Мікалай (Мацукевіч)
Мікалай | ||||
---|---|---|---|---|
| ||||
|
||||
Царква | БАПЦ | |||
|
||||
Адукацыя | ||||
Дзейнасць | праваслаўны святар | |||
Нараджэнне |
21 мая 1917 Самарская губерня, Расійская імперыя |
|||
Смерць |
20 чэрвеня 2002 (85 гадоў) Таронта, Канада |
|||
Пахаванне |
Мікалай (Мікола), свецкае імя Міхал Мацукевіч (21 мая 1917, хутар Суяцін, Новавузенскі павет, Самарская губерня, Расія — 20 чэрвеня 2002, Таронта, Канада) — мітрапаліт БАПЦ.
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіць з праваслаўнай сям'і беларусаў-бежанцаў. У час Першай сусветнай вайны бацькі — Кандрат і Домна (з дому Дзямковічаў) Мацукевічы выехалі з роднай вёскі Моталь на Берасцейшчыне. У 1921 г., пасля смерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і двума братамі ў Моталь. Скончыў пачатковую школу (1932). Пазней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Брэсце, удзельнічаў у нямецка-польскай вайне (1939), быў паранены. У лістападзе 1939 г. вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Брэсце. Пазней пераехаў у Пінск. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавіку 1944 г. быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Трэці рэйх. Да лютага 1945 г. знаходзіўся на работах (капаў акопы) паміж гарадамі Кобленц і Бон. Вызвалены амерыканскімі войскамі.
З 17 сакавіка 1945 г. жыў у Вялікабрытаніі, дзе працаваў на ферме недалёка ад Глазга. Падтрымліваў сувязі з беларускімі перасяленцамі ў Германіі. У 1946 г. ў час наведвання сваякоў у беларускім лагеры ў Ватэнштэце пазнаёміўся з беларускім грамадскім дзеячам М. Шылам. Удзельнік 1-га з'езда Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі (1947). Пасля 1949 г. жыў у Лондане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома.
У жніўні 1951 г. пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі св. Андрэя ў г. Вініпег. Рукапаложаны ў сан іерэя 6 мая 1952 г. іерархам Украінскай грэка-праваслаўнай царквы мітрапалітам Іларыёнам. Са жніўня 1954 г. жыў у Таронта, дзе арганізаваў прыход св. Кірылы Тураўскага. Першую літургію адслужыў 4 кастрычніка 1954 г. Апрача Таронта святарскія абавязкі выконваў у гарадах Садберы, Атава, Манрэаль і інш. З сярэдзіны 1960-х гадоў штомесяц прыязджаў на набажэнства да беларускіх вернікаў у Дэтройт (ЗША). Адзін з арганізатараў беларускага праваслаўнага прыхода Святога Духа ў Дэтройце.
У кафедральным саборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 2 кастрычніка 1966 г. пастрыгся ў манахі і прыняў імя Мікалай. На наступны дзень узведзены архіепіскапам БАПЦ Сергіем у сан ігумена і архімандрыта.
У барацьбе груповак унутры БАПЦ прыняў бок епіскапа Васіля (Тамашчыка). Рукапаложаны ў сан епіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага 10 сакавіка 1968 г. у Аўстраліі.
Садзейнічаў выданню царкоўна-рэлігійных кніг «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980).
З пачатку 1980-х гадоў Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква існавала ў расколатым выглядзе. У траўні 1983 г. на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлендзе Мікалай (Мацукевіч) абраны першым іерархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (штат Нью-Ёрк) абраны паўторна першым іерархам БАПЦ. Канфліктаваў з іншай буйнай групоўкай з цэнтрам у Брукліне і пад кіраўніцтвам спачатку Андрэя (Крыта), а затым Ізяслава (Бруцкага). Саборам БАПЦ гэтай групоўкі на Мікалая была накладзена анафема, якую ён прызнаць адмовіўся і аб'явіў пра некананічнасць бруклінскай БАПЦ.
У лютым-сакавіку 1992 г. наведаў Беларусь, сустракаўся з мітрапалітам Філарэтам[1].
Пасля смерці Мікалая большая частка яго царквы перайшла пад кантроль БАПЦ Ізяслава (Бруцкага). Пераемнікамі Мікалая (Мацукевіча) аб'явілі сябе таксама Аляксандр Салагуб і Іван Спасюк.
Пахаваны на Беларускіх могілках у Іст-Брансуіку, Нью-Джэрсі, ЗША[2].
Зноскі
- ↑ http://nashaniva.by/2002/24/12.htm(недаступная спасылка)
- ↑ Гардзіенка Н. Могілкі як частка мемарыяльнай культуры беларускай эміграцыі. — academia.edu.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3