Тадэвуш Хацілоўскі
Тадэвуш Хацілоўскі | |
---|---|
Род дзейнасці | сябра антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху |
Дата нараджэння | 11 чэрвеня 1931 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 жніўня 2002 (71 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Бацька | Альберт |
Тадэвуш Хацілоўскі (11 чэрвеня 1931 — 2 жніўня 2002) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належаў да смаргонскай групы арганізацыі.[1]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 11 чэрвеня 1931 г. у шматдзетнай сям'і ў Смаргоні Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Гродзенская вобласць). Бацька працаваў у пажарнай і падрабляў часовымі будаўнічымі работамі.
Пры польскай уладзе скончыў два класы. У Другую сусветную вайну ў часы нямецкай акупацыі скончыў падпольную польскую школу, бо афіцыйная школа была літоўскай. Пасля вайны вучыўся ў Смаргонскай сярэдняй школе. Бацька прымушаў кінуць школу, бо дзяцей было ў 1947 г. — дачка і 5 сыноў. Тадэвуш Хацілоўскі адначасова мусіў падзарабляць працай вучнем і памочнікам кінамеханіка ў мясцовым клубе з-за нястачы грошай. Займаўся радыёсправай, з дапамогай сканструяванага прыймача наладжваў калектыўныя слуханні заходніх радыёстанцый.
Восенню 1949 пазнаёміўся з кіраўніком падпольнай арганізацыі Расціславам Лапіцкім і сябраваў з мядзельска-смаргонскім антыкамуністычным падполлем, але невядома, ці далучыўся да актыўных дзеянняў менавіта ў рамах арганізацыі. Арганізацыя ў асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але ў будучыні планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў.
Арыштаваны ў сакавіку 1950 г. Летам таго ж году ён, яшчэ непаўнагадовы, асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі на 25 гадоў зняволення. На цяжкасць прысуду паўплывала ягоная прынцыповая пазіцыя на допытах і ў судзе. Тадэвуш Хацілоўскі ўспамінаў:
«На судзе дабавілі тры артыкулы, у тым ліку і за словы: «Сёння вы нас судзіце, а прыйдзе час — мы вас будзем судзіць!». Усяго атрымоўвалася 75 гадоў зняволення. Прысудзілі па найбольшым артыкуле — 25 гадоў і паражэнне правоў. У час абвяшчэння прысуду я таму суддзю сказаў: «Пошел ты на хутор к бабушке». І не ўстаў».
Спачатку утрымліваўся у Вілейцы, потым быў перавезены ў Мінск, а пасля — у Воршу. Далейшае пакаранне адбываў у канцлагерах паўднёвага Сібіру, дзе працаваў на лесапавале і будаўніцтве дарогі Тайшэт-Абакан, і Казахстана — прымусовая праца ў конегадоўчым саўгасе. У лагеры на лесапавале працаваў памочнікам лекара (бо ведаў лацінскія літары) і санінструктарам. Хварэў на дыстрафію і гнойны плеўрыт.
У лютым 1954 г. вызвалены са зняволення. Вярнуўся ў Смаргонь, у маі таго ж года ажаніўся. Прайшоў тэрміновую службу ў Чырвонай Арміі. Выйшаў на пенсію. У 1992 г. рэабілітаваны. Удзельнічаў у напісанні ўспамінаў для кнігі Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут».
Памёр 2 жніўня 2002 г., пахаваны ў Смаргоні.
Зноскі
- ↑ http://www.slounik.org/154933.html Біяграфія Тадэвуша Хацілоўскага
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
- Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
- Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.