Лілія Ціханаўна Выгонная
Артыкулу нестае спасылак на крыніцы. |
Лілія Ціханаўна Выгонная | |
---|---|
Дата нараджэння | 3 верасня 1942 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 15 снежня 2001 (59 гадоў) |
Род дзейнасці | мовазнаўца |
Лілія Ціханаўна Выгонная (3 верасня 1942 — 15 снежня 2001) — вядомая беларуская лінгвістка, доктар філалагічных навук, фанетыстка, мовазнаўца. Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Усе сваё самастойнае жыццё Л. Выгонная прысвяціла выключна важнай і актуальнай агульнаграмадскай праблеме — вывучэнню фанетычнага ладу беларускай мовы і папулярызацыі навуковых даследаванняў.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася ў сям’і ваеннаслужачага. У 1949 г. пайшла ў першы клас Балбасаўскай сярэдняй школы Аршанскага раёна. Пасля заканчэння школы ў 1959 г. паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Згодна з тагачаснай традыцыяй, заняткі на першым курсе аддзялення рускай мовы і літаратуры сумяшчала з працай бібліятэкара Дома афіцэраў. На працягу ўсіх гадоў вучобы была старастай навуковага гуртка, выступала з паведамленнямі і дакладамі на студэнцкіх навуковых канферэнцыях у Мінску і Харкаве. Менавіта тады ў Л. Выгоннай сфарміравалася цікавасць да разнастайных пытанняў тэарэтычнага мовазнаўства. У час летніх канікулаў выязджала ў дыялекталагічныя экспедыцыі разам з навукоўцамі БДУ і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]3 восені 1964 г. Лілія Выгонная залічана на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка сектара агульнага і славянскага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Пачалася самастойная навуковая праца. У 1969 г. паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю па дыялектнай лексікалогіі, у якой на падставе сабранага вялікага фактычнага матэрыялу ўпершыню ў беларусістыцы пераканальна абгрунтавала падзел Палесся на тры асобныя зоны, а таксама паказала сувязі палескай земляробчай лексікі з адпаведнымі найменнямі ў іншых славянскіх мовах . Асноўныя вынікі даследавання пазней былі апублікаваны ў калектыўнай манаграфіі «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971 г.). Гэтая праца засведчыла вялікі навукова-творчы патэнцыял аўтара, яе несумненныя здольнасці і навуковы талент. Доктарская дысертацыя па беларускай фаналогіі (1992)
Амаль паўтары сотні разнастайных навуковых публікацый у галіне фанетыкі і лексікалогіі беларускай мовы, надрукаваныя Ліліяй Выгоннай, сталі важкім укладам і каштоўным здабыткам усёй нацыянальнай лінгвістыкі.
Шмат гадоў даследчыца ўваходзіла ў склад Міжнароднай рабочай групы Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа (АЛА). Тут Лілія Выгонная сцвердзілася як таленавіты вучоны, высокапрафесійны спецыяліст у сваёй галіне, тактоўны калeгa і выдатны таварыш. Праца ў АЛА не толькі спрыяла яе навуковаму росту, але і садзейнічала ўмацаванню ў гэтай міжнароднай арганізацыі аўтарытэту беларускай фанетычнай школы, пашырэнню ў замежнай лінгвістычнай навуцы ідэй, прынцыпаў і падыходаў нашых мовазнаўцаў. Выступленні даследчыцы ў дыскусіях па самых розных складаных пытаннях заўсёды вылучаліся грунтоўнасцю, аргументаванасцю, шырынёй навуковага кругагляду, нестандартнасцю мыслення, выключнай павагай да апанентаў і калег. Былі яшчэ шматлікія артыкулы ў самых розных выданнях, у тым ліку і ў часопісе «Роднае слова».
Працы
[правіць | правіць зыходнік]- У 1969 г. паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю па дыялектнай лексікалогіі, у якой на падставе сабранага вялікага фактычнага матэрыялу ўпершыню ў беларусістыцы пераканальна абгрунтавала падзел Палесся на тры асобныя зоны (усходнюю, цэнтральную і заходнюю), а таксама паказала сувязі палескай земляробчай лексікі з адпаведнымі найменнямі ў іншых славянскіх мовах (у тым ліку заходне- і паўднёваславянскіх).
- Калектыўная манаграфія «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971 г.). Гэтая праца засведчыла вялікі навукова-творчы патэнцыял аўтара, яе несумненныя здольнасці і навуковы талент.
- Суаўтар калектыўных манаграфій «Галосныя беларускай мовы» (1975 г.).
- «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983 г.).
- «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989 г.).
- Хрэстаматыя «Вусная беларуская мова» (1990 г.), прысвечаная маўленню носьбітаў роднай мовы.
- Серыя «Скарбы мовы» (1991 г.), прызначаная для вучняў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.
- Брашура «Ад гука да літары», дзе ў даступнай папулярнай форме расказала чытачу пра суадносіны вуснай і пісьмовай формаў мовы, вызначыла найбольш яркія адметнасці інтанацыі і націску ў беларускай літаратурнай мове, паказала, як з дапамогай арфаграфічных і пунктуацыйных сродкаў перадаецца гукавы лад мовы.
- «Інтанацыя. Націск. Арфаэпія» (1991 г.).
- Доктарская дысертацыя па беларускай фаналогіі (1992 г.). Праца стала першым у беларускім мовазнаўстве даследаваннем рытмічна-меладычнай арганізацыі беларускага маўлення, дзе прыведзены колькасныя і якасныя паказчыкі тэмпаральнай варыятыўнасці, паказана дыферэнцыяльная і рытмічная роля слоўнага націску, вызначаны лінгвістычная значымасць суперсегментных з’яў, прынцыпы сінтагменнага падзелу фраз і рэлевантныя класіфікацыйныя прыметы інтанацыйных сродкаў беларускай літаратурнай мовы.
- Серыя «Бібліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры» выйшла яе кніга «Фанетыка беларускай мовы ў школе» (1995 г.). Зыходзячы з тэзіса прыярытэтнасці фанетычных ведаў пра мову перад іншымі («у індывідуальным развіцці кожнае дзіця ў першую чаргу засвойвае інтанацыю і гукавы склад і толькі потым лексіку, граматыку і сінтаксіс»), аўтар паслядоўна і грунтоўна, з улікам школьнай праграмы, падала апісанне інтанацыі, націску і гукавога ладу беларускай мовы. Да асноўных раздзелаў фанетыкі пасля тэарэтычнага матэрыялу змешчаны практыкаванні, многія з якіх даволі займальныя, нетрадыцыйныя, часам жартаўлівыя, што павінна істотна ажывіць працэс навучання і актывізаваць цікавасць да прадмета ў многіх навучэнцаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Выгонная, Л. Т. Беларуская суперсегментная фанетыка: аўтарэф. дыс. … д-ра філол. навук: 10.02.01 / Л. Т. Выганная; Ін-т мовазнаўства АН Беларусі. — Мінск, 1992. — 48 с.
- Выгонная, Л. Т. Палеская земляробчая лексіка. Тыпалагічная і арэальная дыферэнцыяцыя: аўтарэф. дыс. … канд. філол. навук: 10.02.01 / Л. Т. Выганная; Ін-т мовазнаўства АН БССР. — Мінск, 1969. — 15 с.