Лонданскае пагадненне (1915)
Ло́нданскае пагадне́нне — сакрэтны дагавор паміж Італіяй і краінамі Антанты, падпісанае ў Лондане 26 красавіка 1915 года прадстаўнікамі Італіі, Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Вызначала ўмовы ўступлення Італіі ў Першую сусветную вайну.
Умовы пагаднення
Згодна з пагадненнем, Італія пакідала Траісты саюз і далучалася да Антанты, што ўжо было ўстаноўлена сакрэтным пагадненнем, падпісаным у Лондане 4—5 верасня 1914 года. Акрамя таго, на працягу месяца Італія павінна была абвясціць вайну Германіі і Аўстра-Венгрыі, што і было зроблена (дэкларацыя аб абвяшчэнні вайны была апублікавана 23 мая таго ж года). Наўзамен Італія прэтэндавала па заканчэнні вайны на частку зямель, якія належалі Аўстра-Венгрыі, а таксама на іншыя тэрыторыі.
Італіі павінны былі адысці:
- Ціроль аж да альпійскага водападзелу, што ўключае ў сябе сучасныя італьянскія правінцыі Трэнта і Бальцана (Паўднёвы Тыроль).
- Трыест.
- Гарыца і Градзішка.
- Істрыя, акрамя горада Рыека.
- Частка Унутранай Крайны.
- Паўночная Далмацыя, уключаючы Задар і большасць астравоў.
- Астравы Дадэканес.
- Горад Влёра.
- Пратэктарат над Албаніяй.
- Частка азіяцкіх і афрыканскіх калоній Германіі.
Сербскаму каралеўству былі абяцаны:
Чарнагорскаму каралеўству прызначаліся:
- Узбярэжжа Далмацыі паміж горадам Будва і паселішчам Стогн, уключаючы Дуброўнік і Котарскі заліў, але выключаючы Пелешац.
- Частка ўзбярэжжа Албаніі.
Таксама (аднак менш вызначана) Сербіі былі абяцаны:
- Боснія і Герцагавіна.
- Срэм.
- Бачка.
- Славонія.
- Частка тэрыторыі Албаніі.
Італія прапанавала і саюзнікі пагадзіліся, што пытанне пра далейшы лёс узбярэжжа Харватыі паміж Істрыяй і Задарам павінен быць урэгуляваны пасля вайны. Італія таксама настойвала на тым, што Сербія не павінна быць паведамлена аб дамоўленасцях. Аднак 4 жніўня 1915 года саюзнікі накіравалі сербскім уладам афіцыйную ноту, якая пацвярджае пасляваенныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі Сербіі і Чарнагорыі.
Пагадненне трымалася ў таямніцы, аднак было апублікавана пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі (апублікавана ў газеце «Известия» ў лістападзе 1917 года).
Лёс пагаднення пасля вайны
На Парыжскай мірнай канферэнцыі прадстаўнікі Італіі настойвалі на вядзенні перамоваў толькі са сваімі былымі саюзнікамі, прадстаўнікамі Сербіі і Чарнагорыі, але не з прадстаўнікамі пераможанага боку, уключанымі ў склад дэлегацыі новага дзяржаўнага ўтварэння, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Канкрэтна, італьянская дэлегацыя выказвала пратэст супраць удзелу ў канферэнцыі двух харватаў і двух славенцаў, трое з якіх былі дэпутатамі, а адзін — міністрам у аўстрыйскім кабінеце ў час вайны.
Пагадненне было анулявана ў 1919 годзе Версальскім мірным дагаворам, паколькі прэзідэнт ЗША Вудра Вільсан, падтрымліваючы патрабаванні славянскіх народаў і не прызнаючы дагавор, адхіліў прэтэнзіі Італіі на Далматыю. Раздзел Ціроля быў пацверджаны ў тым жа годзе Сен-Жэрменскім мірным дагаворам.