Фундацыя
Фунда́цыя (ад лац.: fundatio — заснаванне) — у Вялікім Княстве Літоўскім ахвяраванне манастырам, храмам і інш. установам зямельных угоддзяў, грошай, каштоўнасцей і інш. Ахвяраванні (фундушы) звычайна рабілі феадалы або дзяржава для заснавання пераважна духоўных устаноў і іх матэрыяльнага забеспячэння. У Вялікім Княстве Літоўскім у XV — пачатку XVI ст. вядомы фундацыі каталіцкім рэлігійным установам.
Паводле пастановы 1481 года вялікага князя літоўскага Казіміра будаўніцтва праваслаўных храмаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага было забаронена і толькі ў 1507 годзе датавана першая пасля амаль 30-гадовага перапынку грамата аб фундацыі на праваслаўную царкву.
Асноўнай формай фундацыі дзяржавы і насельніцтва на цэрквы і касцёлы ў першай палове XVI ст. была дзесяціна — натуральны падатак збожжам. У выніку правядзення валочнай памеры дзесяціна ў дзяржаўных уладаннях адмянялася, а цэрквы і касцёлы надзяляліся зямлёй (1—2 валокі). Ахвяраванні і завяшчанні асобных феадалаў на карысць царквы былі разнастайныя: зямля з сялянамі, пустаўшчыны, сенажаці, лясы, гарадскія юрыдыкі, вёскі, маёнткі, грошы, каштоўнасці, рухомая маёмасць і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Фундацыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).