Перайсці да зместу

Вялікае Княства Літоўскае

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае
ст.-бел. Великое князство Литовское, Руское, Жомойтское и иных
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Гімн: Багародзіца[1]
< 
< 
 >
 >
XIII стагоддзе — 1795

Сталіца

да 1323 г. — Наваградак

з 1323 г. — Вільня
Мова(ы) лацінская; старабеларуская; з XVII ст. польская мова
Афіцыйная мова польская, русінская мова, літоўская мова, лацінская мова, беларуская і старабеларуская мова
Рэлігія паганства, праваслаўе, каталіцтва, уніяцтва, кальвінізм, лютэранства, іслам, іудаізм
Грашовая адзінка літоўская грыўня, грош і Злоты
Плошча
  • 200 000 км² (1260)
  • 930 000 км² (1430)
  • 320 000 км² (1572)
  • 250 000 км² (1791)
  • 132 000 км² (1793)
Насельніцтва
  • 3 500 000 чал. (1500)
  • 400 000 чал. (1260)
  • 4 840 000 чал. (1770)
Форма кіравання манархія, канстытуцыйная манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Герб Вялікага Княства Літоўскага — «Пагоня», з Літоўскага Статута (1588)

Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае, скарочана ВКЛ (ст.-бел. Великое князство Литовское, Руское, Жомойтское и иных, лац.: Magnus Ducatus Lithuaniae), поўная назва Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае, Ру́скае, Жамо́йцкае і і́ншых зяме́ль — еўрапейская дзяржава, якая існавала з сярэдзіны XIII ст. да 1795 года.

Паводле польскага гісторыка Генрыка Пашкевіча, літоўскага гісторыка Томаса Баранаўскаса і іншых, дзяржава ўзнікла ў канцы XII стагоддзя[2]. Аднак большасць гісторыкаў, у тым ліку літоўскіх, адлічваюць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага ад 1240-х гадоў[3][4][5][6][7]. Генезіс дзяржавы не мае агульнапрынятай канцэпцыі і выклікае дыскусіі[8][9][10][11][12][13]. На ранніх этапах існавання дзяржавы і ў XIV—XVI стагоддзях тэрыторыя ВКЛ значна пашырылася ўключэннем славянскіх, балцкіх і іншых зямель, урэшце ахапіла ўсю сучасную Беларусь, амаль усю сучасную Літву, апроч Клайпедскага краю, а таксама вялікую частку сучаснай Украіны, захаднюю частку Расіі, паўночна-ўсходнюю частку Польшчы (Падляшша), Латвіі, паўднёвую частку Эстоніі і ўсходнюю Малдовы (Левы бераг Днястра). У часы росквіту ў XV стагоддзі дзяржава была найбуйнейшай у Еўропе[14]. Вялікае Княства Літоўскае было шматнацыянальнай і шматканфесійнай дзяржавай з вялікай разнастайнасцю моў, рэлігій і культурнай спадчыны.

У 1253 годзе вялікі князь літоўскі Міндоўг ахрысціўся ў каталіцтва і каранаваны як кароль літоўскі, але неўзабаве адмовіўся ад каталіцтва і такім чынам ад тытула, вярнуўся да язычніцтва. Язычніцтва значнай колькасці насельніцтва дзяржавы, у тым ліку і вялікіх князёў літоўскіх, было падставай для сталых крыжовых паходаў Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў. Шматэтнічная дзяржава працягвала пашырацца пры Гедзіміне[15] і пры яго сыне Альгердзе[16]. Пераемнік Альгерда Ягайла падпісаў Крэўскую унію ў 1385 годзе, якая стала прычынай значных змен у Вялікім Княстве Літоўскім, афіцыйна ўсе язычнікімі былі ахрышчаны ў каталіцтва і створаны дынастычны саюз паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім[17].

Уладарства Вітаўта адзначаецца як час найбольшага пашырэння тэрыторыі Вялікага Княства і паразы Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, а таксама адзначаецца ростам колькасці прывілеяў шляхты ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта адносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім значна пагоршыліся[18]. Магнаты ВКЛ, у тым ліку сям’я Радзівілаў, спрабавалі скасаваць унію з Польшчай[19], аднак няўдалыя войны Вялікага Княства супраць Маскоўскага княства дапамаглі уніі застацца некранутай.

У выніку Люблінскай уніі 1569 года была створана так званая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў. У складзе гэтай федэрацыі Вялікае Княства Літоўскае захавала сваю палітычную самабытнасць і мела асобныя ўрад, сістэму ўрадаў (пасад), сімволіку, законы, армію і скарб[20].

У ходзе трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) большая частка ВКЛ увайшла ў склад Расійскай імперыі, а меншая — у склад Прускага Каралеўства і Аўстрыі. Ад канчатковага знікнення дзяржаву не змагло выратаваць і патрыятычнае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе, накіраванае супраць трох краін-захопнікаў — Расіі, Прусіі і Аўстрыі.

Да Люблінскай уніі

[правіць | правіць зыходнік]

Акалічнасці генезісу дзяржавы застаюцца прадметам навуковых і ідэалагічных спрэчак.

Дзяржава ўтваралася ва ўмовах барацьбы з Лівонскім і Тэўтонскім ордэнамі, Галіцка-Валынскай дзяржавай, (гл.далей: Вайна Тэўтонскага ордэна ў Прусіі, Вайна Тэўтонскага ордэна і ВКЛ).

Працэс фарміравання Вялікага Княства Літоўскага быў працяглым. Дынастычныя шлюбы, пагадненні паміж асобнымі княствамі (у рэдкіх выпадках захоп) прывялі да ўзнікнення федэратыўнага аб’яднання. Вядучую ролю ў ім адыгрывалі ўсходнеславянскія дзяржаўныя традыцыі з адпаведнымі законамі, мовай, рэлігіяй.

Першапачатковая Літва з’яўлялася ўсходнебалцкім этнапалітычным аб’яднаннем (правадырствам), якое існавала ў міжрэччы верхняга Нёмана і Віліі ў XI — першай палове XIII ст. Старажытная Літоўская зямля займала паўночна-заходнюю частку сучаснай тэрыторыі Беларусі і прылеглую частку сучаснай тэрыторыі Літвы, ахоплівала абшар ад Налібоцкай пушчы да ваколіц Вільні. На чале гэтага дадзяржаўнага ўтварэння знаходзіўся разгалінаваны род мясцовых правадыроў, прадстаўнікі якога канкуравалі за ўладу і шукалі новыя крыніцы ўзбагачэння. Так, у выніку інтэграцыі літоўскіх князёў-правадыроў і іх дружын у дзяржаўна-палітычныя структуры Наваградскай зямлі ўзнікае Вялікае Княства Літоўскае. Тэрыторыю маладога дзяржаўнага ўтварэння насялялі групы ўсходнеславянскага (у асноўным нашчадкі дрыгавічоў і крывічоў) і балцкага (літва і яцвягі) насельніцтва. Дадатковым імпульсам да пачатку дзяржаваўтварэння стала нарастанне знешняй пагрозы з боку нямецкіх анклаваў ва Усходняй Прыбалтыцы (Інфлянты і Прусы) і Арды. ВКЛ будавалася ў змешаным біэтнічным балта-славянскім рэгіёне — Літве (Наваградчына, Гарадзеншчына, Віленшчына, заходняя Меншчына) праз саюз галоўных палітычных сілаў рэгіёна — славянскіх панямонскіх гарадоў і мацнейшых балцкіх правадыроў. Першы зафіксаваны крыніцамі саюз — Наваградка з Міндоўгам каля 1248 г. (пазней працягнуўся як саюз Наваградак — Трайдзень). У дзяржаўным будаўніцтве за ўзоры браліся найперш даўно існыя ў рэгіёне дзяржаўныя ўтварэнні — Гарадзенскае і Наваградскае княствы, у якасці афіцыйнай была прынятая славянская, дакладней старабеларуская мова.

ВКЛ, якое ўзнікла ў кантактнай зоне, не перапыніла і не змяніла характару працэсу балта-славянскіх кантактаў, а наадварот, узмацніла і прыспешыла яго праз прыняцце ўсходнеславянскай мадэлі дзяржаўнага будаўніцтва і старабеларускай мовы ў якасці дзяржаўнай. Адсюль сам генезіс ВКЛ можна разглядаць як праяву ці эпізод працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння. Сведчаннем гарманічнай узаемасувязі названых працэсаў з’яўляецца паспяховае развіццё ВКЛ, якое перарасло тэрытарыяльна не толькі Панямонне, але і ўсю зону балта-славянскага кантакту.

На першым этапе сваёй гісторыі дзяржава змагалася за выжыванне, і хоць тэрытарыяльна не павялічылася, але і не паменшылася. Вонкавыя ўмовы аказаліся спрыяльнымі для ўзнікнення моцнай дзяржаўнай арганізацыі. Некаторыя суседзі, як Галіцка-Валынскае княства, Інфлянцкі, пазней і Тэўтонскі ордэны стваралі рэальную пагрозу звонку, але паасобку не мелі дастаткова сілы, каб ліквідаваць маладую дзяржаву. Першую смяротна небяспечную кааліцыю галіцка-валынскіх князёў з інфлянцкімі рыцарамі паспяхова разваліў Міндоўг, а наступныя гаспадары да падобнага ўжо не дапускалі.

Пастаянная знешняя пагроза спрыяла фармаванню моцнай цэнтральнай улады ў асобе вялікага князя. Гэтая спецыфіка краіны пачала выяўляцца ўжо на пачатковым этапе яе гісторыі: менавіта вялікія князі, якія мабілізавалі насельніцтва на адпор знешняму ворагу, здабылі надзвычайныя ўладныя прэрагатывы. Другая спецыфічная рыса — талерантная рэлігійная і этнічная палітыка вялікіх князёў літоўскіх, адпаведная даўняй мясцовай традыцыі сужыцця розных рэлігій і этнасаў.

Прынятае з тактычных разлікаў хрышчэнне ў каталіцтва (1251 г.) першым вялікім князем Міндоўгам, потым яго каралеўская інаўгурацыя з санкцыі папы рымскага (1253 г.) засведчылі ўзмацненне ў краіне ўплыву заходнееўрапейскай цывілізацыі.

Гаспадарства перажыло цяжкі ўнутраны крызіс, распачаты забойствам Міндоўга (1263 г.). Дзяржаву ўратаваў сын Міндоўга Войшалк пры падтрымцы славянскіх гарадоў (найперш Пінска і Наваградка), коштам прызнання васальнай залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў і стварэння дуумвірату (1264—1267 г.) з адным з іх — сваім шваграм — холмскім і белзскім князем Шварнам Данілавічам (быў жанаты з сястрой Войшалка).

Дзяржава захавала адзінства і ўмацавалася ў часы гаспадарання Трайдзеня (1270—1282 г.) і ў г. зв. «цёмны перыяд» (1283—1292 г.), пра які з-за недахопу крыніц вядома вельмі няшмат (не ведаем нават імя тагачаснага вялікага князя).

У «цёмным перыядзе» крыюцца пачаткі дынастыі Гедзіміна, першым пэўна вядомым прадстаўніком яе быў Будзівід, толькі аднойчы згаданы крыніцамі. Мацаванне асноў дзяржавы давяршыў сын Будзівіда Віцень, які ўладарыў у 1295—1315 гадах. Гаспадарства, перададзенае ім у спадчыну брату Гедзіміну, аказалася дастаткова моцным, каб, скарыстаўшы спрыяльныя ўмовы актывізавацца і распачаць з 1320-х гадоў імклівы рост у геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы.

Пасля смерці вялікага князя Гедзіміна (1341) і адносна кароткага перыяду адасаблення некаторых тэрыторый на чале дзяржавы стаў сын Гедзіміна Альгерд, які княжыў у 1345—1377 гадах. Яго намаганнямі ўладанні Вялікага Княства Літоўскага пашырыліся і ўключалі Чарнігава-Северскія, Падольскія, Пераяслаўскія землі, Смаленскае княства, а таксама тэрыторыі ў басейнах Днястра, Паўднёвага Буга, паўднёвага Дняпра. У выніку ваенных дзеянняў з Маскоўскім княствам у 1368—1372 гадах да княства далучаны значныя раёны на паўночным усходзе да Мажайска.

Апроч таго, у XIV ст. ВКЛ увайшло ў тэрытарыяльныя спрэчкі і ваенныя канфлікты з Польшчай, найперш за Валынь і Галічыну (гл.далей: Вайна за галіцка-валынскую спадчыну), і Вялікім Княствам Маскоўскім за землі Масковіі і Русі (гл.далей: Маскоўскія паходы Альгерда).

На працягу XIV ст. ВКЛ распаўсюдзіла свае ўладанні на поўдзень і ўсход. Значна аслабіў дзяржаву ўнутраны канфлікт вакол улады (1370—1390-я), калі на карысць Тэўтонскага ордэна была часова страчана Жамойць.

У 1377 годзе княжацкі сталец заняў сын Альгерда Ягайла. 3 гэтага часу пачынаецца складаны перыяд барацьбы за ўладу ў княстве паміж братам Альгерда Кейстутам, яго сынам Вітаўтам і Ягайлам. Але яна спынілася ў сувязі з узмацненнем агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Такая ж небяспека пагражала і Польскаму каралеўству. Таму ў 1385 годзе ў Крэўскім замку быў заключаны саюз (унія), паводле якога Ягайла быў абвешчаны польскім каралём са сталечным імем Уладзіслаў II. Пасля шлюбу з польскай каралевай Ядвігай ён павінен быў далучыць да Польшчы Вялікае Княства Літоўскае і ўвесці ў ім каталіцкую рэлігію (гл.далей Крэўская унія). Гэта паслужыла пачаткам вострай унутрыдзяржаўнай барацьбы, якую ўзначаліў гродзенскі князь Вітаўт (брат Ягайлы). Ягайла і польскія магнаты вымушаны былі змяніць умовы Крэўскай уніі. 5 жніўня 1392 года заключана Востраўскае пагадненне, паводле якога за Вялікім Княствам Літоўскім захоўвалася самастойнасць (незалежны ўрад, скарб, войска), а вялікім князем быў абвешчаны Вітаўт. Пагадненне таксама забараняла палякам набываць ці атрымліваць у спадчыну землі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вітаўт, абапіраючыся на сваіх намеснікаў, імкнуўся да поўнай незалежнасці дзяржавы. 3 гэтай мэтай ён збіраўся стаць каралём. Але ажыццявіць задумы перашкодзіла заўчасная смерць, магчыма, і забойства.

З канца XIV ст. вярхі ВКЛ узялі курс на саюз з Польшчай. Да 1430 года, падчас княжання Вітаўта, княства дасягнула максімальна вядомай магутнасці і тэрытарыяльнага пашырэння [21], аднак, хутка пачало страчваць тэрыторыі, найперш на карысць Польшчы (паўднёва-заходнія рускія землі), а з канца XV ст. на ўсходзе на карысць Масквы.

Пасля Крэўскай уніі ВКЛ і Польшча аб’ядналіся на аснове дынастычна-персанальнай уніі пры захаванні імі пэўнай самастойнасці ва ўнутранай і знешняй палітыцы. Неаднаразовае аднаўленне і перазаключэнне уній (у 1401, 1413, 1446, 1501) сведчыць, па-першае, аб іх нетрываласці, па-другое, аб наяўнасці ў жыцці абедзвюх дзяржаў такіх фактараў, якія падштурхоўвалі іх да збліжэння. У XV—XVI стст. вызначылася трывалая тэндэнцыя: чым больш абвастраліся адносіны Вільні з Масквой, тым больш ВКЛ схілялася да аб’яднання з Польшчай. Няўдачы ў Лівонскай вайне, захоп войскам Івана Грознага Прыбалтыкі і Полацка адсекла ўсходнюю і цэнтральную часткі Беларусі ад мора, што было цяжкім ударам па гандлі. Сілы дзяржавы былі на мяжы магчымага. Гэта вайна, як адзначалі пазней палітыкі, прыгнала ВКЛ да новай уніі з Польшчай.

Пасля Люблінскай уніі

[правіць | правіць зыходнік]
Карта Вялікага Княства Літоўскага, створаная Г. Меркатарам. З кнігі «Atlas sive Cosmographicae Meditationes». Дуйсбург. 1595. Першая карта, якая паказвае Вялікае Княства Літоўскае асобна ад іншых краін Еўропы
Magnus Ducatus Lithuania, Tobias Lotter, 1780
Тытульны ліст Статута ВКЛ (1588)

Падчас Люблінскай уніі Вялікае Княства павінна было перастаць існаваць адразу пасля падпісання акта уніі ў Любліне. Аднак, баючыся незадавальнення насельніцтва і ўзрастання ўплыву Маскоўскай дзяржавы на гэтых землях, польскія вярхі былі вымушаны згадзіцца на захаванне Вялікага Княства як самастойнай дзяржавы. У выніку Польскае каралеўства прыняло Вялікае Княства Літоўскае як роўнага партнёра, але коштам за тое паслужыла страта паўдёвых (пераважна ўкраінскіх) земляў.[22] Рэч Паспалітая ўяўляла сабой раннюю форму аб’яднання на федэратыўнай аснове, дзе Вялікае Княства Літоўскае валодала пэўнай самастойнасцю.[23] Такі стан быў замацаваны Статутам 1588. Але вонкавыя і ўнутраныя войны, казацкія паўстанні, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654—1667, Паўночная вайна, 1700—1721, аслабіблі моц Рэчы Паспалітай, і асабліва Вялікага Княства Літоўскага і яно перастала граць самастойную ролю ў міжнароднай палітыцы. У выніку трох Падзелаў Рэчы Паспалітай Вялікае Княства ўвайшло ў склад Расійскай імперыі.

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржаўны і палітычны лад краіны прайшоў эвалюцыю ад вярхоўнай улады князя з яго шырокімі паўнамоцтвамі, да «залатых шляхецкіх вольнасцей», дзе яго ўлада была вельмі абмежаванаю.

На чале Княства стаяў вялікі князь (гаспадар). Ён быў носьбітам вярхоўнай улады. Яго гаспадарскі суд быў вышэйшай інстанцыяй.

Вялікі князь прадстаўляў выканаўчую ўладу ў краіне. Яго заканадаўчая функцыя была абмежаваная соймам — з’ездам дэлегатаў ад рэгіянальных збораў феадалаў (сходаў) і вялікакняжацкай Радай (з XVI ст. яе звалі Паны-Рада). Калі ж вялікі князь абіраўся таксама і польскім каралём і з’яжджаў у Кракаў, сталіцу Польшчы, то функцыі вышэйшай выканаўчай улады пераходзілі да Паноў-Рады.

Найболей уплывовымі постацямі вышэйшага кіраўніцтва ВКЛ былі біскуп віленскі (кіраўнік каталіцкай царквы ў Літве), ваявода віленскі, маршалак літоўскі (старшыня Сойма і Паноў-Рады), вялікі гетман літоўскі (галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі) і вялікі канцлер (кіраўнік урада).

Вялікае Княства Літоўскае было феадальнай дзяржавай. Пад час хуткага пашырэння яго тэрыторыі ў XIII—XIV стст., мясцовыя князі і жыхары буйных гарадоў заключалі з вялікім князем дамовы аб яго вярхоўнай уладзе і захаванні мясцовага самакіравання, згодна са старым звычаям «старыны не рухаем, навіны не ўводзім». Усталёўвалася васальная залежнасць мясцовых князёў ад вялікага князя.

У XIII—XIV стст., князь пачаў вырашаць некаторыя дзяржаўныя пытанні разам з Панамі-Радай, якая ў XVI ст. пераўтварылася ў прадстаўнічы орган магнатаў. Паводле прывілея 1506 г., вялікі князь абавязваўся не прымаць ніякіх пастаноў без згоды Паноў-рады.[24][25] Такія абмежаванні былі замацаваныя ў Статутах 1529, 1566, 1588 г.

У XV ст. пачалі збірацца агульнадзяржаўныя з’езды — соймы, у якіх удзельнічала і шляхта.

Тэрыторыя і адміністрацыйны падзел

[правіць | правіць зыходнік]
Склад краіны ў XVII стагоддзі (паміж 1634 і 1654 гг.).

Першапачаткова Вялікае Княства Літоўскае аб’ядноўвала 3 зямлі: уласна Літва (плошча каля 64 тыс. км²), Жамойць (27 тыс. км²) і Наваградскай (з Горадняй, Ваўкавыскам, Слонімам, 23 тыс. км²). Гэтае першапачатковае ядро дзяржавы ахоплівала каля 114 тыс. кв. км, прычым 80 % займала балцкае, рэшту — усходнеславянскае («рускае») насельніцтва.

На працягу другой паловы XIII — першай паловы XIV стст. да яго далучыліся Полацкае, Віцебскае, Таропецкае, Менскае, Свіслацкае, Пінскае і інш. княствы агульнай плошчай каля 136 тыс. км², а таксама частка Валыні з Берасцейшчынай (56 тыс. км²). У адрозненне ад Наваградчыны, на якую пазней пашырылася назва «Літва», яны захвалі назву «Русь». Гэтая двухчасткавасць дзяржавы абумовіла тытулатуру Гедзіміна і яго спадкаемцаў як «гаспадароў Літвы і Русі». У сярэдзіне XIV ст. каля 2/3 тэрыторыі дзяржавы займала «рускае» насельніцтва, каля 1/3 — балцкае.

У 1345 Альгерд і Кейстут падзялілі паміж сабой ВКЛ на Віленскую і Троцкую паловы (пад вярхоўнай уладай Альгерда). Альгерду, а потым яго нашчадкам падпарадкоўваліся Вільня з усходняй паловай сучаснай Літвы, на Беларусі — Віцебск, Лагойск, Менск, Полацк і Слуцк, пазней — Кобрын і Мсціслаў. У Троцкую палову Кейстута і яго нашчадкаў увайшлі Жамойць, Коўна, Берасце, Ваўкавыск, Горадня, Каменец, Наваградак, Слонім. Былое Свіслацкае княства з Бабруйскай і Любашанскай валасцямі было падзелена паміж Віленскай і Троцкай паловамі.

У сярэдзіне XIV ст. ВКЛ ахоплівала больш за 300 тыс. км², пры гэтым першапачатковае ядро («палітычная Літва») займала каля 38 %, а ўласна Літва з Жамойцю («этнічная Літва») — менш як 30 % яго тэрыторыі. Знешнія межы яшчэ былі нестабільныя. У 1349 на карысць Польшчы страчана частка Валыні (Белз, Холм, Уладзімір), ненадоўга вернутая ў 1352, але зноў страчаная ў 1366. У 13511366 Дарагічынская зямля належала Мазавецкаму княству (васалу Польшчы). З 1370 Уладзімірскі і Крамянецкі паветы замацаваліся ў складзе ВКЛ.

Адначасова на працягу 1350—1360-х адбылося істотнае павелічэнне тэрыторыі ВКЛ на усходзе: вялікі князь Альгерд, карыстаючыся аслабленнем Залатой Арды, падпарадкаваў частку Смаленскай (з Мсціславам, Белым і Ржэвам), Чарнігава-Северскую, Кіеўскую і Падольскую землі. З іх заходняя частка Падолля ў 1366 адышла да Польшчы, Ржэўская воласць належала ВКЛ толькі часова (да 1357, у 13591367, 13711381). Тэрыторыя ВКЛ дасягнула 630 тыс. км², доля «палітычнай Літвы» знізілася да 18 %, а этнічнай — да 14 %. Альгерд непасрэдна кантраляваў 10—15 % тэрыторыі, яго фактычны суправіцель Кейстут — прыкладна столькі ж, а 70—75 % складалі ўдзелы і вотчыны іншых князёў.

Большасць старажытных валасцей захаваліся як адміністрацыйныя адзінкі, яны былі часткова пераразмеркаваны ва ўдзелы Гедзімінавічаў (Гарадзенскае, Віцебскае, Заслаўскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Полацкае, Слуцкае княствы) ці вотчыны мясцовых княжацкіх дынастый (Гарадзецкае, Друцкае, Лукомскае); некаторыя значныя воласці (Берасцейская, Барысаўская, Ваўкавыская, Лагойская, Менская, Слонімская і інш.) кіраваліся намеснікамі вялікага князя. У канцы 1360-х гадоў дробныя княствы на ўсходнім памежжы (Вяземскае, Казельскае, Навасільскае) знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Альгерда, якая скончылася пасля 1371.

У выніку міжусобіц 1380-х гадоў у ВКЛ Ратненскае княства на Валыні часова перайшло ў васальную залежнасць да караля Польшчы і Венгрыі, Жамойць у 1384 трапіла пад кантроль Тэўтонскага ордэна, Дарагічынская зямля у 1390 — пад кантроль Мазовіі. Пасля 1392 вялікі князь Вітаўт аднавіў працэс пашырэння тэрыторыі: у 1396 была далучана рэшта Смаленскай зямлі (часова аднавіла незалежнасць у 14011404), да 1408 (у 1390-я ?) вернута Дарагічынская зямля, у 1410 — Жамойць, у 1413 — Заходняе Падолле. На правабярэжжы Дняпра ўлада ВКЛ пашыралася на стэпавы абшар да Чорнага мора, але гэтая тэрыторыя заставалася амаль незаселенай. У гэты ж час адбыліся істотныя змены ў адміністрацыйныя структуры. Вітаўт далучыў да велікакняжацкага дамена былыя ўдзелы Кейстутавічаў (Трокі, Горадня, Берасце і інш.), ліквідаваў удзелы ў Віцебску, Кіеве, Новагародку, Полацку, Смаленску, Чарнігаве і замяніў мясцовых князёў сваімі намеснікамі. Краіна падзялялася на судова-адміністрацыйныя акругі (княствы і намесніцтвы), межы якіх не былі вызначаны заканадаўча, а гістарычна склаліся ў мінулым.

На тэрыторыі Беларусі было каля 20 княстваў і намесніцтваў, якія з’яўляліся асноўнымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі. Яны падзяляліся на больш дробныя воласці, якія паступова распадаліся ў працэсе падаравання земляў феадалам. Да 1427 у склад ВКЛ увайшлі Вярхоўскія княствы (Адоеў, Карачаў, Масальск і інш.), а таксама Вяземскае княства, з мясцовымі князямі на чале. На месцы былога Навасільскага княства, запусцелага ў выніку татарскіх нападаў, утварыліся Любуцкае, Мцэнскае, Тульскае намесніцтвы. У 1420-я ВКЛ дасягнуоа свайго максімальнага пашырэння — каля 687 тыс. км² (без уліку прычарнаморскіх стэпаў). Пры гэтым тэрыторыя сучаснай Літвы займала каля 10 % сучаснай Украіны — 33 %, Расіі — 23 %, Падляшша — 1,8 %, Беларусі — каля 30 % (доля Беларусі ў этнаграфічных межах XIX ст., са Смаленшчынай і Падляшшам, дасягала 38 %).

На пачатку XVI стагоддзя аформілася 2-узроўневая адм. структура.

  • Вышэйшы ўзровень ваяводствы і землі, а ваяводствы падзяляліся на княствы, намесніцтвы і панскія вотчыны.

У 15651566 была праведзена рэформа па ўладкаванню, якая падзяляла краіну на ваяводствы і паветы. Утварыліся ваяводствы:

Паводле уніі 1569 г., Брацлаўскае, Валынскае, Кіеўскае (без Мазырскага павета), Падляшскае ваяводствы далучыліся да Польскага Каралеўства.

У выніку вайны з Расіяй 1609—1618 да Вялікага Княства было далучана Смаленскае ваяводства са Старадубскім паветам.

Пасля Трынаццацігадовай вайны, плошча тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага склала 306 тыс. км² і не мянялася амаль стагоддзе[26].

Гродна — гравюра Т. Макоўскага, 1600 г.

У выніку росту абмену прадукцыяй сельскай гаспадаркі і рамеснымі вырабамі, спецыялізацыі рамяства і расшырэння вытворчасці развіваліся гарады, павялічвалася іх колькасць. У XIIIXIV стст. на тэрыторыі Беларусі было каля 40 гарадоў[27]. У XV ст. рысы гандлёвых і рамесніцкіх цэнтраў набылі былыя крэпасці, феадальныя замкі, некаторыя гаспадарскія двары. У XVI ст. на Беларусі ўзнікла больш за 200 своеасаблівых пасяленняў гарадскога тыпу — мястэчак. У сярэдзіне XVII ст. у ВКЛ было 757 гарадоў і мястэчак. Буйнымі лічыліся гарады, якія мелі 10 і больш тысяч жыхароў, сярэднімі — больш за 5, малымі — 2-5 тысяч жыхароў. У мястэчках было ад некалькіх сотняў да 1,5 тысяч жыхароў[27]. Гарады і буйныя мястэчкі выконвалі функцыі: эканамічную — былі цэнтрамі рамяства і гандлю, пунктамі складання тавараў, рачнога суднабудавання, месца правядзення кірмашоў, прыпынку купцоў, рачнымі портамі; адміністрацыйную — з’яўляліся цэнтрамі ваяводстваў, паветаў, валасцей, царкоўных прыходаў, феадальных уладанняў; вайсковую — служылі крэпасцямі, месцамі збору і сканцэнтраванняў войска. па меры ператварэння гарадоў у гандлёва-рамесніцкія цэнтры ўзмацнялася іх імкненне выйсці з-пад юрысдыкцыі вялікакняжацкай адміністрацыі, стварыць сваю сістэму самакіравання і судова-адміністрацыйную ўладу. З канца XIV ст. у гарадах, а пазней і ў асобных мястэчках ва ўмовах жорсткай грамадска-палітычнай барацьбы мяшчане дамагаліся магдэбургскага права.

Сацыяльны склад, маёмаснае і прававое становішча насельніцтва гарадоў былі неаднолькавыя. Гарадскія вярхі складаліся з феадалаў-баяр і вышэйшага духавенства. Да іх набліжаліся багатыя купцы і багатыя рамеснікі. Найбольшую групу гараджан складалі рамеснікі, арганізаваныя ў цэхі, гандляры, дробныя і сярэднія купцы, земляробы. У гарадах таксама жылі феадальна-залежныя людзі, пераселеныя сюды сваімі ўладальнікамі.

У часы ваеннага ліхалецця сярэдзіны XVII ст. большасць гарадоў і мястэчак была спустошана, некаторыя цалкам спалены. Асабліва пацярпелі гарады падчас паўстання Б. Хмяльніцкага і вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. Улічваючы цяжкі стан гарадоў, Сейм Рэчы Паспалітай вымушаны быў на працягу 1660-х гадоў прыняць пастановы аб вызваленні іх ад падаткаў. Паводле гэтых пастаноў, 22 гарады вызваляліся на 4 гады ад усіх падаткаў на карысць дзяржавы, акрамя чопавага і пошлінных збораў[28].

Падчас Паўночнай вайны 17001721 большасць гарадоў і мястэчак былі разбураны. У другой палове XVIII ст. эканоміка большасці гарадоў стабілізавалася, а ў канцы стагоддзя большасць з іх пераадолела заняпад.

Вялікае Княства Літоўскае было пераважна хрысціянскай краінай (Праваслаўе, Каталіцтва, Пратэстантызм, Уніяцтва1596), таксама існавала іўдзейскае і мусульманскае веравызнанне.

Іудзейскае веравызнанне

[правіць | правіць зыходнік]

Мусульманскае (ісламскае) веравызнанне

[правіць | правіць зыходнік]

Саслоўная структура

[правіць | правіць зыходнік]

У ВКЛ дамінавалі чатыры саслоўных групы — шляхта, духавенства, мяшчане і сяляне. Сацыяльныя адносіны не заўсёды насілі мірны характар. Выдзяляюць шэраг грамадзянскіх войнаў на сацыяльнай аснове — Казацка-сялянская вайна 1648—1651, сялянскае паўстанне ў Крычаўскім старостве 1743 і грамадзянская вайна паміж буйнымі магнацкімі родамі ў першай чвэрці XVIII стагоддзя і г.д.

Найбольш прывелеяваная групай была шляхта, якая паўстала ў Сярэдневечу, вылучалася сваёй колькасцю (каля 10 % ад усяго насельніцтва) і дужа багатымі сацыяльнымі і палітычнымі правамі. Шляхта не плаціла падаткаў, але павінна была збірацца на вайну ў Паспалітае рэшэнне (апалчэнне). Характэрным для шляхты Вялікага Княства Літоўскага быў міф аб яе паходжанні ад старажытных рымлянаў і атаясамленне сабе з сарматамі. Як саслоўе, шляхта была дыферэнцыяванай — вылучалася дробная, сярэдняя і буйная шляхта, або магнаты.

Духавенства было трох тыпаў — каталіцкае, праваслаўнае, уніяцкае ды пратэстанцкае.

Мяшчанства як саслоўе ўфармавалася ў Сярэднія вякі разам з паўстаннем местаў і гарадоў. Яно займала сярэдняе палажэнне паміж вышэйшым саслоўем — рыцарствам і ніжэйшым — сялянамі, або халопамі. Свае правы мяшчане пашыралі праз наданне Магдэбургскага права, якое забяспечвала ім самакіраванне. Вялікая колькасць местаў у Вялікім Княстве Літоўскім былі прыватнаўласніцкімі, што аднак, не перашкаджала самакіраванню. Галоўным заняткам мяшчан было рамяство і гандлярства. Рамеснікі і гандляры аб’ядноўваліся ў цэхі, якія праіснавалі да самога канца Вялікага Княства Літоўскага.

Сяляне, альбо халопы былі найбуйнейшым паводле колькасці станам у Вялікім Княстве Літоўскім. На іх ляжаў асноўны падаткавы цяжар — яны плацілі падаткі і неслі шматлікія павіннасці. Статут 1588 года канчаткова запрыгоньваў сялян, хаця ў іх захоўваліся ўласныя правы і de jure яны былі вольнымі асобамі. Сяляне падзяляліся на катэгорыі — халопы, бабылі, кутнікі, людзі, чэлядзь нявольная і г.д.

Вялікакняжацкая

[правіць | правіць зыходнік]

Для гаспадаркі ВКЛ ў XV—XVI стст. было характэрна далейшае паглыбленне грамадскага падзелу працы. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў значным росце гарадскіх пасяленняў. У беларускіх гарадах вытворцы-рамеснікі аб’ядноўваліся на заходні манер у цэхавыя арганізацыі. 3 цягам часу — бліжэй да XVIII ст. — у Беларусі дзе-нідзе пачала з’яўляцца мануфактурная вытворчасць.

Аднолькавыя працэсы сацыяльна-эканамічнага развіцця ВКЛ мелі падабенства з заходнееўрапейскімі галоўным чынам па форме, але значна розніліся па свайму зместу і далёка не супадалі па часе. Калі, у Заходняй Еўропе цэхавая арганізацыя працы ў канцы XV ст. знаходзілася ўжо ў стане крызісу, то ў вялікалітоўскіх землях яна ў гэты час толькі зараджалася. Калі мануфактура ў заходнееўрапейскіх краінах стала пануючай у XVI ст., а ў канцы XVIII ст. ужо зжывала сябе, то тут мануфактурная вытворчасць пачала па-сапраўднаму развівацца якраз у XVIII ст.

Што тычыцца гаспадаркі феадала ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XV стст., то яна не была прыстасавана да атрымання лішкаў збожжавай прадукцыі, якая магла б экспартавацца. Панскі двор задавальняў патрэбы толькі свайго ўладальніка. Асноўным жа падаткам для сялян быў грашовы чынш і натуральная даніна. Аднак узрастанне попыту на хлеб у краінах Заходняй Еўропы і магчымасць атрымання вялікіх прыбыткаў ад продажу прымусіла ўласнікаў зямлі ў ВКЛ перабудоўваць сваю гаспадарку. Яны пачынаюць ствараць прадпрыемствы па вытворчасці збожжа. Але для гэтага трэба было: па-першае, пашырыць плошчу панскай ворнай зямлі, па-другое, прымусіць сялян працаваць на ёй. Таму распачынаецца рэарганізацыя панскага двара ў фальварак. Першыя фальваркі ў ВКЛ з’явіліся ў XV ст. Але асаблівае пашырэнне фальваркі атрымалі з сярэдзіны XVI ст. у сувязі з правядзеннем аграрнай рэформы. Найбольшы рост фальваркаў назіраўся ў Панямонні і Падзвінні. Фальварковая гаспадарка мела ўжо таварны характар. Гэта значыць прадукцыя, якая выраблялася ў фальварку, ішла на продаж. Засноўвалася яна па-ранейшаму на працы прыгонных сялян. Але цяпер уласнікі зямлі за карыстанне надзелам пачалі патрабаваць з іх не грашовага чыншу і натуральнай даніны, а працы на панскіх землях — выканання паншчыны.

Стабільна высокі попыт на заходнееўрапейскім рынку на сельскагаспадарчую прадукцыю вызначыў аграрны характар эканомікі ВКЛ, а фальварак зрабіў вызначальным паказчыкам эканамічнага развіцця Беларусі аж да канца XVIII ст. Нават пасля спусташальных ваенных ліхалеццяў сярэдзіны XVII — пачатку XVIII стст. фальварак хутка адбудаваўся і зноў заняў сваё цэнтральнае становішча ў гаспадарчай сістэме ВКЛ. Такім чынам, галоўнай асаблівасцю эканамічнага развіцця Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVIII стст. стала ўзнікненне фальварковай гаспадаркі, якая хоць і была заснавана на выкарыстанні працы прыгонных сялян, але ўжо насіла таварны характар і працавала галоўным чынам на знешні рынак.

Транспарт і шляхі зносін

[правіць | правіць зыходнік]

Важнымі транспартнымі шляхамі ў ВКЛ былі рэкі (Нёман, Вілія, Заходні Буг, Заходняя Дзвіна, Дняпро, Прыпяць і іх буйныя прытокі), якія забяспечвалі даволі надзейную і танную дастаўку тавараў. У летні перыяд яны выкарыстоўваліся як водныя шляхі, а зімой — як лядовыя. Для рацыянальнага і бяспечнага выкарыстання рэк як транспартных шляхоў з XVI ст. практыкавалася іх ачыстка, напр., Нёмана і Віліі. З другой паловы XVIII ст. пачалі будавацца Каралеўскі канал і Агінскі канал, якія звязалі рачныя сістэмы Чорнага і Балтыйскага мораў. Для руху па рэках выкарыстоўвалі разнастайныя па танажы, канструкцыі і прызначэнні рачныя судны: камягі, віціны, разнастайныя лодкі, чаўны і проста плыты. Назіраліся рэгіянальныя асаблівасці ўжывання розных відаў суднаў: у басейне Нёмана пераважалі віціны і боты; Дзвіны — стругі, шкуты і якіманкі; Дняпра — баркі і байдакі; па каналах і невял. рэках плавалі баркі і паўбаркі. Для руху выкарыстоўваліся шасты, вёслы, ветразі. Сярэдняя хуткасць руху суднаў па цячэнні была 4-6 км/гадз, а супраць цячэння — 1,5-2 км/гадз. Найбольш значныя прыстані знаходзіліся ў Вільні, Берасці, Пінску, Віцебску, Полацку, Усцілугу, з XVII ст. — у Стоўбцах, Свержані, Бешанковічах і інш.

Сухапутныя дарогі былі грунтавыя і адлюстроўвалі асаблівасці рэльефу. Яны імкнуліся не перасякаць значных перашкод, рабілі рэзкія павароты, часта змянялі свой напрамак, на забалочаных месцах рабіліся насыпы і гаці. Бум будаўніцтва дарожна-транспартнай камунікацый на тэрыторыі ВКЛ прыпаў на пачатак XV ст., калі былі пракладзены дарогі, якія звязвалі ўсе вобласці дзяржавы з яго цэнтрам. Пры будаўніцтве дарог таго часу ўмела выкарыстоўваўся рэльеф мясцовасці. У сярэдзіне XVI — першай палове XVII ст. і з сярэдзіны XVIII ст. ажыццяўлялася пашырэнне існай сеткі дарог, яе добраўпарадкаванне. Дарогі падзяляліся паводле сваёй значнасці. Найбольш значныя ў дзяржаўным, гандлёвым плане дарогі называліся гасцінцамі і былі шырокія і добра абсталяваныя. Статут ВКЛ 1588 года агаворвае (раздзел 9, арт. 32), што гасцінцы «мають быци водле стародавного обычаю так широкие, абы на полтора прута [7,3 м] быти могли», тут жа выкладзены правілы праезду па дарогах: «воз порожний маеть уступовати возу наложоному, пеший — езному, езный — возу». Дарогі мелі сістэму дрэнажу, іх акопвалі з абодвух бакоў равамі, абапал высаджвалі дрэвы. У гарадах практыкавалася пабудова дарог з цвёрдым пакрыццём (спачатку дашчаным, потым брукаваным). Дарогі часта агароджваліся. У XIII—XVII стст. дарогі не мелі паказальнікаў напрамкаў руху, таму вялікае значэнне мелі асабістае веданне шляху і роля праваднікоў. У XVIII ст. на перакрыжаваннях сталі ставіць паказальнікі напрамкаў з назвай важнейшага населенага пункта па напрамку руху. Важнейшымі сухапутнымі дарогамі былі: «вялікая дарога» Смаленск-Орша-Талачын-Бобр-Барысаў-Менск-Койданава-Мір-Слонім-Ваўкавыск-Берасце; «гасцінец вялікі» Полацк-Віцебск-Орша-Копысь-Шклоў-Магілёў; Луцк-Пінск-Новагародак—Вільня; Вільня-Трокі-Коўна-Юрбарк; Вільня-Гародня-Ломжа; Вільня-Глыбокае-Полацк-Невель-Масква; Менск-Маладзечна-Вільня, Новагародак-Шчучын-Гародня-Аўгустаў; Кіеў-Гомель-Рэчыца-Бабруйск-Менск; Кіеў-Мазыр-Пінск-Кобрын-Берасце; Слуцк-Глуск-Гомель; Брацлаў-Вінніца-Корац-Дубровіца-Пінск; Берасце-Ратна-Уладзімір-Луцк і інш.

Асноўную цяжкасць пры будаўніцтве дарожна-транспартных камунікацый складала абсталяванне рачных перапраў. Для пераадолення рэк выкарыстоўваліся броды, масты, а на вялікіх рэках — паромныя пераправы (перавозы). Некаторыя масты былі даволі вялікіх памераў (цераз Друць каля Бялыніч, XVI ст., цераз Бярэзіну і Гайну, XVIII ст. і інш.). Апроч пастаянных усталёўваліся часовыя пераправы пантоннага тыпу (пантонны мост быў узведзены ў час бітвы пад Оршай у 1514 цераз р. Крапіўну). Асноўным матэрыялам для пабудовы мастоў было дрэва з-за даступнасці і адноснай таннасці матэрыялу. Будавалі масты і з каменнымі апорамі (напр., у Маркаўскай воласці ў XV ст., у Гародні і Вільні ў XVI—XVIII стст.). Масты мелі як апорную, так і арачную канструкцыю.

Для ўтрымання ў належным стане дарожна-інжынерных камунікацый у межах дзяржавы існавала спецыяльнае кола людзей (мастаўнічыя), што назіралі за станам дарог і мастоў. Непасрэдна за стан дарожных камунікацый адказваў уласнік ці трымальнік уладання і яго адміністрацыя, на землях якога знаходзіліся дарогі. Самі работы па ўпарадкаванні дарог (будоўля і рамонт мастоў, насыпанне грэбляў і г.д.) клаліся на падданых уладання. У дзяржаўных уладаннях існавала асобая катэгорыя насельніцтва, якая спецыялізавалася на будоўлі і рамонце мастоў — борці. Для забеспячэння добрага тэхнічнага стану і абслугоўвання мастоў і дарог шырока практыкаваўся збор маставога мыта. Гэта сістэма дазваляла атрымліваць грашовыя сродкі на ўтрыманне дарог і мастоў у залежнасці ад інтэнсіўнасці іх выкарыстання.

Звычайным відам транспарту быў конны. Гужавы транспарт існаваў 2 відаў: калёсны (летні) і палазны (зімовы). Выкарыстоўваліся павозкі, падводы, фуры, карэты, у зімовы перыяд — сані. Хуткасць руху залежала ад якасці дарогі: у XVIII ст. для абозаў яна была 20-30 км за суткі, для асобных экіпажаў — 40-50 км, для верхавых — да 70-80 км за суткі. Напр., па даных 1668, дарога з Варшавы да Магілёва займала каля 13 дзён.

У цэлым дзяржаўная сістэма ВКЛ па стварэнні і захаванні інжынерна-дарожных камунікацый у належным стане выконвала сваю функцыю і забяспечвала добры стан транспартных шляхоў.

Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта і касцёл Св. Янаў (18401850-я)

Адукацыя ў ВКЛ захоўвала свой канфесіянальны характар. У другой палове XVI ст. існавалі праваслаўныя школы з пашыранай праграмай адукацыі, дзе вывучаліся царкоўнаславянская граматыка, матэматыка, філасофія, тэалогія. Значны ўклад у развіццё, а часткова і ў секулярызацыю школьнай асветы зрабілі брацтвы праваслаўныя — віленскае Святадухаўскае, магілёўскае, слуцкае, брэсцкае, пінскае, полацкае і інш.

Каталіцкая сістэма школьнай і калегіумнай адукацыі таксама адпавядала тагачасным тэалагічным, царкоўна-рэлігійным і грамадскім патрэбам. Паводле пастаноў віленскіх сінодаў каталіцкія школы павіны былі стварацца пры кожным прыходзе (плябаніі). Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай і перамогі контрэфармаццыі на тэрыторыі ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навучальныя ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы, якія існавалі ў многіх гарадах княства. Большасць з іх знаходзілася пад апекай езуіцкіх, піярскіх і іншых каталіцкіх ордэнаў. Першай навучальнай установай падобнага тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, заснаваны ў 1570 г. асноўным кантынгентам навучэнцаў якога, была шляхецкая моладзь.

Шырокай праграмай адукацыі вылучаліся пратэстанцкія школы, якія ўзначальвалі дэмакратычныя дзеячы рэфармацыйнага руху. Менавіта ў рэфармацыйных колах у 1560-я гады ўзнікла ідэя стварэння першага ў ВКЛ універсітэта. Аднак пад уплывам каталіцкага духавенства такая навучальная ўстанова была падначалена езуітам (Гл.далей: Віленскі ўніверсітэт).

Побач з царкоўна-рэгілійнымі формамі школьнага навучання, у ВКЛ заўсёды існавалі прыватныя формы адукацыі. Многія беларускія, літоўскія і ўкраінскія феадалы, частка заможнага мяшчанства, духавенства папаўнялі сваю адукацыю ў розных заходнееўрапейскіх універсітэтах (пераважна ў Кракаўскай і Кёнігсберскай акадэміях, у Германіі, Чэхіі, Італіі). Пад уплывам еўрапейскага Асветніцтва ў ВКЛ з сяр. XVIII ст. пачаліся рэформы ў школьнай калегіумнай адукацыі, у 17731775 распачала сваю дзейнасць Адукацыйная камісія (Гл.далей: Асвета).

Літаратура ў ВКЛ

[правіць | правіць зыходнік]

Пачаткі вялікалітоўскай літаратуры (XIII—XIV стст.) грунтаваліся на пісьмова-моўных традыцыях тых зямель Русі, якія ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. На гэтым этапе пераважала перапісаная літаратура царкоўна-рэлігійнага характару часцей на царкоўнаславянскай мове. З XIV ст. старабеларуская стала мовай дзяржаўнага справаводства ВКЛ, што ў сваю чаргу спрыяла яе развіццю.

У эпоху позняга сярэдневякоўя ў ВКЛ працягвалася станаўленне ўласна беларускай літаратуры, якое адбывалася даволі марудліва. Слаба развіваліся аратарская проза і публіцыстыка, перажывала крызіс агіяграфія. «Жыціе віленскіх мучанікаў», тэматычна звязанае з беларуска-літоўскім рэгіёнам, узнікла за межамі ВКЛ. Тым жа часам новыя якасці набыла паломніцкая проза.

У XVI ст. з’явілася плеяда высокаадукаваных і таленавітых пісьменнікаў, зарадзіліся новыя віды і жанры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гістарычна-мемуарная літаратура, драматургія). Літаратура набыла большую публіцыстычнасць і сацыяльную завостранасць, у ёй з’яўляліся творы, напісаныя з пазіцый рэнесансавага гуманізму, узмацняўся асабовы пачатак, зараджаліся індывідуальныя стылі.

Этапнае значэнне ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры ВКЛ мела дзейнасць беларускага гуманіста-асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пісьменніка і перакладчыка Ф. Скарыны. Рацыяналістычна-асветніцкі дух яго каментарыяў, свецкі характар афармлення кніг садзейнічалі секулярызацыі і дэмакратызацыі літаратуры на землях Вялікага Княства Літоўскага. Скарына быў пачынальнікам беларускага вершаскладання і гімнаграфіі, ён давёў да высокай дасканаласці жанр прадмоў — зародкаў беларускага літаратуразнаўства і крытыкі, беларускай філалогіі.

У другой палавіне XVI ст. ў сувязі з актывізацыяй усяго грамадска-палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ больш хутка развівалася і літаратура. У многіх беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх гарадах былі адкрыты друкарні і школы розных кірункаў (пратэстанцкія, праваслаўныя, каталіцкія), выдаваліся буквары, граматыкі, слоўнікі. Творы пісаліся і друкаваліся на беларускай, царкоўна-славянскай, літоўскай, польскай і лацінскай мовах. Найбольшае развіццё атрымала палемічная публіцыстыка. На гэты ж час прыпадае зараджэнне літоўскамоўнага пісьменства на тэрыторыі ВКЛ, яго пачынальнікам быў М. Даўкша. Важную ролю ў развіцці старалітоўскага пісьменства гэтага часу адыгралі К. Сірвідас, укладальнікі і перакладчыкі духоўных твораў М. Пяткявічус, С. Яўгеліс-Целега, С. Славачынскіс, Б. С. Хілінскі.

У цэлым літаратура ВКЛ эпохі контррэфармацыі развівалася ў рэчышчы барока. Характэрныя асаблівасці гэтага стылю прыкметны ўжо ў асобных творах панегірычнай паэзіі, драматургіі, палемічнай і аратарскай прозы канца XVI — пачатку XVII ст. Ідэйна-мастацкія прынцыпы барока, светаадчуванне той складанай эпохі найбольш паслядоўна выявіліся ў філасофска-рэлігійнай лірыцы. Дасягненню пэўнага адзінства творчых прынцыпаў літаратуры садзейнічалі тэарэтычныя працы, напрыклад, паэтыка Н. К. Сарбеўскага.

У вельмі складаных умовах агульнага сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай, у складзе якой знаходзіліся Беларусь і Літва, разбуральных войнаў, напружанай ідэалагічнай барацьбы і рэлігійнай канфрантацыі, узмацнення сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, паланізацыі адбываўся працэс развіцця беларускай і літоўскай літаратур у пераходны перыяд (другая палавіна XVII — першая палавіна XVIII ст.). Адмірала старая эстэтычная сістэма, занепадалі традыцыйныя літаратурныя жанры. Далейшая секулярызацыя і дэмакратызацыя, уплыў фальклору і інш. прывялі да ўзнікнення інтымнай лірыкі, парадыйна-сатырычнай і гумарыстычнай прозы, з’яўлення новых традыцый. Разам з тым далейшае развіццё атрымала гістарычна-мемуарная літаратура, у стварэнні якой найбольшую ролю адыгралі прадстаўнікі шляхты.

Ідэі Асветніцтва садзейнічалі пераасэнсаванню і пераадоленню ў другой палавіне XVIII ст. старых літаратурных традыцый, узмацненню новых эстэтычных тэндэнцый, з’яўленню якасна новых мастацкіх твораў, якія паклалі пачатак фарміраванню нацыянальнай беларускай і літоўскай літаратур на народных мовах.

У XIV — першай палове XVI ст. асноўным тыпам манументальных збудаванняў у ВКЛ быў замак, якому ўласціва спалучэнне горадабудаўнічых, ваенных, жылых і прадстаўнічых функцый, размяшчаліся на натуральных узвышшах і мелі ў плане паліганальную форму, адпаведную рэльефу. На рубяжы XV ст. пачынаюць будавацца мураваныя замкі. У XV—XVI стст. пашыраецца будаўніцтва мураваных і драўляных прыватнаўласніцкіх замкаў (Іказненскі замак, Геранёнскі замак, Любчанскі замак).

У вольных гарадах, якія атрымалі самакіраванне, паводле магдэбургскага права, фарміраваліся новыя архітэктурна-гандлёвыя цэнтры, дзе канцэнтраваліся грамадскія будынкі (ратушы, цэрквы, касцёлы, крамы). Па-ранейшаму важная роля належала гарадскім умацаванням, якія ў вялікіх гарадах утваралі развітую абарончую сістэму. Увядзенне ў ваеннае будаўніцтва заходне-еўрапейскіх фартыкацыйных сістэм спрыяла паступовай трансфармацыі замкаў у палацава-замкавыя комплексы, спалучэнню ў іх грамадскіх і абарончых функцый.

Царква Святога Міхаіла ў Сынкавічах

Праваслаўныя цэрквы на працягу XVI—XVIII стст. амаль усе будаваліся драўлянымі. У першай палове XVI ст. сфарміраваўся самабытны 4-вежавы тып праваслаўнага храма, які спалучаў сакральную і абарончую функцыіі. У XVII ст. ва ўсходніх ваяводствах ВКЛ заснаваны шэраг праваслаўных манастыроў, драўляныя саборы якіх трансфармавалі ў танным мясцовым матэрыяле, ідэю візантыйскага крыжова-купальнага храма.

Інтэнсіўна будаваліся і каталіцкія храмы, для якіх характэрна аднанефавая, аднаапсідная аб’ёмна прасторавая кампазіцыя з рознымі варыянтамі галоўных фасадаў. Манументальным цывільным і культавым збудаванням XIV ст. першай палове XVI ст. уласцівы рысы заходне-еўрапейскай готыкі з адметнымі мясцовымі асаблівасцямі ў кампазіцыі, пабудаванай на спалучэнні рамана-візантыйскіх архітыпаў. У канструкцыі, прыстасаванай да абароны, і дэкоры, заснаваным на традыцыйнай чырвона-белай паліхроміі.

У архітэктуры ўніяцкіх храмаў першай паловы XVIII ст. складваліся самабытныя рысы позняга барока, так званага — віленскага. У іх кампазіцыі былі знітаваны рамана-візантыйскія ўплывы, пластычная распрацоўка фасадаў і інтэр’ераў, своеасаблівы прапарцыянальны лад і сілуэт збудаванняў. Стылістычныя прыёмы віленскага барока выкарыстоўваліся і ў будаўніцтве храмаў іншых канфесій, а таксама ў цывільным і палацавым дойлідстве.

Музычнае мастацтва Вялікага Княства Літоўскага якое адлюстроўвае рэчаіснасць і фантазіі ў гукавых мастацкіх вобразах. Развівалася ў рамках як народнай, так і высокай культуры. Першапачаткова найбольшы ўплыў мела царкоўная музыка, у XVII стагоддзі пачалося актыўнае развіццё свецкага музычнага мастацтва, што вылілася ў стварэнне прыватных аркестраў і капэл у XVIII стагоддзі.

Развіццю музыкі садзейнічалі манастырскія і брацкія школы, у якіх падрыхтоўваліся спевакі і музыкі. З XVI ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы — калектывы мяшанага тыпу, якія складаліся з аркестра і групы салістаў-вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, паляванні, рэлігійныя службы, ваенныя парады. Музыкантаў рыхтавалі ў прыватных школах, часам за мяжой.

Дэкарацыі да спектакляў у Нясвіжскім тэатры Радзівілаў.

Тэатральнае мастацтва Вялікага Княства Літоўскага бярэ пачатак у народным тэатры, які ўзнік на аснове старажытных абрадаў, гульняў, карагодаў, паказаў вандроўных акцёраў-скамарохаў. З XVI ст. бытаваў народны лялечны тэатр батлейка. У XVII ст. узнікла народная драма. Характэрнай асаблівасцю школьнага тэатра XVI—XVII ст. была сатырычная накіраванасць яго інтэрмедый. З’явіліся прыгонныя, аматарскія і прафесійныя тэатры.

Узброеныя сілы

[правіць | правіць зыходнік]

Армія як арганізаваная структура, пачала фарміравацца адначасова з узнікненем самой дзяржавы ў сярэдзіне XIII ст. і праіснавала да 1795 года

Складалася спачатку з дружын, потым паспалітага рушэння і ўрэшце з наймітаў.

З утварэннем дзяржавы ў XIII стагоддзі, дружыны з баяраў складалі асноўную ўдарную сілу, здольную ваяваць у пешым і конным страі. Пазней баяры склалі значную частку шляхты — ваенна-служылага стану Вялікага Княства Літоўскага[29]. Паспалітае рушэнне — агульная мабілізацыя ваенна-служылага стану стала асновай камплектавання ўзброеных сіл. Збор паспалітага рушэння быў марудным працэсам, а з часам стаў не агульным апалчэннем шляхецкага стану, бо значная колькасць шляхты ўхілялася ад выезду на вайну. Нізкая дысцыпліна не дазваляла выкарыстоўваць і без таго абмежаваныя баявыя магчымасці паспалітага рушэння. Да таго ж, на памежных землях з Маскоўскай дзяржавай і Крымскім ханствам трэба было трымаць залогі ў крэпасцях і замках. Шляхта ж неахвотна несці гарнізонную службу, бо лічыла сябе вольнай ад вайсковага абавязку ў мірны час. Таму замест яе ў памежных фартэцыях выкарыстоўвалі найміты.

Наймітаў выкарыстоўвалі яшчэ з часоў Вітаўта [30]. Аднак у параўнанні з Заходняй Еўропай, дзе яны да сярэдзіны XVI ст. ужо вырашалі зыход большасці бітваў, наёмныя фарміраванні ў ВКЛ заставаліся дапаможнымі. Толькі пасля абрання Стэфана Баторыя і распачатай ім рэарганізацыі арміі наёмнае войска пачало адыгрываць галоўную ролю [31].

Таварыш панцырнай харугвы

Узор прысягі ротмістра (1561):

" Я … Прысегаю через имя Божъе его королевской млсти и великому князству Литовъскому верне, цнотливе а зычливе на томъ ураде ротмистрова такъ на замъку, яко и в полю — служить; небезпечности вшелякое стеречь, и где бых о ней што ведал, ее не тоить, але его кролевъской млсти и речи посполитой панам радамъ великог князства Литовъского ознаймовати; а пильне врадови моему ротмистровскому и сторожы, мне поручаной, досить чинити, такъ около вартъ обороны замку, яко в захованью зуполъна роты завъжды служебных, мне поручоных; и теж на местцу и в тягнени заховатся без обътяженья подданых ег кор млсти. Так ми, Боже, помогай, и тая святая Еванъгелия[32] "

У 1786 годзе ў Рэчы Паспалітай была праведзена вайсковая рэформа, у выніку створана новая рэгулярная армія, якое складалася аднак з асобных узброеных сіл Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.

  1. http://pawet.net/library/v_ethnography/baharodzica/%D0%A6%D1%96_%D1%81%D0%BF%D1%8F%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D1%96_%D0%BC%D1%8B_%D0%91%D0%B0%D0%B3%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%86%D1%83.html
  2. T. Baranauskas. Lietuvos valstybės ištakos. Вільнюс, 2000
  3. История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — С. 29.
  4. Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — 2005. — Т. 1. — С. 46.
  5. Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага / А. К. Краўцэвіч. — Rzeszów, 2000. — С. 180.
  6. Гісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск, 2008. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — С. 73.
  7. Sužiedėlis, Saulius. Historical dictionary of Lithuania (2nd ed.). Lanham, Md.: Scarecrow Press. p. 119. ISBN 978-0-8108-4914-3.
  8. Rowell S.C. Lithuania Ascending: A pagan empire within east-central Europe, 1295—1345. Кембрыдж, 1994. стар.289-290
  9. Ch. Allmand, The New Cambridge Medieval History. Cambridge, 1998, стар.731.
  10. Encyclopædia Britannica. Grand Duchy of Lithuania
  11. Гісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск, 2008. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — С. 87—96.
  12. Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага / А. К. Краўцэвіч. — Rzeszów, 2000. — С. 178—180.
  13. Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — 2005. — Т. 1. — С. 48—51.
  14. R. Bideleux. A History of Eastern Europe: Crisis and Change. Routledge, 1998. стар.122
  15. Rowell, Lithuania Ascending, стар.289.
  16. Z. Kiaupa. «Algirdas ir LDK rytų politika.» Gimtoji istorija 2: Nuo 7 iki 12 klasės (Lietuvos istorijos vadovėlis). CD. (2003). Elektroninės leidybos namai: Vilnius.
  17. N. Davies. Europe: A History. Оксфард, 1996, стар.392.
  18. J. Kiaupienė. Gediminaičiai ir Jogailaičiai prie Vytauto palikimo. Gimtoji istorija 2: Nuo 7 iki 12 klasės (Lietuvos istorijos vadovėlis). CD. (2003) Elektroninės leidybos namai: Vilnius.
  19. J. Kiaupienë, «Valdžios krizës pabaiga ir Kazimieras Jogailaitis.» Gimtoji istorija 2: Nuo 7 iki 12 klasės (Lietuvos istorijos vadovėlis). CD. (2003). Elektroninės leidybos namai: Vilnius.
  20. D. Stone. The Polish-Lithuanian state: 1386—1795. University of Washington Press, 2001, стар.63.
  21. R. Bideleux. A History of Eastern Europe: Crisis and Change. Routledge, 1998. p.122
  22. Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1992. — 270с.…
  23. Дэвис, Норман (1939—).История Европы : [перевод с английского] / Норман Дэвис. — Москва : АСТ : Транзиткнига, 2004. — 943 с., [16] л. ил. ; 23 см. Бібліяграфія: с. 849—870. — Паказальнікі памяны, геаграфічны: б. 879—943. — 5000 экз. ISBN 5-17-024749-4 (АСТ в переплете). — ISBN 5-9578-1011-8 (Транзиткнига).
  24. http://student.belreferatov.net/lib/bh/044/044003.shtml(недаступная спасылка)
  25. https://web.archive.org/web/20030724084421/http://albaruthenia.by.ru/vkl.htm
  26. Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. М., 1892; Крикун Н. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. Киев, 1992.
  27. а б Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн. : БелЭн
  28. Грицкевич, А. П. Частновладельческие города Белорусии в XVI—XVIII вв.: (социально-экономическое исследование истории городов) / А. П. Грицкевич; АН БССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1975. — 248 с., 1 л. карт. — С. 64.
  29. Перапіс войска ВКЛ 1528 года
  30. Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae. С. 209, 509, 730.
  31. Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae. С. 19.
  32. Малиновский И. Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого Княжества Литовского. С.84.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 1—3. Мн.: БелЭн, 2005—2010.
  • Бардах, Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага / Пераклад з польскай і французскай М. Раманоўскага і А. Істоміна; уклад. Г. Сагановіч. — 2-е выданне. — Мінск: Медысонт, 2010. — 456 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»). ISBN 978-985-6982-05-0
  • Гісторыя Беларусі: Падруч. у 2 ч. / Я. К. Новік, Г. С. Марцуль, І. Л. Качалаў і інш.; Пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. — Мінск : Выш. шк., 2003. — Ч. 1. Ад старажытных часоў — па люты 1917 г. — 416 с.
  • Гісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Экаперспектыва, 2000—2012. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — Мінск : Экаперспектыва, 2008. — 688 с.
  • Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года. — Москва : Фонд им. И. Д. Сытина; Baltrus, 2005. — 680 с.
  • Дзярновіч, А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі Архівавана 21 верасня 2022. / А. Дзярновіч // Палітычная сфера. — 2012. — № 18—19(1—2). — С. 30—53. [1]
  • Довнар-Запольский, М. В. История Белоруссии / М. В. Довнар-Запольский. — Минск : Беларусь, 2003. — 680 с.
  • История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец. — Минск : Амалфея, 2000. — 672 с.
  • История Литвы / А. Эйдинтас, А. Бумблаускас, А. Кулакаускас, М. Тамошайтис. — Вильнюс : Eugrimas, 2013. — 318 с.
  • История южных и западных славян : в 2 т. / Под ред. Г. Ф. Матвеева и З. С. Ненашевой. — 2-е изд. — Москва : МГУ, 2001. — Т. 1. Средние века и Новое время. — 2001. — 688 с.
  • Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne № 8. 1997.
  • Краўцэвіч, А. Міндаўг. Пачатак вялікага гаспадарства / А. Краўцэвіч. — Мінск : Мастацкая Літаратура, 2005. — 163 с. [2]
  • Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага / А. К. Краўцэвіч. — Rzeszów, 2000. — 238 с. ISBN 985-08-0249-9
  • Косман, М. З гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага / Уклад. Г. Сагановіча; пер. з пол. мовы С. Ішчанкі і інш. — М.: Медысонт, 2010. — 448 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістрычны Агляд»). ISBN 978-985-6887-60-7
  • Крикун, Н. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992.
  • Любавский, М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. — М., 1892.
  • Малиновский, И. Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого Княжества Литовского // Известия императорского томского университета. — Томск, 1902. — Кн. 21.
  • Насевіч, В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мінск : Полымя, 1993. — 160 с.
  • Насевіч, В. Л. Працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага (XIII—XIV стст.) / В. Л. Насевіч // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён: Зборнік артыкулаў. — Мінск: БДУ, 1992. — С. 54—63.
  • Вячаслаў Насевіч ВКЛ ад узнікнення да Крэўскай уніі // vln.by
  • Насевіч, В. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. / В. Насевіч, М. Спірыдонаў // З глыбі вякоў. Наш край: Гістарычна-культуралагічны зборнік. — Мінск : Навука і тэхніка, 1996. — Вып. 1. — С. 4—27.
  • Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя / Г. Сагановіч. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2001. — 412 с.
  • Спиридонов, М. Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в. Архівавана 12 лістапада 2013. // Наш Радавод. Гродна, 1996. — Кн. 7. — С. 206—211.
  • Тымовский, М. История Польши / М. Тымовский, Я. Кеневич, Е. Хольцер. — М. : Весь Мир, 2004. — 544 с.
  • Юха, Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі / Я. А. Юха. — Мінск: Універсітэцкае, 1992. — 270 с.
  • Augustyniak, U. Historia Polski 1572—1795 / U. Augustyniak. — Warszawa : PWN, 2008. — 1006 s.
  • Baranauskas, T. Lietuvos valstybės ištakos / T. Baranauskas. — Vilnius: Vaga, 2000. — 317 p. ISBN 5-415-01495-0
  • Halecki O. Litwa, Ruś i Żmudź jako części składowe Wielkiego Księstwa Litewskiego // RAU. — T. 59. (Ser. 2. T. 34.). — Kraków, 1916.
  • Markiewicz, M. Historia Polski 1492—1795 / M. Markiewicz. — 2-e wyd. — Kraków : Wyd-wo Literackie, 2006. — 760 s.
  • Polska na przestrzeni wieków / H. Samsonowicz [i in.]; redactor wydania J. Tazbir. — 2-e wyd. — Warszawa : WPN, 2006. — 803 s.
  • Szczur, S. Historia Polski średniowiecze / S. Szczur. — Kraków : Wydawnictwo Literackie, 2002. — 676 s.
  • Wielka historia Polski : w 10 t. / pod red. S. Grodziski. — Kraków : Fogla, 2001. — T. 6 : Polska w czasach przełomu (1764—1815) / S. Grodziski. — Kraków : Fogla, 2001. — 302 s.
  • Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae. 1376—1430, ed. A. Prochaska // Monumenta medii aevi historica res gestas Poloniae illustrantia. T. IV, cz. 1. — Cracoviae, 1882.