Перайсьці да зьместу

Гісторыя Ўкраіны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта актуальная вэрсія старонкі Гісторыя Ўкраіны, захаваная ўдзельнікам 91.58.83.18 (гутаркі) у 23:58, 14 верасьня 2022. Гэты адрас зьяўляецца сталай спасылкай на гэтую вэрсію старонкі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)

Гісторыя Ўкраіны — падзеі на тэрыторыі сучаснай Украіны з моманту пачатку расьсяленьня там людзей і дасюль. Тэрыторыя Ўкраіны ў сучасных межах сфармавалася ў 1954 годзе, а дагэтуль яе часткі часам належалі да дзяржаваў абсалютна розных культураў.

Даславянскі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На ўзьбярэжжы Крыму з 8 ст. да н. э. узьнікаюць калёніі Старажытнай Грэцыі, галоўныя зь якіх — Хэрсанэс Таўрыйскі (каля сучаснага Севастопалю) і Пантыкапэй — паступова сталі цэнтрамі дзяржаўных фармаваньняў. Гэтыя землі з 1 ст. да н. э. трапілі пад уплыў Рымскай імпэрыі.

На стэпавай частцы Ўкраіны пануюць качавыя плямёны: кімэрыйцы (9 ст. да н. э. — 7 ст. да н. э.), скіфы (7—3 ст.ст. да н. э.), сарматы (3 ст. да н. э. — 3 ст.). Пра насельнікаў паўночнае Ўкраіны гэтага часу вядома зусім мала. Каля IV ст. н.э. поўнач сучаснае Ўкраіны трапляе па ўсёй бачнасьці ў склад протадзяржавы готаў, што было зьвязана з працэсам Вялікага перасяленьня народаў. Таксама тэрыторыяй сучаснай Украіны прайшлі гуны і аланы, што, відаць, не паўплывала на стан дапісьмовага насельніцтва краіны. На крайнім паўночным захадзе сучаснай тэрыторыі краіны прасочваецца ўплыў гоцкай вельбарскай культуры. Яе сьляды, а таксама згадваньне зьвязанага з готамі Оюму, што лякалізуецца ў цэнтральнай Украіне, сталі эпізадычнымі і нетрывалымі. Аналягічна сытуацыі на пачатак першага тысячагодзьдзя н.э. асноўны ўплыў на землях сучаснай Украіны захавала спачатку зарубінецкая культура, пасьля чаго яе зьмяняюць паралельна кіеўская і чарняхоўская культуры. Ніводная з трох культураў у сучаснай гістарычнай навуцы дагэтуль ня мае дакладнага атаясамленьня з тымі ці іншымі этнічнымі групамі, але сярод іншых вэрсіяў вылучаецца славянская асацыяцыя носьбітаў гэтых культураў. У прыватнасьці, зьвесткі тапаніміі паказваюць на дастаткова імавернае імнаваньне на паўночным захадзе Ўкраіны (міжрэчча Дняпра і Віслы) прарадзімы славянаў, адкуль яны каля VII ст. н.э. пашырыліся ў астатнія рэгіёны Ўсходняй Эўропы.

Прыкладна з VII—VIII стагодзьдзяў адбываецца працэс фэўдалізацыі славянскіх плямёнаў на тэрыторыі Ўкраіны. Археалягічныя зьвесткі пазьнейшых часоў дазваляюць вылучыць існаваньне такіх плямёнаў як паляне, драўляне, севяране, валыняне, дулебы, улічы, ціверцы. Утвараюцца першыя ўмацаваныя селішчы (напрыклад, пад часы кіеўскага князя Ігара вядомы ўмацаваны пляменны цэнтар Іскарасьцень). Плямёны зьведваюць сацыяльную дыфэрэнцыяцыю і ўключаюцца ў гандлёвыя сувязі іншых рэгіёнаў сьвету, адкуль пра іх становіцца вядома ў гістарычных крыніцах. Урэшце, дробныя плямёны зьнікаюць і аб’ядноўваюцца ў пляменныя зьвязы, адкуль паўстаюць пляменныя протадзяржаўныя ўтварэньні, працэс чаго быў спынены вараскім уварваньнем.

Пэрыяд Кіеўскай Русі й Бізантыйскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 862 году Кіеўскай Русьсю кіруе вараская дынастыя Рурыкавічаў, якая перапыняе працэс складаньня племянных дзяржаваў і ўстанаўлівае параўнальна моцную ўладу, расставіўшы сваіх намесьнікаў па буйных рэгіёнах Русі. У Кіеве кіравалі вараскія ваяводы Аскольд і Дзір, неўзабаве скінутыя на карысьць Рурыкавічаў. Кіеўскія землі кіруюцца паводле звычаёвага права, што практычна зводзіць да нулю ўплыў вараскае дынастыі. Так, гэта зусім не паўплывала на працэс культурнай і грамадзкай кансалідацыі ўсходнеславянскіх плямёнаў на тэрыторыі будучай Украіны, які праходзіў цяпер бадай пад агульным, дзяржаватворчым вяршэнствам. Шэраг этнографаў адносіць складаньне на той час протаэтнічнай агульнасьці, г. зв. паўднёварусаў у складзе севяранаў і палянаў. Пазьней гэтыя плямёны, а таксама суседнія зь імі валыняне, драўляне, улічы і ціверцы пад ХІІІ—XIV стагодзьдзямі складуць тэрыторыю ўкраінскага этнасу. Першая спроба цэнтралізацыі была праведзеная княгіняй Вольгай, якая зьдзейсьніла карную выправу на драўлянаў і заснавала інстытут цівуноў, унармавала падаткі.

Зь сярэдзіны Х ст. пачынаецца пэрыяд некаторага збліжэньня земляў сучаснай Украіны зь Бізантыяй. Умацоўваюцца і набываюць трывалы характар сувязі з грэцкімі калёніямі на поўдні Ўкраіны і ў Крыме. Згадваньне ў 907 годзе першай, хоць і вуснай, дыпляматычнай дамовы кіеўскіх князёў сьведчыць пра канчатковае складаньне дзяржаўнай арганізацыі на Русі ў яе раньнефэўдальнай форме. Да часткі багатага мяшчанства, дружыньнікаў і да т.п. пранікае хрысьціянства, якое спачатку прымае княгіня Вольга, пасьля чаго ў канцы таго ж стагодзьдзя масавы хрост у Кіеве робіць Уладзімер. Канчатковае пытаньне аб хрысьціянстве не было вырашана да таго часу, і асноўнымі чыньнікамі яго прыняцьця з боку Ўладзімера сталі жаданьне ўмацаваньня сувязяў зь Бізантыяй і эўрапейскімі краінамі ды пераход у зносінах зь імі на пазыцыі раўнапраўнага ўдзельніка, а таксама жаданьне стварэньня адзінай дзяржаўнай ідэалёгіі, патрэба якой выклікалася да жыцьця супрацівам паўночных частак Русі кіраваньню Ўладзімера. Прыняцьце хрысьціянства адбылося ў яго грэцкай форме і яно спрычынілася да калясальнага культурнага ўплыву, які да часоў Позьняга Сярэднявечча вызначаў фактычна ўвесь культурны код насельніцтва ўкраінскіх земляў. Гэты ўплыў выявіўся як у разьвіцьці кніжнасьці і пашырэньні пісьмовасьці, так і ва ўзьніклым неўзабаве працэсе пабудовы манастыроў і цэркваў, якія сталі асяродкамі прагрэсіўнай на той час адукацыі. Адной зь вяршыняў гэтага стаў помнік старажытнага ўкраінскага дойлідзтва — Сафійскі сабор у Кіеве.

Найбольшы росквіт Кіеўскай Русі прыпадае на Х ст., калі Кіеў пазбаўляецца ад хазарскай залежнасьці, пасьля вызваляе ад іх севяранаў, а потым і цалкам зьнішчае Хазарыю як дзяржаву. Зрабіўшы гэта, Кіеў, аднак, адкрыў прычарнаморскія стэпы для пранікненьня качавых плямёнаў: печанегаў, торкаў ды полаўцаў (кіпчакоў), якія прынесьлі старажытнарускай дзяржаве багата клапот. Аднак зь сярэдзіны ХІІ ст. Кіеўская Русь, як і асобныя ўдзельныя князі на тэрыторыі сучаснае Ўкраіны часта ладзяць супольную палітыку разам з полаўцамі, часткова — з торкамі і клобукамі, якія выкарыстоўваліся як хаўрусная сіла ў процістаяньнях з Вугоршчынай, так і ў барацьбе зь няўгоднымі ўдзельнымі князямі іншых частак Русі. Гэта, аднак, не спыніла сыстэматычнага ўмяшаньня Вугоршчыны ў дынастычныя справы Рурыкавічаў, што ў тым ліку спрычынілася да страты Кіеўскай Русьсю Закарпацьця на карысьць гэтае краіны каля сярэдзіны ХІІ ст. Актыўны ўдзел полаўцы бяруць у канцы першай паловы таго ж стагодзьдзя, калі паводле летапісных крыніцаў яны выступаюць як хаўрусьнікі скінутай галіны Рурыкавічаў, Ольгавічаў. З таго ж часу ад земляў будучае Ўкраіны канчаткова адасабляюцца ў палітычным дачыненьні большая частка земляў сучаснае Беларусі, а крыху пазьней — палітычныя ўтварэньні на землях вяцічаў і ільменскія славенаў. Ужо ў другой палове ХІІ ст. Кіеўскае княства ў вузкім сэнсе, а таксама прылеглыя да яго землі княжаньняў на іншых тэрыторыях сучаснай Украіны паводле летапісных крыніцаў выступаюць як асобная палітычная агульнасьць побач са Смаленскам, які доўгі час зьяўляўся фактычна «кармленьнем», воласьцю Кіева. Складаецца разьлеглая дынастыя Рурыкавічаў, якая мацуе сувязі між сабою як шляхам згаданых княжаньняў тэрыторыі Ўкраіны, так і сувязьзю з «валасьцямі» Смаленску і Турава. У выніку, з ХІІ ст. Кіеўская Русь выступае як асобныя княствы. На тэрыторыі Ўкраіны галоўнымі княствамі сталі Кіеўскае, Чарнігаўскае, Галіцкае ды Валынскае княствы.

У пачатку ХІІ ст. Закарпацьцем у выніку дынастычнае барацьбы ў Кіеве, у якую ўмешвалася Вугоршчына, авалодвае гэтая краіна. У ХІІІ ст. праз Кіеўскую Русь праходзяць орды мангола-татар. Карыстаючыся фэўдальнай раздробленасьцю, яны досыць лёгка падаўляюць супраціў мясцовых князёў і абкладаюць рускія гарады данінай. З таго ж часу ці не адзіным палітычным асяродкам на тэрыторыі сучаснае Ўкраіны становіцца Галіцка-Валынскае княства, якое вызначацьме гісторыю земляў Украіны да сярэдзіны XIV ст. Канчаткова яно фармуецца ў 1199 г., калі валынскі князь Раман аб’яднаў Галіцкае і Валынскае княствы, па чым ён захапіў Кіеў і прыняў тытул кіеўскага князя. Раман зрабіў пэўныя крокі па ўмацаваньні асабістае ўлады і прыпыненьні фэўдальнае міжусобіцы, бо Кіеўская Русь па-ранейшаму ўспрымалася Рурыкавічамі як адзіная вотчына, але ў 1205 г. Раман загінуў, а ягоныя сыны Даніла і Васілька, ратуючыся ад змовы баяраў, уцяклі ў Вугоршчыну, а кіеўскі сталец імі быў страчаны. Гэта ўзнавіла практыку сталага ўмяшаньня краіны ў справы захаду сучаснае Ўкраіны, да гэтага працэсу падключаюцца і польскія князі. Даніла і Васілька сталі закладнікамі вугорцаў, а ў Галічы быў каранаваны як «кароль Галіччыны» сын вугорскага караля Андраша ІІ. Барацьба з вугорцамі, ускладненая дынастычнай барацьбой, не згасала да 1230-х гг. і характарызавалася імкненьнямі Данілы вярнуць галіцкі сталец, у чым яго часткова падтрымаў кіеўскі князь Расьціслаў, і імкненьнямі іншых галіцка-валынскіх князёў і нават баяраў абаперціся на вугорцаў у змаганьні з Данілам, што спалучалася з сыстэматычным умяшаньнем польскіх князёў. У 1221 г. Даніла атрымаў сталец, пасьля чаго спакваля Галіцка-Валынскае княства стала на шлях адноснай самастойнасьці. Пэўны ўздым княства спыняецца ўварваньнем манголаў, пасьля чаго Даніла быў змушаны атрымліваць ярлык на сваё княжаньне, а за ардынскага цемніка Бурундая, які актыўна стаў умешвацца ў справы будучых украінскіх земляў, Даніла быў прымушаны зрыць новазбудаваныя гарады — Львоў і Холм. У той жа час на Чарнігаўшчыне і Кіеўшчыне былі рассаджаныя мангольскія баскакі, тады як Даніла Галіцкі, карыстаючыся пастаяннай адсутнасьцю манголаў і аддаленасьцю іх цэнтру, намагаўся прадаўжаць зьнешнепалітычную дзейнасьць. У 1240-х гг. ён два разы разьбіў пад Пінскам літву і аднавіў уладу ў Пінскім княстве, пасьля чаго ў 1245 г. разьбіў войскі Вугоршчыны, Чарнігава, польскіх князёў і мясцовых баяраў, а ў 1248 г. Даніла ваюе яцьвяскія землі на тэрыторыі сучаснага Падляшша, дзе часткова разгортваецца калянізацыя валынянамі. Кульмінацыяй гэтага становіцца выправа на Літву 1252 г., што прывяло да барацьбы, якая доўжылася да 1277 г., але ўжо тады акрэсьліваецца аслабленьне княства, у тым ліку ў выніку сьмерці Данілы, а потым — яго наступніка, Уладзімера. Яшчэ Даніла намагаўся прадухіліць гэты заняпад, шукаючы падтрымку ў Заходняй Эўропе. У 1255 г. Даніла быў каранаваны як «кароль Русі» (тытул, аднак, не перайшоў да нашчадкаў), але ў 1261 г. Бурундай зноў падпарадкаваў княства.

Антычныя гарады чарнаморскага ўзьбярэжжа пасьля распаду Рымскай імпэрыі трапляюць пад палітычны й культурны ўплыў Бізантыі. Найбуйнейшым горадам тут застаецца Хэрсанэс (у Сярэднявеччы вядомы як Хэрсон). У ХІІ стагодзьдзі ў горнай частцы Крыму ўзьнікла дзяржава Тэадора, на базе насельнікаў якой узьнікла народнасьць крымскіх грэкаў, або тэадарытаў. Яе помнікамі зьяўляюцца пячорныя гарады Крыму — Чуфут-Кале, Эскі-Кермэн ды іншыя. Стэпавы Крым ад ХІІІ стагодзьдзя трапляе пад уладу татараў, дзе фармуецца новы крымскататарскі этнас, а неўзабаве іх качэўі аддзяляюцца ў асобную дзяржаву.

Польска-літоўскі й турэцкі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад XIV стагодзьдзя мангола-татарская дзяржава, галоўным чынам празь міжусобіцы, аслабляецца. Затое ўплыў Вялікага Княства Літоўскага, якое ўзьнікла ў 13 стагодзьдзі, істотна ўзмацніўся ад часоў княжаньня Гедыміна (пачатак XIV ст.). Ён устанавіў пратэктарат над Кіеўскім княствам. Мяркуецца, што ён рабіў гэта праз князя Фёдара, палітыка і нават існаваньне якога дакладна не ўсталяваны, але гэты ўплыў набывае выразныя абрысы за сына вялікага князя літоўскага Альгерда Ўладзімера, які фактычна кіруе самастойна і нават б’е асобную манэту, але трываля повязі сярод Гедымінавічаў не дазвалялі зьнікаць панятку аб агульнай вотчыне, у выніку чаго Ўладзімер праводзіць з Альгердам цалкам сумесную палітыку, і, такім чынам, Кіеў канчаткова страчвае палітычную самастойнасьць. У Чарнігаве княжыць іншы сын Альгерда, Канстантын. Кожная зь земляў ва ўнутранай палітыцы захавалі асобнасьць і стары лад, якія нефармальна гарантаваліся на аснове тагачаснага фэўдальнага права.

Нашмат складанейшай стала сытуацыя з былым Галіцка-Валынскім княствам. У 1340 г. памёр апошні галіцка-валынскі Рурыкавіч — князь Юры, што побач з пашырэньнем ВКЛ на поўдзень і Польшчы — на ўсход прывяло да барацьбы між дзьвюма краінамі за землі княства. Да гэтае барацьбы далучылася Вугоршчына. Першыя, «сымптаматычныя» праявы канца княства паўстаюць у пэрыяд 1315-1320 гг., калі ВКЛ адрывае Падляшша і Берасьцейскую зямлю, а ў 1320 г. Любарт Гедымінавіч становіцца валынскім князем. У канфлікт умешваецца Вугоршчына, і ён расьцягваецца да 1370 г. У 1340-х гг. у выніку няўдалае спробы ВКЛ асталявацца і ў Галіцкай зямлі ўспыхвае вайна з Польшчай, якая сканчваецца падзелам паводле статусу-кво і пераходу параўнальна буйнога валоданьня — Белскага княства — пад кандамініюм Польшчы і ВКЛ. У сярэдзіне 1360-х гг. праз караляваньне Людовіка Анжуйскага ў Польшчы канфлікт ускладняецца ўмяшаньнем Вугоршчыны, якая патрабуе ад князёў усяго былога княства леннае прысягі і захоплівае ўсю Валынь, але ў 1371 г. вайна сканчваецца. Вугоршчына не атрымлівае ніводнае зь земляў Галіцка-Валынскае зямлі, у той час Польшча і ВКЛ захоўваюць у рэгіёне ранейшыя межы. На ўсходзе Валыні, яшчэ да зацьвярджэньня на кіеўскім стальцы Ўладзімера, фармуецца ланцуг дробных княстваў дзеля абароны земляў ад набегаў Арды.

У 1362 годзе Альгерд разьбіў татар у бітве на Сініх Водах і далучыў Кіеў да Вялікага княства Літоўскага. Гэтая падзея мела вялікае сымбалічнае значэньне, бо Літва, як і Масква, прэтэндавала на званьне пераемніка Кіеўскай Русі, і на пачатку была бясспрэчным лідэрам у «зьбіраньні» рускіх земляў. Засноўваецца Падольскае княства, дзе княжыць літоўская дынастыя Карыятавічаў. Некаторыя зь іх, па ўсёй бачнасьці, у 1380-х гг. далі ленную прысягу польскаму каралю, што дало глебу для актыўных тэрытарыяльных спрэчак за зямлю між Польшчай і ВКЛ, кульмінацыяй чаго стала выгнаньне Карыятавічаў Вітаўтам у 1393 г. Дзякуючы ўцёкам аднаго з Карыятавічаў, Фёдара, умацоўваюцца фэўдальныя сувязі большае часткі ўкраінскіх земляў (у складзе ВКЛ) з вугорскімі ўладаньнямі ва ўкраінскім Закарпацьці, дзе Фёдар становіцца ваяводам і шыруе ў галіне падтрымкі праваслаўнае царквы. Пасьля гэтага актыўнае палітычнае жыцьцё земляў цяперашняе Ўкраіны ў ВКЛ зводзіцца на не, што тлумачыцца палітыкай Альгерда, які, згодна з тагачаснымі фэўдальнымі традыцыямі, аддаваў землі мясцовым князям у амаль поўнае ўладаньне пад умовай захаваньня васалітэту.

У 1385 годзе ВКЛ прымае Крэўскую унію, што ў пэрспэктыве заклала на ўкраінскіх землях большага, літоўскага абшару падмуркі да пранікненьня польскае культуры і каталіцызму. Прыняты неўзабаве ў 1387 годзе прывілей фармальна забараняў некаталікам атрыманьне дзяржаўных пасадаў, а з 1392 году новы вялікі князь літоўскі Вітаўт адмаўляецца ад палітыкі Альгерда і атачае сябе дробным баярствам з паўночнага захаду ВКЛ, што выштурхоўвае такім чынам украінскіх Альгердавічаў і Гедымінавічаў ад мажлівасьцяў палітычнага ўплыву. У Падольлі і Валыні садзяцца намесьнікі вялікага князя, Кіеў надаецца князю Скіргайлу (неўзабаве памёрламу), а ў Чарнігаве здушваецца паўстаньне Карыбута Альгердавіча. Цэнтралізацыйная палітыка і адхіленьне ранейшых князёў узмацняюцца ў 1413 г., калі ў валынскім мястэчку Гарадло прымаецца аднайменная унія на тых жа ўмовах. Зьнешнепалітычныя посьпехі Вітаўта, у прыватнасьці, яго мойны ўплыў у Залатой Ардзе і ў Крыме прыводзяць да таго, што пад уладай ВКЛ апынаюцца землі паўднёвага захаду Ўкраіны ў міжрэччы Днястра і Дняпра да Чорнага мора. На ўзьбярэжжы мора засноўваецца рад крэпасьцяў, а на ўзьбярэжжы Дняпра татарскаму перабежчыку Алексу вылучаецца княства з цэнтрам у месьце Глінск, што паклала пачатак дынастыі Глінскіх. На крайнім усходнім рубяжы ўкраінскіх земляў засноўваецца Пуціўльскі павет.

У 1430 годзе вялікім князем літоўскім прызначаецца Сьвідрыгайла Альгердавіч, які меў шырокія зьвязкі ва ўкраінскіх землях як дзякуючы падтрымцы буйных князёў, так і праз колішняе князяваньне ў Чарнігаве. У падтрымку Сьвідрыгайлы становяцца перадусім нашчадкі буйных князёў, у тым ліку і ўкраінскіх земляў (напрыклад, Фёдар Карыбутавіч), якія былі незадаволеныя вітаўтавым адхіленьнем іх ад уплыву ва ўладзе. Рэзка абвастраецца палітычная сытуацыя на Валыні і Падольлі. Польшча, прэтэндуючы на Валынь і Заходняе Падольле, бязь ведама Ягайлы арганізоўвае напад на гэтыя землі, а ў 1431 г. Ягайла афіцыйна ўхваляе гэтую вайну ў адказ за адмову Сьвідрыгайлы задаволіць патрабаваньні палякаў і прынесьці васальную прысягу Польшчы (г.зв. Валынская вайна). Найбольш актыўная барацьба вядзецца на ўсходзе Падольля Аляксандрам Носам і Фёдарам Несьвіцкім. Тым ня менш, большую частку згаданых земляў ВКЛ не змагло адстаяць, а ў 1432 г. новым вялікім князем абіраецца Жыгімонт Кейстутавіч, які аднаўляе палітыку Вітаўта ў дачыненьні да фэўдальных вярхоў і падтрымлівае памкненьні Польшчы, прызнаючы за ёй пасьля сваёй сьмерці Валынь, Падольле і Кіеўшчыну. Актыўныя баявыя дзеяньні сканчваюцца. У 1436 г. унутрыпалітычная сытуацыя складваецца канчаткова на карысьць Жыгімонта, і яму амаль удаецца ўстанавіць кантроль над прыхільнай Сьвідрыгайлу Кіеўскай зямлёй, але беспасьпяхова. У 1437 г. Сьвідрыгайла ўцякае праз украінскія землі з ВКЛ, Падольле і Валынь прызнаюць вяршэнства Жыгімонта і Польшчы, а сам Сьвідрыгайла, жадаючы вярнуць уладу, уцякае ў Валынь і складае ленную прысягу новаму каралю Польшчы Ўладыславу. Адгэтуль Сьвідрыгайла фактычна задавальняецца ўдзельным валынскім княжаньнем, але тытулюецца як «вялікі князь». Толькі ў 1445 г. ён складае прысягу новаму вяікаму князю літоўскаму, Казімеру. Адначасна, на поўдні левабярэжжа Дняпра адбудоўвае ўласную дзяржаву Сэід-Агмэт, якому Сьвідрыгайла, карыстаючыся ранейшым аўтарытэтам Вітаўта, вылучыў у гаспадараньне землі пры мяжы ВКЛ. За княжаньня Казімера ў склад гэтае дзяржавы паступова адыходзяць прычарнаморскія землі зь вітаўтавымі калёніямі.

У 1440 г. новым вялікім князем літоўскім абраны Казімер Ягелончык, які па абраньні ў 1447 г. польскім каралём уступае ў паласу ўнутрыпалітычных спрэчак у сувязі зь незадаволенымі прэтэнзіямі Польшчы. Унутрыпалітычнымі манэўрамі і ціскам сярод польскае знаці Казімер пазьбягае дэтранізацыі і новае вайны, але ў 1453 г. быў вымушаны перадаць Польшчы Ўсходняе Падольле і паўночны захад Валыні зь местам Ратна. У 1440 г. малалетні Казімер па намове баярства ВКЛ, а таксама прыхільнікаў Сьвідрыгайлы, якія з шэрагу прычынаў не аказалі яму падтрымкі як мажліваму кандыдату на вялікакняскі сталец у 1440 г., «аднаўляе» Кіеўскае княства, дзе пачынае княжыць Алелька Ўладзімеравіч. У 1470 г. княства скасоўваецца, а Кіеўская зямля (намесьніцтва) атрымлівае прывілей, які гарантаваў правамоцным жыхарам зямлі рад такіх даволі прагрэсіўных нормаў як індывідуальная адказнасьць, недатыкальнасьць маёмасьці і права ім вольнага распараджэньня. Аднак скасаваньне княства, а таксама адыход Казімера ад інтарэсаў былых князёў-вотчыньнікаў прычынілася да змовы ў 1481 годзе, калі ставіліся пляны па адарваньні ад ВКЛ «Вялікага Княства Кіеўскага» і яго пераходу пад маскоўскі пратэктарат.

З гэтага ж часу Вялікае Княства Літоўскае робіць стаўку на ўмацаваньне зносінаў з Залатой Ардой і яе ханам Ахматам дзеля аслабленьня даволі ўмацаванага ўжо на той час Маскоўскага княства. Апошняе разьбівае залатаардынскія войскі ў 1480 г. і ў процівагу ёй пачынае адбудоўваць зносіны з Крымскім ханствам, Малдовай і Сьвятой Рымскай імпэрыяй, апошняя зь якіх была ворагам ВКЛ праз умацаваньне гэтай дзяржавай Польшчы ў дынастычнай уніі. Гэта прывяло да складаньня кааліцыі дзяржаваў супраць ВКЛ, што спрычынілася да разбуральных і катастрафічных набегаў крымскіх татараў ва ўкраінскія землі ВКЛ. Падчас аднаго з набегаў у канцы XV ст. быў моцна пашкоджаны Кіеў, а яго жыхары разам з ваяводам кіеўскім Хадкевічам уведзеныя ў палон. Пазьней патрэба ў ясіры — палоне — стане асноўным напрамкам крымскататарскіх набегаў, якія ладзіліся з канца XV ст. ці не штогод. Рабаўнічая дзейнасьць цюрак сягнула свайго піку да 1506 г., калі ў бітве пад Клецкам (цяперашняя Беларусь) татары былі разьбітыя, а іх напады пайшлі на спад. Умацаваньне Масквы прычынілася да прыняцьця яе князем у 1492 г. тытулу валадара «ўсяе Русі», што дало фармальныя прэтэнзіі ў тым ліку і на ўкраінскія землі. Цягам войнаў ВКЛ з Масковіяй 1492-1494 і 1500-1503 гг. да апошняй адышоў Пуціўль і Чарнігаўшчына адпаведна. Межы Масковіі выйшлі на Дняпро, але ў 1508 г. ВКЛ здолела вярнуць частку гэтае ўкраінскае тэрыторыі зь местам Любеч.

З XV ст. пачынаюцца працэсы засяленьня сучасных усходу і, пазьней, поўдня Ўкраіны. Засяленьне ў асноўным адбывалася за кошт украінцаў, але ўдзельнічалі таксама й іншыя этнасы.

З XV стагодзьдзя на літоўска-крымскім памежжы ўзьнікае казацтва, якое аказала вырашальны ўплыў на фармаваньне ўкраінскага этнасу. Этнічная тэрыторыя Ўкраіны, выцягнутая з захаду на ўсход, і цяпер прыкладна адпавядае былой мяжы між Літвою (Польшчаю) ды Крымскім ханствам.

У 1569 годзе, карыстаючыся цяжкім становішчам Літвы, якая вяла вайну з Масковіяй, Польшча захапіла Валынь, Кіеўшчыну й Падольле, г. зн. усе ўкраінскія землі, якія дагэтуль належалі Літве. У 1596 годзе была заключаная Берасьцейская унія, паводле якой Кіеўская мітраполія перайшла пад уладу Рыму.

Багдан Хмяльніцкі

Палітыка палянізацыі ды акаталічваньня прывяла да антыпольскіх паўстаньняў на ўкраінскіх землях. Наймацнейшае зь іх, пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, пачалося ў 1648 годзе. Пасьля шэрагу паразаў Хмяльніцкі быў вымушаны перайсьці пад пратэктарат Масковіі, што адбылося ў 1654 годзе на Пераяслаўскай радзе. Гэтая падзея выклікала вайну Расеі з Рэччу Паспалітай, у выніку якой да Масковіі адышлі значныя тэрыторыі, у тым ліку горад Кіеў.

Крым з 15 стагодзьдзя цалкам падпарадкоўваецца Крымскаму ханству, адной з рэштак Залатой Арды і пратэктарату Асманскай імпэрыі. На базе нашчадкаў мангола-татар, а таксама іншых народнасьцяў, тут фармуецца крымскататарскі этнас, які складаў значную дзелю ад насельніцтва на паўвостраве аж да сталінскай дэпартацыі 1944 году. Акрамя ўласна Крыму, ханства займала тэрыторыі ўкраінскага Прычарнамор’я і Прыазоўя, а таксама вялікую частку сёньняшняга Краснадарскага краю Расеі.

У 18 стагодзьдзі Польшча ды Крымскае ханства аслаблі й сталі ахвярамі суседзяў. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—1795) украінскія землі Польшчы адышлі да Расеі, акрамя Галічыны. Галічына ды Букавіна (большая частка цяперашняй Чарнавіцкай вобласьці) адышлі да Аўстрыі. Закарпацьце, як і ўся Вугоршчына, увайшло ў склад Аўстрыі ў другой палове XVII ст.

Крымскае ханства было анэксаванае Расеяй у 1783 годзе.

Пэрыяд Расейскай і Аўстрыйскай імпэрыяў (канец 18 ст. — 1917)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З канца 18 стагодзьдзя і да Першай сусьветнай вайны ўкраінскімі землямі валодалі Расея й Аўстра-Вугоршчына. Усходнія землі Ўкраіны напачатку мелі аўтаномію ў складзе Расеі, якая была паступова скасаваная, пазьней расейская частка Ўкраіны падзеленая між губэрнямі. У 1867 годзе Аўстрыя рэарганізоўваецца ў фэдэратыўную Аўстра-Вугоршчыну зь дзьвюма раўнапраўнымі часткамі — Аўстрыяй і Вугоршчынай. У аўстрыйскую частку дзяржавы пераходзяць Галічына й Букавіна, у вугорскую — Закарпацьце (якое належала Вугоршчыне да ўваходжаньня краіны ў склад Аўстрыі).

На ўкраінскіх тэрыторыях з канца 18 стагодзьдзя пачынаецца рух украінскага адраджэньня. Найбольш ён быў пашыраны на аўстрыйскіх тэрыторыях (Галічына) — празь меншую жорсткасьць тамтэйшага рэжыму — дзе дзейнічалі Іван Франко, Міхайла Грушэўскі ды іншыя выдатныя асобы ўкраінскага адраджэньня. Нацыянальная палітыка на расейскіх тэрыторыях Украіны адзначаецца шэрагам заканадаўчых актаў, прадпрынятых у мэтах прадухіленьня ўкраінскага выданьня; праводзілася нацыяналістычная палітыка г.зв. трыадзінага расейскага народу, згодна зь якой існаваньне асобнай украінскай нацыі і ўкраінскай нематэрыяльнай культуры адмаўлялася.

Савецкі пэрыяд (1917—1991)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая Сусьветная вайна прывяла да краху некалькіх імпэрыяў, у ліку якіх былі Расея й Аўстра-Вугоршчына. Такім чынам, у народаў, што ня мелі ўласнае дзяржаўнасьці, узьнікла мажлівасьць самавызначэньня.

17 сакавіка 1917 году, хутка пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году ў Расеі, была створаная Ўкраінская Цэнтральная Рада. 20 лістапада 1917 году была створаная Ўкраінская Народная Рэспубліка як аўтаномія ў складзе Расейскай рэспублікі, а 25 студзеня 1918 году была абвешчаная яе незалежнасьць. На аўстра-вугорскай тэрыторыі была створаная Заходнеўкраінская Народная Рэспубліка, якая далучылася да УНР. Крымскататарскія нацыянальныя арганізацыі стварылі Крымскую Народную Рэспубліку, між якой і УНР абмяркоўвалася мажлівасьць палітычнага збліжэньня.

У той жа час, 25 сьнежня 1917 году ў Харкаве бальшавікі старылі альтэрнатыўную УНР, якая ў 1919 годзе была пераназваная ва Ўкраінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Пачалася барацьба паміж гэтымі дзьвюма дзяржавамі. УССР абапіралася на бальшавікоў, а УНР — спачатку на немцаў, а потым — на палякаў. У выніку Галічына й Валынь адышлі да Польшчы, Закарпацьце — спачатку да Вугоршчыны й потым да Чэхаславаччыны, Букавіна й украінскія часткі Бэсарабіі — да Румыніі, а на большай частцы Ўкраіны ўсталявалася савецкая ўлада. Крым быў уключаны ў склад РСФСР на правах аўтаномнай рэспублікі.

30 сьнежня 1922 году УССР ўвайшла ў склад СССР.

У 1934 годзе сталіца УССР была перанесеная з Харкава ў Кіеў.

У 1938 годзе ў выніку падзелу Чэхаславаччыны поўдзень Закарпацьця адышоў да Вугоршчыны, на астатняй частцы ўтвораная аўтаномія ў складзе чэхаславацкай дзяржавы. У 1939 годзе адбываецца акупацыя астатняй часткі Закарпацьця Вугоршчынай.

У верасьні 1939 году ўкраінскія землі, што належалі Польшчы, былі занятыя савецкай арміяй і далучаныя да УССР (аб'яднаньне Ўкраіны (1939)). У 1940 годзе да УССР была далучаная Паўночная Букавіна й Паўднёвая Бэсарабія.

У 1941—1942 гг. тэрыторыя Ўкраіны была акупаваная нямецкімі войскамі. Нацысцкія ўлады ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Былі зьнішчаныя сотні тысячаў мірных жыхароў. У 1943—1944 гг. Украіна была вызваленая ад нацыстаў.

Пасьля Вялікай Айчыннай Вайны да Ўкраіны было далучанае Закарпацьце. Частка Галічыны была перададзеная Польшчы, пры гэтым адбываліся савецка-польскія абмены тэрыторыяй на ўкраінска-польскім памежжы.

У 1954 годзе Ўкраіне быў перададзены Крым, які існаваў у складзе УССР як Крымская вобласьць і асобнае места рэспубліканскага падпарадкаваньня Севастопаль.

26 красавіка 1986 г. з -за выпрабаваньняў на Чарнобыльскай АЭС, памылак у праектаваньні станцыі й будаўніцтве, ігнаруючы праблемы, якія ўзьніклі на станцыі, адбылася Чарнобыльская катастрофа. 1 траўня ў Кіеве прайшоў парад, і Крэмль прымусіў кіраўнікоў Украінскай ССР правесьці яго, каб не выклікаць паніку.[1] Пасьля ацэнкі маштабаў радыеактыўнага забруджваньня была заплянавана эвакуацыя, але яна была затрымана па рашэньні ўрада СССР і ЦК КПСС.[2] Чарнобыльская катастрофа аказала вялікі ўплыў на грамадзка-палітычнае жыцьцё, некаторыя называюць гэта пачаткам канца Савецкага Зьвяза.

Працэс адраджэньня ЎГКЦ пачаўся з сустрэчы Папы Яна Паўла ІІ з Прэзыдэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым. На жаль, аднак, пачатак 1990 -х гадоў быў адзначаны міжканфесійнай канфрантацыяй на фоне маёмасных спрэчак, ускладненай расколам ўнутры ўкраінскага праваслаўя.

22 кастрычніка 1989 г. на Саборы сьвятароў і сьвецкіх у Львове было абвешчана адраджэньне Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Адроджаную царкву ўзначаліў Іван (Боднарчук), епіскап -фрылянсэр Маскоўскага патрыярхату. 2 кастрычніка 1990 г. улады Ўкраіны афіцыйна зарэгістравалі ЎАПЦ.

16 ліпеня 1990 году абвешчана Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце. 2-17 кастрычніка 1990 г. ва Ўкраіне адбылася Рэвалюцыя на граніце, асноўнай мэтай акцыі было не дапусьціць падпісаньня новай зьвязнай дамовы СССР. Патрабаваньні студэнтаў былі задаволены падпісаньнем пастановы Вярхоўнай Рады, якая гарантавала іх выкананьне.[3]

Сучасны (незалежны) пэрыяд (з 1991 г.)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля правалу жнівеньскага путчу 24 жніўня 1991 г. Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Акт абвяшчэньня Незалежнасьці Ўкраіны. Тэкст акту быў напісаны й абвешчаны Леўкам Лук’яненкам. Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка спыніла сваё існаваньне, а сучасная Ўкраіна зьявілася на геапалітычнай карце сьвету.

Па выніках Усеўкраінскага рэфэрэндуму 1991 г. 90,32% грамадзянаў Украіны прагаласавалі за Акт незалежнасьці Ўкраіны,[4] і быў абраны першы прэзыдэнт Украіны, якім стаў Леанід Краўчук. На наступны дзень пасьля рэфэрэндуму Ўкраіну прызналі Канада й Польшча, а да канца студзеня 1992 году — 91 дзяржава.

8 сьнежня ў Белавескай пушчы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук, прэзыдэнт РСФСР Борыс Ельцын і старшыня Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч падпісалі пагадненьне аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Але Вярхоўная Рада Ўкраіны не ратыфікавала далучэньне, гэта значыць Украіна не ўваходзіла ў СНД.[5] Нягледзячы на ​​тое, што ён меў асацыяванае сяброўства, спынены ў 2018 годзе ўказам прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.[6] 25 студзеня 1991 г. Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падаў у адстаўку й быў канчаткова канстатаваны факт роспуску Зьвяза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Пасьля распаду СССР былыя савецкія рэспублікі, у тым ліку й Украіна, трапілі ў глыбокі крызіс, які прывёў да зьбядненьня насельніцтва, гіпэрінфляцыі, масавага беспрацоўя.

У 1992 годзе адбыўся царкоўны раскол, калі былы Мітрапаліт Украіны Філарэт абвесьціў сябе Кіеўскім Патрыярхам. Кіеўскі патрыярхат ня быў вызнаны ніводным зь іншых праваслаўных патрыярхатаў, але быў падтрыманы ўкраінскімі ўладамі.

У 1994 годзе на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах перамогу атрымаў Леанід Кучма. Ён кіраваў краінай 10 гадоў шляхам пераабраньня на другі тэрмін.

28 чэрвеня 1996 году Вярхоўная Рада ўхваліла Канстытуцыю Ўкраіны.

У лістападзе 2004 году адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх перамогу атрымаў Віктар Януковіч. Але яго супраціўнік Віктар Юшчанка не прызнаў вынікі выбараў, заявіўшы аб іх фальсыфікацыі. Яго падтрымалі шырокія колы грамадзтва, асабліва ў заходняй частцы краіны, а таксама ЗША і краіны Эўразьвязу. Юшчанка пачаў кампанію грамадзянскага супраціву, вядомую як Аранжавая рэвалюцыя. Яе вынікам стала скасаваньне вынікаў выбараў і правядзеньне паўторнага галасаваньня, у якім перамог Юшчанка. Адначасна Вярхоўная Рада ўхваліла зьмены да Канстытуцыі, зьмяніўшы выбарчую сыстэму й пазбавіўшы Прэзыдэнта шэрагу паўнамоцтваў, у тым ліку права фармаваньня ўраду.

У сакавіку 2006 году адбыліся парлямэнцкія выбары, на якіх найбольшую колькасьць галасоў набрала Партыя рэгіёнаў. Але партыі «Наша Ўкраіна» ды Усеўкраінскае аб’яднаньне «Бацькаўшчына» разам набралі прыкладна такую ж колькасьць галасоў. У выніку вырашальнаю стала пазыцыя больш дробных партыяў. Кааліцыя між «аранжавымі» партыямі не была створаная, а Сацыялістычная партыя Аляксандра Мароза перайшла ад «аранжавага» блёку да Партыі Рэгіёнаў і разам зь імі ды камуністамі стварыла Антыкрызісную кааліцыю. Прэм’ер-міністрам Украіны стаў Віктар Януковіч. У траўні 2007 году Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка распусьціў Вярхоўную Раду Ўкраіны і прызначыў датэрміновыя выбары. Праз супраціў апазыцыі гэтыя выбары адбыліся толькі 30 верасьня. Паводле вынікаў гэтых выбараў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны была сфармавана кааліцыя з БЮЦ і НУ — НС. Юлія Цімашэнка зноў стала прэм’ер-міністрам.

Праэўрапейская(недаступная спасылка) дэманстрацыя ў Кіеве, 27 лістапада 2013 г.

У канцы 2009 году на пасаду прэзыдэнта краіны абраны Віктар Януковіч, які знаходзіўся на гэтай пасадзе з 2010 да пачатку 2014 году. 23 лістапада 2013 году пачаліся акцыі ў знак пратэсту Эўрамайдан супраць прыпыненьня тагачасным урадам на чале зь Міколам Азаравым працэсу асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ, якія праз шэраг жорсткіх урадавых супрацьдзейных актаў і дзеяньняў у сьнежні—студзені перарасьлі ў пратэсты з мэтаю адстаўкі ўраду й прэзыдэнта.

16 студзеня 2014 году былі прынятыя дыктатарскія ”законы” з грубым парушэньнем нарматыўных актаў і заканадаўчай працэдуры і, нягледзячы на ​​рэзкую крытыку, падпісаны прэзыдэнтам на наступны дзень, 17 студзеня. Яны былі атрыманы падняцьцем рук, без выкарыстаньня сыстэмы «Рада» і без абмеркаваньня, а іх тэксты сталі даступныя толькі пасьля таго, як за іх прагаласавалі дэпутаты. Гэтыя законы абмяжоўвалі правы грамадзянаў, давалі дзяржаўным уладам больш свабоды для пакараньня пратэстоўцаў і накаваны на крыміналізацыю апазыцыі й грамадзянскай супольнасьці. У выніку бітваў паміж пратэстоўцамі й паліцыяй у лютым 2014 году загінула каля 80 чалавек пачалася Рэвалюцыя годнасьці.

У лютым 2014 году была вернутая канстытуцыя ўзору 2004 году, якая дазваляла парлямэнцкай большасьцю зацьвердзіць імпічмэнт прэзыдэнта. 23 лютага Вярхоўная Рада абрала выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Аляксандра Турчынава, датэрміновыя выбары прэзыдэнта прызначаныя на 25 траўня гэтага ж году. Януковіч апынуўся на тэрыторыі Расеі, дзе даў некалькі прэс-канфэрэнцыяў і заявіў, што дагэтуль лічыў сябе прэзыдэнтам і вярхоўным галоўнакамандуючым; у якасьці легітымнага прэзыдэнта ён да самай інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта Парашэнкі (гл. ніжэй) лічыўся Расеяй і некаторымі іншымі краінамі сьвету (напрыклад, Вэнэсуэлай).

У лютым—сакавіку 2014 году ўзброеныя прарасейскія актывісты пры падтрымцы неідэнтыфікаваных вайскоўцаў (пазьней прызнаных у якасьці расейскіх) пачалі захоп адміністрацыйных будынкаў у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і Севастопалі. У выніку гэтага быў створаны самаабвешчаны ўрад АРК і Севастопалю на чале з Аксёнавым і Чалым адпаведна, на 16 сакавіка іх структурамі быў абвешчаны рэфэрэндум аб статусе АРК і Севастопалю. 17 сакавіка самаабвешчаныя ўлады АРК і Севастопалю аб’явілі, што на рэфэрэндуме большасьць галасоў атрымаў варыянт за ўваходжаньне ў склад Расеі, у гэты ж дзень з тэрыторыяў АРК і Севастопалю была абвешчаная г.зв. Рэспубліка Крым. На наступны дзень прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, а таксама самаабвешчаныя кіраўнікі Аксёнаў ды Чалы падпісалі пагадненьне аб уваходжаньні Рэспублікі Крым у склад Расеі, яе тэрыторыя Расеяй дэ-факта была падзеленая на два суб’екты фэдэрацыі — Рэспубліку Крым (тэрытарыяльна адпавядае АРК) і места фэдэральнага значэньня Севастопаль (адпавядае ўкраінскай севастопальскай мескай радзе, што не ўваходзіць у АРК). Украінскім заканадаўствам, а таксама большасьцю краінаў сьвету прыход да ўлады Аксёнава й Чалава, рэфэрэндум і фактычная зьмена статусу гэтай украінскай тэрыторыі лічацца незаконнымі.

У канцы лютага 2014 году ў сувязі з імпічмэнтам Януковіча прэзыдэнцкія выбары былі перанесеныя з 2015 году на 25 траўня 2014 году, якія й адбыліся ў гэты тэрмін. Перамогу на выбарах у першым туры (больш за 50%) атрымаў пазапартыйны кандыдат, бізнэсмэн Пятро Парашэнка, інаўгурацыя якога адбылася 7 чэрвеня[7].

Зь лютага—красавіка гэтага ж году ў паўднёва-ўсходніх абласьцях Украіны праводзіліся прарасейскія мітынгі, якія ўрэшце ў красавіку перарасьлі ва ўзброеныя захопы адміністрацыяў Луганскае й Данецкае абласьцей, якія абвясьцілі сябе ўладай гэтых рэгіёнаў, у адказ на што Ўкраіна распачала антытэрарыстычную апэрацыю. 11 красавіка самаабвешчаныя ўлады двух рэгіёнаў абвясьцілі незалежнасьць г.зв. Данецкай і Луганскай народных рэспублік, пасьля чаго быў адзначаны рэзкі рост вайсковага забесьпячэньня сэпаратыстаў, а таксама вялікая прысутнасьць наймітаў з Расеі ў зоне канфлікту, адзначаліся выпадкі агнявой падтрымкі сэпаратыстаў з боку памежных раёнаў Расеі. Цягам антытэрарыстычнай апэрацыі канстытуцыйны лад Украіны адноўлены прыкладна на трох чвэрцях тэрыторыі, раней узятай пад кантроль незаконнымі ўзброенымі прарасейскімі сэпаратысцкімі фармаваньнямі[8].

Прэзыдэнцтва Парашэнкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах у чэрвені 2014 году перамог Пётар Парашэнка, які прывёў краіну ў горшы стан за ўсіх папярэднікаў - парлямэнцкую апазыцыю, эканамічны крызыс, вайну. 20 чэрвеня было абвешчана аднабаковае тыднёвае перамір’е з адначасовым ультыматумам прарасейскім наймітам і мясцовым баевікам пакінуць краіну, пасьля чаго пачалося вызваленьне дзяржавы, якое было сарванае ўжо адкрытай узброенай агрэсыяй Расеі. З дапамогай заходніх краінаў Украіне ўдалося замарозіць вайну на лініі разьмежаваньня, а Расеі замацаваць пастаянны стан нявызначанасьці на Данбасе ў Менскіх пагадненьнях.

Эканамічная частка Пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўрапэйскім зьвязам была падпісана 27 чэрвеня 2014 г. прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам.[9] 1 студзеня 2016 году Ўкраіна далучылася да зоны зоны свабоднага разьвіцьця зь ЭЗ. Грамадзяне Ўкраіны атрымалі дазвол на бязьвізавы ўезд у Шэнгенскую зону на тэрмін да 90 дзён на працягу любога 180-дзённага пэрыяду 11 чэрвеня 2017 году, а Пагадненьне аб асацыяцыі афіцыйна ўступіла ў сілу 1 верасьня 2017 году.[10]

З дапамогай МВФ і жорсткай грашова -крэдытнай і фіскальнай палітыкі ўдалося стабілізаваць фінансавае становішча краіны й запоўніць пустую дзяржаўную казну. У эканамічных рэформах Парашэнка абапіраўся на замежных спэцыялістаў, якія ўдзельнічалі ва ўрадзе. Сярод іх быў былы прэзыдэнт Грузыі Міхаіл Саакашвілі, які ў рэшце рэшт стане ў апазыцыю да прэзыдэнта й значна зьнізіць яго рэйтынг даверу. У той жа час ён заручыўся падтрымкай алігархічных колаў для сур’ёзных зьмен, за выключэньнем нацыяналізацыі банка ”Надра” Дзьмітрыем Фірташам, а ў працэсе разбурэньня сыстэмы буйной уласнасьці, пабудаванай Кучмай, не адбылося. Наадварот, уцёкі за мяжу прадстаўніка Дняпра Ігара Каламойскага, які дапамагаў змагацца з сэпаратыстамі пры падтрымцы Данецка, і нацыяналізацыя ПрыватБанка нагадвалі многім аб барацьбе за перадзел уласнасьці ў 1990 -я гады.

Значныя дасягненьні на зьнешнепалітычнай арэне: падтрымка антырасейскіх санкцый, атрыманьне бязьвізавага рэжыму з краінамі Эўразьвяза ў спалучэньні зь неабходнасьцю пераадоленьня надзвычай складаных задач унутры краіны. Старыя мясцовыя ўлады таксама не хацелі ніякіх зьменаў: улады былі ачышчаны ад актывістаў антымайдану (люстрацыя), але часткова. Пачалася барацьба з карупцыяй, абмяжоўваючыся прысудамі дробным чыноўнікам і электроннымі дэклярацыямі, а новаствораныя НАБУ і НАЗК адзначыліся скандаламі ў сваёй працы. Судовая рэформа спалучалася з прызначэньнем старых, скампраметаваных судзьдзяў. Расьсьледаваньне злачынстваў супраць жыхароў Майдану зацягнулася. З мэтай процідзеяньня масавай ґлябальнай маскальскай антыўкраінскай прапагандзе ў ”інфармацыйнай вайне” было створана Міністэрства інфармацыйнай палітыкі, якое на працягу 5 гадоў, за выключэньнем забароны Лябараторыі Касьперскага, Dr.Web, 1С, Maіl.ru, Яндэкс і маскальскія сацыяльныя сеткі «Укантакце» альбо «Аднакласьнікі» і прапагандысцкія СЬМІ не паказалі эфэктыўнай працы. У 2017 годзе прэзыдэнт падпісаў закон ”Аб адукацыі”, які сустрэў супраціў прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў і пасварыўся з урадам Вугоршчыны.

19 мая 2018 г. Парашэнка падпісаў дэкрэт, які ўвёў у дзеяньне рашэньне Нацыянальнага савета па бясьпецы й абароне аб заключным тэрміне ўдзелу Ўкраіны ў статутных органах Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.[11][12] Па стане на люты 2019 г. Украіна мінімізавала сваю частку ў Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў да крытычнага мінімуму й фактычна завяршыла яе вывад. Вярхоўная Рада Ўкраіны не ратыфікавала доступ, і Ўкраіна ніколі не была членам СНД.[13]

Генэральны(недаступная спасылка) сакратар НАТА Енс Стольтэнбэрг і Пятро Парашэнка, 10 ліпеня 2017 г.

21 лютага 2019 году ў Канстытуцыю Ўкраіны былі ўнесены зьмяненьні, нормы аб стратэгічным курсе Ўкраіны на сяброўства ў Эўрапэйскім зьвязе й НАТА замацаваны ў прэамбуле Асноўнага закона, трох артыкулах і пераходных палажэньнях.[14]

Зацягваньне з продажам уласнай кандытарскай фабрыкі ў Ліпецкай вобласьці Расеі, скандал з выкарыстаньнем афшораў для мінімізацыі выплачаных падаткаў (Panamagate) таксама не спрыялі высокаму рэйтынгу прэзыдэнта. Нават гістарычнае набыцьцё аўтакефаліі ад Усяленскага патрыярха Барталамея І (Томас) і стварэньне незалежнай Праваслаўнай Царквы Ўкраіны не дапамаглі аднавіць страчаны давер да ўкраінцаў. Гэта быў адзін з самых эфэктыўных пяці гадоў украінскага дзяржаўнага будаўніцтва, але й адзін з самых супярэчлівых, калі прэзыдэнту давялося пераадольваць надзённыя выклікі сучаснасьці, не ў стане парваць зь мінулым.

Прэзыдэнцтва Зяленскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 красавіка 2019 г. у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў перамог актор і шоумен Уладзімір Зяленскі, якому ўдалося кансалідаваць пратэстныя настроі розных палітычных спэктраў вакол уласнай харызматычнай асобы й атрымаць 73,23% галасоў. 20 мая адбылася цырымонія інаўгурацыі, пасьля чаго Зяленскі абвясьціў аб роспуску Вярхоўнай Рады й прызначыў датэрміновыя выбары. Датэрміновыя парлямэнцкія выбары 21 ліпеня дазволілі новастворанай прапрэзыдэнцкай партыі ”Слуга народа” атрымаць абсалютную большасьць месцаў упершыню ў гісторыі незалежнай Украіны (248). Сьпікерам парлямэнта абраны старшыня партыі Дзьмітрый Разумкоў. Большасьць змагла сфармаваць урад самастойна, без стварэньня кааліцый, і зацьвердзіць Аляксея Гончарука прэм’ер-міністрам.[15] 4 сакавіка 2020 году з -за падзеньня ВУП на 1,5% (замест павелічэньня на 4,5% на момант выбараў) Вярхоўная Рада звольніла ўрад Ганчарука, а Дзяніс Шмыгаль[16] стаў новым прэм’ер-міністрам.[17]

28 ліпеня 2020 г. у Любліне Летува, Польшча й Украіна стварылі ініцыятыву «Люблінскі трыкутнік», якая накавана на стварэньне далейшага супрацоўніцтва паміж трыма гістарычнымі краінамі Рэчы Паспалітай і далейшую інтэграцыю Ўкраіны й уступленьне ў ЭЗ і НАТА.[18]

2 лютага 2021 году ўказ прэзыдэнта забараніў тэлевізійнае вяшчаньне прамаскальскіх тэлеканалаў 112 Ukraіne, NewsOne і ZІK.[19][20] Рашэньнем Савета нацыянальнай бясьпекі й абароны й Указам прэзыдэнта ад 19 лютага 2021 г. былі ўведзеныя санкцыі супраць 8 фізычных і 19 юрыдычных асоб, у тым ліку прамаскальскага палітыка Пуціна й хроснага бацькі Пуціна Віктара Мядзьведчука й яго жонкі Аксаны Марчанка.[21][22]

(недаступная спасылка)Прэзыдэнт Грузыі Саламе Зурабішвілі, прэзыдэнт Малдовы Мая Санду, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі й старшыня Эўрапэйскай рады Шарль Мішэль падчас Батумскай міжнароднай канфэрэнцыі 2021 году. У 2014 годзе ЕС падпісаў пагадненьні аб асацыяцыі з усімі трыма дзяржавамі.

На саміце ў Брусэлі ў чэрвені 2021 году лідэры НАТА паўтарылі рашэньне, прынятае на саміце ў Бухарэсьце 2008 году, паводле якога Ўкраіна стане членам Альянсу з Плянам дзеяньняў па сяброўстве (ПДЧ) як неад’емнай часткай працэсу й правам Украіны вызначаць сваю будучыню й зьнешняя палітыка, вядома, без умяшаньня звонку.[23]

17 мая 2021 году была ўтворана Асацыяванае трыа шляхам падпісаньня сумеснага мемарандума паміж міністрамі замежных справаў Грузыі, Малдовы й Украіны. Асацыяванае трыа — гэта трохбаковы фармат для пашырэньня супрацоўніцтва, каардынацыі й дыялёгу паміж трыма краінамі (якія падпісалі Пагадненьне аб асацыяцыі зь ЭЗ) па пытаньнях агульнага інтарэсу, зьвязаных з эўрапэйскай інтэграцыяй. Усходняга партнэрства й абавязацельстваў па далучэньні да Эўрапэйскага зьвяза.[24] Па стане на 2021 год, Украіна рыхтуецца афіцыйна падаць заяўку на ўступленьне ў ЭЗ у 2024 годзе, каб далучыцца да Эўрапэйскага Зьвяза ў 2030-я гады.[25]

3 сакавіка 2020 году ва Ўкраіне быў зафіксаваны першы выпадак заражэньня коронавірусам COVІD-19.[26] Кожны дзень Міністэрства аховы здароўя публікуе новую інфармацыю аб распаўсюджваньні пандэміі. З -за карантынных абмежаваньняў у краіне ўзмацніўся эканамічны крызыс, колькасьць афіцыйна беспрацоўных павялічылася на 67%.

23 лютага 2021 г. ва Ўкраіне былі зарэгістраваны 2 вакцыны супраць коронавірусу: AstraZeneca і Pfіzer – BіoNTech.[27][28] 24 лютага першы чалавек быў прышчэплены.[29]

  1. ^ Валентин Згурський: Правду про чорнобильську аварію в перші дні знали всього три людини: Горбачов, Рижков і я. Інтерв'ю 2013 року. Частини I—III, — Гордон, 27 жовтня 2016  (рас.)
  2. ^ Національна доповідь «20 років Чорнобильської катастрофи: погляд в майбутнє» (сторінка 8) Праверана 26 квітень 2018 г. Архіўная копія ад 4 березень 2016 г.
  3. ^ Про розгляд вимог студентів, які проводять голодування … | від 17.10.1990 № 402-XII
  4. ^ АКТ ПРОГОЛОШЕННЯ НЕЗАЛЕЖНОСТІ УКРАЇНИ Праверана 2019-07-29 г.
  5. ^ "Україні не потрібно виходити із СНД – вона ніколи не була і не є зараз членом цієї структури" Павло Клімкін
  6. ^ Порошенко опублікував указ про вихід України із міжнародних договорів СНД | Українська правда (pravda.com.ua)
  7. ^ Парашэнка прыняў прысягу, на інаўгурацыю прыляцеў Лукашэнка. Анлайн // Наша Ніва. — 2014.
  8. ^ Антытэрарыстычная аперацыя ва Украіне // Эўрарадыё. — 2013—2014.
  9. ^ EU signs pacts with Ukraine, Georgia and Moldova, BBC News (27 June 2014)
  10. ^ European Commission - EU-Ukraine Association Agreement fully enters into force (Press release)
  11. ^ Україна остаточно вийшла з СНД Праверана 2018-05-19 г.
  12. ^ Президент підписав Указ про остаточне припинення участі України у статутних органах СНД — Офіційне інтернет-представництво Президента України (укр.)  Праверана 2018-05-19 г.
  13. ^ "Україні не потрібно виходити із СНД – вона ніколи не була і не є зараз членом цієї структури" Павло Клімкін
  14. ^ The law amending the Constitution on the course of accession to the EU and NATO has entered into force | European integration portal (укр.) Праверана 2021-03-23 г.
  15. ^ Кабінет Міністрів України — Новим Прем'єр-міністром України став Олексій Гончарук (укр.) Праверана 2020-07-06 г.
  16. ^ Гончарука звільнили з посади прем'єра й відставили весь уряд (укр.) 2020-03-04 г. Праверана 2020-07-06 г.
  17. ^ Денис Шмигаль – новий прем’єр України (укр.) Праверана 2020-07-06 г.
  18. ^ Lithuania, Poland and Ukraine Inaugurate ‘Lublin Triangle’
  19. ^ УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА УКРАЇНИ №43/2021 (укр.) Праверана 2021-02-06 г.
  20. ^ Зеленський‌ ‌"вимкнув"‌ ‌112,‌ ‌ZIK‌ ‌і‌ ‌NewsOne‌ ‌з‌ ефіру. Що відомо‌ (укр.)  Праверана 2021-02-06 г.
  21. ^ УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА УКРАЇНИ №64/2021 (укр.) Праверана 2021-02-20 г.
  22. ^ Зеленський ввів у дію санкції проти Медведчука (укр.) Праверана 2021-02-20 г.
  23. ^ NATO - News: Brussels Summit Communiqué issued by the Heads of State and Government participating in the meeting of the North Atlantic Council in Brussels 14 June 2021, 14-Jun.-2021
  24. ^ Україна, Грузія та Молдова створили новий формат співпраці для спільного руху в ЄС
  25. ^ У 2024 році Україна подасть заявку на вступ до ЄС
  26. ^ В Україні зареєстрували перший випадок коронавірусу (укр.) Праверана 2020-07-06 г.
  27. ^ МОЗ: в Україні зареєстрували вакцину Oxford/AstraZeneca (Covishield) (укр.) Праверана 2021-02-24 г.
  28. ^ В Україні зареєстрували вакцину Pfizer від COVID-19 – МОЗ (укр.) Праверана 2021-02-24 г.
  29. ^ В Україні вже вакцинували від коронавірусу першу людину: хто отримав щеплення (укр.) Праверана 2021-02-24 г.