Перайсці да зместу

Леанід Ніканоравіч Дробаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Леанід Дробаў
«Аутапартрэт». Папера, вугаль, аловак. Другая палова 1940-х гг.
«Аутапартрэт». Папера, вугаль, аловак.
Другая палова 1940-х гг.
Дата нараджэння 6 жніўня 1926(1926-08-06) ці 1926[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 7 ліпеня 2002(2002-07-07) ці 2002[1]
Род дзейнасці мастак, мастацтвазнавец
Навуковая сфера мастацтвазнаўства[2], жывапіс[2], дэкаратыўна-прыкладное мастацтва[2] і Выяўленчае мастацтва Беларусі[3]
Месца працы
Навуковая ступень доктар мастацтвазнаўства
Альма-матар
Партыя
Член у
Прэміі
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь

Леанід Ніканоравіч Дробаў (6 жніўня 1926, в. Растаў, Акцябрскі раён, Гомельская вобласць — 7 ліпеня 2002, Мінск) — беларускі мастацтвазнавец і жывапісец. Доктар мастацтвазнаўства (1984), прафесар (1987).

Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. У 1940 годзе паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны прыняў удзел у партызанскім руху ў складзе 752-га атрада 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады. Са студзеня 1944 года мабілізаваны ў Чырвоную Армію, ваяваў у складзе 37-й гвардзейскай дывізіі 65-й арміі 2-га Беларускага фронту.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1956). Некаторы час працаваў выкладчыкам чарчэння і малявання. У 1958 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ, паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. З 1964 па 2002 гг. — загадчык аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У 1965 годзе скончыў мастацкі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Вучыўся ў І. Ахрэмчыка, А. Мазалёва, П. Крохалёва.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1964 года. Удзельнік мастацкіх выставак (з 1965).

Ганаровы грамадзянін Акцябрскага раёна[4]

Навукова-даследчыцкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Сфера навуковых інтарэсаў — беларускі жывапіс XIX—XX стст., станаўленне стыляў і жанраў у беларускім мастацтве.

У 1962 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Живопись Белоруссии XIX — начала XX века», дзе быў даследаваны шлях беларускага жывапісу ад класіцызму да рэалізму.

Выдадзеная ў 1974 годзе кніга Л. Дробава «Живопись Белоруссии XIX — начала XX в.» (1974) была крокам наперад у вывучэнні развіцця беларускага мастацтва дарэвалюцыйнага перыяду, змяшчала ў сабе шмат фактычнага матэрыялу аб творчасці найвыдатнейшых майстроў выяўленчага мастацтва, якія паходзілі з беларускіх земляў. Пытанням развіцця савецкага мастацтва прысвечана манаграфія «Живопись Советской Белоруссии (1917—1975)», якая выйшла ў 1979 годзе. Гэтыя манаграфіі сталі асновай для распрацоўкі праграм па курсу мастацтвазнаўства ў вышэйшых навучальных установах БССР.

У 1983 годзе ў ленінградкім Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Становление и развитие реализма в белорусской живописи XIX—XX вв.»

Як аўтар і член рэдкалегіі Л. Дробаў удзельнічаў у напісанні дзевяцітомнага выдання «История искусства народов СССР» (тамы 5-9, 1972—1982), за што атрымаў Залаты медаль Прэзідыума Акадэміі мастацтваў СССР (1982).

Навуковы кіраўнік аўтарскага калектыва і аўтар шматлікіх артыкулаў у шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва» (1987—1994).

Даследаваў творчасць выбітных беларускіх мастакоў. Пяру Л. Дробава належыць кніга «Беларускiя мастакi XIX стагоддзя» (1971), а таксама манаграфіі аб А. Мазалёве (1976), А. Шаўчэнку (1980), А. Бархаткове (1988), А Шыбневе (1991).

Мастакоўская творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Л. Дробаў да канца свайго жыцця не выпускаў з рук алоўка і пэндзаля. Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, але найбольш значнае месца ў яго творчасці займаў пейзаж.

Аўтар сюжэтна-тэматычных работ «Камбед» (1968), «Партызанская кухня» (1965), «Аўтапартрэт» (1972), «Успаміны аб юнацтве» (1973), «Прэлюдыя» (1983), партрэтаў П. Ф. Глебкі (1971), А. А. Шаўні (1974), «Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў» (1987), пейзажаў «Крым. Гурзуф» (1970-я гг.), «Роднае Палессе», «На рацэ Пціч», «Старая дарога на Парэчча», серыі «Міншчына», «Віцебшчына» (усе 1990-я гг.) і інш.

Творы Л. Дробава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.

У г.п. Акцябрскі дзейнічае карцінная галярэя, якая з 2002 года носіць імя Леаніда Дробава[5][6]. Менавіта тут знаходзіцца 120 карцін — самая вялікая калекцыя жывапісу мастака.

Узнагароды і прэміі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1996 года за работу па стварэнні шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва» (1987—1994) як навуковаму кіраўніку аўтарскага калектыва і аўтару шматлікіх артыкулаў.

Выбраная бібліяграфія

[правіць | правіць зыходнік]
  • Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;
  • Искусство Белорусской ССР: [Альбом]. Л., 1972;
  • Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
  • Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
  • Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982.

Зноскі

  1. а б Czech National Authority Database Праверана 24 чэрвеня 2022.
  2. а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  3. Czech National Authority Database Праверана 22 ліпеня 2023.
  4. Почетные граждане Октябрьского района Архівавана 23 студзеня 2022.
  5. Музеи Беларуси / ред. совет: В. В. Андриевич (гл. ред.) и др. — Мн .: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. — С. 236. — 448 с. — 800 экз. — ISBN 978-985-11-1093-9.
  6. Филиал ГУК «Центр истории и культуры Октябрьского района» Картинная галерея им. Дробова Леонида Никоноровича Архівавана 29 лістапада 2021.