Перайсці да зместу

Тулуза (графства)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
графства
графства Тулуза
comtat de Tolosa
Герб графства Тулуза Сцяг
Герб графства Тулуза Сцяг
Французскае каралеўства ў пачатку кіраванні Гуга Капета (987)
Французскае каралеўства ў пачатку кіраванні Гуга Капета (987)
< 
 >

Сталіца Тулуза
Найбуйнейшыя гарады Нім, Альбі, Радэз, Керсі, Нарбона
Мова(ы) аксітанская
Грашовая адзінка Солід і Carolingian denarius[d]
Пераемнасць
Герцагства Аквітанія
Каралеўства Францыя >
У XXIII стагоддзях (да 1215 года) графства было фактычна незалежным (кароль Францыі быў сюзерэнам толькі фармальна)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гра́фства Тулу́за (акс.: comtat de Tolosa) — сярэдневяковае графства ў Паўднёвай Францыі, якое размяшчалася на тэрыторыі сучаснага рэгіёна Аксітанія. Сталіцай графства быў горад Тулуза.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

У час рымскага валадарства тэрыторыя, якая пазней атрымала назву Лангедок, уваходзіла ў склад рымскай правінцыі Нарбонская Галія. Пазней большая частка ўвайшла ў склад Тулузскага каралеўства вестготаў, сталіца якога была ў горадзе Тулуза. У першай палове VI стагоддзя гэтая тэрыторыя была заваявана франкамі і ўвайшла ў склад Франкскага каралеўства. Пазней тэрыторыя ўваходзіла ў склад першага Аквітанскага каралеўства, пазней у склад напаўнезалежнага Аквітанскага герцагства.

Утварэнне графства

[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ Меравінгі для кіравання Тулузай і яе наваколлямі пачалі прызначаць графаў. Але згадкі пра іх надзвычай скупыя і няпоўныя. Толькі пры Каралінгах пра графы Тулузы з’яўляюцца больш поўныя звесткі.

Пасля падпарадкавання Аквітанскага герцагства Карл Вялікі ўтварыў для абароны ад баскаў у 778 годзе новае Аквітанскае каралеўства, кіраўніком якога зрабіў свайго нованароджанага сына Людовіка (будучага імператара Людовіка Набожнага). Пры гэтым графам Тулузы і герцагам Аквітаніі Карл прызначыў графа Карсона, які быў захоплены баскамі ў 787 годзе.

Наступным графам Тулузы ў 790 годзе стаў Гільём Жэлонскі. Ён здолеў пашырыць свае ўладанні.

Графства пры Берэнгеры I Мудрым у 832—835 гадах

Пры пераемніках Гільёма была ўтворана Тулузская марка[1], кіраўніка якой прызначаў імператар.

Пасля смерці Людовіка Набожнага па Вердэнскім дагаворы Тулуза і Аквітанія павінна была дастацца Карлу Лысаму. Гэтаму запрацівіліся аквітанцы, якія баранілі правы яго пляменніка Піпіна II, пакуль кіраўнік Тулузы, Фрэдэлон, не дапамог Карлу Лысаму авалодаць горадам, за што і быў прызначаны графам Тулузы ў 850 годзе.

Брат Фрэдэлона, Раймунд I (852—865), які акрамя Тулузы валодаў графствамі Руэрг і Керсі, і сыны апошняга Бернар II (865—875) і Эд (875—918) заклалі падмурак магутнасці свайго дому.

Каля 878 года да Тулузскага графства была далучана вобласць Альбіжуа, якая стала пасля графствам Альбі. Значэнне графаў Тулузы ўзрастала па меры таго, як улада Каралінгаў у Францыі прыходзіла да заняпаду. Вельмі хутка графам Тулузы ўдалося дамагчыся амаль поўнай незалежнасці[2] і ператварыць пасаду графа ў спадчынны тытул, які замацаваўся ў сям’і графаў Руэрга.

Графства ў X — XII стагоддзях

[правіць | правіць зыходнік]
Графства Тулуза ў 1154 г.

У пачатку X стагоддзя ў васальнай залежнасці ад графаў Тулузы знаходзіліся іншыя бароны Лангедока. У той жа час графы Тулузы паспяхова змагаліся супраць нарманаў, над якімі ў 923 годзе Раймунд II (918—923) у саюзе з герцагам Аквітаніі Гільёмам II атрымаў бліскучую перамогу.

Сын Раймунда II, Раймунд III (923—950), выгнаў венграў з Праванса (924) і павялічыў свае ўладанні, далучыўшы да іх графства Авернь, Гоцкую марку і герцагства Аквітанія. Але за ўладанне Аквітаніяй і Аверню Раймунду III, а затым і яго сыну, прыйшлося змагацца з графамі Пуацье, якія з гэтай барацьбы выйшлі пераможцамі.

Гільём III Тайлефер (950—1037), парадніўся з новай каралеўскай дынастыяй Капетынгаў, прызнаўшы апошніх сваімі сюзерэнамі. Ён доўга змагаўся з графамі Барселоны за графства Праванс, у выніку чаго змог далучыць да сваіх уладанняў частку Праванса і атрымаць тытул маркіза Праванса.

Яго сын Понс (1037—1060) насіў таксама і тытул палаціна Аквітанскага.

Да пачатку крыжовых паходаў тулузскія графы былі самымі магутнымі феадаламі Паўднёвай Францыі. Уладанні іх распасціраліся ад Луары да Пірэнеяў і ад Гароны да Міжземнага мора. Як члены вышэйшай феадальнай іерархіі, графы тулузскія называліся пэрамі Францыі. Гільём IV Набожны (1060—1088), які адрозніваўся рэлігійным запалам, пачаў паломніцтва ў Палесціну, у час якога памёр, пакінуўшы спадчыннікам брата свайго Раймунда IV Сен-Жыля (1088—1105), які стаў адным з правадыроў Першага крыжовага паходу. Яму была прапанавана іерусалімская карона, але ён ад яе адмовіўся. Раймунд IV, як і яго сыны Бертран (1105—1112) і Альфонс Іардан (1112—1148), скончылі сваё жыццё ў Палесціне, дзе ім належала княства Трыпалі.

Альбігойскія войны і далучэнне да Францыі

[правіць | правіць зыходнік]
Лангедок напярэдадні Альбігойскага крыжовага паходу (1209)

У канцы XII стагоддзя Тулузскае графства дасягнула вышэйшай ступені дабрабыту і культуры. Часы кіравання Раймунда V (1148—1194) былі залатым векам правансальскай літаратуры. Бліскучы двор тулузскіх графаў стаў інтэлектуальным цэнтрам Еўропы.

У той жа час у графстве атрымала развіццё ерась альбігойцаў. Раймунд VI (1194—1222), які бараніў іх ад праследаванняў папы Інакенція III, быў адлучаны ад царквы. У 1209 годзе супраць альбігойцаў і графа Тулузы быў абвешчаны крыжовы паход пад камадваннем Сімона дэ Манфор, які авалодаў усёй краінай і ў 1215 годзе атрымаў яе ў дар ад Папы. Раймунд VI не адмаўляўся, аднак, ад сваіх правоў. У 1218 годзе Сімон дэ Манфор быў забіты пры аблозе горада Тулузы, і графства зноў перайшло да Раймунда VI, яго спадчыннікам стаў сын Раймунд VII, таксама адлучаны ад царквы. У 1226 годзе супраць яго пачаў вайну кароль Францыі Людовік VIII, якому спадчыннік Сімона, Амары, саступіў свае правы на Тулузскае графства. У 1229 годзе па Парыжскім дагаворы Раймунд VII адмовіўся на карысць французскага караля ад большай часткі сваіх уладанняў і публічна адрокся ад ерасі. Для праследавання ератыкоў у Тулузскім графстве былі заснаваны інквізіцыйныя трыбуналы, якімі кіравалі пераважна дамініканскія манахі.

Адзіная дачка і спадчынніца Раймунда, Жанна была ў 1241 годзе выдадзена замуж за сына Людовіка VIII, Альфонса дэ Пуацье, які атрымаў тытул графа Тулузы. Пасля смерці Жанны і Альфонса ў 1271 годзе і астатняя частка графства Тулузскага перайшла да французскай кароны.

Зноскі

  1. У некаторых крыніцах кіраўнікоў Тулузы называюць герцагамі.
  2. Тэарэтычна графы Тулузы былі васаламі караля Францыі, але на справе былі цалкам незалежныя.
  • René Poupardin, «Ludovico il Pio», cap. XVIII, vol. II (L’espansione islamica e la nascita dell’Europa feudale) della Storia del Mondo Medievale, pp. 558—582.
  • René Poupardin, I regni carolingi (840—918), in «Storia del mondo medievale», vol. II, 1999, pp. 583—635
  • Louis Halphen, Francia: Gli ultimi Carolingi e l’ascesa di Ugo Capeto (888—987), in «Storia del mondo medievale», vol. II, 1999, pp. 636—661
  • Louis Halphen, La Francia nell’XI secolo, in «Storia del mondo medievale», vol. II, 1999, pp. 770—806
  • William B. Stevenson, La prima crociata, in «Storia del mondo medievale», vol. IV, 1999, pp. 718—756
  • Charles Lethbridge Kingsford, Il regno di Gerusalemme, 1099—1291, in «Storia del mondo medievale», vol. IV, 1999, pp. 757—782
  • E. F. Jacob, Innocenzo III, in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 5-53
  • A. S. Tuberville, Le eresie e l’Inquisizione nel medioevo: 1000—1305 ca., in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 568—598
  • Hastings Rashdall, Le università medioevali, in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 657—704
  • Louis Halphen, La Francia: Luigi VI e Luigi VII (1108—1180), in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 705—739
  • Frederik Maurice Powike, I regni di Filippo Augusto e Luigi VIII di Francia, in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 776—828
  • Charles Petit-Dutaillis, Luigi IX il Santo, in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 829—864
  • Rafael Altamira, La Spagna (1031—1248), in «Storia del mondo medievale», vol. V, 1999, pp. 865—896
  • Doris M. Stenton, Inghilterra: Enrico II, in «Storia del mondo medievale», vol. VI, 1999, pp. 99-142
  • Frederick Maurice Powicke, Riccardo I e Giovanni, in «Storia del mondo medievale», vol. VI, 1999, pp. 143—197
  • Hilda Johnstone, Francia: gli ultimi Capetingi, in «Storia del mondo medievale», vol. VI, 1999, pp. 569—607
  • Hilda Johnstone, Inghilterra: Edoardo I e Edoardo II, in «Storia del mondo medievale», vol. VI, 1999, pp. 673—717
  • Paul Fournier, Il regno di Borgogna o di Arles dall’XI al XV secolo, in «Storia del mondo medievale», vol. VII, 1999, pp. 383—410
  • Тейс Л. Наследие Каролингов. IX — X века / Перевод с французского Т. А. Чесноковой. — М.: «Скарабей», 1993. — Т. 2. — 272 с. — (Новая история средневековой Франции). — 50 000 экз. — ISBN 5-86507-043-6.