Перайсці да зместу

Законы захавання

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Зако́ны захава́ння — фундаментальныя фізічныя законы, паводле якіх пры пэўных умовах некаторыя вымерныя фізічныя велічыні, якія характарызуюць замкнутую фізічную сістэму, не змяняюцца з цягам часу.

Філасофскія перадумовы да адкрыцця закону былі закладзены яшчэ антычнымі філосафамі, а таксама Дэкартам і М. В. Ламаносавым.

У пісьме Эйлеру Ламаносаў фармулюе свой «усеагульны натуральны закон» (5 ліпеня 1748 года), паўтараючы яго ў дысертацыі «Разважанне аб цвёрдасці і вадкасці цел» (1760)[1][2]:

« ...Усе змены ў прыродзе маюць такую ўласцівасць: колькі чаго ў аднаго цела аднімецца, столькі дабавіцца да другога, так што калі дзе паменшае некалькі матэрыі, то памножыцца ў іншым месцы... Гэты ўсеагульны натуральны закон распаўсюджваецца і на самі правілы руху, бо цела, рухаючы сваёю сілаю другое, столькі ж яе ў сябе губляе, колькі перадае другому, якое ад яго рух атрымлівае[3]
М. В. Ламаносаў
»

Некаторыя з законаў захавання справядлівыя заўсёды і пры ўсіх умовах. Такія, напрыклад, законы захавання энергіі, імпульсу, моманту імпульсу, электрычнага зараду), ці, ва ўсякім выпадку, ніколі не назіраліся працэсы, якія б супярэчылі гэтым законам. Іншыя ж законы толькі прыбліжаныя і выконваюцца пры пэўных умовах. Напрыклад, закон захавання цотнасці выконваецца для моцнага і электрамагнітнага ўзаемадзеяння, але парушаецца ў слабым узаемадзеянні).

Законы захавання звязаны з сіметрыямі фізічных сістэм (тэарэма Нётэр). Так, законы захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу з’яўляюцца вынікам прасторава-часавых сіметрый (адпаведна: аднароднасці часу, аднароднасці і ізатропнасці прасторы). Пры гэтым пералічаныя ўласцівасці прасторы і часу ў аналітычнай механіцы прынята разумець як інварыянтнасць лагранжыяна адносна змянення пачатку адліку часу, пераносу пачатку каардынат сістэмы і кручэння яе каардынатных восей.

Зноскі

  1. Михаил Васильевич Ломоносов. Избранные произведения в 2-х томах. М.: Наука. 1986
  2. Фигуровский Н. А. Очерк общей истории химии. От древнейших времен до начала XIX в. — М.: Наука, 1969
  3. У лацінскім тэксце пісьма гаворыцца аб захаванні руху — у рускім перакладзе гаворка ідзе аб захаванні сілы. У пісьме М. В. Ламаносаў упершыню аб'ядноўвае ў адной фармулёўцы законы захавання матэрыі і руху і называе гэта «ўсеагульным натуральным законам».
  • Визгин В. П. Развитие взаимосвязи принципов инвариантности с законами сохранения в классической физике. М.: Наука, 1972. 240 с.