Перайсці да зместу

Пакістан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пакістан
اسلامی جمہوریہ پاکِستان
Islamic Republic of Pakistan
Герб Пакістана
Сцяг Пакістана Герб Пакістана
Дэвіз: «Iman, Ittehad, Nazm (Вера, Адзінства, Дысцыпліна)»
Гімн: «Qaumi Tarana»
Дата незалежнасці 14 жніўня 1947 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова урду і англійская
Сталіца Ісламабад
Найбуйнейшыя гарады Карачы, Лахор, Фейсалабад
Форма кіравання змяшаная рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Арыф Алві
Шахбаз Шарыф
Дзярж. рэлігія іслам (суніцкага толку)
Плошча
• Усяго
35-я ў свеце
803 940 км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

212 742 631[1] чал. (5-я)
244,4 чал./км²  (6-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2017)
  • На душу насельніцтва

$1140 млрд[2]  (25-ы)
$5600  (137-ы)
ІРЧП  0,562 (150-ы)
Валюта пакістанская рупія
(PKR, код 118)
Інтэрнэт-дамен .pk
Код ISO (Alpha-2) PK
Код ISO (Alpha-3) PAK
Код МАК PAK
Тэлефонны код +92
Часавыя паясы +5 (зімой), +6 (летам)

Пакіста́н (урду: پاکِستان — «зямля чыстых», англ.: Pakistan, поўная назва — Ісла́мская Рэспу́бліка Пакіста́н (урду: اسلامی جمہوریہ پاکِستان Ісламі Джумхурійе Пакіста́н, англ.: Islamic Republic of Pakistan) — дзяржава ў Паўднёвай Азіі. Мяжуе з Афганістанам (2430 км) і Іранам (909 км) на захадзе, з Індыяй на ўсходзе, з Кітаем на паўночным усходзе, мае выхад да Аравійскага мора шырынёй у кіламетраў на поўдні. На паўночным захадзе кантралюе частку спрэчнага з Індыяй штата Джаму і Кашмір. Пакістан займае геапалітычна важнае становішча на скрыжаванні Паўднёвай Азіі, Блізкага Усходу і Цэнтральнай Азіі.

Прырода Пакістана вельмі разнастайная. На поўначы знаходзяцца горы Гіндукуш вышынёй да 7690 м (гара Тырычмір), на паўночным усходзе — адгор’і Гімалаяў і Каракарума з горнымі рэкамі і азёрамі, лясамі, ледавікамі, добра захаванай фаўнай. Паўднёвы захад — паўпустынная ўскраіна Іранскага нагор’я. Усходняя частка, занятая басейнам ракі Інд — асвоеная чалавекам раўніна. Тут знаходзіцца Пенджаб — знакамітае Пяцірэчча. Аднак жыццё цягнецца вузкімі стужкамі ўздоўж рэк і каналаў. На захад ад Інда прасціраецца бязводная пясчаная пустыня Тар

Пакістанская зямля стала калыскаю старажытнаіндыйскай цывілізацыі. На працягу гісторыі тут кіравалі індусы, грэкі, мусульмане, татара-манголы, сікхі, афганцы. У ХІХ ст. ўся тэрыторыя сучаснага Пакістана ўвайшла ў склад Брытанскай Індыі. Пакістан абвясціў незалежнасць 14 жніўня 1947 года. Пакістан — адзіная ў свеце дзяржава, створаная па рэлігійнай прыкмеце. 23 мая 1956 года ўступіў у сілу Статут, паводле якога Пакістан стаў першай у свеце ісламскай рэспублікай (Дзень Рэспублікі). У выніку вайны з Індыяй (1971) Усходні Пакістан выйшаў са складу дзяржавы і стаў незалежнай рэспублікай Бангладэш. З 1998 Пакістан — адзіная краіна ісламскага свету, якая мае ядзерную зброю.

Канстытуцыя 1973 пацвердзіла рэспубліканскі лад, вернасць канонам ісламу, а таксама абвясціла Пакістан федэрацыяй (падзелены на 4 правінцыі і тры тэрыторыі). Пакістан — парламенцкая рэспубліка, урад прапісаны ў Ісламабадзе, збудаванай у 1960-я гады новай сталіцы.

Па колькасці насельніцтва ў 2018 годзе Пакістан апярэдзіў Бразілію і цяпер займае 5-е месца ў свеце. Дзяржаўныя мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Дзяржаўная рэлігія — іслам. Сталіца — Ісламабад, найбуйнейшыя гарады, галоўныя эканамічныя цэнтры — Карачы і Лахор.

Пакістан — індустрыяльна-аграрная краіна са сферай паслуг, што хутка расце. Найважнейшай галіной эканомікі застаецца сельская гаспадарка, з якой вельмі шчыльна звязана прамысловасць. У 1960-я—1970-я Пакістан стаў адным з цэнтраў Зялёнай рэвалюцыі. Па памерах эканомікі, тэмпах росту ВУП, хуткасці фармавання сярэдняга класу Пакістан уваходзіць у лік вядучых дзяржаў свету. Даследчыкі адносяць Пакістан да групы «Наступныя 11» — ліку краін, што маюць вялікі патэнцыял і могуць у хуткім часе стаць важнымі гульцамі на сусветнай эканамічнай арэне. Пры гэтым краіна працягвае пакутваць ад сваіх традыцыйных праблемаў: перанаселенасці, беднасці, непісьменнасці, тэрарызму. Пакістан — сябра ААН, ШАС, Руху недалучэння, Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, Садружнасці нацый, рэгіянальнай арганізацыі СААРК і інш.

У перакладзе з урду і персідскай тапонім «Пакістан» літаральна азначае «зямля чыстых» (пак — чысты, стан — зямля, краіна). Назва была прыдумана студэнтам Кембрыджа, пакістанскім нацыяналістам Рахматам Алі і ўпершыню прадстаўлена ў памфлеце «Цяпер або ніколі» (1933), тэхнічна яна ўяўляла сабою акронім. Алі склаў першыя літары мусульманскіх рэгіёнаў паўночнага захаду Брытанскай Індыі: Пенджаб, Афганістан, Кашмір, Сінд, Белуджыстан. Літара і была ўстаўлена для прасцейшага вымаўлення.

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Пакістан — другая па велічыні дзяржава ў Паўднёвай Азіі. Мяжуе з Афганістанам (2430 км) і Іранам (909 км) на захадзе, з Індыяй (2912 км) на ўсходзе, з Кітаем (523 км) на паўночным усходзе, мае выхад да Аравійскага мора і Аманскага заліва шырынёй у 1046 кіламетраў на поўдні. На паўднёвым захадзе мае невялічкую марскую мяжу з Аманам. Пакістан кантралюе заходнюю частку Кашміра, прэтэндуючы на ўвесь астатні штат. Ад Таджыкістана аддзелены Ваханскім калідорам — вузкай палоскай афганскай зямлі, якая ў XIX ст. стала буферам паміж расійскай Сярэдняй Азіяй і Брытанскай Індыяй.

Ледавік Балтора
Фізічная карта Пакістана

Алювіяльная нізіна даліны Інда з’яўляецца заходняй часткай Інда-Гангскай раўніны, размешчанай на ўскраіне Індастанскай платформы. Яна амаль цалкам ляжыць ніжэй за 200 м і адрозніваецца аднастайным рэльефам з малымі ўхіламі. Заходнюю і паўночна-заходнюю часткі Пакістана займаюць ускрайкавыя хрыбты Іранскага нагор’я вышынёй да 3452 м. Найбольш магутныя, пакрытыя буйнымі ледавікамі горныя ланцугі размешчаны на крайняй поўначы Пакістана і адносяцца да горных сістэм Гіндукуша, Гімалаяў і Каракарума. Апошні размешчаны на кантраляванай Пакістанам часткі Кашміра. Вышэйшыя пункты краіны — гара Тырычмір (7690 м) у Гіндукушы і гара Чагары (8611 м) у Каракаруме. На тэрыторыі Пакістана размяшчаецца каля 40 вяршыняў, якія перавышаюць 7000 метраў.

Пакістан мае невялікія запасы нафты, газу і каменнага вугалю, прымеркаваныя да асадкавых комплексаў ускраіны Індастанскай платформы; і руд чорных і каляровых металаў у складкаватых абласцях.

Клімат у Пакістане сухі кантынентальны трапічны, на паўночным захадзе — субтрапічны, у гарах на поўначы краіны — больш вільготны з выразна выяўленай высотнай пояснасцю. Зіма на раўніне цёплая (12-16 °C, на ўзбярэжжы да 20 °C), у высакагор’ях — суровая (да −20 °C). Лета гарачае (у пустынях 35 °C, на ўзбярэжжы 29 °C, у гарах і на пласкагор’я Іранскага нагор’я 20-25 °C), у высакагор’ях — марознае (на вышынях ад 5000 м — ніжэй 0 °C). Ападкаў у год выпадае ад 50 мм у пустыні Тар, да 100—200 мм у Сіндзе, 250—400 мм у далінах і на пласкагор’я Іранскага нагор’я, 350—500 мм у перадгор’ях і 1000—1500 мм у гарах на поўначы краіны. Большая частка ападкаў выпадае падчас паўднёва-заходняга мусона (у ліпені — верасні), у межах Іранскага нагор’я — у зімова-вясновы перыяд.

Найбуйнейшай ракой Пакістана з’яўляецца Інд, яго басейну належыць большая частка краіны. Галоўны прыток Інда — Сатледж, які збірае вады асноўных рэк Пенджаба (Чынаб, Раві, Джэлам, Біяс) і аддае ваду буйным арашальным каналам (Дыпалпур, Пакпатан, Панджнад). На буйных рэках адзначаюцца летнія паводкі, абумоўленыя мусоннымі дажджамі і раставаннем ледавікоў у гарах.

Каракал, або пустынная рысь

Расліннасць Пакістана пераважна паўпустынная і пустынная, найбольш бедная — у пустыні Тар на ўсходзе ад Інда, дзе пераважаюць пясчаныя грады. На раўніне Інда натуральная расліннасць — паўпустынныя саванны (чый, палын, каперсы, астрагалы). Уздоўж Інда і іншых рэк сустракаюцца палосы тугаяў, у дэльце Інда і ўздоўж узбярэжжа Аравійскага мора месцамі захаваліся мангравыя зараснікі. На Іранскім нагор’і распаўсюджаныя фармацыі калючых падушкападобных кустоў, у гарах Белуджыстан — рэдкія зараснікі фісташкі і арчы. У гарах на поўначы краіны на вышыні 1500-3000 м — асобныя ўчасткі лістападных (дуб, каштан) і хвойных (елка, піхта, хвоя, гімалайскі кедр) лясоў. У далінах паблізу паселішчаў — плантацыі фінікавай пальмы, цытрусавых, маслін, фруктовыя сады. Уздоўж арашальных каналаў частыя насаджэнні шаўкоўніцы.

З буйных млекакормячых ў гарах водзяцца леапард, барс, буры і белагруды мядзведзь, лісіца, дзікія казлы і бараны, персідская газель; на раўнінах — гіены, каракалы, шакалы, дзікі, антылопы, джэйраны, куланы, дзікія аслы, грызуны. Разнастайны свет птушак: арлы, грыфы, паўліны, папугаі. Шмат змей, у тым ліку ядавітых, у Індзе водзяцца кракадзілы. З беспазваночных распаўсюджаныя скарпіёны, малярыйныя камары. Аравійскае мора багатае рыбай (тунец, селядзец, марскі акунь, індыйскі ласось), ракападобнымі (крэветкі) і марскімі чарапахамі.

Старажытны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]
Статуэтка жраца з Махенджа-Дара

У III—II тысячагоддзях да н. э. на тэрыторыі Пакістана быў цэнтр адной з самых старажытных цывілізацый у гісторыі чалавецтва — Харапскай. У II тыс. да н. э. тэрыторыю Пакістана засялілі арыі. Пасля паходаў Аляксандра Македонскага ў заходнеіндыйскія мегаполісы (такія, як Таксіла) пранікае дух элінізму. Утвараецца магутнае Кушанскае царства — першы ачаг распаўсюджвання будызму.

З VIII ст. н. э. на тэрыторыі краіны пачынаецца распаўсюджванне ісламу. У сярэднія вякі ўтвараюцца буйныя мусульманскія дзяржавы на чале з Газневідамі і Гурыдамі. У XIII ст. тэрыторыя ўваходзіць у склад Мангольскай імперыі. Пасля распаду Мангольскай імперыі тэрыторыя ўваходзіць у дзяржаву Цімурыдаў, якая распадаецца на некалькі дзяржаў. Адзін з прадстаўнікоў дынастыі Цімурыдаў у XVI ст. заснаваў імперыю Вялікіх Маголаў, пасля распаду якой у XVIII ст. адбываецца ўздым сікхскага нацыяналізму ў Сіндзе, Белуджыстане, Пенджабе.

Каланіяльны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У XIX ст. тэрыторыя сучаснага Пакістана была захоплена англійскімі войскамі і ўключана ў склад Брытанскай Індыі. Супрацьстаянне паміж індуізмам і ісламам раскалола Брытанскую Індыю і прывяло да гвалту на рэлігійнай глебе. Таму яшчэ да набыцця незалежнасці была відавочнай неабходнасць стварыць на месцы калоніі дзве дзяржавы, размежаваўшы тэрыторыю па рэлігійным прынцыпе. Адным з духоўных заснавальнікаў мусульманскай дзяржавы быў паэт Ікбал, кіраўнік Мусульманскай Лігі, арганізацыі прыхільнікаў самастойнага развіцця мусульманскіх тэрыторый. Менавіта Ікбал прапанаваў у 1930 годзе стварыць незалежную мусульманскую дзяржаву, у якую ўвайшлі б Пенджабе, Сінд, Паўночна-заходняя пагранічная правінцыя (ПЗПП) і Белуджыстан. 23 сакавіка 1940 года ў Лахоры была прынята гістарычная Лахорская рэзалюцыя, якая абвяшчала прынцыпы існавання мусульманскай абшчыны ў незалежнай дзяржаве.

Сучасны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У 1947 пры раздзеле Брытанскай Індыі дзякуючы намаганням Мусульманскай лігі[4] утварылася дзяржава Пакістан, у якую ўвайшлі паўночна-ўсходнія і паўночна-заходнія раёны Індастана пераважна з мусульманскім насельніцтвам. Першым генерал-губернатарам Пакістана ў якасці самастойнай адміністрацыйнай адзінкі быў Джына, першым прэм’ер-міністрам краіны — Ліякат Алі Хан. 28 лютага 1956 года Устаноўчы Сход Пакістана зацвердзіў Статут дзяржавы. У 1958 годзе ў краіне адбыўся першы ваенны пераварот, да ўлады прыйшоў генерал Мухамед Аюб Хан.

У 1965 і 1971 гадах Пакістан вёў войны з Індыяй. У 1971 годзе Усходні Пакістан становіцца незалежнай дзяржавай Бангладэш. У 1977 годзе адбыўся ваенны пераварот. У 1980-я Пакістан выступаў на баку ЗША і падтрымліваў маджахедаў, якія вялі антыўрадавую вайну ў суседнім Афганістане. У Пакістане размяшчаліся трэніровачныя лагеры маджахедаў. Пасля гібелі прэзідэнта Зія-уль-Хака ў авіяцыйнай катастрофе 17 жніўня 1988 года ўлада перайшла да грамадзянскага ўрада. Новым прэм’ерам краіны стала Беназір Бхута. Новы ўрад вярнуў дэмакратычныя правы і свабоды і адмяніў надзвычайнае становішча.

У 1990-я гады адбываецца развіццё ядзернай праграмы Пакістана пад кіраўніцтвам Абдул Кадыр Хана, што стала прычынай увядзення ЗША санкцый супраць Пакістана. У 1999 годзе адбыўся ваенны пераварот, да ўлады прыйшоў генерал Первез Мушараф. З пачатку 2000-х гадоў паўночна-заходні рэгіён Пакістана Вазірыстан з’яўляецца апорай руху Талібан. У 2004 у талібы захапілі фактычную ўладу ў рэгіёне. Пасля 11 верасня 2001 года Пакістан афіцыйна спыніў падтрымку рэжыму талібаў і падтрымаў умяшанне ЗША супраць талібаў.

2007-08 гады прагрымелі дзвюма гучнымі падзеямі: у снежні 2007 была забіта Беназір Бхута; а летам 2008, помсцячы за карыкатуры на прарока, на дацкую амбасаду ў Ісламабадзе напалі тэрарысты.

Па дадзеных на чэрвень 2009 года[5] тэрыторыі Пакістана, пагранічныя з Афганістанам, амаль не кантралююцца ўладамі гэтай дзяржавы. 28 красавіка 2011 года адбыўся пагранічны канфлікт паміж Афганістанам і Пакістанам каля горада Ангур-Ада  (англ.).

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]

Пакістан — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 года з папраўкамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (абавязкова мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканадаўчых сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў.

Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Нацыянальнай асамблеі (237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нацыянальнай асамблеі) і Сенату (87 членаў выбіраюцца заканадаўчымі сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нацыянальнай асамблеі.

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

У канцы ХХ стагоддзя па колькасці жыхароў Пакістан абышоў Японію і Расію, а ў 2018 (мяркуючы па ўсім) з 212 млн чалавек апярэдзіў Бразілію, такім чынам, замкнуўшы першую пяцёрку краін па колькасці насельніцтва. Сярэднегадавы прырорст складае 1,5 % (2017) — гэта найвышэйшы ў Паўднёвай Азіі і адзін з найвышэйшых у Азіі паказчыкаў. У 2030 годзе Пакістан «плануе» зрынуць Інданезію з яе чацвёртага месца і стаць буйнейшай мусульманскай краінай свету. Пры гэтым нельга не адзначыць, што ў параўнанні з канцом ХХ стагоддзя даволі моцна зменшылася нараджальнасць (сумарны каэфіцыент нараджальнасці — 2,62) і хуткія тэмпы росту насельніцтва яшчэ трымаюцца толькі дзякуючы яго маладой структуры (31,5 % складаюць дзеці і падлеткі да 15 гадоў) і павелічэнню працягласці жыцця (да 68 гадоў)[6].

Цэнтр горада Карачы

Пакістан — шматнацыянальная краіна. Найбуйнейшыя народы належаць да індаеўрапейскай моўнай сям’і: пенджабцы (пераважна правінцыя Пенджаб), сіндхі (паўднёвая частка даліны Інда) — прадстаўнікі індаарыйскае групы; пуштуны (раёны на паўночным захадзе), белуджы (Белуджыстан) — носьбіты іранскіх моваў. Дзяржаўнай мовай служыць агульнапакістанская урду (па-сутнасці лінгва франка). Амаль усе вернікі — мусульмане (сунітаў 77 %, шыітаў, паводле розных ацэнак, 5-20 %). Па 1,5 % складаюць індуісты і хрысціяне. Канстытуцыя Пакістана гарантуе ўсім вернікам свабоду веравызнання.

Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 244 чал./км², найбольшая на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў (Пенджабе) да 500 чал./км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10-20 чал./км². Гарадское насельніцтва 36,7 %[7]. Буйнейшыя гарады размешчаны ў Пенджабе і на крайняй поўначы краіны: Лахор (11,7 млн чал.), Фейсалабад (3,3), Хайдарабад, Равалпіндзі (2,2), і інш.. На Індыйскім узбярэжжы (ды і ўсім поўдні) знаходзіцца толькі адна (але ж агромністая) агламерацыя Карачы (15 млн чал).

Эканамісты сцвярджаюць, што да ХVIII стагоддзя Пакістан быў часткай найбагацейшага рэгіёну свету. Каланіяльны перыяд шмат у чым вызначае твар сучаснай пакістанскай эканомікі. У другой палове ХХ стагоддзя эканамічнае развіццё незалежнага Пакістана запавольвалася ў часы дэмакратычнага кіравання і паскаралася ў перыяды ваенных рэжымаў. Пачатак ХХІ ст быў адзначаны сур’ёзнымі рэформамі, якія далі эканоміцы станоўчы і моцны штуршок.

Гандляр тканінай у Карачы

Пакістан — індустрыяльна-аграрная краіна з шматукладнай эканомікай. Сельская гаспадарка працягвае граць вялікую ролю ў эканоміцы краіны і займае 24,7 % усяго ВУП, хоць прамысловасць актыўна развіваецца і складае 19,1 % ВУП (у 2017 годзе)[8]. Пры гэтым у сельскай гаспадарцы занята 42 % працоўных, а ў прамысловасці — 22 %. У 2010-х рост эканомікі складае 4-5 % (2015—2017). Аднак па памерах ВУП на душу насельніцтва (5600 долараў у 2018) Пакістан усё яшчэ далёка ззаду большасці краін Азіі. Каля 20 % пакістанцаў жывуць за міжнароднай рысай беднасці (1,25 дол. у дзень).

З сельскай гаспадаркай так ці інакш звязаны большасць працуючых пакістанцаў. Асноўная зерневая культура — пшаніца (8-е месца ў свеце, 26 млн тон у 2014), па вырошчванні якой Пакістан апярэджвае разам складзеную Афрыку. Кароль тэхнічных культур — бавоўнік (4-е месца ў свеце, 2,3 млн тон). Пакістан займае першае месца ў свеце па зборы абрыкосаў. Пакістан мае вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы і з’яўляецца чацвёртым у свеце вытворцам малака. У краіне знаходзіцца найбуйнейшы ў свеце рынак вярблюдаў.

Зборка тэлевізараў, Лахор

Прамысловасць у значнай ступені вынікае з сельскай гаспадаркі, гэта тычыцца тэкстыльнай і харчовай галін. Найбольш паспяховай галіной прамысловасці ў 2010-х стала цэментная вытворчасць, у першую чаргу, у сувязі са з’яўленнем попыту ў Афганістане, куды штогод экспартуецца 7 млн тон. Развіваецца, абапіраючыся на танную працоўную сілу, машынабудаванне. У горадзе Сіялкот вырабляецца 55 % футбольных мячоў у свеце. У здабыўной прамысловасці важнае значэнне мае вугальная галіна: журнал «Форбс» назваў Пакістан «вугальнай Саудаўскай Аравіяй».

У Пакістане яскрава праяўляюцца прасторавыя адрозненні ў гаспадарцы, абумоўленыя сумесным дзеяннем розных фактараў. Эканамічнай воссю краіны з’яўляецца рака Інд, абапал якой размясціліся цэнтры росту — буйныя гарады ад Карачы на поўдні да Пешавара на поўначы. Перыферыя, накшталт Белуджыстана, слабаразвітая і аграрная.

Гаспадарка Пакістана характарызуецца высокай залежнасцю ад умоў надвор’я, ад якіх наўпрост залежаць такія галіны як сельская гаспадарка, тэкстыльная прамысловасць, гідраэнергетыка, водны транспарт.

Дзве траціны пакістанскага экспарту складае прадукцыя тэкстыльнай і швейнай прамысловасці. Адмоўнае гандлёвае сальда — балючая эканамічная праблема Пакістана: у 2016 пакістанскі імпарт па кошце ўдвая перавысіў экспарт. Асноўныя гандлёвыя партнёры: ЗША, Кітай, Вялікабрытанія, Германія (па экспарце); Кітай, ААЭ, ЗША, Японія, Саудаўская Аравія (па імпарце).[9]

Культура Пакістана заснавана на мусульманскай спадчыне, але таксама ўключае і даісламскія традыцыі народаў Індыйскага субкантынента. Сур’ёзны ўплыў на яе аказала і стагадовае брытанскае панаванне. У апошнія дзесяцігоддзі, асабліва сярод моладзі, прыкметны і ўплыў амерыканскай культуры: папулярныя галівудскія фільмы, амерыканскія відэагульні, мультфільмы, коміксы, кнігі, а таксама мода (нашэнне джынсаў і бейсболак), фастфуд, напоі і г. д.

У музыцы і танцах лакальныя тэндэнцыі, назіраныя ў Пенджабе, Хайбер-Пахтунхва, Сіндзі і Белуджыстане, рэзка адрозніваюцца ад тых, якія характэрныя для абшчыны ўрдумоўных пакістанцаў. У першым выпадку прасочваецца ўпор на народныя песні і танцы, тады як у культуры ўрду гэты матыў адступіў на другі план. Прычына заключаецца галоўным чынам у тым, што большасць жыхароў краіны, якія размаўляюць на гэтай мове, належаць да мухаджыраў, якія пазбавіліся каранёвых сувязяў з роднымі месцамі ў Індыі. Савет мастацтваў Пакістана імкнецца захаваць устойлівасць рэгіянальных стыляў у танцах, музыцы, скульптуры і жывапісу.

Адукацыя і навука

[правіць | правіць зыходнік]

Толькі 63 % пакістанскіх дзяцей скончылі пачатковую школу[10]. Акрамя таго, толькі 68 % пакістанскіх хлопчыкаў і 72 % дзяўчынак давучваюцца да 5 класа[11]. Стандарты нацыянальнай сістэмы адукацыі Пакістана запазычаныя з брытанскай сістэмы адукацыі. Дашкольнаю адукацыя для дзяцей 3-5 гадоў складаецца з трох этапаў: гульнявыя групы, яслі і дзіцячы сад. Пасля дашкольнай адукацыі, вучні паступаюць у пачатковую школу. У сярэдняй школе практыкуецца паасобнае навучанне дзяўчынак і хлопчыкаў, аднак, у буйных гарадах таксама існуюць школы з сумесным навучаннем. Восем базавых дысцыплін — гэта урду, англійская, матэматыка, выяўленчае мастацтва, навука, грамадскія навукі, ісламазнаўства і інфарматыка. У праграмы некаторых школ таксама ўключаюцца мовы краін-суседзяў Пакістана, у прыватнасці: арабская, французская і кітайская мовы.

Самыя распаўсюджаныя віды спорту ў Пакістане — футбол, хакей на траве, вялікі і настольны тэніс, барацьба, бокс, цяжкая атлетыка, гольф, пола, плаванне, сквош, бейсбол і крыкет.

Найбольш папулярны від спорту ў краіне — крыкет. Зборная каманда Пакістана па крыкету з’яўляецца адной з наймацнейшых у свеце і змагаецца за лідарства ў міжнародных спаборніцтвах з сапернікамі з Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Індыі. У 1992 годзе Пакістану ўдалося выйграць Кубак свету па крыкету. З мэтай кіраўніцтва і кантролю за развіццём крыкету створаны адмысловы нацыянальны камітэт[12]. Шахід Афрыдзі — былы капітан зборнай Пакістана па крыкету.

Хакей на траве

[правіць | правіць зыходнік]

З алімпійскіх відаў спорту хакей на траве безумоўна з’яўляецца найбольш паспяховым для Пакістана. Са сваіх 10 алімпійскіх медалёў за ўсю гісторыю пакістанцы 8 выйгралі менавіта ў мужчынскім хакеі на траве, у тым ліку ўсё золата і срэбра. Тройчы (1960, 1968 і 1984) пакістанцы станавіліся алімпійскімі чэмпіёнамі, тройчы выйгравалі срэбра (1956, 1964, 1972) і двойчы бронзу (1976 і 1992). Такім чынам з 1956 па 1984 гады Пакістан выйграваў узнагароды на ўсіх 7 Алімпіядах, у якіх прымаў удзел (Гульні-1980 у Маскве Пакістан байкатаваў). Менавіта Пакістану ў 1960 годзе ў Рыме атрымалася перапыніць пераможную серыю Індыі, якая выйгравала золата на 6 Алімпіядах запар (у фінале Пакістан абыграў Індыю з лікам 1-0).

Бронза хакеістаў на Алімпіядзе-1992 у Барселоне застаецца на дадзены момант апошняй алімпійскай узнагародай пакістанцаў. Яшчэ дзве алімпійскія ўзнагароды прынеслі Пакістану барэц вольнага стылю Махамад Башыр (бронза ў 1960 годзе) і баксёр Саід Хусейн Шах (бронза ў 1988 годзе).

  1. http://www.pbscensus.gov.pk/ Архівавана 15 кастрычніка 2017.
  2. https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2017/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=52&pr.y=11&sy=2016&ey=2020&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=564&s=NGDPD%2CNGDPDPC%2CPPPGDP%2CPPPPC&grp=0&a=
  3. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
  4. История Пакистана 2008, с. 63.
  5. Пакистан//Военное зарубежное обозрение, № 6 2009
  6. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pk.html Архівавана 27 лістапада 2020.
  7. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pk.html Архівавана 27 лістапада 2020.
  8. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pk.html Архівавана 27 лістапада 2020.
  9. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=168&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016
  10. Stuteville, Sarah (August 16, 2009). "seattletimes.nwsource.com/html/localnews/2009670134_pakistanschool16.html". The Seattle Times.
  11. www.unfpa.org/swp/2009/en/pdf/EN_SOWP09_ICPD.pdf (PDF)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2011. Праверана 11 мая 2015.
  12. Люди Пакистана и их образ жизни
  • Пакістан // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 523—527. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  • Белокреницкий В. Я., Москаленко В. Н. История Пакистана. ХХ век. — Москва : Крафт+, 2008. — ISBN 978-5-93675-137-0.
  • Все страны мира от А до Я / Сост. Л. П. Бушуева. — Ростов-на-Дону, Владис, 2010. — С. 131—135. — 512 с.: ил. — 2500 экз. — (Золотая библиотека) — ISBN 978-5-9567-0871-2. (руск.)