JavaScript
JavaScript | |
---|---|
Клас мовы | аб’ектная |
З’явілася ў | май 1996[1] |
Аўтар(ы) | Брэндан Айк |
Пашырэнне файлаў | js, mjs |
Тыпізацыя даных | дынамічная, качыная |
Зведала ўплыў | C, Java, Smalltalk, Self |
Паўплывала на | C#, J#, VJ#, Dart, Typescript, Purescript, WebAssembly |
Сайт | ecma-international.org/… (англ.) |
JavaScript (вымаўляецца ['dʒɑːvəˌskrɪpt] — джа́васкры́пт), тое ж js (вымаўляецца джэ-эс) — інтэрпрэтуемая сістэмна-незалежная аб’ектна-арыентаваная мова праграмавання з функцыянальнымі рысамі. Нягледзячы на назву, ніяк не адносіцца да мовы Java.
З ALGOL-падобных моў, да якіх належыць js, ён традыцыйна вылучаўся незвычайным падыходам да наследавання, бо натыўна яно было рэалізавана праз прататыпы (на js тут паўплываў Self), а не праз класы. Гэта выклікала нязручнасці і абурэнне ў карыстальнікаў, якія да пераходу ў js прызвычаіліся для класавага наследавання, як у Java, C++ і іншых шырокавядомых мовах-нашчадках ALGOL. Таму з версіі ES6 у js метадам сінтаксічнага цукру ўвялі сапраўдныя класы.
Першапачаткова стваралася для напісання дробных скрыптоў для дынамізацыі статычных HTML-старонак, аднак з цягам часу сур’ёзна выйшла за межы першапачатковага ўжывання — спачатку, з рэалізацыяй AJAX, JavaScript стаў адзінай магчымай мовай стварэння вэб-праграм, а затым, з 2011 года, з выпускам Node.js, JavaScript стаў адной з найбуйнейшых моў бэкэнду, пацясніўшы часткова і Java, і .NET, і PHP, і іншыя мовы і платформы, якія традыцыйна дамінавалі на бэкэндзе. З выпускам Electron.js і падобных платформаў, JavaScript таксама стаў шырока ўжывацца для напісання дэкстопных і мабільных праграм.
Рухавікі JavaScript рэалізаваны ў самых нечаканых месцах — js выкарыстоўваецца і ў ролі мовы скрыптоў Photoshop, і для запытаў да нерэляцыйных баз даных, і для праграмавання ўбудаваных сістэм, прататыпіравання, праграмавання робатаў і гэтак далей.
Даследаванні ў вобласці аптымізацыі і паскарэння традыцыйна не вельмі хуткай інтэрпрэтуемай натуры js спарадзілі спачатку аптымізаваную пад-мову asm.js, затым тулсэт Emscripten, які, пачаўшы з кампіляцыі іншых, нават традыцыйных моў у js, у сваю чаргу, спарадзіў платформу WebAssembly, якая дазваляе кампіляваць мову ў аптымізаваны (не js) код для web-рухавікоў.
JavaScript мае шмат дыялектаў, версій, над-моў, пад-моў, а таксама натхніў мноства стандартаў, сярод якіх Typescript і Dart.
JavaScript быў створаны Брэнданам Айкам (англ.: Brandon Eich) падчас працы на Netscape ў 1995 годзе.[2]
Зноскі
- ↑ http://speakingjs.com/es5/ch04.html
- ↑ Стваральнік Javascript(недаступная спасылка)