна атрымаў меншасць галасоў выбаршчыкаў[14].
Прэзідэнцтва
[правіць | правіць зыходнік]Заступіў на пасаду Прэзідэнта ЗША 20 студзеня 2017. Ужо 27 студзеня выдаў указ «Абарона нацыі ад уезду замежных тэрарыстаў у Злучаныя Штаты», якім абмежаваў уезд у ЗША для пэўных катэгорый асоб.
У маі 2018 года 18 кангрэсменаў-рэспубліканцаў падпісалі зварот у Нобелеўскі камітэт, у якім прапанавалі прысудзіць Трампу Нобелеўскую прэмію міру за намаганні, накіраваныя на вырашэнне карэйскага пытання. У снежні 2019 года Трамп стаў трэцім прэзідэнтам у гісторыі ЗША, якія падвергся імпічменту. Рашэнне было прынята з-за сур’ёзных абвінавачванняў у злоўжыванні ўладай і перашкодзе правасуддзю (так званы «Украінгейт»). Быў апраўданы Сенатам па абодвух абвінавачваннях.
Падчас сваёй адміністрацыі прызначыў трох суддзяў у Вярхоўны Суд: Ніла Горсача, Брэта Кавана, Эмі Коні Барэт.
На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года саступіў дэмакрату Джо Байдэну. Не згадзіўся з паражэннем. Прыхільнікі Дональда Трампа ў ходзе пратэстаў з патрабаваннем прызнаць яго перамогу часова захапілі будынак Капітолію 6 студзеня 2021 года. Шматлікія дзяржаўныя дзеячы ЗША абвінавацілі яго ў падбухторванні да гвалту. Адзіны прэзідэнт у гісторыі ЗША, якому Палата прадстаўнікоў Кангрэса аб’яўляла імпічмент двойчы. 20 студзеня Дональд Трамп пакінуў Белы дом, яго прэзідэнцтва скончылася.
Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на наступных прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. 13 ліпеня 2024 года на перадвыбарчым мітынгу ў Пенсільваніі на Трампа быў здзейснены замах, ён атрымаў лёгкае кулявое раненне вуха.
5 лістапада 2024 года атрымаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 15 кастрычніка 2015.
- ↑ а б в г д The Jamaica Hospital Certificate of Birth
- ↑ а б в г д Certificate of Birth Registration Праверана 26 лістапада 2016.
- ↑ https://www.hollywoodreporter.com/features/trumps-wedding-melania-bill-hill-880088
- ↑ а б в г д President Donald J. Trump — 2017. Праверана 20 студзеня 2017.
- ↑ а б в г д Familypedia — 2004. Праверана 10 чэрвеня 2021.
- ↑ https://www.christianitytoday.com/news/2020/october/trump-nondenominational-presbyterian-religious-eisenhower.html
- ↑ Bush says Trump was a Democrat longer than a Republican 'in the last decade' — 2015. Праверана 16 лістапада 2016.
- ↑ Forbes / S. Forbes — NYC: Forbes, 1917. — ISSN 0015-6914 Праверана 26 сакавіка 2022.
- ↑ SAG-AFTRA Statement on Donald J. Trump’s Resignation from the Union — 2021. Праверана 27 верасня 2022.
- ↑ Yes, Donald Trump really went to an Ivy League school — Washington Post, 2015. Праверана 6 сакавіка 2016.
- ↑ а б Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ http://belisrael.info/?p=8403
- ↑ http://nashaniva.by/?c=ar&i=180233
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дональд Трамп
- Нарадзіліся 14 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1946 годзе
- Нарадзіліся ў штаце Нью-Ёрк
- Члены Рэспубліканскай партыі ЗША
- Выпускнікі Пенсільванскага ўніверсітэта
- Кавалеры ордэна караля Абдэль-Азіза
- Чалавек года па версіі часопіса «Time»
- Асобы
- Прадпрымальнікі ЗША
- Мільярдэры ЗША
- Лаўрэаты прэміі «Залатая маліна»
- Прэзідэнты ЗША
- Кандыдаты ў прэзідэнты ЗША (2016)
- Кандыдаты ў прэзідэнты ЗША (2020)