Беларуска-польска-літоўскае памежжа
Беларуска-польска-літоўскае памежжа — міждзяржаўнае памежжа[1], прасторага гістарычнага суіснавання і ўзаемадзеяння беларусаў, палякаў і літоўцаў. На сённяшні дзень, так як у краі маецца несупадзенне этнічных і палітычных межаў, міжкультурныя кантакты ў прыгранічных арэалах Польшчы (Падляскае ваяводства; Усходняя Беласточчына і Падляшша), Літвы (Віленскі і Алітускі паветы; Віленскі край) і Беларусь (Гродзенская вобласць; Павілле і Панямонне) набылі характар узаемаадносін большасці і меншасці[2].
Тут сустракаецца размежаванне і адначасова суіснаванне і ўзаемадзеянне палітычных, этнакультурных і канфесійных супольнасцяў. У рэгіёне сышліся некалькі тыпаў межаў: геапалітычныя («Усход» і «Захад»), палітычныя (Польшча, Беларусь і Літва), этнічныя (балты ў асобе літоўцаў і славяне ў асобе палякаў і беларусаў, а таксама абшчыны яўрэяў і татар), канфесійныя (каталіцызм і праваслаўе)[3].
Этнакультурная сітуацыя ў краі нагадвае «плавільны кацёл». З гэтага пункту гледжання назіральнік наўрад ці можа ідэнтыфікаваць, асабліва ў гарадах, этнічную прыналежнасць жыхароў памежжа[4]. Тут маюць месца выпадкі, калі аднавяскоўцы іншай веры або нацыянальнасці ўспрымаюцца як «свае», а такім чынам катэгарызацыя «свой-чужы» мае лакальны крытэр, які грунтуецца на агульнасці жыццёвых прыярытэтаў і каштоўнасцяў, узроўні жыцця, паўсядзённасці. Слабая выяўленасць нацыянальных стэрэатыпаў у памежжы сведчыць аб асаблівым разуменні адрозненняў, а менавіта як пра нешта натуральнае, «дадзенае Богам». У прадстаўленні мясцовага насельніцтва адрозненні не ствараюць мяжы паміж людзьмі, не дзеляць іх на «сваіх» і «чужых». У артыкуле 2011 года Вольгі Гушчавай прыведзены ўспамін пажылой палячкі з Беларусі аб настаўленні сваёй маці, якая валодала пяццю мовамі: «Дачушка, вучы сваіх дзяцей гаварыць па-рознаму. Толькі ў каровы адна мова і ў каня адна мова, а чалавеку Гасподзь Бог даў розум непамерны»[5].
Некаторыя жыхары рэгіёну не атаясамліваюць сябе з пэўнай дзяржавай, але дэманстратыўна лаяльныя да той, на тэрыторыі якой пражываюць у дадзены момант. Пры гэтым змена дзяржаўнай прыналежнасці не ўплывае на іх ідэнтычнасць. Дадзены падыход згладжвае нацыянальныя адрозненні і мінімізуе верагоднасць нацыянальнага антаганізму. Вольга Гушчавая прыводзіла наступны прыклад, калі ў пажылой палячкі спыталі: «А Беларусь з’яўляецца Вашай радзімай?». Жанчына адказала: «Ну якая радзіма... Цяпер Беларусь называецца. Але ўсё роўна, мы палякі, радзіма наша» Было дададзена: «А калі б вас спыталі, што з’яўляецца вашай сталіцай: Варшава ці Мінск?» Палячка адказала, што «наша сталіца Мінск», а «Варшава ўжо далёка, ужо лічыцца за мяжой»[6].
Фактар веры ў памежжы застаецца галоўным пры вызначэнні этнічнай ідэнтыфікацыі. У артыкуле 2018 года Наталлі Улейчык заяўлена пра ўзаемасувязь этнічнага і канфесійнага фактару пры вызначэнні жыхарамі сваёй нацыянальнасці. Гэтая акалічнасць стала праблемай для беларусаў краю. Калі пераважная большасць палякаў адносяць сябе да каталікоў, а рускіх — да праваслаўных, то ў іх сітуацыя складаней, бо беларусы могуць быць і тымі, і тымі. А паколькі ў краі назіраецца несупадзенне этнічных і канфесійных межаў, то ў прадстаўнікоў народа адбываецца этнічная дысацыяцыя[7].
Адсюль выцякае іншы факт — міжканфесійныя шлюбы, якія ў шэрагу выпадкаў таксама абцяжарваюць самаідэнтыфікацыю. Гушчавая прывяла прыклад, калі ў выхадца з праваслаўна-каталіцкай сям’і спыталі аб яго канфесійнай прыналежнасці, на што быў дадзены такі адказ: «Я як прыйдзецца дзе. Дзе трэба праваслаўны, дзе трэба каталік»[8].
Асаблівасці рэгіёну адбіваюцца і на іншых нацыянальнасцях, якія тут пражываюць. Паводле даследавання 2008 года Мікалая Бяспамятных па рускім Гродзенскай вобласці, сярод рускай супольнасці краю больш людзей валодаюць беларускай (21,1 % ) у параўнанні з прадстаўнікамі народа па ўсёй краіне (17,6 %). Калі па ўсёй краіне рускую мову назвалі роднай 90,7 % рускіх, то ў Гродзенскай вобласці ўжо 88,0 %. Палова рэспандэнтаў рускай нацыянальнасці рэгіёну заявілі аб валоданні беларускай на высокім узроўні. Прыкладна палова рэспандэнтаў пазітыўна ставілася да беларускай мовы як дзяржаўнай і меркавала, што рускія, якія пражываюць у краіне, абавязаныя ведаць гэтую мову і быць у стане ёй карыстацца (супрацьлеглае меркаванне было ў чвэрці апытаных рускіх). Для маладога пакалення прадстаўнікоў нацыянальнасці ў памежжы характэрна двухмоўе з тэндэнцыяй трансфармавацца ў шматомоўе[9].
Усё гэта робіць беларуска-польска-літоўскае памежжа, па заяве Вольгі Гушчавай, адным з найменш канфліктагенных рэгіёнаў[10].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Беспамятных 2005, с. 79.
- ↑ Беспамятных 2008, с. 114.
- ↑ Беспамятных 2005, с. 80.
- ↑ Беспамятных 2008, с. 116.
- ↑ Гущевая 2011, с. 277—278.
- ↑ Гущевая 2011, с. 269—270.
- ↑ Улейчик 2018, с. 113—114.
- ↑ Гущевая 2011, с. 276.
- ↑ Беспамятных 2008, с. 115—116.
- ↑ Гущевая 2011, с. 279.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беспамятных, Н. Н Русские белорусско-польско-литовского пограничья: проблемы самоидентификации // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A, Гуманитарные науки. — 2008. — № 7. — С. 113—117.
- Беспамятных Н. Н. Белорусско-польско-литовское пограничье: взгляд с белорусской стороны // Регионализм как культурная альтернатива глобализации : Сборник науч. статей / В. Багдонавичюс. — Гродно: Учреждение образования "Гродненский государственный университет имени Янки Купалы", 2005. — С. 79-85.
- Улейчик, Н. Л. Этническая и конфессиональная идентичность в этнокультурной ситуации белорусско-польско-литовского пограничья // Религия и общество - 12 : сборник научных статей / В. В. Старостенко, О. В. Дьяченко. — Могилев : МГУ имени А. А. Кулешова: 2018. — С. 113—115.
- Гущевая О. И. К вопросу об автои гетеростереотипе поляка на польско-белорусско-литовском пограничье // Славянский альманах. — 2011. — С. 261—280.