Беларуская мова
Беларуская мова | |
---|---|
Саманазва | беларуская мова |
Краіны |
Беларусь (6 340 тыс. чал.) Расія (316 тыс. чал.) Польшча (40 тыс. чал.) Літва (30 тыс. чал.) Украіна (55 тыс. чал.) Канада (менш за 10 тыс. чал.) ЗША (дыяспара) |
Рэгіёны | Усходняя Еўропа |
Афіцыйны статус |
Беларусь (дзяржаўная) Польшча (рэгіянальная): Чэхія (нац. менш.)[1]Украіна (нац. менш.) |
Арганізацыя, якая рэгулюе | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Агульная колькасць носьбітаў | каля 7 млн. чал. |
Статус | патэнцыйна ўразлівая[2] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Пісьменнасць |
Беларускі кірылічны алфавіт Часткова: беларускі лацінскі алфавіт Выйшаў з ужытку: беларускі арабскі алфавіт |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | бел 090 |
ISO 639-1 | be |
ISO 639-2 | bel |
ISO 639-3 | bel |
WALS | blr |
Atlas of the World’s Languages in Danger | 335 |
Ethnologue | bel |
Linguasphere | 53-AAA-eb |
ABS ASCL | 3401 |
IETF | be |
Glottolog | bela1254 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Белару́ская мо́ва — нацыянальная мова беларусаў, уваходзіць у індаеўрапейскую моўную сям’ю, славянскую групу, усходнеславянскую падгрупу. Пашырана ў асноўным у Беларусі. Распаўсюджана таксама і ў іншых краінах, галоўным чынам у Польшчы, Расіі, Літве, Латвіі, Украіне[3]. Беларуская мова мае шмат агульных граматычных і лексічных уласцівасцей з іншымі ўсходнеславянскімі мовамі.
Сучасная беларуская мова існуе ў літаратурнай і дыялектнай формах. Асноўны масіў падзяляецца на 2 вялікія дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні, паміж якімі знаходзіцца паласа пераходных сярэднебеларускіх гаворак. Літаратурная мова гістарычна грунтуецца на гаворках цэнтральнай Беларусі[4].
Алфавіт літаратурнай мовы створаны на аснове кірыліцы. Часам выкарыстоўваецца беларуская лацінка (гл. беларускі лацінскі алфавіт).
У 1990-х — 2000-х гадах практычна аформілася існаванне дзвюх беларускіх моўных норм[5]: нормы беларускай мовы, распрацаванай у 1933 годзе і рэфармаванай у 1957 і 2008 гадах, і нормы, распрацаванай Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе, так званай «тарашкевіцы».
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская мова старажытнапісьменная, гісторыя беларускага пісьменства налічвае не менш за дзесяць стагоддзяў. Мова беларускага народа пачала складацца ў XIV—XVI стагоддзях у Вялікім Княстве Літоўскім і была канчаткова сфарміравана ў канцы XIX—XX стагоддзяў. Паводле этнаграфічных даследаванняў, на Меншчыне яшчэ ў 1886 годзе мяшчане называлі беларускую мову літоўскай[6].
Беларускія лінгвісты-беларусаведы падзяляюць развіццё беларускай мовы на 3 асноўныя этапы:
- Праславянскі (да XIII ст.): у гэты перыяд пачынаюць фармавацца сучасныя ўсходнеславянскія мовы. Дадаткова ў расійскім і савецкім мовазнаўстве выдзяляецца перыяд існавання агульнай старажытнай усходнеславянскай (старарускай) мовы (узнікненне каля VII—VIII ст.). Існаванне такога перыяду ставіцца навукоўцамі пад пытанне, пачынаючы з пачатку XX ст.
- Старабеларускі (XIII—XVIII ст.): абмяжоўваецца ўзнікненнем выразных адметнасцей фанетыкі (пачатак) і практычным знікненнем (канец) старабеларускай мовы з моўнай практыкі сярэдніх і вышэйшых класаў грамадства.
- Новабеларускі, або сучасны (з пачатку XIX ст.): сучасны этап беларускай літаратурнай мовы.
Сучасная беларуская літаратурная мова пачала фарміравацца з 1850-х гадоў на аснове гаворак шырокіх ваколіц Мінска[7].
Лінгвагеаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Колькасць носьбітаў
[правіць | правіць зыходнік]Паводле перапісу 1989 года, беларускую мову лічылі роднай 77,7 % жыхароў Беларускай ССР, у тым ліку 80,2 % беларусаў[4].
Паводле даных перапісу насельніцтва Беларусі 2009 года, роднай беларускую мову пазначылі 4 841 319 этнічных беларусаў, а таксама 217 015 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей краіны (сярод іх 171 287 чал. этнічных палякаў) назвалі беларускую сваёй роднай, што складае 53,22 % насельніцтва краіны. Акрамя таго, 1 009 935 этнічных беларусаў указалі яе як мову, якой яны свабодна валодаюць, а таксама 271 778 чалавек, якія належаць да іншых нацыянальнасцей, таксама ўказалі беларускую як другую мову (сярод іх 181 091 чал. этнічных рускіх), што складае каля 13,49 % насельніцтва краіны. Такім чынам, паводле перапісу, у 2009 годзе беларуская мова была роднай для 5 058 334 чал., акрамя таго, 1 281 713 чалавек валодалі беларускай мовай як другой, гэта склала каля 6 340 047 чал., якія свабодна размаўляюць па-беларуску.
Пры перапісе 2019 года беларускую мову назвалі роднай 54,1 % грамадзян краіны, мовай хатніх зносін 26 %[8].
У Расіі беларускую мову прызнаюць «вядомай ім мовай» 316 тыс. жыхароў, між іх 248 тыс. беларусаў (30,7 % агульнага ліку[9]). Ва Украіне беларускую мову прызнаюць «роднай мовай» 55 тыс. беларусаў (19,7 % агульнага ліку[10]). У Польшчы беларускую мову прызнаюць «мовай, на якой размаўляюць дома» 40 тыс. жыхароў[11].
Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская мова з’яўляецца адной з дзвюх (разам з рускай) дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь. Як іншыя нацыянальныя мовы, сучасная беларуская мова выступае ў дзвюх разнавіднасцях: літаратурнай і народна-дыялектнай. Кожная з гэтых разнавіднасцей мае свае сферы ўжывання і свае формы бытавання. Мясцовыя гаворкі тэрытарыяльна і функцыянальна абмежаваны. Яны існуюць у вуснай форме і выкарыстоўваюцца пераважна як сродак зносін сярод сельскіх жыхароў. Літаратурная мова абслугоўвае (паралельна з рускай) розныя сферы дзейнасці беларускага народа, з’яўляецца поліфункцыянальнай. Гэта мова школы, друку, радыё, тэлебачання, мастацкай літаратуры, гуманітарнай навукі і г.д. Літаратурная мова мае складаную і разнастайную сістэму моўных сродкаў, рэгламентаваныя і пісьмова замацаваныя нормы. Яна выступае ў вуснай і пісьмовай формах, якія разлічаны на розныя віды ўспрыняцця (слыхавое і зрокавае) і, адпаведна, адрозніваюцца лексічным і граматычным афармленнем.
Нягледзячы, што 2/3 насельніцтва краіны заявілі пра свабоднае веданне беларускай мовай, колькасць грамадзян Беларусі, якія размаўляюць па-беларуску дома, складае 2 073 853 чал. сярод этнічных беларусаў і 153 271 чал. сярод іншых этнасаў (у тым ліку 120 378 чал. у этнічных палякаў), што складае 23,43 % усяго насельніцтва краіны. У параўнанні з 1999 годам гэтыя лічбы адлюстроўваюць тэндэнцыю да зніжэння выкарыстання беларускай мовы. У 1999 г. яе прызналі «мовай, на якой размаўляюць дома», 3 686 тыс. (36.7 %) жыхароў. Між іх 3 370 тыс. (41.3 %) беларусаў, 257 тыс. іншых галоўных нацыянальных груп (палякі, рускія, украінцы, татары)[12].
Паводле шырэйшых мерак, 6 984 тыс. (85.6 %) беларусаў прызнаюць беларускую «роднай мовай». Іншыя крыніцы падаюць «насельніцтва мовы» як 6 715 тыс. у Беларусі і 9 081 102 па ўсім свеце[13].
Некаторыя сацыялагічныя даследаванні, якія ставяць за мэту вызначэнне таго, якой мовай карыстаюцца беларусы, паказваюць, што 34 % беларусаў заяўлялі пра свабоднае валоданне беларускай мовай, але толькі каля 6 % беларусаў гавораць, што ўвесь час карыстаюцца беларускай мовай, амаль 74 % увесь час карыстаюцца рускай, а 21 % не карыстаюцца беларускай мовай наогул[14].
У афіцыйнай сферы выкарыстанне беларускай мовы вельмі абмежаванае. Справаводства ў Беларусі амаль цалкам рускамоўнае, адзначаецца скарачэнне накладаў беларускіх выданняў (за 1998—1999 год на 27,8 %). Аляксандр Лукашэнка ўжывае амаль толькі рускую мову.
Назвы населеных пунктаў на дарожных паказальніках падаюцца ў асноўным на беларускай мове, хоць часам сустракаюцца і рускамоўныя шыльды.
На працягу першага дзесяцігоддзя XXI стагоддзя ў Беларусі штогод назіралася ўстойлівае зніжэнне колькасці школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове. У 2010/2011 навучальным годзе іх частка складала 19 %, у той час як у 2001/2002 навучальным годзе на беларускай мове навучалася 27,8 % ад агульнай колькасці школьнікаў краіны[15]. Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2023/2024 навучальным годзе са 1090,0 тысяч навучэнцаў у дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі толькі 93,5 тысяч (8,58 %) навучаліся на беларускай, тады як 996,5 тысяч (91,42%) — на рускай[16].
Паводле перапісу насельніцтва 2019 года, беларускую мову лічаць роднай 5,094 млн чалавек (гэта прыкладна 53,2% насельніцтва). Аднак размаўляюць на ім дома і ў паўсядзённым жыцці 2,447 млн (толькі 26%). У параўнанні з 2009 годам гэтыя лічбы крыху выраслі: раней роднай беларускую называлі 5,058 млн чалавек, а размаўлялі на ёй 2,227 млн[17].
У пачатку 2020-х адзначалася некаторае павелічэнне папулярнасці мовы. У 2022/2023 навучальным годзе Акадэміяй адукацыі было праведзена даследаванне сярод выпускнікоў школ. Як высветлілася, больш за 90 % з іх лічаць беларускую роднай, каля 25 % лічаць яе вывучэнне «паказчыкам патрыятызму і грамадзянскасці». Як дадаў загадчык сектара суправаджэння нацыянальнага даследавання якасці адукацыі Вячаслаў Караткевіч, «сярод моладзі родная мова становіцца ўсё больш папулярнай, таму што з’яўляецца маркерам інтэлігентнасці». Меркаванне навукоўца падтрымала і галоўны рэдактар грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Бярозка» Яніна Каралёва. На яе думку, беларуская ў моладзі ў трэндзе[18][19][20]. Гэтыя даныя дапаўняюцца звесткамі пра наведванне беларускай Вікіпедыі ў 2019—2023 гадах, апублікаванымі выданнем «Наша Ніва». Назіраўся двухразовы, а на некаторых артыкулах трох- і чатырохразовы рост. У ліку найбольш наведвальных — артыкулы пра беларускіх літаратараў, усплёскі на якіх адбываюцца адначасова з праходжаннем іх твораў у школьнай праграме. Рэдактары энцыклапедыі адзначалі, што раней такога не было, мяркуючы, што прычынамі росту папулярнасці беларускага раздзела сталі падзеі жніўня 2020 года і павышэнне якасці зместу[21].
2005/06 | 2006/07 | 2007/08 | 2008/09 | 2009/10 | 2010/11 | 2011/12 | 2012/13 | 2013/14 | 2014/15 | 2015/16 | 2016/17 | |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Беларуская | 280,2 | 245,9 | 231,5 | 211,2 | 189,1 | 178,4 | 163,4 | 150,7 | 142,0 | 135,1 | 130,6 | 128,6 |
% | 23,3 | 21,5 ▼ | 20,9 ▼ | 20,0 ▼ | 19,2 ▼ | 19,0 ▼ | 17,8 ▼ | 16,6 ▼ | 15,5 ▼ | 14,5 ▼ | 13,7 ▼ | 13,3 ▼ |
Руская | 922,9 | 898,6 | 873,3 | 846,4 | 793,7 | 761,4 | 752,3 | 757,7 | 772,4 | 795,3 | 823,0 | 838,4 |
% | 76,7 | 78,5 ▲ | 79,0 ▲ | 80,0 ▲ | 80,7 ▲ | 80,9 ▲ | 82,1 ▲ | 83,3 ▲ | 84,4 ▲ | 85,4 ▲ | 86,2 ▲ | 86,6 ▲ |
Іншая | 0,7 | 0,6 | 0,6 | 0,6 | 0,6 | 0,6 | 0,8 | 0,7[22] | 0,8 | 0,9 | 0,9 | 0,91[23] |
% | 0,0 | 0,0 ▬ | 0,1 ▲ | 0,0 ▼ | 0,1 ▲ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ |
Польшча
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Польшчы, паводле Закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях ад 26 студзеня 2005 года, беларуская мова ўведзена як дапаможная ў зносінах чыноўнікаў магістрата і насельніцтва, як у гутарковым, так і ў пісьмовым варыянце на тэрыторыях:
- горад і гарадская гміна Гайнаўка (3 снежня 2007)
- гміна Орля (7 мая 2009)
- гміна Нарэўка (16 чэрвеня 2009)
- гміна Чыжы (8 лютага 2010)
- гміна Гайнаўка (28 мая 2010)[24][25].
Украіна
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская мова ўжываецца ў сёлах Ракітнаўскага раёна Ровеншчыны. У раёне зафіксавана найвышэйшая ва Украіне доля беларускага насельніцтва. Паводле перапісу 2001 года, беларусы складалі 15,4 % насельніцтва раёна (у 1989 — 20,0 %) і засяроджваліся пераважна ў паўночнай частцы раёна, сумежнай з Беларуссю[26][27].
Сацыялінгвістычныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтральнай Беларусі[4] (па сучаснай класіфікацыі — мінская гаворка[7] сярэднебеларускай групы дыялектаў беларускай мовы), але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці беларускіх гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэрытарыяльным дыялектам[4].
Пісьменства
[правіць | правіць зыходнік]Беларускі алфавіт складзены на аснове кірыліцы, развіты з алфавіта стараславянскай мовы. Яго сучасная форма была замацавана ў 1918 годзе і складаецца з 32 літар.
Аа | Бб | Вв | Гг | Дд | Ее | Ёё | Жж |
Зз | Іі | Йй | Кк | Лл | Мм | Нн | Оо |
Пп | Рр | Сс | Тт | Уу | Ўў | Фф | Хх |
Цц | Чч | Шш | Ыы | Ьь | Ээ | Юю | Яя |
Гістарычна ўжывалася таксама глагалічнае пісьмо (рэдка — да XI—XII ст.). Гістарычна існавалі традыцыі запісу беларускага тэксту беларускім лацінскім (лацінка) і беларускім арабскім (арабіца) пісьмом.
Існуюць некалькі распаўсюджаных сістэм раманізацыі беларускага тэксту (Гл. таксама: Раманізацыя беларускай мовы). Таксама існуе неафіцыйны варыянт запісу лацінскім алфавітам.
Лінгвістычнае апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанетычным прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёй ішло фарміраванне беларускай арфаэпіі. У беларускай фанетычнай сістэме 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя, маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць галоўным чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове беларускай графікі — рускі грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары[4].
Лексіка
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская лексіка сілкуецца з дзвюх асноўных крыніц: сваёй асабістай прыроджанай беларускай і замежнай. Усе лексічныя адзінкі падзяляюцца на спрадвечна беларускія і запазычаныя. Спрадвечна беларускія словы не з’яўляюцца аднароднымі. Другія спрадвечна беларускія лексемы паходзяць з агульнаславянскай моўнай крыніцы і ўласцівыя або ўсім, або большасці славянскіх моў. Трэція беларускія словы з’яўляюцца агульнымі для ўсіх усходніх славян. Чацвёртая група спрадвечна беларускіх лексем адносіцца да ўласнага набытку нашага народа, не ўжываецца нават у блізкароднасных мовах.
Усе зазначаныя групы спрадвечна беларускай лексікі гістарычна, па часе ўзнікнення характарызуюцца ў прыведзеным парадку іх пералічэння. Беларуская пісьменнасць усталёўваецца ў XIII—XIV ст., або ўсяго каля сямісот гадоў таму. Індаеўрапейскі пласт лексікі адзначаецца ў індыйскіх, іранскіх, германскіх, раманскіх, балтыйскіх, славянскіх і іншых моўных групах, якія з’яўляюцца роднаснымі, але ў рознай ступені, што адзначаецца ў неаднолькавым падабенстве знешняй формы слова.
Фанетыка
[правіць | правіць зыходнік]Фанетычная сістэма сучаснай беларускай мовы складаецца з 45 (54) фанем (гукаў): 6 галосных і 39 (48)[28] зычных[крыніца?].
Граматыка
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская мова флектыўная, г. зн. словы ў беларускай мове змяняюцца па граматычных катэгорыях з дапамогай адмысловых марфем.
Выдзяляюцца часціны мовы:
- Назоўнік
- Прыметнік
- Лічэбнікі (колькасныя і парадкавыя)
- Займеннік
- Дзеяслоў з дзвюма іменнымі формамі: дзеепрыметнікам і дзеепрыслоўем
- Прыслоўе
- Прыназоўнік
- Злучнік
- Часціца
- Выклічнікі і гукаперайманні
Іменныя часціны маюць катэгорыі склону, роду і ліку.
Дзеяслоў мае катэгорыі часу, асобы і ліку, а ў асобных формах — стану, роду і склону.
Дыялекты
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычна навукоўцы падзяляюць беларускую мову на два асноўныя дыялекты, паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні, размежаваныя сярэднебеларускімі гаворкамі. Розныя варыянты адрозніваюцца характарам акання, наяўнасцю мяккага «р», дыфтонгаў, дзекання і цекання і г. д. Таксама існуюць змешаныя гаворкі па суседстве з украінскімі, паўночна- і паўднёварускімі.
Дыялектная беларуская мова захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асноўны масіў гаворак і т. зв. палескую (заходне-палескую) групу гаворак. Асноўны масіў падзяляецца на 2 вялікія дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебеларускіх гаворак (з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход)[4].
СМІ
[правіць | правіць зыходнік]Адзіным цалкам беларускамоўным тэлеканалам быў «Белсат», перадачы якога транслююць на Беларусь з Польшчы праз спадарожнікі Astra 4A, Eutelsat 33B і інтэрнэт. Аднак у 2017 годзе «Белсат» перастаў быць цалкам беларускамоўным каналам, запушчана трансляцыя на рускай мове[29].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Белсат: Беларусаў прызналі паўнапраўнаю нацыянальнай меншасцю ў Чэхіі Архівавана 13 красавіка 2014.
- ↑ Belarusian: UNESCO WAL (англ.). UNESCO World Atlas of Languages. Праверана 18 лістапада 2023.
- ↑ Таксама па-беларуску размаўляюць у Азербайджане, Канадзе, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Малдове, Таджыкістане, Туркменістане, ЗША, Узбекістане, паводле звестак Этналога.
- ↑ а б в г д е Беларуская мова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 414—416. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- ↑ Плотнікаў, Антанюк 2003.
- ↑ Антропология Беларуси в исследованиях конца XІX – середины XX в.(руск.). ЛитРес. 10 April 2018. pp. 113–. ISBN 978-5-04-109768-4.
- ↑ а б Нарысы па гісторыі беларускай мовы / Рэдкал.: П. Ф. Глебка [і інш.]. — Мінск : Вучпедвыд БССР, 1957. — С. 17.
- ↑ НАЦЫЯНАЛЬНЫ СТАТЫСТЫЧНЫ КАМІТЭТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ. ВЫНІКІ ПЕРАПІСУ НАСЕЛЬНІЦТВА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 2019 ГОДА 264.
- ↑ Звесткі ўсерасійскага перапісу 2002 г.(недаступная спасылка)
- ↑ Звесткі ўсеўкраінскага перапісу 2001 г.
- ↑ Звесткі ўсяпольскага перапісу 2002 г.
- ↑ Звесткі ўсебеларускага перапісу 1999 г.(недаступная спасылка).
- ↑ Беларуская мова ў Ethnologue. Languages of the World.
- ↑ Сацыёлагі: Беларусы любяць, але не адстойваюць | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (3 лістапада 2009). Праверана 29 лютага 2024.
- ↑ Артыкул «Ці патрэбны беларусам беларускамоўныя школы?» Архівавана 25 верасня 2011.
- ↑ Образование в Республике Беларусь, 2024 (руск.). Национальный статистический комитет Республики Беларусь (12 ліпеня 2024).
- ↑ Почему белорусы стали чаще говорить на родном языке – результаты опроса
- ↑ Маркер интеллигентности. Белорусский язык набирает популярность у молодежи и школьников (руск.)
- ↑ s13.ru. Белорусы стали чаще говорить на родном языке – результаты опроса — Блог Гродно s13 (руск.). s13.ru. Праверана 29 лютага 2024.
- ↑ «Маркер интеллигентности». Ученые объяснили, почему белорусский язык все популярнее у молодежи и школьников (руск.). Зеркало (20 лютага 2024). Праверана 29 лютага 2024.
- ↑ Беларусы ўдвая болей сталі чытаць пра сваё па-беларуску. Такі трэнд назіраецца ў «Вікіпедыі» з 2020 года . Наша Ніва. Праверана 29 лютага 2024.
- ↑ На польскай мове — 670 чалавек, на літоўскай мове — 57 чалавек.
- ↑ На польскай мове — 868 чалавек, на літоўскай мове — 63 чалавекі.
- ↑ Urzędowy Rejestr Gmin, w których jest używany język pomocniczy(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2007. Праверана 21 верасня 2009.
- ↑ Ніва № 8 (2754), 22 лютага 2009
- ↑ Беларуская Ўскраіна . Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011. Праверана 12 красавіка 2014.
- ↑ Результати перепису населення 2001 року. Національний склад(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2010. Праверана 12 красавіка 2014.
- ↑ Звычайна падаецца лік 39, без уліку 9 падоўжаных варыянтаў зычных як «простых варыянтаў». Часам не ўлічваюцца таксама рэдкія зычныя, таму можна сустрэць яшчэ меншы лік зычных. Лік 48 ахоплівае ўсе зычныя гукі, разам з варыяцыямі і рэдкімі, якія могуць мець фанетычнае значэнне ў сучаснай беларускай мове.
- ↑ Тэлеканал «Белсат» запускае перадачу па-расейску . svaboda.org (31 траўня 2017).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9.
- Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.
- Жураўскі, А. І. Беларуская мова / А. І. Жураўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — С. 377—382.
- Жураўскі, А. І. Беларуская мова / А. І. Жураўскі // Этнаграфія беларусаў: Энцыкл. — Мінск : БелСЭ, 1989. — С. 56—58.
- Каліта І., Садоўская А., Старавойтава Н. Фразеалагічны мінімум беларускай мовы: задачы і перспектывы. Ústí nad Labem: PF UJEP, 2021. 210 с., с. 9-98. ISBN 978-80-7561-324-0. DOI: 10.21062/B/FMBJ/2021.02
- Каліта І. У. Трасянка як моўны і культурны нігілізм // Личность — слово — социум: материалы VIII Международной науч.-практ. конф. 28-29 апреля 2008 г., Минск: в 2 ч. / отв. ред. Т. А. Фалалеева. — Минск : Паркус-Плюс, 2008, ч. 1., 256 с., ISSN 2076-4588, c. 105—110.
- Калита И. В. Современная Беларусь: языки и национальная идентичность. Ústí nad Labem, ISBN 978-80-7414-324-3, 2010, 300 s. s. 112—190.
- Калита И. Беларусский язык как специфический родной язык. In: Usta ad Albim BOHEMICA, 2009, roč. IX, č. 1., 244 s., s. 94-101. ISSN 1802-825X.https://www.pf.ujep.cz/wp-content/uploads/2018/06/KBO_casopis2009-1.pdf
- Каліта І. Беларуская мова і праблемы яе функцыянальнасці. In: Нацыянальная мова і нацыянальная культура: аспекты ўзаемадзеяння (да 95-годдзя з дня нараджэння прафесара Ф. М. Янкоўскага). (Рэд.: Андарала і інш). Мінск: БДПУ імя М. Танка, 2013. 396 s., s. 75-78. ISBN 978-985-541-152-0.
- Плотнікаў Б. А., Антанюк Л. А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. — Мн.: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003. — 672 с. — ISBN 985-482-033-5. — ISBN 985-428-614-2.
- Нарысы па гісторыі беларускай мовы : Дапаможнік для студэнтаў ВНУ / Рэдкал.: П. Ф. Глебка [і інш.] ; АН Беларускай ССР. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа. — Мінск : Вучпедвыд БССР, 1957. — 450 с.
- Півторак Г. П. До питання про українсько-білоруську мовну взаємодію донаціонального періоду: (Досягнення, завдання і перспективи досліджень) // Мовознавство. — 1978. — № 3. — С. 31-40.
- Півторак Г. П. Українська, білоруська, російська: Три мови — три історії // VІ Міжнародний конгрес україністів (Донецьк, 26 черв. — 1 лип. 2005 р.): Доповіді та повідомлення. — Кн. 5: Мовознавство. — К., 2007. — С. 521—529.
- Півторак Г. П. Походження українців, росіян, білорусів та їхніх мов: Міфи і правда про трьох братів слов’янських зі «спільної колиски». Архівавана 22 мая 2011. — К.: Академія, 2001. — 152 с. (2-ге вид., доп. — К.: Арістей, 2004. — 180 с.).
- Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси / Нац. акад. наук Беларуси. Ин-т языкознания им. Я. Коласа, Бел. респ. фонд фундамент. исслед. ; под ред. А. Н. Булыко, Л. П. Крысина. — Минск : Беларуская навука, 1999. — 246 с.
- Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / Л. М. Шакун. — Мінск : Выд-ва М-ва вышэйш., сярэд. спец. і праф. адукацыі БССР, 1963. — 339 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская мова ў Вікіпадручніку | |
Беларуская мова ў Вікіцытатніку | |
Беларуская мова на Вікісховішчы |
- Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі
- Горицкая О. С. Три алфавита и путь кириллицы: история белорусских букв(недаступная спасылка) (4 верасня 2016). Архівавана з першакрыніцы 8 кастрычніка 2020. Праверана 19 лютага 2021.