Перайсці да зместу

XMPP

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лагатып XMPP Standards Foundation

XMPP (англ.: eXtensible Messaging and Presence Protocol — пашыральны пратакол абмену паведамленнямі і інфармацыяй пра прысутнасць), раней вядомы як Jabber[1] (Джэбер) — адкрыты пратакол для імгненнага абмену паведамленнямі і інфармацыяй пра прысутнасць у рэжыме, блізкім да рэальнага часу, заснаваны на XML. Пратакол быў спраектаваны з магчымасцю лёгкага расшырэння і падтрымлівае, апроч перадачы тэкставых паведамленняў, перадачу голасу, відэа і файлаў па сетцы.

У адрозненне ад большасці камерцыйных сістэм імгненнага абмену паведамленнямі XMPP з’яўляецца адкрытай сістэмай, падобнай да электроннай пошты. Любы карыстальнік можа адкрыць свой сервер імгненнага абмену паведамленнямі, рэгістраваць на ім карыстальнікаў і ўзаемадзейнічаць з іншымі серверамі XMPP. На аснове пратакола XMPP было адкрыта мноства прыватных і карпаратыўных сервераў XMPP. У розныя часы пратакол выкарыстоўвалі досыць буйныя праекты, такія як Facebook, Google Talk, WhatsApp, Аднакласнікі.ru, LiveJournal, HipChat, Juick, QIP і іншыя.

Праект Jabber (ад англ.: jabber — балбатня) быў распачаты Джэрэмі Мілерам у 1998 годзе з распрацоўкі сервера jabberd[2]. Першае паведамленне пра праект з’явілася 4 студзеня 1999 года на сайце Slashdot[3]. Гэту дату прынята лічыць днём нараджэння тэхналогіі[4]. Неўзабаве пасля гэтага да праекта далучылася некалькі асноўных распрацоўшчыкаў, якія сталі працаваць над серверам jabberd, кліентамі для Windows і GNU/Linux, а таксама шлюзамі ў асноўныя месэнджары таго часу, такія як AIM, ICQ, MSN, і Yahoo. Пазней, у 1999 годзе, кампанія Webb Interactive Services пачала спансаваць асноўных распрацоўшчыкаў, што паскорыла працэс стварэння праекта. У той час з’явілася аснова пратакола Jabber, а таксама сервер jabberd і раннія кліенты, такія, як WinJab (састарэў і атрымаў сваё развіццё ў праграме Exodus) і Gabber. Гэты ранні перыяд пастаянных змен скончыўся ў маі 2000 года з выпускам jabberd 1.0.

Ранні пратакол Jabber сфарміраваў асновы для стандарту XMPP, апублікаванага як RFC 3920. Часта гэты момант разглядаецца як пачатак суперніцтва з пратаколам SIMPLE, заснаваным на стандарце SIP, як стандартнага пратакола для імгненнага абмену паведамленнямі і інфармацыяй пра прысутнасць.

Са жніўня 2001 года пратакол Jabber перайшоў пад кантроль фонда Jabber Software (16 студзеня 2007 года фонд быў пераназваны ў XMPP Standards Foundation[5]), мэтай якога было развіццё пашырэнняў пратакола.

Jabber, Inc. займалася развіццём двух праектаў — фрэймворка Jabber Extensible Communications Platform (Jabber XCP) і праграмна-апаратнага комплекса JabberNow. Інвестарамі Jabber былі кампаніі Jona, France Telecom, Intel Capital, і Webb Interactive Services.[1]

У жніўні 2005 года Google прадставіў сэрвіс Google Talk, які выкарыстоўваў XMPP для функцый перапіскі, а таксама як аснову для перадачы голасу і файлаў. Першапачатковая версія сэрвісу не дазваляла камунікаваць з іншымі серверамі XMPP, аднак ў студзені 2006 года гэты функцыянал з'явіўся ў праграме.[6]

У верасні 2008 года Cisco Systems набыла кампанію Jabber.[7]

Зноскі

  1. а б Jabber Inc. — About Us Архівавана 3 ліпеня 2007.
  2. History of XMPP
  3. Open Real Time Messaging System
  4. Запіс у блогу Пітэра Сен-Андрэ(недаступная спасылка)
  5. Jabber Software Foundation Renamed to XMPP Standards Foundation Архівавана 15 чэрвеня 2010.
  6. Gary Burd.. XMPP Federation (17 студзеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 30 лістапада 2007.
  7. Cisco Announces Definitive Agreement to Acquire Jabber(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы December 23, 2009. Праверана January 2, 2010.