Мікалай Парфір’евіч Клаўс
Мікалай Парфір’евіч Клаўс | |
---|---|
Дата нараджэння | 19 снежня 1906 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2001[1] |
Альма-матар | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | кампазітар, дырыжор |
Мікалай Парфір’евіч Клаўс (19 снежня 1906, Клімавічы Магілёўскай губерні — ?), беларускі дырыжор, кампазітар і піяніст.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Клімавічах у 1906 годзе. Скончыў Беларускі музычны тэхнікум. Разам з ім вучыліся, між іншым, спевакі Ларыса Александроўская, Балоцін, цымбаліст Жыновіч, аўтар усенародна любімых песень «Бывайце здаровы» і «Наш тост» кампазітар Любан.
Адукацыя і пачатак музычнай кар’еры
[правіць | правіць зыходнік]Мікалай Клаўс, які займаўся ледзь не па 24 гадзіны ў суткі, да заканчэння вучобы дасягнуў цудоўных вынікаў. Як піяніст-канцартмайстар ён быў запрошаны на работу у беларускую оперную студыю, якую ўзглаўляў знакаміты ў свой час спявак, зорка Вялікага імператарскага тэатра Антон Баначыч. Зрабіў шэраг сумесных запісаў на грампласцінкі з цымбалістам Іосіфам Жыновічам (і гэта ў пачатку 1930-х). Актыўна канцэнтраваў, суправаджаючы на фартэпіяна выступленні маладых спевакоў — будучых салістаў беларускай оперы. А як дырыжор быў ужо на роўных са сваім непасрэдным настаўнікам — выдатным оперным маэстра, заснавальнікам опернага тэатра Ільёй Гітгарцам, які меціў Мікалаю вялікае будучае. Гітгарц адкрыў у Клаўсе прыродны дырыжорскі талент і па ўласнай ініціятыве займаўся з ім. Ужо ў канцы 1930-х Клаўса як дырыжора сучаснікі параўноўвалі з вялікім Яўгенам Мравінскім.
Высокі, сухарлявы, ён быў нязменна стрыманы, нешматслоўны, адрозніваўся вельмі добрымі манерамі, якія цудоўна спалучаліся ў ім з чалавечай прыстойнасцю. У 1939 годзе Мікалая Клаўса прызначылі галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Усебеларускага радыёкамітэта. Ён адпрацаваў на гэтай пасадзе да самай вайны, паставіў і агучыў у жывым эфіры буйнейшыя музыкальна-сцэнічныя творы, сярод якіх — оперы, балеты, апереты, у тым ліку ўласнага сачынення. Гэта была тытанічная музычна-асветніцкая работа.
Ваенны час
[правіць | правіць зыходнік]У вайну ён апынуўся ў акупацыі: спрабаваў эвакуіравацца, пайшоў пешкі з жонкай і маленькай дачкой па Магілёўскай шашы — насустрач бамбёжкам. Ён зразумеў, што можа страціць сям’ю і загінуць сам — вярнуўся назад у разбураны, ахоплены полымем Мінск. З 1941 да 1944 года Клаўс працаваў дырыжорам сімфанічнага аркестра Мінскага гарадскога тэатра. Дапамагаў музыкантам як мог. Ратаваў яўрэеў з гета, даваў магчымасць працаваць у аркестры, усяляк прыкрываў тых аркестрантаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў акцыях падпольшчыкаў. Але самай галоўнай сваёй місіяй у час акупацыі Клаўс лічыў непасрэдную работу ў тэатры. Бо ў ваенныя гады сіламі музыкантаў у разбураным Мінску ставілісь оперы «Вяселле Фігара», «Кармэн», «Севільскі цырульнік», «Цыганскі барон».
З 1944 года канцэртмайстар канцэртнай арганізацыі «Венета» ва Усходняй Германіі[2].
Арышт і пераслед
[правіць | правіць зыходнік]У 1948 годзе яго арыштавалі, абвінавацілі ў здрадзе радзіме і антысавецкай агітацыі. І прыгаварылі спачатку да растрэлу, а потым пасля перагляду справы — да 25 год пазбаўлення свабоды. Прысуд ён адбываў у Інцінскім МінЛАГе, працаваў газамершчыкам у шахце. Якісьці зняволены-інжынер з рэшткаў вадасцёкавай трубы змайстраваў цуда-механізм, які накочваў на звычайную паперу нотныя лінейкі. У тым жа лагеры знаходзіўся Аляксей Каплер, мужык Святланы Алілуевай, зяць Сталіна. Каплер працаваў з лагернай поштай і забяспечыў Клаўса па яго просьбе фанернымі вечкамі ад пасылачных скрынак. Менавіта яны паслужылі матэрыялам для пераплёта нот, якія цудам удалося захаваць пасля вызвалення. У лагеры, акрамя сачынення ўласнай музыкі, Клаўс аднавіў па памяці партытуру оперы Лысенкі «Наталка-полтавка» і сіламі зняволеных у 1950 годзе паставіў яе.
Клаўс запісаў па памяці і драматычныя фартэпіянныя балады, якія былі напісаны ў «Амерыканцы» (так неафіцыйна называюць СІЗА на вуліцы Валадарскага): «Шаги времени» і «Солнечный луч, играющий пылинкой». Ён запомніў і, калі знаходзіўся ў зняволенні, перанёс на паперу кантату «Под Северным сиянием» на вершы вядомага рускага паэта Яраслава Смелякова, які сядзеў з ім у лагеры. У 1998 годзе вядомыя беларускія музыканты Віктар Скарабагатаў, Ганна Каржанеўская, Алег Крымер гэтыя ноты і запісалі на радыё. Пасля вызвалення і поўнай рэабілітацыі Клаўс застаўся ў Рэспубліцы Комі — у Сыктыўкары яму прапанавалі пасаду галоўнага дырыжора музыкальна-драматычнага тэатра . Там Мікалай Клаўс адпрацаваў восем гадоў, амаль да выхада на пенсію ў 1966 годзе. Ён здзейсніў пастаноўкі дзесяткаў оперных і балетных спектакляў, і ў Сыктыўкары яго памятаюць і зараз. Апошнія тры дзясяткі гадоў ён жыў у Калузе. Спачатку паспяхова супрацоўнічаў у якасці канцэртмайстра ў філармоніі, а пасля займаўся на даму са спевакамі-аматарамі. Рабіць гэта з кожным годам было ўсё цяжэй не толькі з-за старасці: яшчэ ў лагеры пасля пакут святлом у карцары ён стаў страчваць зрок. А калі памерла жонка, у пачатку 1990-х, аслеп канчаткова.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. — Мінск, 2002.
- Солнечный луч, играющий пылинкой : [к 100-летию со дня рождения дирижера, композитора и пианиста Н. Клауса (1906—2001)] / Ольга Брилон // Вечерний Минск. — 2006. — 20 декабря.
- Нарадзіліся 19 снежня
- Нарадзіліся ў 1906 годзе
- Нарадзіліся ў Клімавічах
- Памерлі ў 2001 годзе
- Выпускнікі Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі
- Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
- Асобы
- Музыканты паводле алфавіта
- Дырыжоры Беларусі
- Кампазітары Беларусі
- Акадэмічныя музыканты Беларусі